сцэнарыі святаў на беларускай мове

Г. I. КІСЕЛЬ, настаўніца вышэйшай катэгорыі Даматканавіцкай сярэдняй школы Клецкага раёна. Буларуская мова і літаратура 2/2017

Усё лепшае на свеце ад маці

Літаратурна-музычная кампазіцыя для вучняў V—VIII класаў


Задачы: паказаць значнасць і вялікасць вобраза жанчыны-маці ў творах літаратуры і мастацтва; развіваць навыкі выразнага чытання і творчыя здольнасці дзяцей; вучыць беражліва, з павагай ставіцца да бацькоў, у прыватнасці да маці; стварыць святочны настрой.
Абсталяванне: эпіграфы да мерапрыемства, мультымедыйная прэзентацыя, фотавыстава «Зазірні ў сямейны альбом», віншавальныя паштоўкі, граматы-падзякі, газета, прысвечаная мамам і бабулям з віншавальным тэкстам, сачыненні пра маці, упрыгожаная кветкамі і шарамі зала, дэкарацыі, стэнд з фотаздымкамі матуль, рэпрадукцыі іканапісных твораў — «Пакроўскай Божай маці» і «Жыровіцкай Божай маці».
Музычнае суправаджэнне: музыка Вівальдзі, аўдыязапісы песень.

