сцэнарыі святаў на беларускай мове

Тэрэза КАВАЛЬЧУК, загадчык бібліятэкі гімназіі № 2 г. Ваўкавыска. Роднае слова 2014/11

Змагар за родную мову

Літаратурная гадзіна памяці Вацлава Ластоўскага (X – XI класы)

Абсталяванне: партрэт, фотаздымкі В. Ластоўскага, здымкі будынка рэдакцыі газеты “Наша Ніва”. Эпіграф:
Беларусы, браты родныя!
Беларуская зямелька, галубка мая.
В. Ластоўскі.

Ход мерапрыемства

Бібліятэкар. На нашай літаратурнай гадзіне сёння мы ўспомнім Вацлава Ластоўскага. На жаль, творы яго не вывучаюцца ў школьнай праграме. Сёння вы зразумееце, колькі ён зрабіў для сваёй краіны. Колькі ён вытрываў дзеля таго, каб захавалася беларуская літаратура і родная мова.
Вацлаў Ластоўскі - гісторык і пісьменнік, грамадскі і палітычны дзеяч, адзін з ідэолагаў незалежнай Беларусі, ініцыятараў нацыянальнага і культурнага адраджэння Беларусі пачатку XX ст. Ён адзін з найярчэйшых прадстаўнікоў таго пакалення, якому давялося дабівацца для Беларусі права заняць “свой пачэсны пасад між народамі”, гэта ён адшукаў крыж Ефрасінні Полацкай, даследаваў гісторыю беларускай кнігі. На працягу амаль чвэрці стагоддзя імя В. Ластоўскага не сыходзіла са старонак перыядычнага друку. Аднак гэтага неардынарнага, вельмі цікавага і апантанага чалавека напаткаў трагічны лёс: ён стаў ахвярай таталітарнай дзяржавы. Напісаная ім “Кароткая гісторыя Беларусі” шмат дзесяцігоддзяў захоўвалася ў закрытых фондах дзяржаўных бібліятэк. Рэабілітаваны толькі ў 1988 г.
Жыў В. Ластоўскі ў тым самым доме, дзе знаходзілася рэдакцыя газеты “Наша Ніва”. Разам з жонкай В. Ластоўскі фактычна ператварыў гэты дом у цэнтр беларускага жыцця Вільні, а кватэру зрабіў месцам сустрэч беларускай і літоўскай інтэлігенцыі.

