сцэнарыі святаў на беларускай мове

Вольга ШАГОЙКА, музычны кіраўнік дзіцячага сада № 525 г.Мінска. Пралеска 07/2012

«Твая зямля, твая Радзіма названа светла...»

Сцэнарый свята ў старэйшай групе

Мэта: пазнаёміць дзяцей з нацыянальным святам — Днём беларускага пісьменства.
Задачы: развіваць творчыя здольнасці дзяцей у інсцэнізацыі твораў; фарміраваць іх спеўныя і танцавальныя навыкі.
Песня «Мой родны кут» (словы Я. Коласа, музыка I. Лучанка).
Дзеці ўваходзяць у залу, садзяцца.
Вядучы (В.).
Мяжуе з Польшчай, Украінай,
Расіяй, Латвіяй, Літвой
Твой родны край, твая Айчына,
Жыццё тваё і гонар твой.
I ты яе запомні імя,
Як неба, сонца і зару.
Твая зямля, твая Радзіма
Названа светла — Беларусь.
Ю. Свірка

Якая прыгожая назва ў нашай краіны — Беларусь! Беларусь мая сінявокая! А яшчэ мы называем яе Радзіма, Бацькаўшчына. Радзіма — бо тут мы нарадзіліся, бо яна нам самая родная з усіх краін на цэлым свеце. Бацькаўшчына — бо яна нам дасталася ад нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў, ад самых далёкіх продкаў.

3 даўніх часоў на тэрыторыі сучаснай Беларусі жылі нашы продкі. Яны займаліся земляробствам: сеялі жыта, ячмень, авёс, проса, грэчку, лён. Продкі беларусаў былі людзьмі дужымі і працавітымі. На падворку мелі кароў, коз, авечак, свіней, сабак Яшчэ нашы продкі былі выдатнымі паляўнічымі: палявалі на зубра, тура, мядзведзя, лася. Вельмі развіта было і лясное пчалярства. Мёд, воск, звярыныя шкуры старажытныя жыхары Беларусі не толькі спажывалі самі, але і вывозілі на продаж у іншыя краіны.

Якая прыгожая назва ў нашай краіны — Беларусь! Беларусь мая сінявокая! А яшчэ мы называем яе Радзіма, Бацькаўшчына. Радзіма — бо тут мы нарадзіліся, бо яна нам самая родная з усіх краін на цэлым свеце. Бацькаўшчына — бо яна нам дасталася ад нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў, ад самых далёкіх продкаў.

На нашай беларускай зямлі багата рэк, азёр, а ўлетку цвітуць блакітныя васількі. Беларусь — наша Радзіма. А з чаго пачынаецца Радзіма? 3 песні маці, з роднага слова. Мы, беларусы, ганарымся сваёй роднай беларускай мовай. Яна прыгожая, мілагучная, спеўная, лагодная. Паслухаем вершы пра Беларусь, пра родную мову.

Дзеці чытаюць вершы пра родны край.
Песня «Мы жывём у Беларусі»
(музыка і верш Л. Смык).
В. У даўнія часы, калі простыя людзі яшчэ не ўмелі пісаць, яны расказвалі адно аднаму, сваім дзецям розныя цікавыя казкі. Героямі казак былі жывёлы, а таксама выдуманыя істоты. Сёння мы ўспомнім з вамі беларускую казку, з якой пазнаёміліся раней.

Інсцэніроўка ўрыўка з казкі «Вавёрчына хатка» Г. Аўласенкі.

