сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. Н. ПРОХАРАВА, настаўніца вышэйшай катэгорыі сярэдняй школы № 7 г. Наваполацка. Беларуская мова і літаратура 2/2016

«Святое матулі імя...»

Сцэнарый літаратурна-музычнай кампазіцыі для вучняў V—VII класаў

Літаратурна-музычная кампазіцыя «Святое Матулі імя...» можа стаць асновай сцэнарыяў да Міжнароднага жаночага свята 8 Сакавіка або да Дня маці. Правядзенне мерапрыемства накіравана на рэалізацыю мэты: выхоўваць у дзяцей пачуццё ўдзячнасці маці, бацькам за тое, што падаравалі жыццё, атулілі клопатам і любоўю. Задума аўтара гэтай распрацоўкі палягае ў тым, каб абудзіць у вучняў патрэбу берагчы адзін аднаго, шанаваць старэйшых, дапамагчы ўсвядоміць, што дзяцінства — лепшая пара ў жыцці кожнага чалавека.
Удзел бацькоў у мерапрыемстве, іх выступленні і папярэдняя дапамога яшчэ раз даказваюць важнасць і неабходнасць любой справы, якая па сілах і паспяхова вырашаецца толькі тады, калі мы ўсе разам.

Мэты: фарміраваць у вучняў паважлівае стаўленне да жанчыны-Маці як самага важнага чалавека ў жыцці; выхоўваць культуру ўзаемаадносін дзяцей і бацькоў, спрыяць усталяванню ўзаемалюбові і ўзаемапавагі паміж роднымі людзьмі; развіваць праз чытанне твораў паэзіі і прозы, выкананне музыкі сцэнічныя здольнасці, эмацыянальна-духоўную сферу дзяцей.
Задачы: арганізаваць самастойную і творчую дзейнасць вучняў, узбагачаць іх станоўчым жыццёвым вопытам і спрыяць фарміраванню глыбока маральных якасцей і перакананняў; развіваць культуру вуснага маўлення; стварыць атмасферу духоўнага адзінства дзяцей і бацькоў.
Афармленне сцэны і абсталяванне: зала ўпрыгожана па-святочнаму; асобны стэнд — партрэты матуль, выкананыя вучнямі ў розных тэхніках; шмат кветак, шароў, яркіх стужак; пры ўваходзе ў залу — выстава творчых работ сямей, якія ўдзельнічаюць у мерапрыемстве; мультымедыйная прэзентацыя.