Ход мерапрыемства

Гучыць музыка Вівальдзі.
Настаўнік. На свеце ёсць словы, якія мы называем святымі. I адно з такіх святых, цёплых, ласкавых слоў — гэта МАМА. «Мама» — першае слова, якое з любоўю і ўсмешкай вымаўляе дзіця! Мама — гэта слова, якое часцей за ўсё паўтарае чалавек у дзень радасці ці гора, яно — самае пяшчотнае і самае шматграннае. I колькі б нам ні было гадоў, пяць ці пяцьдзясят, нам заўсёды патрэбна мама, яе пяшчота, дабрыня, клопат і яе парада. Мы віншуем усіх жанчын, якім выпаў такі шчаслівы і нялёгкі лёс — быць Маці. А ўсіх астатніх віншуем з тым, што выпала вялікае шчасце — быць дзецьмі, нарадзіцца на гэтай зямлі і ведаць ласкавыя рукі матуль. У нашай краіне 14 кастрычніка адзначаецца Дзень маці. Менавіта гэтаму святу і прысвячаецца літаратурна-музычная кампазіцыя «Усё лепшае на свеце ад маці».
Першы вядучы (голас за кадрам).
Не знаю,
Ці ёсць жыццё
На нейкіх зорках.
Я знаў толькі адну зорку —
Пяцікрылую далонь маці,
На якой выраслі
Мы, наш хлеб, нашы песні.
Святло якой Вечна струменіць.
Максім Танк.
Гучыць «Песня пра маці» (сл. Г. Бураўкіна, муз. I. Лучанка) на фоне мультымедыйнай прэзентацыі «А завуць твайго анёла МАМА». Затым вучні дораць кветкі жанчынам. Выходзяць вядучыя. Чытанне слоў пад лёгкую мелодыю. Першы вядучы. Маці — гэта дом, адкуль мы выйшлі. Маці — гэта цяпло і спакой.
Другі вядучы. Маці — найлепшае і найцудоўнейшае на свеце.
Першы вядучы. Паводле народнай мудрасці, бацька фарміруе розум, а маці лашчыць душу. I гэта сапраўды так. Мужчына імкнецца прадоўжыць сябе ў справах сваіх рук і розуму, у імені і прозвішчы дзіцяці, а жанчына дае жыццё новаму чалавеку, вучыць адрозніваць дабро і зло. Ад маці мы атрымліваем свае першыя ўрокі.
Другі вядучы. Дзень 14 кастрычніка па прыкладзе многіх краін свету ў 1996 годзе ўзведзены ў Беларусі ў ранг асаблівых.
Першы вядучы. Дзень маці супадае з вялікім народным святам Пакроваў. Паводле тлумачэнняў праваслаўнай царквы, Пакровы — пакрывала Божай маці, якое засланяла і абараняла людзей ад бяды (дэманструюцца іканапісныя творы ).
Другі вядучы. Так і нашы мамы гатовы абараняць нас ад любога няшчасця.
Першы і другі чытальнікі выконваюць верш Яўгена Крупенькі «Мама».
Першы чытальнік.
Так, як маці, на свеце ніхто не ўмее
За дзяцей хвалявацца і перажываць.
Так, як маці, ніхто не ўмее на свеце
Немаўлят сваіх песціць, калыханку спяваць
. Другі чытальнік.
Так, як маці, ніхто цябе не разумее,
Яна словам суцешыць заўсёды ў бядзе.
Ад матуліных слоў цэлы свет харашэе,
Не, ніхто не заменіць, матуля, цябе...
Гучыць песня на фоне мультымедыйнай прэзентацыі малюнкаў, прысвечаных матулям.
Трэці чытальнік (за сталом на зацемненай сцэне ўключае свяцільнік).
Вам маці песень не спявала?
Вы не сядзелі ля акна,
Пакуль на захадзе памалу
Гусцела чырвань, а яна —
Такая блізкая, як сёння, —
Цішком выводзіла матыў,
Які сплятаўся з познім промнем
I па-над вамі ў змроку плыў.
Вы не былі зачараваны
Чысцюткім голасам яе?
...Не заўважаю, ноч ці ранак —
бо мама ў памяці пяе.
Галіна Каржанеўская.