Заданне 1. Энцыклапедыя ведае ўсё

Знайсці адказы ў энцыклапедыі і зачытаць.
1. Дзе і калі нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі?
[Вацлаў Ластоўскі нарадзіўся 8 лістапада 1883 г. у засценку Калеснікі Задарожскай парафіі Дзісенскага павета Віленскай губерні (да 1982 г. хутар у Пліскім сельсавеце Глыбоцкага раёна) у сям і Юстына і Ганны Ластоўскіх.]
2. Ці належалі бацькі Вацлава Ластоўскага да шляхты?
(У хроснай метрыцы бацькі названы мяшчанамі, г. зн., хутчэй за ўсё, паходзілі з беззямельнай шляхты.)
3. Дзе і ў якой школе вучыўся Вацлаў Ластоўскі?
(Першую навуку чытаць-складаць хлопчык лёгка адолеў дома, і бацькі аддалі сына ў Старапагосцкую школу, пасля заканчэння парафіяльнай школы ў 1894 г. здольны падлетак спрабаваў атрымаць адукацыю ў Дзісенскай павятовай вучэльні. Ці скончыў яе - невядома.)
4. Дзе Вацлаў Ластоўскі працаваў пасля школы?
(Спачатку працаваў на паслугах у адной з віленскіх вінных крамак, потым канцылярыстам казённай установы. Але юнака вабіла навука, ён даехаў да Санкт-Пецярбурга, дзе ўладкаваўся бібліятэкарам прыватнай студэнцкай бібліятэкі, шмат чытаў і адначасова крадком слухаў лекцыі славутых прафесараў.)
5. Дзе Вацлаў Ластоўскі спрабаваў атрымаць адукацыю?
(У Рызе у 1906 г. спрабаваў здаць экзамены на атэстат сталасці, аднак “зрэзаўся” на рускай мове. Рыжская няўдача паклала канец спробам атрымаць пацверджанне ведаў у выглядзе дыплома. Хлопец зацята паглыбляў веды нястомнай самаадукацыяй.)
6. Калі і дзе Вацлаў Ластоўскі пачаў друкаваць свае першыя апавяданні?
(У 1910 г. у “Нашай Ніве”)
7. Якія падзеі адбыліся ў жыцці Вацлава Ластоўскагаў 1902- 1903 гг.?
(У 1902 г. дзевятнаццацігадовы юнак стаў сябрам Польскай сацыялістычнай партыі Літвы і Беларусі, а летам 1903 г. Вацлаў узяў шлюб з Марыяй Іванаўскайтэ / Іваноўскай.)
8. Які факт пацвярджае, што Вацлаў Ластоўскі перажываў, што на Беларусі не выдаюцца кнігі?
(3 Рыгі В. Ластоўскі даслаў допіс у “Нашу Ніву” апублікаваны 22 траўня 1908 г., з якога вынікала, што рыжскія беларусы збіраюцца “выдаваць зборнікі пісьма краёвага, найбольш творы нашых краёвых пісараў”, у нашай краіне выданне кніг наладжана не было, і кіпучая энергія В. Ластоўскага шукала выйсця.)
9. Пералічыце пасады, якія займаў Вацлаў Ластоўскі.
[Прэм’ер міністр Беларускай Народнай Рэспублікі, абвешчанай у 1918 г., дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея, правадзейны член Інстытута беларускай культуры (1927), адзін з першых акадэмікаў Беларускай акадэміі навук (1928), яе неадменны сакратар; пісьменнік, крытык, публіцыст, гісторык, мовазнаўца, а пазней выявіў сябе як паэт, філолаг, этнограф, выдавец, перакладчык, бібліёграф.]
10. Якую падзею Вацлаў Ластоўскі лічыў вельмі важнай для яго (яна супала з друкаваннем"Расійска- крыўскага" слоўніка)?
(У 1924 г. у друкарні выйшлі карэктурныя адбіткі не ўсіх аркушаў слоўніка, пісьменнік гарэў ідэяй годна адсвяткаваць 400-годдзе беларускага друку ў Вільні, ён узначаліў “Камітэт 400-летняга юбілею беларускага друку”)
11. Якое даследаванне напісаў Вацлаў Ластоўскі да юбілею беларускага друку?
(“Доктар Франціш Скарына” - першы ў беларускай культуры XX ст. грунтоўны агляд пра кнігадрукара.)
12. 3 якога года Вацлаў Ластоўскі раскрыўся як мовазнаўца?
(Паводле ўласнага прызнання, як мовазнаўца ён бярэ пачатак “ад 1902 году”, калі стаў занатоўваць “цікавыя” словы. Напачатку запісваў іх для сябе, бо вельмі ж “асабіста цікава было слова само па сабе”)