Дзейныя асобы
Вядучы (дарослы)
Вавёрка
Дзяцел
Сініцы (дзве дзяўчынкі)
Арабка і сойка (дзве дзяўчынкі)
Глушэц
Цецярук
Куніца
Вядучы (В.).
Дзюбай дзяцел дуб дзяўбе —
Хатку робіць для сябе.
А вавёрка плешча ў ладкі!
Вавёрка.
Ах, якая выйшла хатка!
Ты зрабі такую ж мне,
Але толькі на сасне!
Дзяцел.
Чым жа кепскі дуб, суседка?
Вавёрка.
Дуб не кепскі, калі ўлетку...
Ну а ўзімку лепш сасна!
Дзяцел.
Чым жа лепшая яна?
Вавёрка.
На сасне ў зімовы ранак
я заўжды знайду сняданак
для сябе і для гасцей,
каб заходзілі часцей!
Дзяцел.
Добра! — кажа дзяцел ёй.
Мне што з дубам, што з сасной,
што з ялінай працаваць...
Буду хатку майстраваць!
В. Так сказаў ён і з ахвотай
ухапіўся за работу.
Цэлы тыдзень працаваў
але ж хатку змайстраваў!
Вось у лес зіма прыйшла,
сцежкі снегам замяла.
Ды вавёрчына дупло
анічым не замяло.
Так жыве і весяліцца,
анікога не баіцца:
ні лісіцы, ні ваўка,
ні вялізнага дзіка,
бо высокая сасна,
не для іх расце яна...
Але, акрамя лісіцы,
у бары жыла куніца.
Так хацелася куніцы
хоць куды перасяліцца,
да таго ж яе дупло
надта цеснае было...
Прызадумалася тая.-
«Раз вавёрка хату мае —
трэба мне яе злавіць,
ну а хату — захапіць!
Там навекі пасялюся —
вось тады павесялюся!»
Як сказала - так зрабіла!
Хутка кіпці навайстрыла,
ды і скок-паскок з яліны
на бярозкі верхавіну.
А ў вавёркі госці ў хаце:
сярод іх і майстра дзяцел,
побач з ім сядзяць сястрычкі,
тры маленькія сінічкі,
ля сінічак — цецярук,
з ім — глушэц, яго сябрук
Побач з імі — бабка,
старая арабка.
Нават сойка не ўцярпела,
да суседкі заляцела
пасядзець, пабалбатаць,
смачнай стравы паспытаць.
А вавёрка ўсіх частуе,
стравы розныя гатуе,
да стала іх хутка носіць
і гасцей шаноўных просіць.
Вавёрка.
Калі ласка, ягамосьці,
дарагія мае госці,
што хочаце — ешце,
што хочаце — піце,
сэрца гаспадыні
гэтым весяліце!
В.
Госці п’юць і ядуць,
госці ў скокі ўжо ідуць...
Тут куніца ў дзверы скок —
ды вавёрку цоп за бок!
На гасцей як завурчыць,
як ім грозна закрычыць:
Куніца.
Хатка гэтая — мая!
Гаспадыня ў хатцы — я!
I сама я вырашаю,
каго ў госці запрашаю!
Як не хочаце загінуць —
прэч пайшлі з маёй хаціны!
В.
Госці ў жаху хто куды,
толькі б далей ад бяды!
А вавёрка ўслед крычыць,
а вавёрка верашчыць,
у адчаі лямантуе...
Вавёрка.
Вой, ды хто ж мяне ўратуе?!
Вой, патрапіла ў бяду!
Вой, загіну, прападу!
В. Стала сорамна сініцам.
Сініцы.
Што ж баімся мы куніцы?! —
закрычалі шчабятушкі.
Птушкі мы альбо не птушкі?!
Вунь нас колькі — а яна,
хоць і злая, ды адна!
Трэба нам назад вяртацца,
ды з куніцай паквітацца,
ды сяброўку ўратаваць —
ваяваць дык ваяваць!
В. Расхрабрыўся тут глушэц.
Глушэц.
Я ж — прыроджаны баец!
В. А за ім і цецярук.
Цецярук
Я ж таксама, хоць без рук!
За вавёрку я гарой!
Арабка і сойка.
Дык вядзіце ж нас у бой! —
закрычалі бойка арабка ды сойка.
Наперад, сініцы! Дзяўбіце куніцу!
I мы не адстанем —
дзяўбаць яе станем!
В. Птушкі разам зашумелі,
дружна ў наступ паляцелі!
Тут зладзейка не ўтрымала,
прэч ад хаткі паімчала!
Прэч драпежніцу прагналі —
і вавёрку ўратавалі!
Іх вавёрка абдымае,
зноўку ў хатку запрашае,
за сваё выратаванне —
на гулянне-баляванне!
Госці дружненька ўляцелі,
за сталы ізноў паселі.
Зноў вавёрка іх частуе,
стравы розныя гатуе.
Вось пірог з баравіка —
гэта для цецярука,
а для сойкі — жалуды
(гэта страва хоць куды!).
Шышкі з елкі ды сасны —
дзятлу смачныя яны.
Для глушца з арабкай —
ягадная бабка,
Ну, а для сінічак —
ёсць кісель з бруснічак
ды з арэхамі пячэнне...
Усе разам.
Тут і казкі заканчэнне!