Гучыць песня «Мілая мама» (сл. I. Лашкова, муз. А. Аверкіна) на фоне відэапрэзентацыі «Мілая мама».
Першы вядучы. Мама... Матуля... Маці! Як узнёсла гучаць гэтыя словы! Ніхто так, як маці, не шкадуе і не хвалюецца за цябе. Ніхто так, як яна, не ўмее чакаць, не можа прыгарнуць, пацалаваць, прыйсці на дапамогу. I ніхто так не радуецца нават самым нязначным тваім поспехам і ўдачам, як мама.
Другі вядучы. Мама... Матуля... Маці! Самыя Дарагія на свеце словы. А які невычэрпны сэнс гэтага адзінага слова — МАМА. Яно — ласкавае, пяшчотнае, са шчымлівым болем і ціхай радасцю гучыць на ўсіх мовах свету.
Тры чытальнікі выконваюць верш Сяргея Грахоўскага «Усё ад маці».
Чацвёрты чытальнік.
Усё, што маю,
Усё ад маці —
Усмешка,
Першы боль да слёз,
I асцярожны крок
Па хаце,
I мой круты,
Няроўны лёс.
Пяты чытальнік.
Ад маці —
Першыя барозны
На гэтай любае зямлі,
I вочы ясныя,
Як вёсны,
I на далонях мазалі.
Шосты чытальнік.
Ад маці
Ўся мая навука,
А ўсё астатняе —
Пасля.
Ад маці —
Радасці і мука,
А маці — родная зямля.
Першы вядучы. Мама сагравае нас сваім сэрцам. Яна адкрывае для нас дзівосны свет таямніц.
Другі вядучы. Мама падарыла нам шчаслівую планету дзяцінства.
Гучыць песня «Усе мы родам з дзяцінства» (сл. В. Шніпа, муз. 3. Яўтуховіча) на фоне мультымедыйнай прэзентацыі «Наша шчаслівае дзяцінства».
Першы вядучы (выконвае ўрывак з верша Міколы Хведаровіча «Дарагое імя» ).
Свеціць, як сонца, ад самай калыскі
Вобраз любімы, родны і блізкі.
Маміна імя самае лепшае.
Маміна слова найдаражэйшае.
Другі вядучы (выконвае ўрывак з верша Эдзі Агняцвет «Слова пра маці» ).
Раней за ўсіх яна ўстае,
Пазней за ўсіх кладзецца.
Яна жыве, яна пяе, —
I дзецям лепш пяецца.
......................
Ты не шкадуй ласкавых слоў
Для роднай, для адзінай.
Адказвай маці на любоў —
Будзь верным, добрым сынам!
На сцэну запрашаюцца і выходзяць два хлопчыкі і дзве матулі. У руках дзяцей кветкі. Жанчыны садзяцца ў крэслы. Хлопчыкі гавораць кампліменты, сваім матулям (ласкавыя словы), дораць кветкі.
Першы вядучы. А цяпер паслухаем, што пішуць нашы вучні пра сваіх матуль. Гучаць урыўкі з сачыненняў пра матулю.
Першы вучань. «Я сваю маму вельмі люблю. Яна прыгожая, добрая, клапатлівая, вясёлая, смачна рыхтуе абед. А яшчэ яна сапраўдны сябар».
Другі вучань. «Для мяне мама — гэта найдаражэйшы скарб, які толькі можа быць у чалавека. Бо колькі цяжкасцей, нягод, пакут ёй трэба вынесці, каб мы, дзеці, сталі сапраўднымі людзьмі. Колькі слёз яна пралье дзеля нашага шчасця».
Трэці вучань. «Я вельмі люблю сваю матулю і стараюся ніколі яе не крыўдзіць, Хачу пажадаць, каб у матчыных вачах было больш іскрынак смеху і шчасця, каб яна заўсёды была здаровай, бо матуля ў нас адзіная на ўсё жыццё і мы для яе назаўсёды застанёмся дзецьмі».
Чацвёрты вучань. «Мама... Хто, як не яна, клапоціцца пра нас? Яна заўсёды дасць добрыя парады, у цяжкую хвіліну абдыме — і на сэрцы стане лягчэй. Маму трэба берагчы і прыносіць не гора, а радасць і кветкі».
Пяты вучань. «МАМА! Гэтае слова я пішу вялікімі літарамі, таму што яна заўсёды застанецца ў маім сэрцы, думках. Яе светлы і прыгожы вобраз з самага нараджэння жыве і будзе жыць у маёй душы».