Ход мерапрыемства

Першы вядучы. Сёння ў гэтай зале сабраліся самыя шчаслівыя людзі, бо ўсе яны або самі бацькі, або чыесьці дзеці... «Дзяцінства», «сям’я», «мама», «тата» — словы, якія кожнага з нас саграюць і робяць па-сапраўднаму шчаслівымі.
Другі вядучы. Давайце ў гэты вясновы дзень сагрэемся цеплынёй і любоўю адзін аднаго! Запрашаем усіх, незалежна ад узросту, перанесціся ў той час, калі дрэвы здаюцца вялікімі, жыццё — бясконцым, а мы — дзеці, яшчэ такія малыя...
Гучыць песня «Светлая зараначка» (сл. Л. Пранчака, муз. 3. Яўтуховіча).
Першы чытальнік (выконвае верш Веры Вярбы «Матуліны рукі» ).
3 маленства яны нас
Да сэрца гарнулі,
Пяшчотныя, добрыя
Рукі матулі,
Што з ранку працуюць
Няспынна і лоўка —
Дачушку накормяць,
Прычэшуць галоўку,
Кашулю пашыюць,
Правераць задачу
I сына суцешаць,
Калі той заплача.
Матуліны рукі
Нас цешаць, галубяць,
Так шчыра, як маці,
Ніхто нас не любіць.
Матуліны рукі —
Адзіныя ў свеце,
Шануйце, любіце
Заўсёды іх, дзеці.
Другі чытальнік (выконвае верш Р. Барадуліна «Ната маму любіць надта» ).
Мама мые раму,
Ходзіць мама ў краму.
I ў дачушкі Наты
Цэлы дзень заняты:
То шукае маму,
То гукае маму:
— Мама, дзе піжама?
— Мама, дзе панама?
— Мама, дзе праграма?..
Мама. Мама. Мама.
Ледзь прачнецца Ната,
Шуму поўна хата,
Поўна шуму, гаму,
Бо дачушка Ната
Надта
Любіць маму!
Трэці чытальнік (выконвае верш М. Хведаровіча «Дарагое імя» ).
Свеціць як сонца,
Ад самай калыскі
Вобраз любімы,
Родны і блізкі.
Маміна імя
Самае лепшае,
Маміна слова
Найдаражэйшае.
Мама! Матуля! —
Чароўнае слова
Песняй ласкавай
Гучыць на ўсіх мовах.
Гурт, дзяцей выконвае танец «Светлыя гукі любові».
Першы вядучы. Матуліна любоў самая шчырая, пяшчотная і нязменная. Ды, на жаль, ведаючы пра гэта, ці заўсёды мы аддаём нашым родным і блізкім людзям столькі ўвагі і цеплыні, колькі трэба?..
Другі вядучы. Пакрыўдзіць часам атрымліваецца лёгка і проста. I мы самі сябе дакараем за тое, што робім штосьці не так. Але толькі тады, калі мінае час, толькі тады, калі ў нас з’явяцца ўжо свае дзеці, мы пачынаем усведамляць памылкі, якія хочацца выправіць, бо ў радасці і ў горы, маленькім або дарослым, шчаслівым або няшчасным — нас заўсёды чакае матуля! Яна абагрэе і суцешыць. Аддасць усю цеплыню свайго сэрца.
Першы вядучы. Калі ў вас не атрымліваецца сказаць матулям ласкавыя словы, дык хаця б напішыце ім ці патэлефануйце!
Чацвёрты чытальнік (выконвае верш М. Лешчуна «Дасылайце матулям лісты» ).
Дасылайце матулям лісты,
Каб сагрэлі іх сэрцы любоўю,
Іх чакання, вачэй пекнаты
Хай паштар не маркоціць адмоўем.

Дасылайце матулям лісты,
I лісты, а не лісцікі кволыя.
Хай іх радуе почырк густы,
Запытайце найперш, ці не хворыя.

Запытайце пра сена і дровы,
I як родзіць зямля на аселіцах,
Ды ці пашы хапае каровам,
Ці буслы па-ранейшаму селяцца.

Размаўляйце з матулямі доўга
I бяседна, нібы пры сустрэчы,
Пра сябе раскажыце нямнога,
Сваякоў прыгадайце дарэчы.

Мы сталеем, старэюць і маці,
Ў роднай хаце мы рэдкія госці,
Каб да скону дзён не шкадаваць вам,
Што сказаць не паспелі чагосьці
I ў душы не было гаркаты,
Дасылайце матулям лісты.
Дасылайце матулям лісты!
Гучыць песня «Трэба дома бываць часцей» (сл. Р. Барадуліна, муз. I. Лучанка) у выкананні вакальнай групы дзяцей.
Першы вядучы. Сям’я... Як гэта важна для кожнага чалавека. Спагада, дабрыня, чуласць — усе гэтыя якасці нараджаюцца ў нас менавіта там, у сям’і. Мы ўдзячны сваім бацькам за тое, што жывём на гэтым свеце, што атрымалі ад іх любоў і цеплыню, першыя ўрокі дабрыні і сумленнасці.
А ці заўжды мы ўважлівыя да іх? Давайце падумаем...
Гучыць песня «Мама» (муз. і сл. А. Газманава ).
Другі вядучы. Без матулі так сумна і тужліва ў хаце... Без матулі ў хаце так адзінока... Ды сумаваць можа і сама матуля. У яе ж таксама ёсць самы родны на зямлі чалавек — наша бабуля! 3 яе некалі пачыналася наша сям’я! Хай дасць ёй Бог здароўя і доўгіх-доўгіх гадоў!
Пяты чытальнік (выконвае верш А. Руцкай «Раскажы мне, бабуля, казку»).
Раскажы мне, бабуля, казку,
Што ў маленстве калісьці казала.
Раскажы пра дзяўчыну-краску,
Што хлапца-малайца пакахала.

