сцэнарыі святаў на беларускай мове

В. Б. ГАРАНКОВА, настаўніца гімназіі № 9 г. Мінска. Пачатковая школа Красавік 2004 г.

Развітанне з пачатковай школай

Сцэнарый ранішніка

(Гучыць мелодыя з тэлефільма "Мэры Попінс, да пабачэння!". З'яўляецца Мэры Попінс.)

Мэры Попінс. Прывітанне! Вы мяне пазналі? Я — Мэры Попінс, самая лепшая выхавальніца з самым маленькім жалаваннем. Так, дзеці, хопіць жаваць аўтобусныя білеты — займайце хутчэй свае месцы. Мы адпраўляемся падарожнічаць у мінулае, у той час, калі вы былі вучнямі пачатковай школы. (Дастае бутафорскі градуснік.) Вы спытаеце, навошта мне патрэбен градуснік? Адказваю — я хачу вызначыць настрой у гэтай зале. (Падыходзіць да гледачоў і па чарзе ставіць ім градуснік.)

— Вельмі цікаўнае дзіця.
— Добры хлопчык.
— Цудоўная мама.
— Поўная дасканаласць.
— Сама чароўнасць і г. д.

Мэры Попінс. Спадзяюся, вы зразумелі, што са мной нельга сумаваць? Дзе мае чароўныя лічыльнікі? (Бярэ ў рукі лічыльнікі.)
Увага! Чароўная статыстыка! За чатыры гады, што дзеці правучыліся ў школе, яны:
з'елі тону булачак з разынкамі;
падраслі на 520 см;
патаўсцелі на 90 кг і зараз важаць 7 цэнтнераў;
прачыталі столькі старонак падручнікаў, што калі выцягнуць іх шнурком, то атрымаецца адлегласць ад Зямлі да Месяца;
паразумнелі, навучыліся сябраваць, весяліцца, спяваць, ставіць спектаклі, танчыць.
(Выконваецца танец "Трасуха".)

Мэры Попінс. Хочаце даведацца, які прадмет я заўсёды бяру ў падарожжа? Тады адгадайце загадку:
Складзеш — клін,
Разгорнеш — блін. (Парасон.)
(Гучыць фанаграма з фільма "Мэры Попінс, да пабачэння!", Мэры Попінс раскрывае парасоны і раскладвае іх па зале. На парасонах надпісы: "Матэматыка", "Загадка", "Граматыка", "Гульня", "Кірмаш", "Усмешка".)
Мэры Попінс. Дарагія дзеці, паважаныя бацькі! Адкрыю вам тайну: перад вамі незвычайныя парасоны. Яны дапамогуць нам арыентавацца ў мінулым. Варта толькі моцна пакруціць разгорнуты парасон, і адразу апынешся... (круціць парасон "Кірмаш") на кірмашы! Што такое кірмаш? (Адказы вучняў.) А наш кірмаш незвычайны, і тавары тут дзівосныя.
(З'яўляюцца ярка апранутыя гандляры з латкамі.)

1-ы гандляр. Кірмаш! Кірмаш! Збірайся, дзятва, на кірмаш ужо пара!
2-і гандляр. Гэй! Школьная дзятва! Адзін аднаго віншаваць трэба!
3-і гандляр. Спяшайцеся! Спяшайцеся! Школьны народ! Вас чакае нешта незвычайнае!
4-ы гандляр. Школьныя цуды з цудаў! Спяшайцеся, часу не засталося!
5-ы гандляр. У зале поўна школьнага тавару! 3 пылу, з жару!
6-ы гандляр. Прадаюцца пяцёркі! Купляйце пяцёркі (называюцца імёны выдатнікаў)! Падыходзьце, налятайце, для наступнага класа набывайце! Не сумнявайцеся, гэтыя пяцёркі будуць сапраўдныя ўсе дванаццаць гадоў!
7-ы гандляр.
Пад звонкія гармоніка акорды
Прадаём спартыўныя рэкорды!
Падыходзь, налятай,
Сілу багатыроў (называюцца імёны і прозвішчы школьных спартсменаў) набывай.
8-ы гандляр.
Увага! Увага! У рады гандлёвыя
Паступілі тавары новыя!
Карагоды, песні, пляскі,
Цікавыя казкі!
Купляйце з латка таленты
Артыстаў і музыкантаў!
9-ы гандляр. Падыходзь, не скупіся, набывай жывапіс! Пейзажы і нацюрморты будучых знакамітых мастакоў (называюцца імёны і прозвішчы вучняў).
10-ы гандляр.
На кірмашы прывоз — прадаецца высокі рост! Сантыметры ў...(імя самага высокага вучня) купляйце,
У росце хутчэй прыбаўляйце.
11 -ы гандляр. Кірмаш! Кірмаш! Закрываецца кірмаш!
(Гучыць фанаграма, Мэры Попінс круціць парасон "Загадка", пасля загадвае гледачам загадкі на школьную тэму.)