Гучыць песня «Светлая зараначка» (сл. Л. Пранчака, муз. 3. Яўтуховіча).
Настаўнік. Пасля такой цудоўнай песні мне хочацца, каб вы паслухалі адну даўнюю і вельмі павучальную гісторыю.
Сёмы чытальнік. Аднаго дня ў бухту ўвайшоў прыгожы карабель пад пунсовымі ветразямі. На гэтым караблі ўсе рэчы зіхацелі золатам. Якарныя ланцугі і нават самі якары былі залатымі. Людзі яшчэ ніколі не бачылі такога карабля. Усе жыхары гэтага мястэчка, ад малога да вялікага, выйшлі на бераг мора. I раптам нечакана для ўсіх з мосціка карабля прагучала каманда:
— Знесці гэты горад з твару зямлі і не пакінуць тут ніводнай душы!
Грымнулі карабельныя гарматы, і білі яны датуль, пакуль усе хаты не зраўнаваліся з зямлёй і не стала чуваць чалавечага голасу. Тады карабель прычаліў да берага, і сівы адмірал павесіў на шыю капітана вялікі дыяментавы крыж.
Восьмы чытальнік. А тым часам з-пад развалін хаты выйшла згорбленая жанчына і стала караскацца па трапе на карабель, насустрач капітану з адміралам, якія збіраліся сыходзіць на бераг.
— Куды цябе нясе, старая чарапаха? — загарлапанілі на яе матросы.
— Я жадаю спытаць у капітана, ці ёсць у яго маці, — адказала старая жанчына.
Капітан, пазнаўшы ў старой сваю маці, спачатку збянтэжыўся, а потым, калі прыйшоў у сябе, закрычаў на матросаў:
— Хто вам дазволіў падпускаць да карабля ўсякіх старых? Няма ў мяне ніякай маці!
— А калі ў цябе няма маці, — сказала жанчына, — значыць, няма ў цябе радзімы, а калі няма радзімы, тады не месца табе не толькі на зямлі, але і на моры.
Заблукалым людзям — лёс вандроўных хмар.
Толькі яна паспела прамовіць гэта, як карабель стаў падымацца да неба і ператварацца ў хмару.
— Мама, мама! — закрычаў капітан, але ўжо было позна.
Вецер падхапіў хмару і панёс кудысьці.
Дзявяты чытальнік. 3 тых часоў гэта хмара блукае па свеце. Іншыя хмары хоць дажджом ападаюць на зямлю, а гэта мітусіцца ад аднаго краю неба да другога з апушчанымі якарамі, дарэмна спадзеючыся ўчапіцца хоць за што-небудзь на зямлі.
Можна сваю мару ўвасобіць у рэальнасць, можна стаць капітанам карабля. Але бацька быў капітанам «Добрай надзеі», загінуў, абараняючы горад ад піратаў. Сын — капітан залатога карабля — стаў піратам: за грошы, золата, за «дыяментавы крыж» аддае каманду разбурыць горад, які абараняў калісьці яго бацька, у якім жыве забытая ім маці, якая выгадавала і выхавала гэтага высокага, «адважнага», «прыгожага» капітана.
Настаўнік. Калі ласка, задумайцеся над каштоўнасцямі жыцця, зрабіце высновы. Галоўнае ў жыцці — гэта ведаць, што ты, твая праца камусьці патрэбны, што матуля будзе чакаць цябе заўсёды. Ніколі нельга забываць маці і родную зямлю, каб не паўтарыць лёс вандроўных непрыкаяных хмар.
Няхай пасівеюць сыны і дочкі — для маці яны заўсёды ўлюбёныя, мілыя сэрцу дзеці, самыя лепшыя і дарагія, яны — матчын гонар, матчына шчасце.
Дзясяты чытальнік (выконвае верш Лёлі Багдановіч «Матуля» ).
Матухна-маці
Родная, мілая,
Ты — маё шчасце,
Ты — мае крылы.

