сцэнарыі святаў на беларускай мове

Альбіна ГЛЕЙЗЕР, музычны кіраўнік. Пралеска 9/1997

Лета ў агародзе

Тэматычнае свята

Зала прыбрана, як летні агарод. Зроблены градкі. На іх расце розная агародніна. Каля плота—калодзеж.
Вядучы (В.). Дзеці, як вы думаеце, якая зараз пара года? (Адказы дзяцей.) Так, да нас прыйшло шчодрае і вясёлае лета.
Сонейка свеціць
Ад ранку да вечара,
I не таму,
Што рабіць яму нечага.
Хоча яно,
Каб шумелі сады,
Каб у садах спелі дзецям плады.
Каб колас у полі хіліўся к раллі.
Каб травы раслі
I каб кветкі цвілі.
Каб людзі шчасліва
Жылі на зямлі.
І.Муравейка

Выконваецца песня “Заклік сонца”, муз. А.Рэмізоўскай.
В. Вельмі любіць сонейка ўсялякая агародніна. Пад промнямі сонца яна хутка расце. Раскажыце, дзеці, што расце на вашых градках.
Дзеці расказваюць пра свой агарод. Верш “Натчына градка " П.Пранузы.
— Я пайду з табою,—
Кажа маме Натка.
Вынесла з веранды
Граблі і лапатку.
—Вось і твой участак,—
Мама паказала.
Натка з захапленнем,
3 радасцю капала.
Выбірала з градкі
Чыста пустазелле,
Каб мятлюг ды пырнік
Зноў тут не аселі.
Пахваліла мама
Натку за работу.
Твар дачкі свяціўся
Зорачкамі поту.

Песня “Сделаем огород ”, муз. Ю. Багаслоўскага.
Выбягае дзяўчынка Оля. Робіць градкі, праполвае іх, палівае.

В.
Паглядзіце — наша Оля
Агарод так шчыра поле!
Градкі роўныя малая
Там сама зрабіла ў маі.
Іх засеяла насеннем—
Хай расце на заглядзенне!
Оля градкі даглядала,
Іх палола, палівала.
I цяпер—зірні!—парадак
У яе на кожнай з градак.
Наша Оля малайчынка:
Працавітая дзяўчынка.
К.Цвірка

Інсцэніраванне верша “Крот ” М.Дуксы.
Выбягае Крот. Бегае па градках, разбурае іх.

В. Вось аднойчы ля варот
Раптам стаў хваліцца крот.
Крот. Меў я Гэтулькі турбот—
Узараў ваш агарод!
Оля. Лезь пад плот,
Нязваны крот.
Ты сапраўдны абармот —
Сапсаваў наш агарод!
Лепей жыў бы ты ў вадзе!
Вечна рыеш Абы-дзе.
(Праганяе Крата.)
В. Вось спякота Дык спякота.
Як зямля яшчэ трывае?
Нават крапіва ля плота
Вяне, бачым, ледзь жывая.
Оля. Дзе вы, хмары і аблокі?
I куды падзеўся гром?
Я з калодзежа глыбокага
Дастаю ваду вядром.
I спяшаюся ў гарод—
Ратаваць гуркі, гарох.
М.Гамолка

Дастае ваду з калодзежа, палівае градкі. Потым здзіўляецца, што ў калодзежы больш няма вады. Бярэ каромысел і ідзе па ваду на рэчку.
Песенька “Олечка ”, муз. А. Філіпенкі.

В. Палівай не палівай, а дождж усё роўна патрэбен.
Оля.
Вунь як высах агарод,
Як жаўцеюць буракі,
Як павялі агуркі.
Дождж,
Не будзь скупы, як жмот,—
Тупай, дождж, у агарод.
М.Дукса

В.
Дожджык, дожджык на кані
Прыскакаў з далечыні,
Пераскочыў цераз плот
I пабег у агарод.
Ул. Карызна

Песня “Дожджык ”, муз. Д.Камінскага.
Дожджык бегае між градак, палівае іх.

В. Дождж у пару—усё роўна што золата.
Дожджык спорны і вясёлы
Клапатліва працаваў.
Азірніцеся наўкола—
Як усё павымываў.
Аж іскрацца дрэвы, травы,
Лёгка дыхае зямля!
Села сонейка на лаву...
Сонейка. А цяпер чарга мая.
Прасушыць усё мне трэба.
Браце ветрык, памагай!
Н.Галіноўская

В. Паглядзіце ў наш вясёлы гарод!
Оля.
Гарбуз імкнецца на высокі плот,
Сядзяць на градцы важна буракі,
Карункі-косы морква распляла,
Фасоля прыгожа гэтак зацвіла.
Н.Галіноўская

