сцэнарыі святаў на беларускай мове

ЧАРНІКОВІЧ Тамара Уладзіміраўна - мастацкі кіраўнік школьнага тэатра "Свяцёлка" СШ №6 г. Салігорска. Музычнае і тэатральнае мастацтва: праблемы выкладання 2/2005

У Купальскую ноч

Літаратурна-музычная кампазіцыя па творах Янкі Купалы

Дзеючыя асобы:

Янка
Маці
Дух Пушчы

Летуценні:
Вера
Надзея
Любоў
Шчасце

Песня
Маладая жанчына
Жанчына з сынам
Жанчына з дзецьмі
Жанчына з дачкой
Дзяўчынка і хлапчук
1-я дзяўчына
2-я дзяўчына
3-я дзяўчына
4-я дзяўчына
5-я дзяўчына

Лес. Ноч. Гучыць беларуская музыка. Чуецца голас за сцэнай.

Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.
Жыве з ёй дум маіх сям’я
I сніць з ёй сны нязводныя...
Завецца ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю.
Пасля невялікай паўзы без музыкі зноў чуецца голас.

Янку Купалу, вялікаму Песняру зямлі беларускай, прысвячаецца...

На фоне мелодыі “Купалінка” з-за сцэны гучыць урывак з верша Н.Гілевіча “Ах, якая над Гайнай купальская ноч”.
Ах, якая, глядзі ты, купальская ноч,
Самы раз бы шукаць кветку-папараць,
Самы раз уплятаць летуценні ў вянок,
Самы раз белы корань выкапываць...
На сцэну выходзяць дзяўчаты ў беларускіх нацыянальных касцюмах і спяваюць песню “А ў нас сягоння Купалачка". Дзве дзяўчыны садзяцца па баках сцэны. Дзяўчаты водзяць карагод “На Купалле раненька

1-я дзяўчына.
Граюць скрыпкі і цымбалы,
I пайшло ад сяла да сяла:
Нарадзіўся Янка Купала,
Кветка-папараць расцвіла.
2-я дзяўчына.
Рэха чуецца — знічка ўпала,
Пушча ветрана загула:
Нарадзіўся Янка Купала,
Кветка-папараць расцвіла.

Дзяўчаты ідуць са сцэны. Чуецца пошум лесу. На сцэну з залы выходзяць маці і Янка. Садзяцца на краі. Маці туліць юнака да сябе.
Маці (аглядваецца)
Поўнач блізка.
Варушацца блікі.
Совы вухкаюць — не стрываць!
Сцежкі зблытаны — не разблытаць.
Чары ў пушчы — не расчараваць.
Пошум лесу нарастае. Маці ціхенька ўстае і ідзе са сцэны.

Янка.
Цёплым летам на купалле,
Як ноч ляжа без граніцы,
Зводы, чары бліжай, далей
Відны ў пушчы над крыніцай,
Ля калоды, на калодзе —
Ў кожным лесавым куточку —
Кветка-папараць усходзе,
Зацвітае ў гэту ночку.
Хто захоча ў цёмнай гушчы
Пашукаці, паспытаці,
Падпільноўвае дух пушчы —
I не дасць нічога ўзяці.
Дух пушчы.
Кінь шукаць, спраўляць скавыты,
Не чапай маіх харомаў!
Я—дух пушчы, дух сярдзіты,
Не спушчу нідзе нікому!
Кветкі пільна я пільную,
На замкоў замкнёна сорак,
А дарожку даў такую:
Людскіх костачак узгорак.
Не пачуеш нашай рады,
Будзе тое і з табою!
За цвяточак для прынады
Ты заплаціш галавою!..
Пушча знае, што бароне,
Што ёй дадзена на сховы,
Крыжам ляжа на загоне,
А не дасць надзець аковы.
Адчапіся, адхрысціся!
Доляй-казкай счараваны,
Ты яшчэ не дарасціўся
Цвет пасцігнуці жаданы.
Янка (спалохана).
Не трашчыце, не шасціце,
Сухалесы, пустацветы!
Дайце кветку, дайце жыці,
Не чаруйце у сусветы!
Мох, чарнобель, расхініся!
Кветка, кветка, выглянь смела!
Чорнай кроўю ўвесь абліўся,
Сухажылле зводзіць цела...
Стой! Здаецца, вунь зірнула,
Як бы зорка, як бы сонца...
Ах, не тое! Адвярнула!..
— Гэта шышка на сасонцы.

Гучыць пяшчотная мелодыя. 3 ’яўляюцца летуценні: Вера — у блакітным лёгкім адзенні, Надзея — у зялёным, Любоў — у ружовым, Шчасце — у жоўтым. Яны павольна кружацца ў карагодзе.

Янка (са здзіўленнем). Хто вы?
Летуценні. Мы — твае летуценні. (Прадстаўляюцца разам.)
Я — Вера. Я — Надзея. Я — Любоў. Я — Шчасце.
Янка.
Растлумачце, Што са мной, не разумею.
Словы рвуцца із грудзей,
Думак шмат, палае сэрца,
Рвецца нешта ўсё мацней.
Летуценні (кружацца, смяюцца). Гэта ліра, ліра, ліра, ліра...
Вера (падыходзіць да Янкі).
Гэта дар твой, ён ад Бога.
Ліра рвецца із грудзей...
Надзея.
Ты — пясняр, твая дарога
Кветку-папараць знайсці.
Любоў.
Ты — званар, і твая доля
Песні аб жыцці складаць.
Шчасце.
Твая ліра дапаможа
Кветку шчасця адшукаць.
Летуценні (усе разам). Мы чуем, чуем, чуем... Твая ліра, твая ліра гучыць... (Падбягаюць да Янкі.) Ты чуеш?
Янка. Не.
Шчасце. Вось паслухай, якая яна, твая ліра!