Гульня-танец «Вясёлая полька»

(музычнае суправаджэнне — любая хуткая музыка накшталт народнай мелодыі).
Удзельнікі становяцца па крузе, вядучы пад музыку аддае каманды, аўсе выконваюць.
В. Пачынаем усе з кружочку —
Ручкі ўніз і ў замочак,
Музыканцік — рэж нам ох —
Польку дробну, як гарох,
Полька ўлева акуратна —
Полька ўправа — далікатна.
Усе рухаюцца спачатку ў правы бок,а потым — у левы.
В. А цяпер, каб не згубіцца,
Трэба локцем зачапіцца.
Узяўшыся з суседзямі «пад локці», усе рухаюцца спачатку ў правы бок, а потым — у левы.
В. А цяпер такія рэчы —
Суседа возьмем мы за плечы.
Паклаўшы рукі суседзям на плечы, усе рухаюцца спачатку ў правы бок, а потым — у левы.
В. Аб’яўляю разам з тым,
Што ідзе ў нас за тым,
Хлопцы і паненкі,
Возьмемся за суседскія каленкі.
Паклаўшы рукі суседзям на каленкі, усе рухаюцца спачатку ў правы бок, а потым — у левы.
В. А цяпер такія стачачкі —
Бярэмся за суседа пятачкі.
Усе рухаюцца, трымаючыся за пяткі суседа, спачатку ў правы бок, а потым — у левы.

Гульня «Простыя рэчы».

Вядучы бярэ кошык, у якім ляжаць пэўныя рэчы. Дзеці павінны назваць гэтыя рэчы па-беларуску (цацкі вожыка, вавёркі, аловак, парасон, хустка, кветка і інш.).
Гучыць музыка. Дзеці спяваюць прыпеўкі пра дзіцячы сад.
Усе.
Мы прыпеўкі пачынаем,
Будзем весела спяваць.
Як не будзе вам маўчацца,
Тады можна падпяваць.
Весялей іграй, гармонік,
Ярка, сонейка, свяці.
Праспяваем мы прыпеўкі
Аб дзетсадаўскім жыцці.
1-шы спявак (дзяўчынка).
Паглядзіце на Ігнатку —
Стаў ніжэй і пахуднеў:
Ён спазніўся на зарадку,
Кашу манную не з'еў.
2-гі спявак (дзяўчынка).
Запыталі у Ягоркі,
Дзе расце цыбуля, морква.
3-ці спявак (хлопчык).
Ці ж не ведаеце самі:
Гэта ўсё расце ў краме.
4-ты спявак.
У Валерыка і Вікі
Не сябруюць чаравікі:
Правы — злева, левы — справа.
Дружна жыць ім нецікава.
5-ты спявак (хлопчык).
Дакарае хлопцаў мама:
— А чаму кашулі ў плямах?
Хлопцы дружна адказалі...
Хлопчыкі.
У шафёраў мы гулялі!
5-ты спявак (дзяўчынка).
Па балоце бусел ходзіць —
Чырвоная дзюбачка.
Прыйдзе мілы, пацалуе.
Скажа: «Мая любачка».
Усе.
Мы прыпеўкі пець канчаем,
Заклікаем не тужыць,
Бо пакуль гармонік грае,
Беларусы будуць жыць!
В. Багатая беларуская мова на прыказкі, прымаўкі. Гэта мудрыя выразы, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне і дапамагаюць нам у жыцці.
Дзяўчынка і хлопчык (па чарзе).
Дарагая тая хатка,
дзе радзіла мяне матка.
У сваім краі, як у раі.
Як ты да людзей, так і яны да цябе.
Спяшыць — людзей смяшыць.
Малая пчала, ды і тая працуе.
В. У шматлікіх беларускіх прыказках і прымаўках гаворыцца пра гасціннасць і сардэчнасць нашага народа. Ды гэта і зразумела: беларусы здаўна вядомы сваёй дабрынёю, шчодрасцю. Госць для беларуса — асоба важная: «Добраму госцю вароты самі расчыняюцца. Прыгадай гасцей, каб хадзілі часцей». Гаспадары да сваіх гасцей звярталіся з такімі словамі: «Прысядзь: госцем будзеш. Чым багаты, тым і рады».
А госці, збіраючыся дахаты, гавораць: «Пара гасцям і меру ведаць. У гасцях добра, а дома лепей».
Таксама ёсць шмат прыказак і прымавак, у якіх гаворыцца пра сяброўства, сяброўскую дапамогу. (Не май сто рублёў — май сто сяброў. Адзін у полі не воін. Адзін за ўсіх, усе за аднаго. I службу служы, і сябру дапамажы. З якім спазнаешся, такім і станешся. Новых сяброў набывай, а старых не забывай.)

