сцэнарыі святаў на беларускай мове

Жанна Аркадзьеўна ДРАГУН, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Шчэпіцкай агульнаадукацыйнай сярэдняй школы Клецкага раёна. Роднае слова Красавік 2008 г.

У нашых сэрцах - памяць аб кожным чацвёртым

Урок мужнасці

Ход мерапрыемства

Гучыць вакальна-сімфанічная паэма "Вечна жывыя" Г. Вагнера.
На сцэну выходзяць вядучыя.


1-ы вядучы. Усім, хто не вярнуўся з крывавых палёў вайны, прысвячаецца.
2-і вядучы. Слаўным ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія выстаялі, перамаглі, далі свету жыццё і шчасце, прысвячаецца.
3-і вядучы. Пакаленню, якое ўступае ў жыццё, прысвячаецца.
Гучыць песня "Свяшчэнная ваша". Паступова мелодыя заціхае.

1-ы чытальнік.
Я чую голас несціханы.
Зямля мая мяне заве
I кроіць сэрца мне на раны,
Звініць, як звон касы ў траве.
2-і чытальнік.
Слоў няма, каб цяпер гаварыць,
Яны анямелі.
Слёз няма, каб наўзрыд праліць,
Яны скамянелі.
А навокал - вайна.
3-і чытальнік.
Не, не будзе мой край любімы
Пад фашысцкай пятою стагнаць.
Беларуса дастойнае імя
Я нікому не дам зганьбаваць.
На сцэну выходзяць тры пары. Першая пара - дзве сястры, другая - муж і жонка, трэцяя - юнак і дзяўчына.
- Люда, радзімая. Што я скажу маці?
- Я сама ей напішу з дарогі.
- Не плач, я хутка вярнуся.
- Так, хутка ўсё скончыцца, пра нас не клапаціся.
- Дзяцей беражы, дзяцей.
- А як жа я?
- Я не магу інакш.
- Там людзі гінуць.

1-ы вядучы. На досвітку 22 чэрвеня 1941 года гітлераўскія войскі вераломна напалі на Савецкі Саюз.
Гераічна змагаліся абаронцы Брэсцкай крэпасці. За тыдзень баёў байцы пагранічнай заставы лейтэнанта А. М. Кіжаватава знішчылі каля батальёна гітлераўцаў. Гарнізон крэпасці пратрымаўся каля месяца, хоць нямецкія генералы планавалі на яе захоп толькі 3 гадзіны. Апошнія дні абароны крэпасці авеяны легендамі. На сценах крэпасці былі зроблены надпісы, якія ведае ўвесь свет: "Паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма".

2-і вядучы. Адважна змагаліся лётчыкі ў небе Беларусі. Вядомы подзвіг А. Данілава, які ўступіў у адзінаборства з дзевяццю "месершмітамі", збіў два з іх і тараніў трэцяга. Каля Радашковіч здзейснілі гераічны подзвіг камандзір эскадрыллі, ураджэнец Беларусі капітан Мікалай Гастэла і члены яго экіпажа - Анатоль Бурдзянюк, Рыгор Скарабагатаў і Аляксей Калінін. Ахоплены полымем самалёт экіпаж накіраваў на групу нямецкіх танкаў і аўтамашын. Толькі за адзін дзень байцы стралковага палка пад камандаваннем палкоўніка Куцепава знішчылі 39 танкаў.
Пра гэтыя падзеі расказаў у рамане "Жывыя і мёртвыя" пісьменнік Канстанцін Сіманаў.

3-і вядучы. Ужо на пяты дзень вайны ў Пінскім раёне быў сфарміраваны партызанскі атрад, які ўступіў у бой з захопнікамі... У ліпені 1941 года рабочыя кардоннай фабрыкі ў пасёлку Пудаць Суражскага раёна стварылі партызанскі атрад пад кіраўніцтвам свайго дырэктара М. Шмырова. Бацька Мінай - так называлі яго партызаны. За кіраўніка партызанскага атрада фашысты давалі 30 тысяч марак, але здраднікаў сярод партызан не знайшлося. Тады акупанты схапілі чацвярых дзяцей Міная ў якасці заложнікаў і расстралялі. Беларускую зямлю справядліва называюць краем быліннай партызанскай славы і воінскай доблесці.