Раскажы мне, бабуля, казку —
Хай там праўды доля малая, —
I крані спагадай і ласкай,
Што ў жыцці часам так не хапае.

Добрай мудрасці першую звязку
Мне ў душу назаўжды палажы.
Раскажы мне, бабуля, казку,
Як калісьці малой, — раскажы.
Гучыць песня «Усе мы родам з дзяцінства» (сл. В. Шніпа, муз. 3. Яўтуховіча).
Шосты чытальнік (агучвае тэкст В. Гапеева «Мама і дапамога»). Так атрымалася — багатымі мы не былі. Звычайная вясковая сям’я, праца ў калгасе, чацвёра дзяцей. Ажаніўся брат, а яго жонкі бацькі — нам не роўня. Куды заможней жылі, то і дапамагалі сваёй дачцэ грашыма куды больш ды рэчы дарылі куды даражэй. Стаў брат будаваць кватэру, вядомая справа — прыехаў да маці па грошы. Пагаварылі трохі, сказаў брат, якую суму выдзелілі бацькі яго жонкі. Мама памаўчала крыху і сказала:
— А ў мяне столькі няма. Колькі змагу — столькі і дам. I было відаць, што хоць яна і шкадуе, што можа так мала дапамагчы свайму сыну і нявестцы, але — не саромеецца гэтага. I потым, колькі ні дапамагалі нам бацькі, заўсёды адчувалася: даюць, колькі могуць.
«Колькі магу даць — столькі і дам», — шчыра казала мама, і пазней я прачытаў пра дзве лепты беднай удавы ў Бібліі. «Колькі магу» — можа, гэта важней і чалавечней, чым «Колькі трэба»?
Першы вядучы. Любоў трымае гэты свет... Матуліна... Вечная... Яна перадаецца і нам, дзецям... Навечна нам бацькамі завешчана любіць!
Другі вядучы. Мы хочам пазнаёміць вас з самым звычайным хлопчыкам... Ігар Трубнікаў — з Расіі. Самым будзённым можна назваць яго жыццё. Але гэта толькі на першы погляд.
Ужо колькі гадоў ён даглядае матулю, якая пазбавілася ног і амаль страціла зрок. Ігар цяпер — яе вочы і ногі. Ён, чулы і клапатлівы сын, прыгатуе ежу, заправіць матулін ложак, выведзе на вуліцу. Ён зробіць усё!
Першы вядучы. На гэтым прыкладзе нам вельмі важна зразумець, што пакуль мы разам з вамі бавім дарэмна час, сын жыве... дзеля сваёй дарагой і любай матулі.
Сёмы чытальнік (выконвае верш М. Лешчуна «Просьба да маці» ).
Забяры мяне, любая мама,
У той час, у той дзень, у той міг,
Калі ўсмешка з вачэй не спадала
3 маладых і вясёлых тваіх.

Я ў маленстве ізноў апынуся
I сасню зноў дзіцячыя сны,
Да жбанка з малаком прытулюся...
Мо і спраўдзяцца зрэшты яны?

Завядзі мяне, любая мама,
На той луг, дзе нас вабіў вятрак,
Ты даруй мне, што дома быў мала,
Гасцяваў на залётных вятрах.