13. Падчас працы над беларускімі перакладнымі слоўнікамі Вацлаў Ластоўскі займаўся перакладамі. Пералічыце творы і аўтараў.
[У 1910-я гг. у перакладзе В. Ластоўскага выйшлі: “У зімовы вечар: Сцэна з сялянскага жыцця” Э. Ажэшкі, апавяданне “Спалгіны” К. Тэтмаера, “жарт” “Як яны жаніліся” Л. Валодскага (усе з польскай мовы). Пераклаў казкі “Свінапас”, “Каралеўна на гарошыне” Г. Андэрсана, стараісландскую легенду “Страхапалох” (усе апублікаваны ў газеце “Гоман” за 1916 г.), апавяданне “Мы ўсе трое - адно” Р. Кіплінга, у перакладчыцкім актыве таксама значацца пераклады з англійскай, дацкай, “індыйскай”, ісландскай, польскай, рускай, фінскай,эстонскай моў. Усе вышэйпералічаныя пераклады - празаічныя.]
14. Ці звяртаўся Вацлаў Ластоўскі да паэзіі?
(На пачатку 1920-х гг. В. Ластоўскі звярнуўся да паэзіі - вершы “Наперад, змагарна наперад!” “Благаслаўлён сын...” “Конадні”, “Вясной”, “На Радуніцу”, “На Каложы ў Горадні”, “Дума на Полацкім замчышчы”, “Формаў трупехлых я вораг дасконны...” і інш.)
15. Што новага прынёс Вацлаў Ластоўскі ў бела- рускую літаратуру?
(Глыбокае веданне айчыннай гісторыі, распрацоўка гістарычных сюжэтаў - “Каменная труна”, “Разбойнік”, “Князёўна Рагнеда”, “Часы былі трывожныя”, “Векавечная мяжа”, “Бяздоннае багацце”. Гістарычныя рэмінісцэнцыі яскрава гучаць у творах “Беларускі радавод”, “Паншчына”, “Мікалай Галубовіч”, “Троцкі замак”, “Брацкія кнігі” Багацце задум і тэм, якія ўводзіў ва ўжытак В. Ластоўскі, узбагачала іншыя жанры айчыннага мастацтва.)
16. Вацлаў Ластоўскі выявіў сябе і як мемуарыст.
(Яго ўспаміны пра маленства і вучобу жыва і ярка дапаўняюць карціну беларускага мястэчка канца XIX ст., даносяць шматлікія звычаі, абрады, якія да нашага часу не захаваліся - “Старабеларуская вясковая школа”, “Успаміны з нядаўняй мінуўшчыны”. Літаратурныя ўспаміны ўзнаўляюць атмасферу, у якой працаваў калектыў “Нашай Нівы”. Жывой паўстае з-пад пяра пісьменніка постаць Я. Купалы - “Успаміны пра Янку Купалу” Загадка Максіма Багдановіча набліжаецца да нас ва ўсёй велічы таленавітага паэта - “Мае ўспаміны аб М. Багдановічу”)
17. Ці пісаў Вацлаў Ластоўскі для дзяцей?
(Ён складальнік шэрагу чытанак для дзяцей “Родныя зярняты”, “Незабудка”)
18. Ці складаліся песні на вершы Вацлава Ластоўскага?
(У “чытанках” для моладзі В. Ластоўскі ўпершыню ўвёў у навуковы ўжытак “гістарычныя песні”, якія, на думку гісторыкаў, былі яго ўласнымі творамі, сюды адносіцца і вядомая песня пра бітву пад Оршай - “Слава Воршы ўжо не горша...”.)
19. Што зрабіў Вацлаў Ластоўскі як кніжны летапісец?
[Здолеў пазначыць і “вынесці на шырокі свет” шляхі беларускай рукапіснай і друкаванай кнігі, вярнуць у гісторыю Бацькаўшчыны выданні, занесеныя ў чужыя аналы. Складзены ім пад адной вокладкай агляд “звыш 1000 важнейшых рукапісных кніг, грамат, старадрукаваных кніг з пачатку зараджэння беларускага пісьма (X ст.) аж да XIX ст.” выйшаў у Коўне ў 1926 г. як капітальнае даследаванне - “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі”.]
20. Пералічыце псеўданімы і крыптанімы Вацлава Ластоўскага.
(Псеўданімы і крыптанімы: Власт; Wlast; Юры Верашчака; Ласт; В. Ласт.; Уласт; Арцём Музыка; Пагашчанін; Сваяк; Ю. Сулімірскі; Veritatis; Miles; Peregrinus; В. В...; В-...; В. Л.; В. Л-скі; В-т; Л.; Ю. В.)

