сцэнарыі святаў на беларускай мове

Лідзія МОЛАДАВА, кандыдат біялагічных навук, дацэнт кафедры заалогіі і аховы прыроды ГДУ імя Ф. Скарыны, Ірына ТАЛАПІЛА, студэнтка ГДУ імя Ф. Скарыны. Пралеска 199?/6

Добры дзень, сонечнае лета

Фрагмент свята

Дзеці танцуюць, гуляюць, спяваюць, расказваюць аб леце. На пляцоўку, дзе адбываецца свята, прыходзяць звяры і птушкі: мядзведзь моцна кульгае, ліса трымаецца за нос, заяц — за жывот, сарока махае адным крылом, жук трымаецца за крыло, ледзь-ледзь паўзе вожык. Усе звяры жаласна енчаць. I сумнымі галасамі вітаюцца з дзецьмі.

Вядучая. Што здарылася? Чаму ўсе вы стогнеце? Раскажыце, калі ласка, толькі не ўсе адразу.’ Сарока, што ты хочаш нам сказаць?
Сарока. У вас тут свята, а ў нас бяда. Мы прыйшлі прасіць дапамогі, каб вы абаранілі нас. Тра-та-та-та...
Мядзведзь. Ішоў я вады напіцца і наступіў на шкло. Яно ўваткнулася мне ў лапу. Столькі крыві страціў. Дзякуй чаплі, яна прамыла мне рану і дзюбай выцягнула востры асколак ад зялёнай бутэлькі. Нага баліць, ледзь хаджу. (Раве.)
Ліса. У мяне вось ужо тыдзень нос не загойваецца. Выйшла я на поплаў, дзе людзі адпачывалі. Навокал забруджана бляшанкі валяюцца, а з адной так смачна рыбай пахне. Захацелася паласавацца. Нос засунула ў бляшанку. Там і есці амаль нічога не было, але нос падрапала, кроў ішла, баліць... А-а-а...
Заяц. А я з жыватом пакутую. Хтосьці, відаць, угнаенні раскідаў, а я іх за соль палічыў, палізаў і ледзь не памёр, а жывот да гэтага часу баліць. О-о-о-й... Жук. А на мяне нехта наступіў, крыльцы мне папсаваў. Зараз лётаць не магу, ледзь поўзаю... Кхе-кхе-кхе...
Сарока. Тра-та-та. У мяне малы свавольнік страляў з рагаткі, у крыло пацэліў, праўда, я крыху магу лётаць, а вось дзятлу не пашанцавала, яго гэты рагатачнік зусім забіў. А за што? Дзятлы ж лесу столькі карысці прыносяць. Яны і дрэвы лечаць, і дуплы для многіх птушак і звяроў робяць. Тра-та-та-та...
Вожык. Ох-ох-ох! Мне зусім дрэнна. Бачу, бяжыць да мяне хлопчык. Скруціўся я ў клубок, каб ён мяне не чапаў, а ён піхнуў мяне нагою, і я пакаціўся з гары, і трапіў на гарачае вуголле, якое нейкі лайдак пакінуў на вогнішчы. Ледзь выбраўся, але іголкі і ножкі вельмі апаліў. Так баліць, аж плакаць хочацца. ы-ы-ы-ы...
Ліса. I дапамагчы нам няма каму.
Дзеці. Але ёсць жа доктар Айбаліт. Вы ідзіце да яго.
Мядзведзь. Айбаліт недзе ў іншым лесе, а мы ў суседнім, побач з вамі.
Дзеці. Што ж рабіць? Трэба пазваніць Айбаліту. Нельга ж, каб звяры засталіся без дапамогі. (Кожны сказ гавораць розныя дзеці.)
Вядучая. Зараз я паспрабую пазваніць. (Набірае нумар цацачнага тэлефона.) Добры дзень, доктар Айбаліт! У наш дзіцячы сад прыйшлі хворыя звяры. Усім ім неабходна ваша дапамога. (Паўза.) Добра, чакаем. (Вядучая кладзе трубку.) Доктар Айбаліт сказаў, што стала вельмі шмат хворых звяроў і птушак. Ён параіў вам, дзеці, самім паспрабаваць дапамагчы звярам, каб яны не пакутавалі ад болю, а ён прыедзе да нас, калі вызваліцца.
1-е дзіця (лечыць мішку). Вось прыкладу табе трыпутнік і зраблю павязку.
2-е дзіця (лечыць лісічку). Памажу табе носік вось гэтай маззю.
3-е дзіця (лечыць зайчыка). Вось табе лякарства.
4-е дзіця (упраўляе сароцы крыльца). Пацярпі крыху, зараз не будзе балець.
5-е дзіця (лечыць вожыка). Памажу табе вось гэтай маззю апаленыя месцы, і хутка ўсё зажыве.
6-е дзіця (папраўляе жуку крыльца). Не плач, жучок, я табе дапамагу, зноў твае крыльцы будуць — жу-жу-жу.

