сцэнарыі святаў на беларускай мове

І. М. РАЧКО, настаўніца вышэйшай катэгорыі, Валеўскі ДС — СШ Навагрудскага р-на. Пачатковая школа 9. 2013

3 любоўю да Беларусі

Сцэнарый пазакласнага мерапрыемства у IV класе

Мэта: ствараць умовы для фарміравання патрыятызму, павагі да нацыянальных святынь, пачуцця адказнасці за захаванне матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, гонару за сваю краіну.
Задачы: знаёміць з гістарычнымі і прыроднымі асаблівасцямі Беларусі, яе культурнымі традыцыямі і прамысловым патэнцыялам; развіваць уменні працаваць у групах, весці дыялог, рабіць параўнанні і абагульненні, творча выконваць заданні.
Абсталяванне: мультымедыйная прэзентацыя, экспанаты для выставы, запіс беларускай народнай песні “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”, нацыянальныя касцюмы, загатоўкі для квілінгу, нацыянальныя стравы.
Падрыхтоўчая работа: з дзецьмі праводзіцца папярэдняя гутарка пра Беларусь, яе традыцыі і гістарычную спадчыну, узровень развіцця і дасягненні ў розных галінах на сучасным этапе. Арганізуецца ўзаемадзеянне дзяцей з бацькамі, братамі і сёстрамі вучняў, настаўнікамі музыкі, выяўленчага мастацтва, выкладчыкамі музычнай і спартыўнай школ. Фарміруюцца групы ўдзельнікаў па інтарэсах, ім прапануецца распрацаваць асобны рэкламны блок пра Беларусь. Паколькі дзеці не маюць вопыту стварэння рэкламы, яны могуць выкарыстоўваць вядомыя рэкламныя слоганы, каб напоўніць іх сваім зместам.

Ход мерапрыемства

1. Уступная частка.

Настаўнік. Дзеці, мы з вамі распачалі вельмі сур’ёзную справу — рэкламную кампанію “3 любоўю да Беларусі”. А ці ведаеце вы, што такое кампанія?
Вучаніца. Гэта група людзей, якія разам бавяць час.
Вучань. Вось мы, напрыклад, дружнай кампаніяй увосень збіралі жалуды для нашай лясной гаспадаркі.
Настаўнік. Так, але слова “кампанія” мнагазначнае. У яго ёсць яшчэ адно значэнне: пэўныя дзеянні, мерапрыемствы для ажыццяўлення важнай грамадскай задачы. А ці ведаеце вы, што такое рэклама?
Вучань. Я ведаю. Рэклама — гэта калі што-небудзь хваляць, каб нам захацелася гэта набыць.
Настаўнік. Ты маеш рацыю. Рэклама — гэта цікавая інфармацыя, распаўсюджванне звестак пра кагосьці ці штосьці з мэтай яго папулярызацыі. У перакладзе з лацінскай мовы слова “рэклама" азначае “выкрыкнуць, заявіць аб сабе, звярнуць на сябе ўвагу”. Сёння з дапамогай рэкламы мы будзем расказваць пра нашу Радзіму, пра тое, чым яна славіцца і хто яе праслаўляе. Мы павінны працаваць вельмі старанна, каб нашы госці палюбілі Беларусь так, як любім яе мы.
Вучні. Дарагія госці! Шчыра вітаем вас на нашай беларускай зямлі!
Настаўнік. Паважаныя госці, вашай увазе будзе прапанавана сем рэкламных блокаў, падрыхтаваных падчас калектыўнай творчай працы вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў.

2. Асноўная частка.

Рэкламны блок 1

Гучаць беларускія народныя матывы.
Дзяўчынкі (па чарзе). Вы яшчэ не ведаеце пра беларускі лён? Тады паглядзіце на нас!
1-я дзяўчынка.
А мы лен ірвалі,
У снапы вязалі.
2-я дзяўчынка.
У полі слалі, аббівалі.
1 і 2-я дзяўчынкі (разам).
Урадзіўся ў нас лянок,
Белы, слаўны кужалёк.
3-я дзяўчынка.
I мы многа працавалі:
Сеялі, палолі, рвалі.
4-я дзяўчынка.
Пражу пралі, кросны ткалі.
3 і 4-я дзяўчынкі (разам).
Выйшлі посцілкі на славу,
Хоць на ложак, хоць на лаву.
Вось якія мы майстрыцы!
1 і 2-я дзяўчынкі (разам).
А мы проста чараўніцы!
Усе дзяўчынкі (разам).
Возьмем у рукі палатно —
Ажывае ўраз яно.
Выконваюць танец пад песню “Ох, і сеяла Ульяніца лянок".