Я у думках дамоў прылятаю
I у мроях хаджу басанож
Па тых сцежках палескага краю,
Дзе мілуюцца Прыпяць і Сож.
Першы вядучы. Любіць — аддаваць, а не браць! Матулі любілі нас — сёння ці заўтра наша чарга аддаваць ім сваю любоў, цеплыню і ласку! Бо час так хутка бяжыць, мільгае, што мы многага можам і не паспець...
Восьмы чытальнік (выконвае верш П. Броўкі «I сёння ў памяці не згасла...»).
I сёння ў памяці не згасла,
Забыцца не магу аб тым,
Як сын спытаў: — Не любіш масла?
— Не, не люблю, — сказала ты.
Не ведала дзіця малое,
Цябе спытаўшыся ва ўпор,
Што аддала на масла тое
Ты улюбёны свой убор.
Другі вядучы. Дзеці — матуліна шчасце. Абаронца і надзея — калі сын! Ён самы любімы мужчына ў доме. Там, дзе б’ецца яго сэрца, некалі трымцела, хвалявалася матуліна душа... I калі яе не стане, Анёлам яна будзе аберагаць сваё дзіця, працягваючы аддана любіць...
Дзявяты чытальнік (выконвае верш Я. Янішчыц «Сынок і маці»).
Пакуль яшчэ зялёная зямля
Трымае нас па міласці закона,
Сынок і Маці — зерне і ралля.
Сынок і Маці — мудрая ікона.
I спеюць хай удзячныя гады,
Бяжыць удаль дарога палявая.
Ён для яе маленькі назаўжды,
Нявопытны, пакуль яна жывая.
Крывавы час, адкінь свой грозны меч,
Прыслухайся да сцішанага слова.
3 кароткіх, як само жыццё, сустрэч
Саткана іх нявечная размова.
Дзясяты чытальнік (выконвае верш Я. Янішчыц «На ўсякі выпадак...» ).
Сын, як заўсёды,
Акуратна рабі урокі:
Дысцыпліна — харошая якасць
Не толькі поспеху ў школе.
Сынок, як і ўчора,
Паслужы няўцешным суседзям,
Адзіны сын у каторых
Нечакана загінуў ад кулі
На суровым полі заслоны!
Сыночак, чэсна, бы ўчора,
Прынось грашовую здачу
3 прадуктовага магазіна.
Ды, на ўсякі выпадак,
Умей даць здачы подласці і няпраўдзе!
I яшчэ: будзь прывязан,
Як можаш, да верных сяброў па сэрцу
(Не дай табе божа мяняць іх на новых!),
Бо можа так здарыцца,
Што заўтра — не выйду табе насустрэчу.
Мама.
Гучыць «Песня пра маці» (сл. Г. Бураўкіна, муз. I. Лучанка) у выкананні вакальнай групы дзяцей.
Адзінаццаты чытальнік (выконвае верш Р. Барадуліна «Сказаць мне слоў апошніх не змагла...» ).
Сказаць мне слоў апошніх не змагла.
Я не пачуў, што гаварылі вочы.
А ў мамы позірк быў такі сірочы
. I шыбы сталі з матавага шкла.
I хату ўсю завалакла імгла.
I толькі чуўся ў садзе гвалт сарочы.
Прыйшлі, як і суседкі, тыя ночы,
3 якімі доўга гутарку вяла.
Была хвароба прыжывалкай ціхай,
А не было каму падаць вады.
Быў вецер злы, агонь у печы з пыхай.
Смялела немач, немата панела.
Як некалі сустрэнемся, тады
Перапытаю, што сказаць хацела.
Дванаццаты чытальнік (выконвае верш Р, Барадуліна «Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль» ).
Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль.
I гэты свет Сагрэлі нам матулі.
Сны нашы —
Дабравеснікі адтуль,
Дзе злыбяду матулі прыгарнулі,
Прыспалі, каб не кратала сыноў
Пасланніца эпохі лесуноў.

У неба зорнае зірні ўначы,
Дык гэта ж — ніва,
На якой матулі,
Рупліва жыта цёмнае жнучы,
Абначавалі, прысмерку не ўчулі.
Вязалі долі нашае снапы,
А кожны сноп на зерне не скупы.

Мы позіркам чыім На свет глядзім?
Хто ясніць нашай роспачы аблокі?
Пад зоркамі матуль
Нам відна ўсім.
Свет без сузор’я роднага бязвокі.
Зямное мітусні пусты хатуль
Напоўнім чым
Пад зоркамі матуль?
Трынаццаты чытальнік (выконвае верш Р. Барадуліна «Нам застаецца ад матуль...» ).
Нам застаецца ад матуль
I шчырасць іхняя,
I ласка.
Наш лёс
3 няўмольнага адтуль
Не пераняць ім,
Як падпаска.

