сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ж. Р. КАРОТКІНА, Г. В. СІНІЦА, настаўніцы Тумілавіцкай СШ. Докшыцкі р-н. Пачатковая школа 4-2000

Зямля пад белымі крыламі

Сцэнарый ранішніка

Настаўнік. Узняўшы белыя ветразі крылаў, ляціць буслы. Іх многа і многа тысяч. I таму зямлю нашу, Беларусь, можна назваць зямлёй пад белымі крыламі. (Паводле У. Караткевіча.)
1-ы вучань.
Бусел, бусел, клёка-клёка,
Дзе ты жыў?
Бусел.
Я жыў далёка:
За гарамі, за лясамі,
Там, дзе Ніл, на поўдні самым.
1-ы вучань.
Што за Ніл?
Бусел.
Рака такая,
Быццам мора, гаманкая.
А ў тым Ніле, хлопча мілы,
Ёсць страшыдлы — кракадзілы.
1-ы вучань.
Як жа ты там, буслу, жыў?
Бусел.
Я не жыў, усё тужыў.
Дзе бы ні быў, дзе б ні лятаў,
Родны край успамінаў.
(А. Дзеружынскі.)

2-і вучань.
Зямля Беларусі! Бары і дубровы,
Жытнёвае поле, шаўковы мурог,
У промнях рабіны заход вечаровы,
Што клёкат буслоў — ручаёў перамовы
I ў шумных прысадах істужкі дарог.
(П. Броўка.)

3-і вучань.
Слаўлю я свой край любімы,
Незгасальную зару.
Як ты сэрцу майму міла,
Дарагая Беларусь!
Залацістыя прасторы,
Незлічона ясных зор,
Рэкі ціхія, азёры,
Галасісты шумны бор!
Ты нас ласкай атуліла,
I у шчасці гавару:
Як ты сэрцу майму міла,'
Дарагая Беларусь!
(П. Броўка.)

Выконваецца песня “Люблю мой край”. (Сл. К. Буйло, муз. народная.)

4-ы вучань.
Усяму вядомы свету
Наш руплівы край здавён.
Тут на сонечных палетках
Спеюць бульба, жыта, лён...
(М. Пазнякоў.)

5-ы вучань.
3 бульбы добрай нашай
Робяць клёцкі, кашу.
Бульбу вараць,
Бульбу смажаць,
Бульба наша — любата.
3 беларускай бульбы
Стравы — смаката.
(А. Дзеружынскі.)

Выконваецца песня-танец “Бульба”.

Бабуля Гануля. А зараз паслухайце верш Заблытунчыка “Беларускі лянок” і выпраўце памылкі..
Багата ільном Беларусі зямля,
Яснюткім, бы вока дзяўчыны.
Лянок ружавее на нашых палях
I славу прыносіць Айчыне.
А што ж вырабляем з ільну мы здавён?
Фіранкі і світкі (усё гэта лён),
Куфэркі, збаны, гладышы,
1 міску, і лыжку з яго я зраблю,
Падлогу ільном падмяту,
Абрусаў, сурвэтак квяцістых натку
І новыя лапці спляту.
Таленавіты ў нас народ,
Ды і на выдумку багаты:
3 ільном вам зробіць бутэрброд,
3 ільну вам пабудуе хату...

Вучні выпраўляюць памылкі ў вершы і выконваюць народную песню “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”.

Настаўнік. У нас выпускаюць БелАЗы, трактары “Беларусь”, матацыклы, веласіпеды, халадзільнікі, радыёпрыёмнікі, гадзіннікі. Беларусь славіцца сваімі тканінамі, трыкатажнымі вырабамі, абуткам. А колькі тавараў вырабляецца з драўніны! Лес займае трэцюю частку тэрыторыі Беларусі.
Бабуля Гануля. Я хачу даведацца, ці ведаеце вы расліны лесу.

Гульня “Пазнай дрэва”. Бабуля Гануля паказвае лісточкі дрэў, а вучні называюць дрэвы.

