сцэнарыі святаў на беларускай мове

Святлана ГЛЕМБОЦКАЯ, метадыст Гродзенскай абласной станцыі юннатаў г.Гродна Пралеска 04/1998

Як сарока з жаваранкам паспрачалася

Сцэнарый - прадстаўленне да свята Саракі

Мэта. Пазнаёміць дзяцей са старажытным беларускім святам Саракі (22 сакавіка). Выхаваць павагу да культуры продкаў, любоў да роднага краю.
У сцэнарыі прыводзяцца народныя прыкметы, павер'і, прыказкі і прымаўкі, песні і гульні.
Абсталяванне i рэквізіт. Магнітафон, магнітафонныя запісы (песня жураўлёў, песня жаваранка), лавы, стол, талеркі з піражкамі-галёпамі і пячэннем "жаваранкі", самавар, салома, сякера, дровы, трэскі, кошык з пілавіннем, кошык з жытам, "снежная баба” на штатыве, старыя гаршкі, стружкі, карычневыя ніткі (“валасы з хваста каровы”).
Дзеючыя асобы:
Вядучы
Сарока
Жаваранак
Мудрэц
Маці
Дзецi
Дзяўчаты, якія займаюцца варажбою
Госці
Гаспадыня

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
Вядучы (В.). 22 сакавіка (9 сакавіка па ст. ст.)—дзень прылёту птушак. Гэты дзень у народзе атрымаў назву Саракі. 3 даўніх часоў, калі адзначалі гэта свята, гаспадыні выпякалі для дзяцей 40 “жаваранкаў".
Вось і паспрачаліся Сарока з Жаваранкам, якая птушка найважнейшая на гэтым свяце: сарока ці жаваранак?
Залятаюць Сарока і Жаваранак.
Сарока. Назва свята якая? Саракі? Саракі!
Я—найважнейшая птушка!
Жаваранак. Не, я! 3 гэтым днём звязваюць прылёт жаваранкаў: “Прылятае 40 жаваранкаў”.
Сарока. Прылятае... А я ў гэты час пачынаю віць гняздо.
Вось як. Я—найважнейшая птушка!
Жаваранак. Не, гэта не так. Я— найважнейшая! Я вясну на крылах прыношу. Але пойдзем лепш да Мудраца. Няхай ён рассудзіць.
Уваходзіць Мудрэц.
Сарока і Жаваранак (вітаюцца). Дзень добры, Мудрэц!
Мудрэц. Дзень добры, шаноўныя. У чым справа? Што здарылася? Чаму мае птушкі такія маркотныя?
Сарока. Дапамажы нам, Мудрэц, калі ласка, рассудзіць спрэчку:
Жаваранак ці я, Сарока, найважнейшая птушка на свяце Саракі?
Мудрэц. Добра. Загадаю я вам загадкі. Хто адгадае, той і будзе найважнейшай птушкай. Вось вам першая загадка. Лічба, якая ўваходзіць у назву свята, шырока абыгрывалася ў абрадавых дзеяннях. У якіх?
Жаваранак. Раніцай, перад усходам сонца, хлопчыкі стараліся перакінуць цераз страху сорак трэсак: калі гэта ўдавалася, то ўлетку яны лёгка знаходзілі птушыныя гнёзды... (збянтэжана) і яйкі.
Сарока. Вось які ты аматар прыроды... I чаму ж гэта ты дзетак вучыш? Ці не ведаеш, што нельга кратаць птушыныя гнёзды і яйкі? Можа здарыцца, што птушкі пакінуць свае гнёзды або птушанят. Такі абрад шкодны. Нашы продкі яшчэ не ведалі, што гэта дрэнна. На жаль, яны памыляліся, калі думалі, што пошук пачастунку з птушыных яек—гэта нявінная забава ці гульня, а не першы крок да гібелі прыроды.
Але былі і іншыя абрадавыя Дзеянні. Напрыклад, дзяўчаты павінны былі пераламаць сорак дошчачак і перарваць сорак вяровачак ці шнуркоў, каб абудзіць ад зімовага сну ўсю жывую прыроду, перамагчы тыя сілы, якія скоўваюць зямлю.