Гульня «Падушачка».

Адзін з самых распаўсюджаных старадаўніх карагодаў. Выконваецца пад прыпеўкі з тыповым зачынам.
Усе.
Падушачка, падушачка мая пухавая,
Малодачка, малодачка мая маладая.
В.
Каго люблю, каго люблю, таго пацалую,
Падушачку, падушачку таму падарую.
Усе ўдзельнікі ідуць па коле, узяўшыся за рукі, і спяваюць. Вядучы стаіць у цэнтры кола, трымаючы ў руках маленькую падушачку, ідзе па коле ў супрацьлеглы бок. На словы вядучага ўсе ўдзельнікі гульні спыняюцца і выконваюць «спружынку», а вядучы падыходзіць да любых двух дзяцей і кладзе паміж імі на падлогу падушачку. Гэтыя дзеці павінны хутка аббегчы кола з розных бакоў і сесці на падушачку. Той, хто паспее прыбегчы першым, і становіцца вядучым, а папярэдні «вядучы» становіцца на яго месца.
Гульня працягваецца далей.
В. Любім танцаваць, спяваць, а можам жарты расказаць.
1-е дзіця.
Вось пацеха дык пацеха!
Лось заходзіцца ад смеху.
Паглядзіце — для казы
Лапці воўк пляце з лазы.
2-е дзіця.
На бруку тры вароны
Дзяўблі макароны.
Верабей крычыць на браме,
Што пра ўсё раскажа маме.
3-е дзіця.
Страказе каза сказала:
— Я ў пучок лазу вязала,
Павязу лазу казлу,
Каб не лазіў у лазу.
В. Ну а зараз вы сядайце і загадкі адгадайце.

Загадкі

Назбіралі арэхаў пяць мяшкоў
Насушылі грыбоў 120 карабоў.
Нацягалі шышак горку,
Працавітыя... (вавёркі).

Хоць таўстун занадта ласы,
На зіму сабе прыпасы не збірае,
Бо заўжды мяшок ён мае.
Спаць лажыцца, зніме тапак
I паціху смокча лапу.
А вясна дыхне ледзь-ледзь,
Прачынаецца... (мядзведзь).

Хвост мой пушысты,
кажух мой агністы,
Хітрай называюць
і курэй хаваюць. (Лісіца.)

Сосны лечыць ён з вясны,
Доктарам завуць лясным. (Дзяцел)

Блакітнае вока ад зямлі высока.(Неба.)
Крылаў не мае, а лятае.
Без рук, а вароты адчыняе.
Без голасу, а спявае.
Без пугі, а хмары ганяе. (Вецер.)

Ён раскажа і пакажа,
як жыве планета наша.
А няма электратоку —
ён без мовы і без зроку.
(Тэлевізар.)
Танец з ручнікамі (паводле мелодыі бел. народнай песні «Купалінка»),

Гульня «А мы проса сеялі».