Бабуля Гануля. Малайцы дзеткі! Мае ўнукі Васілёк і Васілінка таксама вельмі любяць бываць у лесе. Яны хочуць вам расказаць аб ім.
Васілёк.
Люблю я лес, адвечны бор,
Дзе ўзносяць хвоі ўгору шапкі,
Дзе рассцілаюць елкі лапкі
I востры верх мкнуць у прастор.
Васілінка.
I дуб-крапак, і куст малы
Стаяць у мудрым задуменні,
А сосны сочаць і струменяць
Густы, духмяны пах смалы.
Васілёк.
А як прыгожы ў час вясны
Бярозак першыя уборы,
Калі яны на касагорах
У сонцы мараць свае сны!
Васілінка.
Сваю красу нясуць імхі,
Дзе многа рознай дробнай твары,
Дзе мурашы пасуць атары
Зялёнай тлі, як пастухі.
Васілёк.
Хіба ж не міл і час такі
На схіле лецейка, пад восень,
Калі на верасах між сосен
Пачнуць расці баравікі?
(Я. Колас.)

Вучні выконваюць інсцэніроўку казкі У. Мацвеенкі “Арэшак”.

Раз, два, тры, чатыры, пяць,
Выйшлі зайцы пагуляць.
Раптам меншы лапкі ўверх:
— Стойце, я знайшоў арэх!..
Пачалі маракаваць,
Як яго пакаштаваць.
Б’юць арэх, трасуць, таўкуць,
Але рады не дадуць.
Бачаць, Вожык праз дарогу
Тупаціць на дапамогу,
Над арэхам запыхцеў —
Пракалоць яго хацеў.
Торкае іголкі, пнецца,
Ды арэх не паддаецца.
Ад ракі прыбег Бабёр:
— Эх, шкада!
— Я зубы сцёр.
Паспрабую, так і быць,
Ваш лузан хвастом разбіць.
Лупаціць — зямля трасецца,
Ды арэх не паддаецца!
Шум пачуў стары Барсук —
Валачэ альховы сук,
Каб арэшак тым суком
Раздушыць, як рычагом.
Дзівіцца: шкарлупка гнецца,
Ды арэх не паддаецца.
Зайцы клікнулі Янота:
— Гэй, суседзе, ёсць работа!
Іх не слухае Янот:
— У самога спраў на год...
Моху пад сябе нагроб,
Паваліўся і захроп.
Тут як тут, глядзяць, Сарока.
— Ой, — рагоча белабока, —
Я не бачыла за век
Разам гэтулькі няўмек!
Хто ж так робіць?
Смех і грэх!
Дайце мне хутчэй арэх!..
На вачах звяркоў Сарока
Паднялася да аблокаў —
I арэх, нібы ў мішэнь,
Трапна кінула на пень.
Пень дубовы разламаўся,
Ды арэшак не паддаўся.
Вось задача: што рабіць?
Як арэх-лузан разбіць?
Спахапілася Сарока:
- Тут Вавёрка недалёка.
Пра бяду раскажам, можа,
Хоць яна нам дапаможа...
I Вавёрачка без слоў
Прыскакала да сяброў.
Часу марна не губляла,
На зубок арэх паклала,
Цісканула моцна: к-р-рэх!
I... раструшчыўся арэх.

Настаўнік. На нашай зямлі больш за дваццаць тысяч вялікіх і малых рэк і азёр. Яны нас кормяць, пояць і ратуюць ад засухі.
6-ы вучань.
Зямля Беларусі! Вачамі азёраў
Глядзіш ты ў празрыстыя высі нябес,
Начамі, што яблыкі, падаюць зоры,
Знікаюць на водах, на чорных разорах,
На травах, абсыпаных кроплямі рос.
(П. Броўка.)

7-ы вучань.
На Браслаўшчыне азёры
Сінія, як неба ўранні,
Што ў аправе ў гонкім лесе.
Па начах злятаюць зоры,
Мыюць твары да світання
I знікаюць ў паднябессі...
(П. Броўка.)

8-ы вучань.
Возера Нарач, прасторнае, чыстае!
Ты, як паветра, такое празрыстае:
Ціхай пагодаю свеціцца дно, —
Ты на планеце такое адно.
Дзіўнае дзіва на сушы!
Пэўна, у чыстай вадзе
Адлюстраваліся душы
Добразычлівых людзей.
(В. Жуковіч.)