Заданне 2. Пазнайце твор па апісанні

1. У гэтай аповесці, якая выйшла ў Пінску ў 1912 г. (аўтар скарыстаў псеўданім Арцём Музыка), сюжэт няхітры: сяляне захацелі падарожнічаць. А ўбачанае імі і склала аснову твора - бліскуча, з тонкім і добрым гумарам напісанага. У аповесці бывалыя сяляне вучаць “бесталковых” суседзяў, як здабываць сонца ў хату, як замяшаць талакно, як пілаваць бэльку, як папарыцца ў лазні. I нават смяротныя выпадкі, пра якія гаворыць аўтар, выходзяць без насміхання і жорсткасці. “Лагоднасць, міралюбнасць і разам з тым глыбінная мудрасць прасвечваюцца ў кожнай фразе гэтых простых людцаў. Мова іх перасыпана трапнымі прымаўкамі, прыказкамі”.
(Аповесць “Прыгоды Панаса і Тараса”)
2. У 1910 г. Вацлаў Ластоўскі выдаў першую кнігу, у якой была спроба абгрунтаваць беларускі характар Вялікага Княства Літоўскага. Канцэптуальна абагульніў факты пра мінулае Беларусі з погляду ўласна нацыянальнай гісторыі. У “Нашай Ніве” ў рубрыцы “3 нашай мінуўшчыны” і ў газеце “Гоман” змясціў шэраг артыкулаў па гісторыі Беларусі. Некаторыя з іх склалі асобнае выданне.
(Кніга “Кароткая гісторыя Беларусі”)
3. Калегі далі яму мянушку Падземны чалавек, бо “ніхто не мог так заварожліва апавядаць дзівосныя легенды аб падземных хадах і дзівах, скрытых у іх”. Гамонка бяседнікаў зацягнулася да позняй ночы, але, развітаўшыся з усімі і вярнуўшыся ў свой нумар атэля, галоўны герой не знайшоў спакойнага адпачынку. Першы ягоны сон стрывожыў ціхі стук у акно. Гэта быў Падземны чалавек, які таямніча прызнаўся, што даўно ведае ход у схаваную бібліятэку, і прапанаваў пайсці агледзець падземныя скарбы. Калі нарэшце начныя вандроўнікі дабраліся да першага шырокага падзямелля, дзе стаяла дубовая труна-корст, яны прачыталі на ёй надпіс, зроблены “глаголіцкімі” літарамі. Калі ў гулкім падзямеллі гучалі ўсхваляваныя словы, раптоўна патухала свечка. Пасля вялікіх намаганняў, адшукаўшы сернікі і запаліўшы агонь, перад вачыма аўтара-героя паўстала сцэна смерці Падземнага чалавека. У пошуках выйсця з падзямелля галоўны герой сустракае... жывую постаць з абліччам... Івана Іванавіча. Высвятляецца, што і цяпер у глыбокіх падзямеллях жывуць далёкія продкі. Далейшыя дзівосныя прыгоды і аповеды пра падзямельнае жыццё паўстаюць нібы працяг дзённай размовы і выглядаюць досыць рэалістычнымі. Пераканальнасць ім надаюць глыбокія веды аўтара, якімі валодаў слынны ідэолаг нацыянальнага адраджэння.
(Аповесць “Лабірынты”)
4. У гэтай кнізе прыводзяцца цытаты на старабеларускай мове са шматлікіх старажытных кніг і рукапісаў. Публікацыя - агляд больш за 1000 найважнейшых рукапісных кніг, грамат, старадрукаваных кніг з пачатку зараджэння беларускага пісьма і да XIX ст.
[“Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца X да пачатку XIX стагодзьдзя”.]
5. Твор пра першадрукара Ф. Скарыну, у ім апісаны эпізоды з яго жыцця. У гэтым творы пісьменнік выявіў яшчэ адну грань свайго багатага таленту - драматургічную.
(“Адзінокі”)
6. У апавяданні расказваецца пра разбураны замак, на сценах якога яшчэ захаваліся і добра відаць вядомыя ўсім постаці мінуўшчыны.
(Апавяданне “Троцкі замак”)