Мудрэц. Добра. А ці ведаеце вы, птушкі, якія-небудзь прыкметы на гэты дзень?
Сарока I Жаваранак (разам). Ведаем. Ведаем.
Жаваранак. Дзеці, дапамажыце нам. Мы называем пачатак прыкметы, а вы працягваеце далей.
Сарока. На Саракі прыляцелі...
Дзеці. ...з-за мора птахі.
Жаваранак. Прылятае сорак...
Дзеці. ...жаваранкаў.
Жаваранак. Вось як! Прылятае сорак жаваранкаў.
Сарока. Чаму толькі жаваранкі? Якіх яшчэ пералётных птушак ты ведаеш? Дзеці, падкажыце, калі ласка, якія птушкі прылятаюць вясной да роднай хаты, да родных гнёздаў?
(Дзеці называюць.)
Жаваранак. Ну, буслы прылятаюць і іншыя...
Сарока. Але я самая першая!
Мудрэц. Ціха. Не сварыцеся. Якія прыкметы надвор’я на гэты дзень ведаеце?
Сарока. Калі на Саракі мароз, то пасля яго адбудзецца яшчэ сорак маразоў.
Жаваранак. А калі ў гэты дзень на стрэхах ляжаў снег, то на Благавешчанне ён будзе пакрываць усю зямлю.
Мудрэц. Так, добра. А якія прымаўкі пра гэтае свята ведаеце?
Сарока. Ведаем і прымаўкі. Дзеці, дапамажыце, калі ласка:
Зіма канчаецца...
Дзеці. ...вясна пачынаецца!
Жаваранак. Святыя Саракі ў полі...
Дзеці. ...саху валаклі.
Сарока. На Саракі мужык пытаецца...
Дзеці. ...ці далёка да ракі.
Жаваранак. Святыя Саракі—не йдзі да ракі.
Сарока. А я пайду.
Жаваранак. Траскочаш, аж вушы баляць. Нездарма сарок трашчоткамі называюць...
Мудрэц. Што гэта за гвалт? Не трэба сварыцца, інакш Вясна раззлуецца I не прыйдзе да нас. А каб Вясна да нас хутчэй прыйшла, давайце пра яе паспяваем.
Карагод “Вясна-вясняначка”. (Дзеці водзяць карагод і спяваюць.)
Мудрэц. Малайцы! А птушкам я дам яшчэ адно заданне. Хто з вас лепш пакажа, як святкавалі Саракі раней, той і стане пераможцам.
Сарока. Я першая пакажу.
Як узмахну крыламі,
З'явіся хата з вугламі!
ДЗЕЯ ДРУГАЯ
Заслона адкрываецца. На сцэне беларуская хата. На лавах “спяць" дзеці. Каля хаты стаіць калода I тапор—месца, дзе колюць дровы. Выходзіць маці.
Маці (будзіць дзяцей). Прачынайцеся, любыя дзеткі. Трэба дроў у хату прынесці.
Дзеці прыносяць дровы, Потым тройчы абягаюць хату і праз акно кідаюць сорак трэсак, узятых з таго месца, дзе колюць дровы, або перакідваюць іх цераз страху.
Дзеці (спяваюць).
Прачынайся, вясна, прачынайся,
А зіма, уцякай, выбірайся!
Заслона закрываецца. Чуецца крык жураўлёў (магнітафонны запіс).
1-е дзіця (паказвае на неба). Жураўлі ляцяць! Вось яны, вось.
Маці. ЛяцяЦь па адным, кожны асобна. Дык і на жыта будзе добры ўраджай, снапы будуць такія цяжкія— прыйдзецца насіць па адным.
В. Як ляцяць жураўлі, па два ці па тры, то і жыта давядзецца так насіць— маленькімі снапы будуць.
2-е дзіця. А жаваранкі да нас усё ж такі першымі прыляцелі.
Дзеці (спяваюць).
Жаваранак, ранняя птушачка,
Чаго так рана з выраю вылятаеш?
А там, пры даліне—там ляжаць крыгі.
А там, пры дарозе—снягі і марозы.