Настаўнік. Дзякуй вам, дарагія працаўніцы, за прыгожы танец! Сапраўды, гэтая сціплая, на першы погляд, раслінка апранае нас у такое прыгожае, а галоўнае, экалагічна чыстае адзенне. Тым самым яна праслаўляе Беларусь на ўвесь свет. Варта зазірнуць на самы буйны льнокамбінат Беларусі — Аршанскі. (Дэманстрацыя слайдаў.) Гэта першынец беларускага тэкстылю; працуе з 1928 года. (Дзяўчынкі дораць гасцям сурвэткі з лёну, вышытыя сваімі рукамі.) На сурвэтках вы бачыце ўзор самай старажытнай беларускай вышыўкі, якая называецца “працяг”. Адчуйце цяпло зямлі і працавітых людскіх рук!

Рэкламны блок 2

Вучаніца са старэйшай сястрой (па чарзе). Вы яшчэ не ведаеце пра беларускі крышталь? Тады паслухайце нас!
Старэйшая сястра. Мне пашчасціла: я пачынаю працоўную дзейнасць на прадпрыемстве з векавымі традыцыямі — шклозаводзе “Нёман”. У яго ёсць хросныя бацькі.
Малодшая сястра. Як гэта?
Старэйшая сястра. Першым вытворчасць шкла на беразе ракі Нёман арганізаваў Зянон Ленскі ў далёкім 1883 годзе. Праз некалькі гадоў уладальнікамі завода сталі Юліус Столе і Вільгельм Краеўскі.
Малодшая сястра. Значыць, сёлета заводу спаўняецца 130 гадоў? Які ён стары!
Старэйшая сястра. Не зважайце на гэтыя даты. Наш завод маладзее з кожным годам дзякуючы прымяненню новых тэхналогій, увядзенню ў строй сучаснага абсталявання. Вось паглядзіце, якія печы ўстаноўлены на заводзе і як працуюць гутнікі. (Дэманструюцца слайды.) А якая прадукцыя! Вырабы завода славяцца ўнікальным стылем, прыгажосцю і вытанчанасцю, удалым спалучэннем сучаснага дызайну і класічных форм. Усё гэта робіць прадукцыю “Нёмана” стыльнай, запамінальнай, папулярнай.
Малодшая сястра. А ці прадаецца яна за мяжой?
Старэйшая сястра. Так. Беларускі крышталь карыстаецца попытам ва ўсім свеце. Ён экспартуецца ў Расію, краіны Прыбалтыкі, Казахстан, Германію, Нідэрланды, Балгарыю, Грэцыю, Італію, Францыю, ЗША, Канаду і іншыя краіны. Мы робім свет больш прыгожым! Мы рады працаваць для вас! (Бярэ ў рукі выраб.) Вось гэтую рэч я зрабіла сваімі рукамі.
Малодшая сястра. Як ты стварыла такі цуд?
Старэйшая сястра. Калі падрасцеш, я цябе навучу. Хочаш?
Малодшая сястра. Канешне. І мы будзем працаваць з табой разам!
Старэйшая сястра. Дамовіліся.
Настаўнік. Я жадаю вам поспехаў і спадзяюся, што вашы мары здзейсняцца і вы здзівіце нас новымі, непаўторнымі вырабамі з беларускага шкла!

Рэкламны блок 3

Вучань і яго бацька (па чарзе). Вы яшчэ не ўсё ведаеце пра нашы трактары і аўтамабілі?Тады вам варта зазірнуць у беларускія калгасы!
Сын. Тата, я прачытаў у інтэрнэце, што ў Беларусі робяць такія аўтамабілі, колы якіх большыя за чалавека. Які ў цябе рост? (Бацька называе свой рост.) Дык гэтыя колы большыя і за цябе? Я не веру.
Бацька. Але ж гэта праўда, сынок. У многіх краінах свету можна сустрэць магутныя самазвалы Жодзінскага аўтамабільнага завода.
Сын. А я ведаю, як называюцца гэтыя машыны. БелАЗы!
Бацька. Правільна. Яны працуюць пераважна ў кар’ерах, дзе здабываюць карысныя выкапні. Адзін такі аўтамабіль можа перавезці больш за 300 тон грузу.
Сын. Яны, напэўна, дорага каштуюць?
Бацька. Так. I продаж аўтамабіляў, у тым ліку за мяжу, дае вялікі прыбытак краіне. Частка гэтых грошай ідзе на бясплатнае лячэнне і ваша бясплатнае навучанне. Вось і наш калгас купляе беларускае. На палях працуе сучасная беларуская тэхніка: трактары, аўтамабілі МАЗ, камбайны, кормаўборачная і іншая тэхніка. (Дзецям.) Падрастайце і прыходзьце працаваць на карысць беларускай гаспадаркі.
Настаўнік. А зараз давайце ўсе разам звернемся да нашых гасцей з заклікам: “Купляйце беларускае!”