4-ы вядучы. Побач са сваімі бацькамі, дзядамі ваявалі хлопчыкі і дзяўчынкі.
Так, подзвіг братоў Цубаў паўтарыў 12-гадовы хлопчык Ціхан Баран. А хто не ведае подзвіг Марата Казея - юнага разведчыка партызанскай брыгады?
Валянцін Дончык у 12 гадоў стаў партызанам ат¬рада імя С. М. Кірава, у 13 - пайшоў на фронт. Малодшаму сяржанту Валянціну Дончыку было 14 гадоў, калі ён распісаўся на рэйхстагу.
Зінаіда Корж усю вайну была санінструктарам. 3 эскадронам разведкі здзяйсняла яна дзёрзкія рэйды ў тыл праціўніка.
Юныя абаронцы Брэсцкай крэпасці Пётр Клыпа, Пётр Васільеў, Мікалай Новікаў, Уладзімір Козьмін, Сцяпан Аксёнаў у час асады даглядалі цяжкапараненых, набівалі патронамі стужкі станкавых і ручных кулямётаў, выносілі байцоў, якія сцякалі кроўю, замянялі тых, хто не мог трымаць зброю.

5-ы вядучы. На акупіраванай тэрыторыі Беларусі нямецка-фашысцкія захопнікі ўводзілі "новы парадак". Адносіны да беларусаў былі вызначаны ў плане "Ост", згодна з якім прадугледжвалася 75% рускіх, беларусаў, украінцаў фізічна знішчыць, а астатніх ператварыць у рабоў.
На Беларусі было створана больш як 260 лагераў смерці. У кожным раёне дзейнічалі канцлагеры, турмы, гета. У Мінску і яго ваколіцах знаходзілася пяць такіх лагераў. Адзін з іх - Трасцянец. Трэці пасля Асвенціма і Майданака па колькасці знішчаных людзей - 206 500. Людзей палілі, цкавалі сабакамі, закопвалі жывымі ў зямлю, атручвалі газам.

1-ы чытальнік.
Суайчыннік, стань!
Тут знішчалі людзей!
Суайчыннік!
Запомні навек:
Тры гады па сто трыццаць сем у дзень,
I ў гадзіну - па шэсць чалавек.
Гэта значыць, што кожныя дзесяць хвілін
Тут навекі чарнеў небакрай.
Попел сэрцаў нашых ракоча ў зямлі:
Памятай...
Памятай...
Памятай...

1 -ы вядучы. За час акупацыі гітлераўцы правялі ў Беларусі больш як 140 карных экспедыцый, у час якіх цэлыя раёны ператварыліся ў "зоны пустыні".
Словы чытаюцца на фоне мелодыі песні "Хатынь".
Беразнякі, Бор, Боркава, Бярозка... Усяго 619 вёсак. Тужлівая цішыня... Яна ўвабрала ў сябе гул шалёнага агню, надрыўны плач дзяцей і страшэнны крык маці, віскатлівы захлёп аўтаматаў і стогны паміраючых ад куль. I сярод іх - Хатынь.
22 сакавіка 1943 года фашысты спалілі жывымі ўсіх жыхароў гэтай вёскі. У агні загінулі 149 чалавек, у тым ліку 76 дзяцей. Назва Хатынь стала сімвалам трагедыі беларускага народа ў гады вайны.

1-ы чытальнік.
Вы чулі, як у Хатыні
Звоняць каміны?
Кроў у жылах стыне,
Як слухаеш тыя званы.
Кроў у жылах стыне,
Слухаеш і маўчыш,
А наўкола - пустыня,
А наўкола - ціш.
Толькі адны каміны...
Толькі адны званы...
Толькі адны яны...

2-і вядучы.
Званіце званы ў Хатыні,
Зганяйце санлівую стынь!
Хай голас народнай святыні
Кране ўсіх краін далячынь!
Званіце балюча, няспынна,
Званіце ад веку ў век,
Каб з попелу сэрцы нявінных
Пачуў, зразумеў чалавек.

2-і вядучы. Звоняць, звоняць званы Хатыні, горам адгукаюцца ў душах людзей, якія перажылі жудасныя гады акупацыі, і тых, хто нарадзіўся пасля вайны.
3-і вядучы. Дарогі вайны... Колькі іх пройдзена савецкімі воінамі па стэпах і балотах, камяністых перавалах і ўзгорках, лясных масівах і чыстых палях. Удзячнае чалавецтва заўсёды будзе помніць пра стойкасць, мужнасць, самаадданасць савецкіх салдат.
Інсцэніроўка ўрыўка з рамана "Зеніт" Івана Шамякіна.