Жаваранак.
А я тыя крыгі крыламі разаб'ю,
А я тыя маразы нагамі растапчу.

Дзеці і маці пакідаюць сцэну.
Сарока. Які храбры! “Тыя маразы нагамі растапчу..." Каб цябе тыя маразы замарозілі! Вось зараз твая чарга. Пабачым, які ты чараўнік.
Жаваранак. Паглядзіце, як яшчэ Саракі святкуюць.
Як узмахну я крыламі,
З'явіся хата з пірагамі.

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ
Заслона адкрываецца. На сцэне беларуская хата. На стале самавар, пірагі, пячэнне.
Каля хаты—"снежная баба".

В. Дзяўчаты ў гэты дзень выпякалі з цеста галёпы-піражкі, пазначалі іх, клалі ў адзін рад і пускалі сабаку. Чыя галёпа будзе з’едзена першай, тая дзяўчына першай і замуж пойдзе.
Дзяўчаты (раскладваюць галёпы- піражкі і прыгаворваюць).
Веець, веець
Вясенні вецярок.
Прыйдзі, мой міленькі,
Дам табе піражок
3 мёдам сычаным,
3 ласкай дзявочаю.

Дзяўчаты прыкладаюць да галавы “валасы з хваста каровы".
В. А што вы, дзяўчаты, робіце?
1-я дзяўчына. Каб быць прыгожымі I мець доўгія косы, мы прыкладаем валасы з хваста каровы да сваіх валасоў.
2-я дзяўчына. Трэба яшчэ курам прыгожыя стужкі павязаць, каб жаніх быў прыгожы.
3-я дзяўчына. А колькі яек знясе курыца за год?
Дзяўчаты кідаюць салому ў сцяну хаты.
1-я дзяўчына. Колькі саломак стукнецца аб сцяну, столькі яек курыца і знясе за год.
Чуюцца галасы. Уваходзяць госці, рассыпаюць па дарозе жыта і пілавінне, прыгаворваючы:
Плён у полі!
Добры ўраджай!
На багацце лесу!
Разбіваюць “снежную бабу” на часткі.
1-ы госць. Каб зіма на дзевяць месяцаў ад нас пайшла.
Бяруць старыя гаршкі і кідаюць на парог хаты.
2-і госць.
Гаспадынька наша,
Наша ягамосці,
Кідай сваю пражу,
Нас пакліч у госці.

Гаспадыня.
Рада я страчаць гасцей,
Вы заходзьце весялей.
Хай у хаце будзе свята,
Раз гасцей прыйшло багата.
Рада вас пачаставаць,
Дзеткам “жаваранкаў" даць.
Вось я колькі іх спякла!

Госці частуюцца.
Гаспадыня.
У каго зуб паламаецца,
На мяне няхай не лаецца.
Будзе яму шчасце!
Каму яно дасталося?

Госцi (хорам). Насці.
Насця паказвае "саракоўку"-дробную манету.
Мудрэц. Дзякуй вам за прадстаўленне. Я лічу, што кожная птушка па-свойму хораша паказала нам свята Саракі. Таму, любыя птушкі, няма сярод вас пераможцаў. Ты, Сарока, не крыўдуй на нас. Але пасля зімовай сцюжы няма нічога лепшага, як пачуць звонкую песню жаваранка. Таму што...
Дзеці. ...жаваранак вясну адкрывае!
В. Давайце заспяваем усе разам вясновую песню.
Усе спяваюць.
Жавароначкі, прыляціце,
Цёпла леценька прынясіце,
А зімачку прыбярыце,
Бо зімачка надаела,
Нам хлебушак пераела.

Жавароначкі, прыляціце,
Зямлю-матухну абудзіце
I дожджыкам напаіце,
Каб травачкі парасцілі,
Каб волікаў накармілі...

Гучыць песня жаваранка (магнітафонны запіс).

Яшчэ на гэту тэму:

Саракі     «Жавароначкі, прыляціце!»