I ў свята не задобрыць лёс
Ані скаромінай,
Ні сырам.
Шуміць спагадаю бяроз
Прачысты матчын свет
Над сынам.

Цяпер матуль жаданей снім,
Ад іх не тоім думкі нашы.
I крыўды,
Што чынілі ім,
Да нас саміх ідуць,
Як з пашы.
Першы вядучы. Жыццё нам даецца на тое, каб любіць! Давайце паспеем гэта зрабіць, не шкадуючы слоў ні сёння, ні заўтра — ніколі!
Чатырнаццаты чытальнік (выконвае верш А. Грачанікава «Калі жывуць яшчэ бацькі...» ).
Калі жывуць яшчэ бацькі,
Заўсёды знойдзеш ты прытулак.
Яны — твой тыл і паратунак,
Калі жывуць яшчэ бацькі.
Для іх заўсёды ты — дзіця.
Яны суцешаць і ўратуюць.
I на сувой твайго жыцця
Свайго жыцця не пашкадуюць.
I там, за далеччу гадоў,
Дзе ім не быць з табою разам,
Святая іхняя любоў
Асвеціць шлях твой цяжкім часам...
I трэба, мабыць, гэтак жыць,
Шануючы сваю Айчыну,
Каб мог і сын твой паўтарыць
Свайму у будучыні сыну:
«Калі жывуць яшчэ бацькі,
Заўсёды знойдзеш ты прытулак.
Яны — твой тыл і паратунак,
Калі жывуць яшчэ бацькі!»
Другі вядучы. Дзякуем вам, нашы матулі, бабулі, родныя і блізкія, за тое, што вы проста ёсць. Дзякуем за тое, што мы разам, што мы ўсе — сям’я, адно цэлае!
Першы вядучы. Любоў жыве ў сэрцы! Там жа хаваюцца і самыя цёплыя, шчырыя словы, якія мы хацелі б вам сёння сказаць. Любімыя і дарагія нашы матулі і бабулі! Нашы сэрцы і сардэчныя словы — вам!
Ціха гучыць запіс мелодыі «Мама» ў выкананні аркестра П. Марыа. Дэманструецца падрыхтаваная вучнямі відэапрэзентацыя «Мама, маці, матуля...». Пасля прагляду дзеці дораць шарыкі-сардэчкі і канверцікі з пажаданнямі сваім матулям і бабулям.

Спіс выкарыстанай літаратуры

Барадулін, Р. Выбраныя творы / Р. Барадулін. — Мінск : Кнігазбор, 2008. — 600 с.
Барадулін, Р. Трэба дома бываць часцей... : выбр. старонкі лірыкі / Р. Барадулін. — Мінск : Маст. літ., 1993. — 352 с.
Гапееў, В. Буслы не спяваюць / В. Гапееў // Беларускае. — [Электронны рэсурс]. — Рэжым даступу: gарееv.іnfо/сategory/busly_ne_spyavayuc — Дата доступу: 27.01.2016.
Грачанікаў, А. Выбранае : вершы і паэмы / А. Грачанікаў. — Мінск : Маст. літ., 1988. — 383 с. Ляшчун, М. Палескія сны / М. Ляшчун. — Мінск : Харвест, 2007. — 144 с.
Мама, маці, матуля... : вершы / уклад. А. Канапелькі і В. Шніпа. — Мінск : Маст. літ., 2006. — 446 с.
Пусть говорят. Мамины глаза // ОАО «Первый канал»: официальный сайт. — [Электронный ресурс]. — Режнм доступа: httр://www.1tv.ru/prj/pustgovor /vypusk/30875, — Дата доступа: 6.02.2015.
Руцкая, А Роздум : вершы, паэма / А. Руцкая. — Мінск : Маст. літ., 1988. — 94 с.
Янішчыц, Я. Пачынаецца ўсё з любві... : вершы, паэмы / Я. Янішчыц. — Мінск : Маст. літ., 2008. — 335 с.

Яшчэ на гэту тэму:

Весела промні вандруюць     8 Сакавіка