Заданне 3. 3 якога твора цытата

1. “За паўгадзіны былі дастаўлены бледныя ад прадвесня, пасінеўшыя і дрыжачыя аД сцюжы, голаду і страху дзеці. Адбылася экзекуцыя, якая зацягнулася да падвячорку”.
(Апавяданне “Вясковыя архэолёгі”)
2. «“Лаві, Ганька, хутчэй лаві!.. Вось, вось дзе блізенька ўжо каля цябе зайчык!” Ганька кідалася і ручонкамі прыціскала светлую лапінку сонца, каторая падала з люстэрка.
Старац смяяўся з дзіцячай веры, пахіляў люстэрка, і зайчык, здавалася, ужо злоўлены, уцякаў з-пад Ганьчыных ручак. Тады ізноў пачыналася лоўля светлага зайчыка. Ганька топала каля сцяны і хватала ручонкамі светлую лапінку, лапінка ўцякала і так бясконца... Сколькі ж такіх зайчыкаў лавіў кожны з нас?!..»
(Апавяданне-абразок “Зайчык”)
3. “Нядзеляю ў аднэй з вёсак Піншчыны Панас і Тарас, седзячы на прызбе, гутарылі аб тым, як дзе жывуць людзі і аб іхніх звычаях і парадках.
(Аповесць “Прыгоды Панаса і Тараса”)
4. “Так плакаў стары Адам, калі ў яго за падаткі забіралі апошнюю каравёшку. I як вывелі яе за вароты, Адам паў на зямлю стогнучы і называў яе, карову, маткаю. Гэта зразумее толькі той, у каго раз у тыдзень бывае на стале хлеб, а штодзень у запечку блішчаць чатыры пары галодных дзіцячых вочак”.
(Апавяданне “Троцкі замак”)
5.
Формаў трупехлых я вораг дасконны,
сцежак стаптаных не зношу тварэнні;
новым імкненням даць новыя формы,
новыя словы і дум выражэння
стаўлю я мэтай.
(“Формаў трупехлых я вораг дасконны...”.)
6.
Маўчы, прашу цябе, не важ мяне будзіць!
У гэты век, такі праступны і бясстыдны,
Не жыць, не чуць - які то быў бы лёс завідны!
Прыемна спаць, а каменем ўсё ж лепей быць...
(“3 Мікеланжэла”)

Заданне 4. Кніга ў дапамогу

Заданне выконваецца з дапамогай кнігі “Першацвет адраджэння”, на пытанне трэба адказаць урыўкам з тэксту.
1. Што патрабаваў Падземны чалавек перад тым, як паказаў замкавую бібліятэку?
(“Але перш чым увайсці ў тайныя ходы, у якіх нашы празорлівыя прадзеды захавалі не толькі свае культурныя, але і вялікія матэрыяльныя багацці, ты павінен даць абяцанне, злажыць прысягу на вечную тайну, - казаў стары ўрачыстым голасам, з націскам на кожным слове”)
2. Якім чынам бібліятэка ахоўвалася ад цікаўных падарожнікаў?
(“Перад намі, уровень цаглянаму памосту, была на сажань даўжыні і ва ўсю шырыню хода ўпраўлена ў памост дубовая дошка. - Гэта дошка на вяртугу ўстроена, хто не ведае, ступіць на яе, то і зваліцца ў глыбокі калодзезь, а дошка сама сабой стане на месца”)
3. Што ў старажытнасці называлі словам "корст"?
(«Гэта тоўстая калода з высечаным усярэдзіне дуплом, у якое клалі нябожчыка; верх закрывалі плашкай ад такой жа калоды. У асабліва важных здарэннях, хаваючы багатых або заслужаных людзей, корст пакрывалі смалой і “берасцілі”, г. зн. густа спаясывалі доўгімі паяскамі бяросты ўсю труну, як бандажам, а наверх шчытна акручвалі яшчэ добра прасмоленымі вяроўкамі. Гэтак прыгатаваны корст мог соткі гадоў ляжаць у зямлі, не паддаючыся буцвежы».)
4. Па якой прычыне ніхто не мог знайсці бібліятэку?
(“- Гэта дзверы, - сказаў Падземны чалавек і, засунуўшы ў шчалугу між камянёў загнуты жалезны прут, з высілкам павярнуў яго. Нешта глуха храснула, і пліта адной стараной пачала апускацца ўніз. Адкрыліся вітыя мураваныя сходы, якімі мы пры слабым святле сляпой ліхтарні пачалі сыходзіць уніз. Калі нашыя галовы зраўняліся з канцом павіслай пліты, то пліта сама сабой паднялася ўверхі, зашчоўкнулася пры помачы прыладжанага да яе механізма”)
5. Што здарылася з правадніком, які паказаў бібліятэку, што ахоўвалася ад падарожных?
(“...перада мной ляжаў наўзнач мой праваднік з разбітай і акрываўленай галавой. Ад правага вока і да вуха зіяла страшэнная крывавая рана”)
6. Па якой прычыне вёска Буды выгляд мела непрыкметны?
(“Замерла вёска, прыціснулася да ліпкай, гразкай зямлі не з боязні зрынуцца з гары ў возера, а з гора, з бядноты”)
7. Пра што турбаваліся жыхары вёскі Буды?
(“У панадворках сялянскіх сяліб тупалі мужыкі і кабеты. Падымалі запасціўшыхся, па хрысціянскаму абычаю, разам з людзьмі, каровак. Гэта былі закачаныя ў навозе, двурогія шкілеты, якіх гаспадар з гаспадыняй падымалі за хвост і рогі, каб паставіць іх нагамі на зямлю, а дзеці панукалі жывёлу, паганяючы дубцом. Сумнымі, закачываючыміся ў падлоббя вачыма маўкліва тлумачылася каравёшка, што ад яе вымагаюць немагчымае”)
8. Па якой прычыне аўтар спалохаўся, гледзячы на разбураны замак?
(“Абрысаваліся контуры кастырных візантыцкіх святых і іх строгія, глыбокія ў містычнай задуме вочы, упіліся ў мяне. Я стаяў абварожаны дзіўным зявішчам, загадкаю мінуўшчыны, разгадку якой прашчуры назаўсёды забралі з сабою ў магілу”) 9. Якую легенду ўспаміналі людзі, калі глядзелі на Троцкі замак і чулі звон?
(“.. .аб утопленым князю ў гэтым возеры, які пасля сваёй смерці ў падводных скляпох сабраў дружыну. Павесіў звон і штогод на Вербніцу, у гадаўшчыну сваёй смерці, ударае адзін раз у звон, даючы знаць, што ён не закінуў сваіх думак”)
10. Чым Ігнат не спадабаўся грэчаскай багіні?
(“Няволя затуманіла памяць тваю; забыўся ты людской назовы сваёй і гэтым сцёр ты з ліца свайго знамя людское... Не, чалавеча, скарбы мае рассыплю перад табой толькі тады, як ты прыпомніш імя людское сваё. Калі прабудзіцца ў табе адвага і гордасць...”.)