Дзеючыя асобы:
Павел Шыянок- малодшы лейтэнант.
Ліда Асташка-малодшы сяржант.
Гучыць мелодыя песні "Два полі" (словы Анатоля Вярцінскага, музыка Эдуарда Ханка).

Павел (разважае ўслых). Мы плывём вельмі павольна. За кармой шыпіць і пеніцца вада. А там на носе баржы - зорка. Дзіўная гэта зорка. Яна не плыве, а нібы пераскоквае праз хвалі. Я заснуў, бо нейкае імгненне нічога не бачыў. Але пачуў толькі, што побач са мной хтосьці стаіць. Прачнуўся, але здавалася мне, што сплю і сню сон: побач - Ліда. Я нядаўна думаў пра яе, так хацелася, каб яна прыйшла ў мой сон.
Ліда (падыходзіць). Спі!
Павел. Ліда?
Ліда. Цішэй.
Павел. Табе не спіцца?
Ліда. Давай пастаім і памаўчым. Паглядзі, бачыш тую зорку ў вадзе?
Павел. Бачу. Мы плывём за гэтай зоркай, нібы імкнёмся дагнаць яе...
Ліда. А яна ўцякае ад нас...
Павел. Памятаеш, падышла: "Вы ў Гомелі вучыліся? Шыянок - ваша прозвішча?"
Л і д а. А потым яшчэ аказалася, што мы вучыліся ў адным тэхнікуме.
Павел. Індустрыяльна-педагагічным, я на апошнім курсе, а ты - на першым.
Ліда. Вы, выпускнікі, на нас, першакурсніц, ніякай увагі не звярталі.
Павел. Але ж я адразу пазнаў цябе, Ліда.
Ліда. Ты не баішся, Павел?
Павел. Чаго?
Ліда.Мін.
Павел. Навошта іх ставіць тут, міны?
Ліда. I я не баюся, Паўлік! Ніколі не баялася ні самалётаў, ні бомбаў. А сёння баюся... Загінуць у такі час!.. Ідзе вызваленне родных мясцін, дарагой Беларусі. А можа, ужо мая вёска Грыбавец вызвалена... I мама жывая... I ёй напішуць, калі патонем.
Павел (з папрокам). Ліда!
Л і д а. Не буду. Гэта я так... Не думай, я не баязліўка. Проста паміраць не хочацца. Давай памаўчым.
(Ліда выходзіць.)
П а в е л. А потым... Калі ўжо былі ў Мядзведжа-горску, нечакана з'явілася Ліда. Бачу - бяжыць ад батарэі, расчырванелася.
Ліда. Таварыш малодшы лейтэнант! Старты сяржант Лідзія Асташка прыбыла ў ваша распараджэнне.
Павел. I не паспела яна гэта сказаць, як раптам грымнула... Мяне ўдарыла па галаве. Я, напэўна, страціў прытомнасць. Я ляжаў каля дзвярэй. Пакой быў поўны дыму і пылу. Сцяміў, што здарылася: міна. У дзень пахавання нахмурыла, пачаў ісці дробны дождж. Плакала неба. Плакалі дзяўчаты - і тыя, што знаходзіліся ўвесь час каля труны, і тыя, што праходзілі строем. Кідалі кветкі. А праз колькі дзён прыйшоў ліст ад маці Ліды.
(Голас за сцэнай.)
"Лідачка! Дзіцятка ты мае роднае! Крывіначка ты мая! Ета ж такая радасць у нас, што пісьмо ад цябе прыйшло, Лідачка! Я ж усе тыя тры гады верыла, што ты жывая... I ў сне гаварыла з табой".

3-і чытальнік.
Успомнім усіх пайменна,
Горам успомнім сваім.
Гэта трэба не мёртвым -
Гэта трэба жывым!
Чуцен стук метранома, на сцэну выходзяць 7 вучаніц з запаленымі свечкамі і ўспамінаюць загінуўшых.