На фоне музыкі чытае верш “На Купалле”.

Надзея. Спадабалася? Слухай яшчэ!

На фоне музыкі чытае верш “Летняя раса”.

Вера. I я чую нешта вельмі прыгожае! Паслухай!

На фоне музыкі чытае верш “Жняя”.

Любоў. А я чую нешта пяшчотнае... Слухайце...

На фоне музыкі чытае верш Гімн сонцу”.

Янка (са здзіўленнем).

Я таксама чую!
Як крыніца, льецца, рвецца
3 сэрца песня ў сусветы,
Мая песня, дзе ты, дзе ты?
(Азіраецца па баках )
Гучыць музыка. На сцэну выходзіць Песня, апранутая ў беларускае нацыянальнае адзенне, на галаве — вяночак, у руках — ліра.


Янка. Скажы мне, Песня, якім павінен быць пясняр?
Песня.
Пытаеш ты, якім быць трэба
Зямлі забытай песняру?
Як у шуканні вечным хлеба
Знайсці яснейшую пару?
Шчаслівы ты ці нешчаслівы,
Будзі сыноў сваёй зямлі.
Над беларускай соннай нівай
Нязгасны светач распалі!
Ты песнямі сваімі праславіш родны край!
Паслухай, ліра рвецца, асмелься, пачынай!
Янка.
Песня мая не ўзышла сярод кветак,
Кветак цвітучага вечна паўдня...
Поўначы сумнай забыты палетак
Даў ёй жыццё пасярод палыння.
Пушча і ночка яе гадавалі,
Нянчылі казкамі долі нямой;
Дождж і расіца вясною купалі,
Снежныя буры тулілі зімой...
Песні маёй не патрэбны святліцы
Ў княжацкіх хорамах слухаць музык,
Коціцца-ўецца свабоднай крыніцай
К сонцу і зорам, прастор дзе вялік...
3 небам і ніваю ў дружбу заходзе,
Слухае бору адвечнай жальбы,
Водклікі лове ў бурлівым разводдзі,
Ў зорках шукае жыцця варажбы....
Песня мая не шукае чырвонцаў —
Будучнасць гэткіх не знойдзе ў ёй плям,—
Жыць толькі хоча ў радзімай старонцы,
Пеці па сэрцу ўсім добрым людзям.
Песня.
Лунай жа, саколе,
У гэтых міражах,
Пакуль цябе доля
К зямлі не прывяжа.
Янка. Хай рассудзіць, хай разважыць,
Слова цвёрдае хай скажа,
Скажа сам народ! (Кліча.)
Гэй! Аддаці ўсё на суд, на ўсенародны сход
Ідзі, аграблены, закованы народ!

Гучаць званы, на сцэне з ’яўляюцца людзі ў шэрым даматканым адзенні.
Янка.
Хай званы зазвоняць звонка,
Хай музыка ў струны ўдарыць!
Гэй, паўстань, народ!
За сябе сам пастаяці
I за Бацькаўшыну-маці
Ідзі, народ, на сход!

Людзі рассаджваюцца на сцэне.
Янка (падыходзячы то да аднаго, то да другога).
Зноў я з вамі, са сваімі,
Мілыя сяляне!
Будзем разам спатыкаці
Ночку і світанне!
Хай нясецца жальба
Туды, на прыволле,
Пра людскую крыўду,
Пра цяжкую долю.
Гучыць песня “Ой, ты лозанька“. Чытаюць вершы Янкі Купалы: Маладая жанчына — “Крыжы”, жанчына з дачкой — “Чатыры крыжы ”, жанчына з дзецьмі — урыўкі з вершаў “Сын і маці”, “На жыццёвай пуцявіне ”,
Гучыць песня “Ляцеў голуб". Чытаюць вершы Янкі Купалы: Жанчына з сынам — “Над калыскай”, дзяўчынка і хлапчук — “Хто ты гэткі?”, 1-я дзяўчына — “Песня”, 2-я дзяўчына — “Снілася дзяўчыне... ”.


Янка.
Гулка стогнуць рэчкі,
Ўзбураны вясною.
Плачуць мае песні,
Галосяць са мною.

3-я, 4-я і 5-я дзяўчыны чытаюць верш Янкі Купалы “Не судзіла доля”.

Янка.
Годзе кіснуць, марнець,
Песні смутныя пець.
Ладзіць новую час гаспадарку
Падымайся з нізін сакаліна сям’я,
Над крыжамі бацькоў, над нягодамі;
Занімай, Беларусь маладая мая,
Свой пачэсны пасад між народамі!..

Людзі падымаюць галовы, слухаюць.
Хлапчук чытае верш Янкі Купалы “А хто там ідзе?”.
Калі гучыць верш, людзі адказваць на пытанне “А хто там ідзе?”; спачатку ціха, потым больш гучна, колькасць галасоў павялічваецца, у канцы адказваюць усе. На сцэну з двух бакоў выходзіць хор. Гучыць песня “Спадчына”(муз. І.Лучанка).

Яшчэ на гэту тэму:

Як шукалі ўлетку чароўную кветку     А на купалу рана сонца іграла