сцэнарыі святаў на беларускай мове

Т. П. ПЕТРАЧЭНКА, настаўніца СШ № 50 г, Гомеля. Пачатковая школа 1.2004

Бог, рэлігія, вера

Урок па курсу “Чалавек і свет” у II класе

Тэма: “Вера і вернікі”.
Мэты: фарміраваць у дзяцей уяўленні аб рэлігіі, веры ў Бога; выхоўваць станоўчыя адносіны да агульначалавечых маральных запаведзей, да людзей з розным веравызнаннем.
Абсталяванне: падручнік “Чалавек і свет”, Дзіцячая Біблія, Канвенцыя ААН “Аб правах дзіцяці”, Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правах дзіцяці”, ілюстрацыі з выявамі цэркваў, касцёлаў; наборы жоўтых і чырвоных кружкоў; анкеты з пытаннем для кожнага вучня; плакаты з запаведзямі і прыказкамі, творы Баха ў грамзапісе.

Ход урока

Арганізацыйны момант. Вучні выбіраюць кружкі пэўнага колеру. Кружок чырвонага колеру азначае, што вучань гатовы адказваць на пытанні любой складанасці; жоўты кружок — паказчык таго, што дзіця не ўпэўнена ў сваіх ведах па тэме і аддае перавагу больш лёгкім пытанням і заданням.
Праверка дамашняга задання. Настаўнік прапануе дзецям скласці апавяданні аб паводзінах людзей у грамадскіх месцах і на ўлонні прыроды. Назвы апавяданняў могуць быць такімі: “Выпадак у лесе”, “На рэчцы”, “Аднойчы ў аўтобусе”. Праводзіцца выбарачнае абмеркаванне апавяданняў.
Знаёмства з тэмай урока. Настаўнік чытае верш У, Шамоніка “Сястрычка”,
В раннем детстве брат на брата
Беспричинной шли борьбой
И возились, как котята,
Кувыркаясь меж собой.

Наша милая сестренка
Рассудительна была,
Добрым голосом и звонким
Успокоить нас могла:

“Ну не надо так! Довольно!
Грех друг друга обижать.
Из-за вас и папе больно,
Будет хмуриться опять”.

У час гутаркі па зместу верша высвятляецца значэнне слова “грэх” — учынак, які супярэчыць запаветам Хрыста; віна перад Богам. Хорам чытаецца тэма ўрока, удакладняецца значэнне слоў “вера”, "вернікі”, “Бог”.
Вучні чытаюць пытанне, змешчанае ў анкеце, падкрэсліваюць адзін з прапанаваных адказаў:
Ці змог бы ты пасябраваць з хлопчыкам ці дзяўчынкай, якія вераць у Бога?
а) так;
б) не;
в) не ведаю.

3 наступнага расказу настаўніка дзеці даведаюцца, што вера (рэлігія) узнікла ў далёкай старажытнасці, калі людзі не маглі растлумачыць, чаму грыміць гром, бушуе ўраган, хварэюць людзі і г. д. Страх перад незразумелым стварыў багоў. Іх было шмат. Бог навальніцы, бог агню, бог вады, бог палявання і г. д. Старажытныя германцы, напрыклад, верылі ў елку. Зімою яны ўпрыгожвалі высокія яліны, вадзілі вакол іх карагоды, прыносілі падарункі і прасілі ў дрэў дапамогі. Дарэчы, адсюль і пайшоў звычай упрыгожваць елку на Новы год. У Індыі і Егіпце пакланяліся быку і карове. Забойства гэтых жывёл ці іх калецтва каралася смерцю. Нават сёння на вуліцах і дарогах Індыі можна ўбачыць кароў, якіх ніхто не асмельваецца крануць.
3 цягам часу колькасць багоў і духаў, якім пакланяліся людзі, паменшылася. Узніклі асобныя рэлігіі, якія грунтуюцца на веры ва Ўсявышніх Багоў. Хрысціяне, напрыклад, вераць у Бога, мусульмане —• у Алаха. Вернікі ходзяць у малітоўныя дамы, моляцца сваім багам.
Сярод хрысціян ёсць праваслаўныя, каталікі, пратэстанты і інш. Каталікі моляцца ў касцёлах, праваслаўныя — у цэрквах, мусульмане — у мячэцях.
Сапраўдныя вернікі жывуць па божых запаведзях, кіруюцца ў жыцці Свяшчэнным пісаннем — Бібліяй. Аднак запаведзі божыя карысна ведаць усім людзям. Чаму?
Настаўнік звяртае ўвагу дзяцей на плакат, дзе запісаны 5 божых запаведзей. Запаведзі чытаюцца хорам, аналізуюцца, раскрываецца сэнсавае значэнне кожнай з іх.
1. Не забі.
2. Не ўкрадзі.
3. Шануй бацьку свайго і маці.
4. Не асуджай іншых людзей.
5. Не зайздросць чужому дабру.