Інсцэніраванне верша “Памідор і агурок ” В.Гардзея.
В. На градзе між дзвюх разор
Заірдзеўся памідор.
Агурок. Ты чаму пунсовы стаў?
В. Агурок тут запытаў.
Памідор. Я ж на сонцы цэлы дзень,
Так, як ты, не лезу ў цень.
Агурок. Ну, падумаеш, здзівіў!
В. Агурок не залюбіў.
Агурок. Не паспее заўтра ўднець—
Будзем разам чырванець.
В. 3 ценю вылез агурок,
Сонейку падставіў бок.
Стаць чырвоным ён хацеў,
Ды ад зайздрасці зжаўцеў,
Танец агуркоў.
Оля. Палівалка-палівалачка,
У гародзе памагалачка!
Набяры з крыніцы
Свежае вадзіцы,
Палівай капусту,
Каб расла дый густа,
Каб утоўшч ішло качанне,
Каб было на шаткаванне.
Н.Гілевіч

Оля палівае капусту і выходзіць з агарода.
Уваходзіць Каза.
Інсцэніраванне верша В.Гардзея “Каза ў капусце ”.

В. Пачала каза бубніць Ля капуснай градкі:
Каза. Хто мог лісце так скруціць? Вось яшчэ парадкі!
В. Ліст за лісцікам грызе—
Градка апусцела.
А індык крычыць казе:
Індык. Ты ж капусту з’ела.
Каза. Не хвалюйся дужа, брат, Што на градцы пуста.
Раскруціла лісцяў шмат—
Не знайшла капусты...
Песня “Козачка-свавольніца ”, муз.Ю.Семянякі.
Прыбягае Оля, праганяе Казу. Уваходзіць Пудзіла. Замірае сярод агарода.

В. 3 картузом на галаве,
У плашчы старым і змятым,
Пудзіла даўно жыве
У Цімоха каля хаты.
Днём яно ад хітруноў
Агарод пільнуе дбала.
Спудзіла курэй з гуркоў,
3 вішань вераб’ёў прагнала.
Пагразіла дзеркачом
Неяк пудзіла й Цімоху:
Пудзіла. Цераз плот не лазь крадком
I не рві струкі гароху!
В.Гардзей

Песня “Пугало”, муз.С.Галкінай (спявае Пудзіла).
Пудзіла загадвае дзецям загадкі Р.Барадуліна.

У гародзе каля градак
Шмат цікавых есць загадак,
Той, хто градкі даглядае,
Той загадкі адгадае.

От бабуля важна села
I глядзіць навокал смела.
У зямлю схавала лапаць,
Як зачэпіш—будзеш плакаць.
Гэта злосная бабуля Называецца ...
(цыбуля)
У бабулі родны брат
Ласкавейшы быццам,
А да слёз давесці рад,
Так, як і сястрыца.
Ты не вельмі плач, сынок,
Калі шчыплецца ...
(часнок)
Не сыдзе з месца Ні на крок,
Зарыўшыся ў пярыну.
Цярэбіць ціхі вецярок
Зялёную чупрыну.
Ды выцягнуць з пярыны—
Пачырванее небарак.
Вядома, што гэта ...
(бурак)
Гэта што за важны туз,
Хвост зялёны,
Чэпкі вус?
Ўсім вядомы карапуз
Пузан Пузанавіч ...
(гарбуз)
3 вусамі, а не стары,
Зайздросныя вочы.
За што-небудзь на двары
Учапіцца хоча.
Хопіць хітрасці на трох—
Ну, на тое ж ён...
(гарох)
Танец Пудзілы. Песня “Загадки на грядке”, муз. С.Галкінай.
Дзеці загадваюць Пудзілу загадкі і чытаюць вершы пра агародніну.

Вырасла урода
На ўскрайку агарода,
Хто за яе прымецца,
Як уджалены,
Скрывіцца.
(Крапіва)
Завітала ў хату пані
У чырвоным сарафане.
Як пачалі распранаць,
Сталі плакаць, праклінаць.
(Цыбуля)
Я на сонейка падобны,
Я для ўсіх ласунак добры,
Не тады, калі свячуся,
А як згасну і сагнуся.
(Сланечнік)
М.Пазнякоў

Верш “Салата” А.Дзеружынскага.
I ў дзень будні
I на свята
На стале
Стаіць салата.
Пачастунак—
Той што трэба
3 бульбай варанай
I хлебам.
Вырастае
Ў агародзе
I ў цяпліцах
Добра родзіць.

Вядучы запрашае дзяцей і Пудзіла пагуляць у беларускую народную гульню “Агароднік”.
Дзеці спяваюць “Агародныя частушкі-весялушкі”.

Оля.
Лета—
Мой настаўнік,
Сябар верны мой.
I дружу я 3 працай
Летняю парой.

Агульныя скокі ўсіх удзельнікаў свята з Пудзілам.
В. Лета працягваецца. Наша агародніна яшчэ падрасце. А ўвосень будзем збіраць добры ўраджай.