Вучаніца 1-я. Драгун Пётр Максімавіч, нарадзіўся ў 1925 годзе, прапаў без вестак.
Вучаніца 2-я. Кісель Васіль Адамавіч, радавы, прапаў без вестак 29.04.1945 года.
Вучаніца 3-я. Шаўлінскі Баляслаў Антонавіч, радавы, загінуў 12.02.1945 года ва Усходняй Прусіі.
Вучаніца 4-я. Гардзейчык Васіль Максімавіч, нарадзіўся ў 1904 годзе, радавы, загінуў 24.04.1945 года ў Берліне.
Вучаніца 5-я. Сакалоўскі Іван Мацвеевіч, нарадзіўся ў 1919 годзе, радавы, памёр ад ран 24.01.1945 года у горадзе Кёнігсбергу.
Вучаніца 6-я. Таўкач Уладзімір Пятровіч, нарадзіўся ў 1909 годзе, загінуў 22.10.1944 года ва Усходняй Прусіі.
Вучаніца 7-я. Ярмолік Іван Ігнатавіч, нарадзіўся ў 1918 годзе, радавы, памёр ад ран 05.06.1945 года ў Германіі.
(Мінута маўчання.)

4-ы вядучы. Жудасная памяць вайны, не сціхае гора, не затуманьваецца слава подзвігу народнага. Жыве сёння і ад пакалення ў пакаленне ідзе ў заўтра эстафета гэтай памяці.
Гучыць вальс. На сцэну выбягае школьніца з розна-каляровымі шарамі ў руках і пачынае кружыцца. За ёй выходзіць ветэран. Ён нейкі час слухае, глядзіць на яе, потым пачынае чытаць.
Грымяць, грымяць святочныя салюты...
I феерверкі зырка рассыпаюцца,
I дзетвара да батарэй збягаецца,
I смех, і крык на кожнай плошчы люднай.
А мне заўсёды страшнавата робіцца,
Як неба засцілае дымам шызым,
I жаласна звіняць у вокнах шыбы,
I нечыя матулі сумна горбяцца.
Дзяўчынка спыняецца, пачынае слухаць, а тады падыходзіць да дзеда з намерам супакоіць яго. Ветэран гладзіць яе па галаве.
I прывіды мінулага ўстаюць.
I б'юць гарматы ў маладосць маю.
Сябры мае, прашу цішэй паліць.
Зямлі яшчэ баліць і мне баліць...

Выступленне ветэрана Вялікай Айчыннай вайны.
Гучыць песня "Жураўлі".


1-ы чытальнік.
Адгулі, адгрымелі гарматы,
Хмары чорныя адплылі,
Прынясіце кветкі салдатам,
Што палеглі на нашай зямлі.
Пакланіцеся нізка-нізка
Тым, хто зведаў агонь і дым,
Чорным помнікам і абеліскам,
Слаўным зорачкам баявым.
Ля салдацкіх магіл памаўчыце.
Кожны з мужных салдат збярог
Цішыню і сонца ў блакіце
I сцяжынку на школьны парог.
Многа год пад сцягам крылатым
Крочыць мір па роднай зямлі.
Прынясіце кветкі салдатам,
Што свабоду для нас здабылі!
2-я чытальніца.
Я не глытала па акопах дыму
I франтавых не ведаю дарог.
Калі я нарадзілася, Радзіма,
Ты святкавала свята перамог.
I не выццё варожых самалётаў,
I не агонь, што пёк тваю зямлю, -
Чаромху помню, як цвіла ля плота,
Як падалі зярняты на раллю.
Цябе, вясняная, я помню ў цвеце,
Люблю з маленства, родная, люблю.
I за таго, каго няма на свеце,
Хто ўсё аддаў за гэтую зямлю.
Мае сябры ў жыцця да скону бралі
Усё, чым навучаем даражыць.
Мы за цябе яшчэ не паміралі,
Мы для цябе, Радзіма, будзем жыць!
3-і чытальнік.
Свяціся кропкай весела і звонка,
Нясі ў прастор свой непамерны груз,
Жыць будзе Беларусь - мая старонка,
Сярод зямлян жыць будзе беларус!

Гучыць мелодыя песні "Радзіма мая дарагая"(словы Алеся Бачылы, музыка Уладзіміра Алоўнікава).



Яшчэ на гэту тэму:

"Жыві і помні..."     Вайна - боль і памяць народа