А наогул — гэта імправізацыя. Дзеці ў форме гульні лечаць жывёл, як умеюць. У гэты час з'яўляецца доктар Айбаліт.

Айбаліт. Добры дзень, дзеці! Добры дзень, звераняты. Ой, як шмат у вас хворых сабралася.
Вядучая. Мы ўжо, як маглі, ім дапамаглі. Паглядзіце, калі ласка.
Айбаліт. Зараз пагляджу. (Робіць агляд звяроў і птушак. Яны выглядаюць такімі няшчаснымі: у лісы на носе крыж накрыж лейкапластыр. У мядзведзя нага перабінтаваная, а ў жука — крыльца. Вожыку на нагу налажылі кампрэс. Падыходзіць да кожнага і пытае: "Што з табою?" Звяры адказваюць.)
Заяц. Гэта яшчэ не ўсе. Дзесьці сарока падзелася.

(З'яўляюцца сарока і вавёрка.)

Сарока. Вось і мы. Дзеці добра мне крыльца падлячылі, дык я ў лес лётала сказаць вавёрцы, каб яна прыйшла і расказала аб сваім няшчасці.
Вавёрка. Стала немагчыма жыць. Раней грыбнікі грыбы пад нагамі шукалі, а зараз ёсць такія, хто на мае запасы разлічваюць.
Айбаліт. Але, дрэнныя справы ў звяроў і птушак. Я ўжо не паспяваю іх лячыць, столькі сярод іх хворых стала. Хіба ж можна дапускаць, каб звярам і птушкам было так небяспечна жыць. Дзеці, а вы правільна паводзіце сябе на прыродзе? Ці ведаеце вы, як патрэбна паводзіць сябе, каб не шкодзіць дзікім жывёлам і птушкам? Скажыце, што неабходна было зрабіць, каб мішка не парэзаў лапу?
Дзеці. Трэба сачыць, каб не білася шкло, а калі нешта разбілася, неабходна пазбіраць усе шкельцы і глыбока закапаць ці забраць з сабой, каб выкінуць у горадзе ў смеццезбіральнік. Нельга пакідаць шкляны посуд на месцы адпачынку.
Айбаліт. Што неабходна было зрабіць, каб не трапіла ў бяду лісічка?
Дзеці. Неабходна было рэшткі стравы выкласці на пянёк, а пустыя кансервавыя бляшанкі забраць з сабою.
Айбаліт. Што трэба было зрабіць з угнаеннем, каб не захварэў заяц, а таксама, напэўна, і іншыя дзікія жывёлы, якім падабаецца лізаць соль?
Дзеці. Калі выпадкова рассыпаліся ўгнаенні, трэба іх старанна сабраць. Рэшткі засыпаць зямлёй ці закапаць.
Айбаліт. А што вы "скажаце пра таго хулігана, які прыйшоў у лес з рагаткаю?
Дзеці. Такіх сярод нас няма. Мы б яму растлумачылі, што ён вораг лесу, птушак, прыроды. Што ён ганьбіць усіх людзей перад ляснымі жыхарамі. Трэба хадзіць па сцежках, глядзець,' куды ступаеш.
Айбаліт. А хто вінаваты ў бядзе вожыка?
Дзеці. Вогнішчы ў лесе трэба паліць толькі ў дазволеных месцах і не пакідаць іх, а поўнасцю тушыць.
Айбаліт. А ці можна адбіраць у жывёл іх запасы, забіраць грыбы, арэхі?
Дзеці. Грыбы трэба збіраць самім, а не адбіраць у вавёркі. Кусты і дрэвы ламаць нельга.
Айбаліт. Правілы паводзін на прыродзе вы ведаеце добра. Трэба толькі іх заўсёды выконваць і іншым напамінаць аб іх выкананні. Вось апошняе маё пытанне: "Што вы будзеце рабіць, калі знойдзеце палянку, на якой ужо нехта накідаў рознага смецця?"
Дзеці. Мы пазбіраем яго і закапаем або забяром з сабою.

У канцы дзеці, доктар і звяры спяваюць якую-небудзь добрую песню аб прыродзе, аб леце, напрыклад "Лясны вальс" (музыка М. Красева, словы Н. Саконскай).

Заўвага

Каб дзеці правільна маглі адказваць на пытанні Айбаліта, з імі трэба займацца, вучыць іх правілам паводзін на прыродзе. Тады на свяце магчыма імправізацыя. Адны адказваюць, другія дапаўняюць, вядучы абагульняе. Калі дзеці лечаць звяроў, ім можна даваць пустыя бутэлечкі. 3 імі малыя лёгка ўваходзяць у ролю. Малышы не . павінны ведаць аб тым, што ‘ Айбаліт будзе задаваць ім пытанні. Але падрыхтоўчая работа павінна быць такой, каб яны маглі правільна адказаць на любое пытанне. Не бяда, калі дзіця памылілася. Можна падказаць правільны адказ. Але неабходна рабіць гэта далікатна. Айбаліт павінен уцягваць у дыялог як мага больш дзяцей.