Рэкламны блок 4

Вучаніца і настаўнік выяўленчага мастацтва (па чарзе). Вы ведаеце кветку, якая з’яўляецца сімвалам Беларусі? Уся ўвага на нас!
Вучаніца.
Каб любіць Беларусь нашу мілую,
Трэба ў розных краях пабываць.
Зразумееш тады, чаму з выраю
Жураўлі на Палессе ляцяць...
А. Ставер.
Прызнаюся вам, што я адчула гэта на сабе, калі пабывала ў далёкай Італіі. Там было вельмі добра, але я сумавала па Радзіме. I гэта быў сум не толькі па бацьках і сястры... Я глядзела навокал, любавалася квітнеючымі даляглядамі, але не знаходзіла нечага мілага сэрцу... I калі наша настаўніца прапанавала зрабіць сваімі рукамі і падарыць італьянскім сябрам папяровыя васількі„ я зразумела: вось чаго не хапала майму сэрцу!
Настаўнік. На памяць прыходзяць радкі з верша Максіма Багдановіча “Слуцкія ткачыхі”:
I тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскага ўзору,
Цвяток радзімы васілька.
Вучаніца. Акурат так! Вось ён — наш непаўторны брэнд! Вось яны — кропелькі неба ў жыце.
Настаўнік. У мяне ёсць прапанова. Давайце паспрабуем гэты цуд стварыць сваімі рукамі. Згодныя?
Дзеці (разам). Так!
Вучаніца. I навучым гасцей. Вучні і госці пад кіраўніцтвам настаўніка выяўленчага мастацтва выконваюць пано “Васількі" ў тэхніцы квілінг.
Настаўнік. Вы вельмі стараліся і свае работы, выкананыя з любоўю, зможаце падарыць родным ці сябрам або пакінуць сабе на памяць.
Дзеці (выходзяць са сваімі вырабамі). Палюбіце наш васілёк, як любім яго мы!

Рэкламны блок 5

Дзве сястрычкі — вучаніцы IV і II класаў (па чарзе). Вы яшчэ не ведаеце пра восьмы цуд свету? Тады правільна, што вы завіталі да нас!
Вучаніца IV класа. Усе мы чулі пра сем цудаў свету. А ці чулі вы пра сем цудаў Беларусі? Абяцаю, што кожнаму з іх я зраблю асобную рэкламу, і гэта будзе падставай для нашых новых сустрэч. А пакуль назаву іх.
1) Крыж Еўфрасінні Полацкай.
2) “Біблія” Францыска Скарыны.
3) Статут Вялікага Княства Літоўскага.
4) Нясвіжскі замак.
5) Сынковіцкая царква-крэпасць.
6) Слуцкія паясы.
7) Белавежская пушча.
Вучаніца IV класа. Але я ўпэўнена, што ў Беларусі не сем, а восем цудаў. (Вучаніцы II класа.) Ты здагадваешся, пра што я кажу?
Вучаніца II класа. Не.
Вучаніца IV класа. Ну вядома, ты ж яшчэ малая. Тады я табе адкрыю сакрэт. Гэта наша возера Свіцязь.
Вучаніца II класа. I зусім я не малая! Я вучуся ў другім класе і нават памятаю радкі з балады Адама Міцкевіча “Свіцязь", прысвечаныя гэтаму возеру.
Між дрэў, бы ў вяночку,
адкрыецца воку
Там возера Свіцязь, як дзіва.
Як быццам хто шыбіну лёду
звысоку
Сюды апусціў беражліва.
Вучаніца IV класа. Ты мяне здзівіла! Прабач, што назвала цябе малой. Дарэчы, плошча возера Свіцязь — 170 га, глыбіня дасягае 15 м. Дно пясчанае, а вада крыштальна чыстая. На паўночным беразе Свіцязі знаходзяцца помнікі прыроды (векавыя дубы), а на паўднёва- заходнім — археалагічныя помнікі (курганы, у якіх пахаваны нашы продкі). Возера Свіцязь і тэрыторыя вакол яго аб’яўлены экалагічным запаведнікам. Тут знойдзены вельмі рэдкія расліны і жывёлы, напрыклад тэтрадэніум яванікум, які расце яшчэ толькі на востраве Ява, або малюск планорбіс, які водзіцца яшчэ ў азёрах Францыі, Бельгіі і Германіі. Цікава, як яны тралілі да нас?
Настаўнік. Загадка да канца не разгадана. Можа, таму пра наша возера складзена столькі легендаў і паданняў?
Вучаніца IV класа. Так. Паводле аднаго з паданняў, на месцы возера калісьці быў горад Свіцязь... Ля сцен гэтага горада можна апынуцца, калі выйсці з нашай школы. Гэта, дарэчы, вельмі зацікавіла карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” — і ў выніку ў ёй з’явіўся артыкул пра нашу школу.
Настаўнік. Адкрыю вам яшчэ адзін сакрэт. Вучаніца нашай школы Надзя Арцюх зусім нядаўна стала дыпламантам конкурсу паэзіі “Свіцязі яснай расінка”. Свой першы верш яна прысвяціла менавіта Свіцязі. Папросім яе прачытаць гэты верш.
Возера Свіцязь
Яно крыштальна чыстае,
Прыгожае, празрыстае.
Утварылася даўно,
Жыве і будзе жыць яно
Ў прыгожым вобліку сваім,
Ў легендах, казках і паданнях,
У шчасці, радасці, любові,
У яркім сонцы і каханні!
Настаўнік. А яшчэ на дзіўным беразе возера размешчаны санаторый “Свіцязь”.
Дзеці (разам). Прыязджайце і душой адпачывайце! Здароўе папраўляйце!