Заданне 5. Радкі і пытанні

1. “Бачу, у вас цяпер тут край голы, а калі я тут бывала з сваімі людзьмі, многа ўжо сот лет таму назад, бары тут, лясы шумелі. Нашы людзі прыязджалі да вас на караблях і лодках па дарагі бурштын, бабровыя, кунічныя і саболія скуры”.
Пытанне: Хто чуў гэтыя старажытныя выразы і хто яму гэта гаварыў?
Адказ: Ігнат, гаварыла яму грэчаская багіня.
2. “Я, Ярамір, ходы гэтыя працай многай утварыў і дэманаў пяці, моцай слоў тайных, на пілнаванне давечнае ўвязаў тут. Хай унасячага сюды прапусцяць, а на вынасячым споўніцца слова”.
Пытанне: Дзе былі напісаны гэтыя радкі?
Адказ: На дубовай труне-корсце.
3. “Акром мяне, з жывых, ніхто не ведае аб гэтым ходзе. Ты другі будзеш ведаць аб ім і перадасі патомным”.
Пытанне: Хто гаварыў гэтыя словы?
Адказ: Праваднік, калі запатрабаваў ад галоўнага героя ўрачыстай прысягі.
4. “Гэта дошка на вяртугу ўстроена, хто не ведае, ступіць на яе, то і зваліцца ў глыбокі калодзезь, а дошка сама сабой стане на месца”
Пытанне: Пра што ішла гаворка?
Адказ: Пра ахову ўвахода ў бібліятэку.