9-ы вучань.
Былога быліны, старога паданні
Плывуць, як аблітыя сонцам чаўны,
Па краі зялёным, прасторах бяскрайніх
Ад Нёмна да Сожа, ад Буга да Гайны,
Па хвалях Дняпра і шырокай Дзвіны.
(П. Броўка.)

“Песня пра Нёман” (Сл. А. Астрэйкі, муз. Н. Сакалоўскага.)

Бусел. А ці ведаеце вы, дзеці, маіх сяброў — птушак. якія жывуць У Беларусі? Адгадайце загадкі.
Тут лапоча, там стракоча,
Ўсе навіны ведаць хоча.
Гэта птушка белабока —
Балбатлівая... (сарока).

Загарэліся сумёты,
I вярба гарыць ля плота!
Кот на печы не ляжыць —
Як мага хутчэй бяжыць.
Ведае хітрун стары —
Прыляцелі... (снегіры).

Шустранькі,
Маленькі,
Сам у шэрай світцы,
Шукае канапелькі,
Каб трохі пажывіцца.
(Верабей.)

Хапаткія ў мяне крылы,
Хвосцік востры, нібы вілы,
3 гліны я гняздо ляплю,
Мошак на ляту лаўлю.
(Ластаўка.)

Дом без печы, без акон,
Толькі дзверы на балкон,
Дом на дрэве... Угары.
Весяляцца жыхары.
Прыход вясны заўжды вітаюць
І песні голасна спяваюць.
(Шпакі.)

А зараз давайце пагуляем у гульню, якая называецца “Птушкі адлятаюць”.

Дзеці разбіваюцца на тры групы: шпакі, ластаўкі і верабейкі. Бусел выходзіць на сярэдзіну.

Бусел.
Над зямелькай крылы
Разгарніце шырай,
Час вам, птушкі мілыя,
Адлятаць у вырай.

Падыходзіць да ластавак. Пытае, ці гатовы яны ляцець у цёплыя краіны. Частуе цукеркамі, пячэннем, жадае шчаслівай дарогі. Ластаўкі ўзмахваюць крыламі — шух, шух — паляцелі.
Бусел падыходзіць да шпакоў. Пытае, куды яны ляцяць у вырай. Таксама частуе іх. Шпакі ўзмахваюць крыламі — паляцелі. Бусел падыходзіць да верабейкаў. Тыя хорам прамаўляюць:


Хопіць у зімы
Ласкі і зярнятак,
Застаёмся мы
Каля родных хатак.

Бусел частуе верабейкаў. Потым кажа: “Пайду і я збірацца ў дарогу. Ляцець далёка, аж у Афрыку. Бывайце!".

Настаўнік. Дарагія дзеці! Наша свята заканчваецца. Сёння мы яшчэ раз пераканаліся, які цудоўны наш край. Край гаманлівых рэк і блакітных азёр, зялёных лясоў і бяскрайніх палёў, край мужных і працавігых людзей. I каб з кожным днём прыгажэла наша Беларусь, нам трэба шанаваць родную прыроду. Нельга ламаць дарэмна сучкі дрэў, распальваць кастры ў лесе, забруджваць яго. Помніце, што ахоўваць прыроду — значыць ахоўваць сваю Радзіму. Любіце сваю зямлю, бо другой нам не дадзена.

Гучыць песня “Дарагая Беларусь”. (Сл. А. Дзеружынскага, муз. У. Галя.) Я спяваю, ты спявай,

Я люблю свой родны край,
Край азёраў і крыніц,
Поўны цудаў, таямніц.
Нівы, звонкія лясы,
Пахнуць мёдам верасы.
Баравік сядзіць, мацак —
Не паднімеш аніяк.
А над рэчкаю ў бары
Ладзяць хату два бабры,
I гняздзечка пліска ўе —
Будуць дзетачкі ў яе.
Я спяваю, ты спявай,
Я люблю свой родны край
I ад сэрца гавару:
“Дарагая Беларусь”.


Яшчэ на гэту тэму:

Сем цудаў беларусі     Мой родны кут, мая зямля...