Пказваецца інсцэніроўка, якую дзеці падрыхтавалі загадзя.
Вядучы. Па вуліцы павольна ішла бабулька з кошыкам сакавітых яблыкаў. Хлопчык, які праходзіў міма, схапіў яблык і хуценька схаваў у кішэню. Бабулька раптам спынілася...
Бабулька. Падыдзі да мяне, хлопчык. Як цябе завуць?
Хлопчык. Пеця.
Бабулька. Прыгожае імя. Ты, напэўна, добры хлопчык?
Хлопчык. Не ведаю.
Вядучы. Бабулька выбрала з кошыка самы прыгожы яблык і працягнула хлопчыку.
Бабулька. Еж. Гэта з майго саду.
Вядучы. Яблык, што быў у кішэні Пеці, быццам агонь, апёк нагу хлопчыка.
Бабулька. Што ж не бярэш яблык? Не хочаш?
Вядучы. Пеця выхапіў з кішэні яблык, кінуў у кошык і пабег. 3 вачэй хлопчыка каціліся слёзы.

У час гутаркі па зместу інсцэніроўкі вучні ацэньваюць учынак хлопчыка: якую запаведзь ён парушыў? Аб чым гавораць словы вядучага ў канцы гісторыі?
Настаўнік паказвае дзецям Біблію, расказвае, што гэта кніга пісалася на працягу 1300 гадоў рознымі аўтарамі.
У час гульні “Знайдзі слова” адна частка вучняў выбірае словы-якасці, якія яны хацелі б бачыць у сваім сябру, другая частка вучняў, наадварот, — якія не хацелі б бачыць: акуратнасць, гультайства, сквапнасць, дабрыня, павага, праўдзівасць, жорсткасць і інш.
Аналізуюцца прыказкі, якія запісаны на плакаце. Вучні тлумачаць іх сэнс, прыводзяць сітуацыі, да якіх можна прымяніць кожную з іх.
1. На Бога спадзявайся, але і сам старайся.
2. Хто спадзяецца на неба, той сядзіць без хлеба.
3. Бог чакае доўга, ды б’е балюча.

У час самастойнай работы з падручнікам вучні, у якіх жоўтыя кружкі, шукаюць адказ на пытанне: якая вера ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца самай распаўсюджанай? Дзеці, якія выбралі чырвоныя кружкі, павінны знайсці адказ на пытанне: што агульнага ў веры каталікоў і праваслаўных хрысціян? Настаўнік абагульняе і дапаўняе выказванні вучняў:
— Час не стаіць на месцы. Змяняецца грамадства, яго погляды на свет і жыццё. Яшчэ некалькі гадоў таму верыць у Бога, наведваць касцёлы, цэрквы лічылася ганебным. Школьніка, які хадзіў у малітоўны дом, выключалі з піянераў, не прымалі ў дзіцячыя і маладзёжныя арганізацыі. Зараз дзякуючы Канвенцыі ААН і Закону Рэспублікі Беларусь “Аб правах дзіцяці” ўсе дзеці маюць права на свабоду веравызнання, на атрыманне даступнай інфармацыі, на магчымасць выказваць свае думкі. Сёння нават у арміі вернікі могуць маліцца, хадзіць у храм.
Педагог чытае дзецям артыкул № 14 з Канвенцыі ААН “Аб правах дзіцяці” і артыкул № 10 з Закона Рэспублікі Беларусь “Аб правах дзіцяці”.
Разглядаюцца выявы малітоўных храмаў вернікаў рознага веравызнання. Гучыць музыка Баха, царкоўныя песнапенні. Настаўнік расказвае, што службы ў адных храмах суправаджаюцца арганнай музыкай, у другіх — песнапеннямі. Затым вучні, якія наведвалі пэўныя храмы, расказваюць, што яны там бачылі, што іх уразіла.
Пры падвядзенні вынікаў урока дзеці зноў працуюць над анкетай. Высвятляецца, ці змяніліся ў каго меркаванні наконт адказу на пытанне. Чаму?
Дамашняе заданне. Падрыхтаваць пераказ тэксту на с. 235 — 237 падручніка.