Ты — мая песня,
Ты — мае вочы,
Птушачка весняя,
Зорачка ўночы.

Ты — мой дарадчык,
I мой збавіцель,
Згода ў хаце,
Кветачка ў жыце.

Ты дапаможаш
I пашкадуеш.
Вылечыць зможаш,
Боль мой адчуеш.

Ты назаўсёды
Будзеш са мною
Леташняй згодай,
Думкай і мрояй.

Я — твой нашчадак,
Сэрца пяшчота.
Свет далягляду,
Роспач і цнота...
Гучыць песня «Хатка па-над рэчкаю» (сл. А. Папярэчнага, муз. У. Мігулі).
Адзінаццаты чытальнік (выконвае верш Ніла Гілевіча «Мама»).
Мая мама добрая такая,
Мая мама проста залатая!
А ўжо так мяне матулька любіць!
Кожны раз і песціць, і галубіць,
I да сэрца горне, і мілуе,
I так шчыра-моцна пацалуе,
I прамовіць ласкавае слоўца,
I сама засвеціцца — як сонца!
Дванаццаты чытальнік.
Цалуйце рукі любыя матуль,
Прапахлыя калоссямі і сонцам.
3 душою, прачуленай да донца,
Цалуйце рукі любыя матуль.
Не забывайце, што для іх бясконца
Цяжэе вечных клопатаў хатуль.
Цалуйце рукі любыя матуль,
Прапахлыя калоссямі і сонцам.
Міхась Пазнякоў.
Трынаццаты чытальнік.
Сцежкі маленства, сцежкі маленства!..
Часцей бы да вас нам усім прычашчацца,
Ад бруду ўсялякага ачышчацца.
Лячыцца вашых крыніц чысцінёю
Ды матчынаю слязою святою.
Кастусь Цвірка.
Першы вядучы. Нізкі паклон вам, матулі! Мір і спакой вашаму дому!
Гучыць песня «Трэба дома бываць часцей» (сл. Р. Барадуліна, муз. I. Лучанка).
Другі вядучы. Дарагія нашы матулі, мы ганарымся вамі і вельмі вас любім. I, паверце, хочам прыносіць радасць вам кожны дзень, а ў доказ сказанага мы прадстаўляем слова дырэктару нашай школы (уручае пісьмы-падзякі бацькам).
Настаўнік. Вось і закончылася наша свята. I напрыканцы хочацца нагадаць яшчэ раз пра тое, што на свеце няма больш блізкага і роднага чалавека, чым мама. Ведайце, што якімі дарослымі, разумнымі і прыгожымі вы не сталі б, як бы далёка жыццё не адвяло вас ад бацькоўскага парога, мама заўсёды застанецца для вас мамай, а вы яе дзецьмі, нават тады, калі людзі ўжо будуць называць вас па-бацьку. Таму шчыра любіце, беражыце маму, старайцеся не рабіць ёй балюча ні словам, ні пэўным учынкам. Памятайце: яна ў вас адна — Богам пасланая, і ніхто, ні адзін чалавек у свеце, не зможа замяніць яе ласкі, цеплыні і любові, а з цягам часу вашай маме патрэбна будзе больш увагі і клопатаў.
Чатырнаццаты чытальнік.
Самыя добрыя вочы — матчыны.
Самыя дбайныя рукі — матчыны.
Самае чуйнае сэрца — матчына.
Самая шчырая песня — матчына.
Самая светлая радасць — матчына.
Самая ціхая крыўда — матчына.
Самая цяжкая стома — матчына.
Самая вострая скруха — матчына.
Самыя горкія слёзы — матчыны.
Самы пакутлівы час — без яе...
Міхась Пазнякоў.
Настаўнік. А цяпер я папрашу ўсіх узняцца са сваіх месцаў (запальвае свечкі ў сподачку). Вучні нашага класа будуць даваць клятву (гучаць словы малітвы, дзеці стаяць насупраць матуль).
Я цябе, дарагая,
Усім сэрцам люблю!
Будзь на свеце
Шчасліваю самай.
I сардэчна прашу,
I сардэчна малю:
«О Анёл,
Зберажы маю маці!»
Настаўнік. Дзякую ўсім за ўдзел у свяце.
Дарагія мамы, паважаныя жанчыны! Віншуем вас са святам. Жадаем здароўя, шчасця, дабрабыту, мірнага неба, чыстай вады і ніякай бяды.

Спіс выкарыстанай літаратуры

Багдановіч, Л. Зорны кошык : зб. вершаў / Л. Багдановіч. — Мінск : Беларус. асац. «Конкурс», 2013. — 191 с.
Вершы.ru Вершы беларускіх паэтаў. Нацыянальны паэтычны партал [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: vershy.ru
Гілевіч, Н. Шчаслівыя хвіліны : вершы, казкі, небыліцы, загадкі / Н. Гілевіч. — Мінск : Юнацтва, 2001. — 247 с.
Мама, маці, матуля... : вершы / уклад. А. Канапелькі і В. Шніпа. — Мінск : Маст. літ., 2006. — 447 с.
Мама — сонейка маё... : вершы, песні / уклад. М. Маляўка. — Мінск : Маст. літ., 2008. — 118 с.
Цвірка, К. Зялёная Дуброва : кн. паэзіі / К. Цвірка. — Мінск : Маст. літ., 1987. — 368 с.

Яшчэ на гэту тэму:

"Мама, мамачка, матуля..."     “Размова пра матулю”