Задачы: удасканальваць навыкі перамяшчэння шарэнгай, выхоўваць сяброўскія ўзаемаадносіны сярод дзяцей.
Дзеці, трымаючыся за рукі, становяцца ў дзве шарэнгі ўздоўж сцен. У адной шарэнзе дзяўчынкі, у другой — хлопчыкі.
Вядучы (дарослы) пачынае.
Хлопцы з дзяўчаткамі любяць гуляць,
песні спяваць, скакаць, жартаваць.
На першыя два такты робяць чатыры крокі, а на трэці — тры прытопы.
Затым адыходзяць спінай назад, выконваюць тыя самыя рухі, спяваюць той самы прыпеў.
Хлопчыкі.
А мы проса сеялі, сеялі.
Адным ладам сеялі, сеялі.
Дзяўчынкі.
А мы проса вытапчам, вытапчам.
Адным ладам вытапчам, вытапчам.
Хлопчыкі.
Ды чым жа вам вытаптаць,
вытаптаць?
Адным ладам вытаптаць, вытаптаць.
Дзяўчынкі.
А мы коней выпусцім, выпусцім.
Адным ладам выпусцім, выпусцім.
Хлопчыкі.
А мы коней пераймем, пераймем.
Адным ладам пераймем, пераймем.
Дзяўчынкі.
А чым жа вам пераняць, пераняць?
Адным ладам пераняць, пераняць?
Хлопчыкі.
А шаўковым повадам, повадам.
Адным ладам повадам, повадам.
Дзяўчынкі.
А мы коней выкупім, выкупім.
Адным ладам выкупім, выкупім.
Хлопчыкі.
А чым жа вам выкупіць, выкупіць?
Адным ладам выкупіць, выкупіць?
Дзяўчынкі.
А мы дадзім сто рублёў, сто рублёў
Адным ладам сто рублёў сто рублёў
Хлопчыкі.
Нам не трэба сто рублёў сто рублёў.
Адным ладам сто рублёў сто рублёў.
Дзяўчынкі.
А мы дадзім дзеўчыну, дзеўчыну.
Адным ладам дзеўчыну, дзеўчыну.
Калі дзяўчынкі адыходзяць назад на сваё месца, пасярэдзіне залы застаецца адна дзяўчынка.
Хлопчыкі. Вось гэта і трэба нам, трэба нам.

Падыходзяць шарэнгай да дзяўчынкі, утвараюць кола вакол яе. Хлопчыкі спяваюць тую самую мелодыю на склад «ля», а дзяўчынка спачатку вольна танцуе адна, потым запрашае каго-небудзь з хлопчыкаў і танцуюць разам. Астатнія дзяўчынкі і хлопчыкі робяць вялікае кола вакол іх і пляскаюць у далоні.
В. Мы, беларусы, ганарымся сваімі славутымі продкамі: Еўфрасінняй Полацкай, Кірылам Тураўскім, Францішкам Скарынам. Нашы выдатныя пісьменнікі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Элаіза Пашкевіч, Канстанцыя Буйло марылі аб квітнеючай Беларусі з уласнай, пяшчотнай мовай, культурай. Сваёй творчасцю, сваімі справамі яны набліжалі гэты час. Яны любілі наш край і гэтую любоў адлюстроўвалі ў мастацкіх творах.

Так, Якуб Колас пісаў: «Роднае слова — гэта першая крыніца, праз якую мы спазнаём жыццё і навакольны свет. Вось чаму нам неабходна так старанна вывучаць сваю родную мову, ведаць і любіць лепшыя творы беларускай літаратуры».

У любімай мове, роднай, наскай,
Ах, якія словы «Калі ласка!..»
Як звіняць яны сардэчнаю струною,
Праз усё жыццё ідуць са мною...
— Калі ласка! — нашай роднай мовы
Шчырыя і ветлівыя словы.
Пятрусь Броўка
Пад музыку песні «Спадчына» Я, Купалы і I, Лучанка дзеці выходзяць з залы.