Заданне 6. Цікавыя апавяданні

1. Для чаго сяляне выганялі ў поле не толькі кароў, але і свіней?
(Свіней не было чым карміць, і яны рыліся ў зямлі і самі шукалі сабе ежу.)
2. Што рабілі галодныя дзеці, якія прыйшлі пасвіць свіней?
(Шукалі трэскі, рабілі вогнішча, каб пагрэцца, бо яны былі босымі, а зямля яшчэ была зледзянелай.)
3. Што заўважыў Лявук, калі пайшоў паглядзець, што выкопваюць з зямлі свінні?
(Свінні грызуць вялікія чорныя арэхі, і падхапіўшы адзін перад лычом свінні, ён пакаштаваў сам і прынёс дзецям.)
4. Што рабілі дзеці, калі зразумелі, што арэхі можна есці, яны нават смачныя, і чым гэта скончылася?
(Дзеці пабеглі забіраць арэхі ў свіней, а свінні з-за гэтага паднялі бунт і моцна пакусалі Грыгася, які не здолеў уцячы.)
5. Што прыдумалі хлопчыкі-пастушкі на другі дзень?
(Яны самі выкопвалі сабе арэхі.)
6. Хто заўважыў хлопцаў?
(Пан. Ён раззлаваўся, што дзеці капаюць на яго полі, бо сам любіў старажытныя рэчы і нават імі ўпрыгожваў сваю гарадскую кватэру.)
7. Ці выканалі хлопчыкі-пастушкі просьбу пана падысці да яго?
(Не. Яны пабеглі на балота і там збіралі журавіны.)
8. Што вырашыў зрабіць пан, прыехаўшы ў вёску?
(Спагнаць штраф за самавольныя раскопкі, але потым вырашыў замяніць пакараннем дзяцей.)
9. На што крыўдавалі дзеці, калі іх білі бацькі?
(Што б’юць толькі іх, а свінні таксама выкопвалі смачныя арэхі.)
10. Ці частаваліся яшчэ дзеці смачнымі арэхамі пасля гэтага здарэння?
(Не. Яны галодныя ішлі ў лес, абгрызалі ліпавыя пупышкі і збіралі журавіны.)
11. Што ўбачылася Ігнату, калі ён ляжаў на печы?
(Грэчаская багіня, якая хацела яму аддаць свае скарбы.)
12. Што так непакоіла грэчаскую багіню і чаго яна раззлавалася на Ігната?
(Што Беларусь змянілася, а яе народ стаў такі пакорны, нават забыўся якога ён роду-племені.)

Заданне 7. Па алфавіце

Размясціць назвы твораў у алфавітным парадку.
“Апаўшае лісце” / “Бяздоннае багацце” / “Вітаўт і Ягайла” / “Голад” / “Дзед і ўнук” / “Зайчык” / “Ізяслаў” / “Князёўна Рагнеда” / “Лабірынты” / “Мост у Кутах” / “Нарадзіны” / “Прыгоды Панаса і Тараса” / “Разбойнік” / “Слёзы” / “Троцкі замак” / “Усяслаў” / “Хрыстос нарадзіўся!” / “Часы былі трывожныя” / “Цмок” / “Юга і Грамавік” / “Як Кузьма стрэльбу рабіў”.

Бібліятэкар. Вацлаў Ластоўскі пакінуў пасля сябе больш як 300 публіцыстычных твораў, ён аўтар шматлікіх твораў і перакладаў, даследчык старажытнай беларускай літаратуры, гісторыі і мовы Бацькаўшчыны. Творы яго, несумненна, стануць хрэстаматыйнымі і зоймуць пачэснае месца ў будучых школьных падручніках, студэнцкіх дапаможніках. Мы павінны памятаць пра гэтага сумленнага чалавека, які шмат зрабіў для таго, каб захаваць мову і краіну.

Спіс літаратуры

1. Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя : у 4 т. / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. - Мінск : Беларус. навука, 1999. - Т. 1. - 583 с.
2. Гісторыя беларускай літаратуры XI - XIX стагоддзяў: у 2 т. - Мінск : Маст. літ., 2005. - 415 с.
3. Дрэва вечнасці : кн. для пазакл. чытання ў 9 кл. / уклад. В. В. Кушнярэвіч. - Мінск: Маст. літ., 2005. - 415 с.
4. Мяснікоў, А. Ф. Сто асоб беларускай гісторыі: гістарычныя партрэты / А. Ф. Мяснікоў. - 2-е выд., дапрац. - Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2009. - 344 с.
5. Першацвет адраджэння : вучэб. дапам. па беларус. літ. для сярэд. шк. / склад. М. А. Федасеенка і [інш.]. - Мінск : Нар. асвета, 1995. - 511 с.
6. Тычына, М. Эвалюцыя мастацкага мыслення / М. Тычына. - 2-е выд., выпр. і дап. - Мінск : Беларус. навука, 1999.