Рэкламны блок 6
Настаўнік. Вашай увазе прапануецца спартыўная рэклама. Яе прадставяць хлопчыкі нашага класа, якія займаюцца ў спартыўнай школе, і іх трэнер.
Хлопчыкі (па чарзе). Вы яшчэ не займаецеся спортам? Тады бярыце прыклад з нас!
1-шы хлопчык. Я вельмі люблю гуляць у футбол.
2-гі хлопчык. Я вучуся плаваць і хачу стаць марскім афіцэрам, як мой дзядуля.
3-ці і 4-ты хлопчыкі (па чарзе). А мы займаемся спартыўнай хадзьбой. Таму ніколі не спазняемся на ўрокі.
Хлопчыкі (разам). I ўсе мы сябруем з гімнастыкай! (Дэманструюць індывідуальныя і калектыўныя гімнастычныя практыкаванні.) Трэнер. Гэта нашы будучыя спартсмены. Пацвярджэнне таму выдатныя вынікі на спаборніцтвах рознага ўзроўню.
Усе (разам). Мы — за здаровы лад жыцця!

Рэкламны блок 7
Маленькая гаспадыня. Вы яшчэ не спрабавапі страў беларускай кухні? Тады хутчэй да нас! Вас чакаюць клёцкі, дранікі, бабка і грачанікі! (Госці садзяцца за стол.) Беларусы лічаць, што хлеб — усяму галава. Таму самае пачэснае месца на стале — хлебу! Аднак ёсць у нас і каралева стала. Каб зразумець якая, адгадайце загадку.
Славен край наш ёй здаўна.
Трыста розных страў — яна.
I зімой, і летнім часам
На яе мы вельмі ласыя!
Правільна, бульба! Вы малайцы! А цяпер частуйцеся, калі ласка! Смачна есці!

3. Заключная частка.
Падвядзенне вынікаў.

Настаўнік. Паважаныя госці, нашым юным карэспандэнтам не церпіцца задаць вам некалькі пытанняў.
Дзеці (па чарзе). Што вас найбольш уразіла ў нашай рэкламе? Што найбольш запомнілася? Ці спадабаліся вам стравы беларускай кухні? Ці захацелася вам яшчэ раз наведаць нас? (Адказы ўдзельнікаў сустрэчы.)
Настаўнік. Дарагія госці, я спадзяюся, што вы возьмеце з сабой у дарогу цяпло нашых сэрцаў, а часцінку сваёй сардэчнай цеплыні пакінеце нам.
Усе (разам). Да новых сустрэч!

Яшчэ на гэту тэму:

У песнях славім Беларусь     Зямля пад белымі крыламі