Мэры Попінс. Назавіце арганізатара школьнага жыцця, якому падпарадкоўваецца нават дырэктар. (Званок.)
У рукі яе не возьмеш, але, чым меншую прынясеш са школы, тым больш табе дастанецца дома. (Адзнака.)
(Тыя, хто называе адгадкі, атрымліваюць медаль "Доктар Адгадайка". Гучыць фанаграма, Мэры Попінс круціць парасон "Матэматыка".)
Мэры Попінс. Вы добра ўмееце лічыць? А да 24 можаце палічыць? Зараз праверым. (Вывешваюцца 2 аднолькавыя табліцы.)
На табліцах знайдзіце па парадку ўсе лікі ад 1 да 24 і пакажыце іх указкай. Як мага хутчэй! (Удзельнічаюць бацькі і дзеці.)
14  8  12  4
10  23  1  15
3  17  21  7
19  6  9  11
24  2  16  22
13  20  5  18

Мэры Попінс. Дык, можа, вы і задачы рашаць умееце? (Задае дзецям задачы.)
На вярбе 5 яблыкаў. На кожнай галінцы па 2 яблыкі. Колькі яблыкаў на вярбе? (На вярбе яблыкі не растуць.)
Гарэла 5 свечак, 2 свечкі пагаслі. Колькі свечак засталося? (2, астатнія згарэлі.)
Зараз будзем лічыць да 30, але з умовай: лікі, якія дзеляцца на 3 без астачы, называць нельга, замест іх упэўнена гаварыце: "Не заблытаюся". (Пераможцам уручаецца медаль "Доктар матэматычных навук".)
(Гучыць фанаграма, Мэры Попінс круціць парасон "Граматыка".)

Мэры Попінс. Давайце праверым, як нашы выпускнікі авалодалі граматычнай сістэмай словазмянення:
1) назавіце адзін прадмет (вочы — ..., вушы — ...);
2) назавіце шмат прадметаў (нос — ..., лоб — ...);
3) закончыце словазлучэнні:
тры памідоры, пяць...;
адна цукерка, шэсць...;
тры мядзведзі, пяць...;
адно люстэрка, сем ... .
А зараз праверым, як вы авалодалі граматычнай сістэмай словаўтварэння:
1) падбярыце па сэнсу слова:
вялікі сад, а маленькі...;
маленькі коцік, а вялікі...;
2) закончыце сказ:
Вясной бульбу саджаюць, а восенню ...; Ваду наліваюць, а соль ...;
3) назавіце дзіцянят:
у мядзведзіцы — ...; у каровы — ...; у сланіхі —...; у кошкі — ...; у сабакі — ...;
4) утварыце прыметнікі:
караблік з паперы — ...;
галасы людзей — ....
(За правільна выкананае заданне найбольш актыўным вучням уручаюцца медалі "Доктар граматычных навук".)

Вучань (чытае верш "Мая граматыка"В. Гардзея).
У лесе родную вучыў я мову,
Назоўнікамі дрэвы ў ім шумяць.
Тут птушкі утвараюць дзеясловы —
Пяюць, шчабечуць, свішчуць і крычаць.

Прыметнікамі бор здалёк прыметны —
Зеленачубы, статны, залаты.
Сустрэне бор займеннікам прыветным:
Як з лепшым сябрам, з кожным ён на ты.

Зязюля раніцай лічэбнік вучыць —
Плыве наўсцяж стосотае "ку-ку".
Цвіце багун. Цвіце чабор гаючы.
Вісяць, што коскі, шышкі на суку.

Хаваюцца часціцы і прыслоўі,
Нібы грыбы, сярод імхоў і траў.
Я ў верасным, сунічным палясоўі
Граматыкі падручнік пагартаў.

Звіні ж вякамі, мова, па-над краем —
На пераправе, ў лузе, пры сасне.
Жыццё не адмаўляе, а сцвярджае
Адмоўная часціца мовы — не.

Не знішчым мы, не страцім, не загубім
Сваіх азёр, лугоў, сваіх лясоў.
I родны край, і мову не разлюбім —
У кожным сэрцы гэты дзеяслоў!

(Гучыць фанаграма, Мэры Попінс круціць парасон "Гульня", а затым праводзіць з дзецьмі жартоўную гульню "I я", у якой кожны раз пасля слоў вядучага дзеці паўтараюць словы "І я".)

Мэры Попінс.
Сёння я прачнулася, умылася,
пачысціла зубы, паснедала,
пайшла ў кіно, потым пайшла ў заапарк.
Там я ўбачыла паласатых тыграў, пасмяялася з малпы,
пастаяла перад клеткай са сланом, слон падобны на кракадзіла.
(Гучыць фанаграма, Мэры Попінс круціць парасон "Усмешка".)

Мэры Попінс. Гэты парасон верне нам самыя смешныя моманты мінулага. (Дастае кнігу "Неўсвядомленая дзіцячая творчасць"'.)
У гэтай кнізе сабраны смешныя ўрыўкі з вашых сачыненняў, пераказаў і проста выслоўі з урокаў. Давайце ўспомнім іх і ўсміхнёмся. (Зачытвае.)
Мэры Попінс. Мне здаецца, што ніхто так добра не ведае пра школьныя поспехі вучняў, як дырэктар школы. Таму прадстаўляем яму слова. (Выступленне дырэктара.)
Мэры Попінс. Настаў час выказацца нашым разумнікам, свавольнікам, пестунам —нашым дзецям.Толькі я падрыхтую рэквізіт (дастае насоўку), бо не сумняваюся, што зараз прагучыць шмат замілавальных слоў, а я ж такая чуллівая!

Вучні.
Урачысты дзень настаў для нас —
Ідзём мы у чацвёрты клас.
Пачатковую школу канчаем,
I вершы ёй прысвячаем.

Тут нас навучылі чытаць і пісаць,
Цяжкія задачы, ўраўненні рашаць.
Галоўнае — добрымі, шчырымі быць,
Сяброўствам заўсёды умець даражыць.

Не шкадавалі тут часу і сіл,
Каб мы на пяцёркі вучыліся,
Каб кожны свой клас, сваю школу любіў,
Настаўнікам каб ганарыліся.

Расцём мы, дарослымі станем,
Але дзе мы і з кім мы ні будзем,
Ні вашы ўрокі, настаўнікі,
Ні вас мы цяпер не забудзем.

Я не забуду ніколі
Сшыткі, пеналы, Буквар,
Першыя радасці ў школе,
Першай настаўніцы твар.

Я не забуду ніколі
Ясных і добрых вачэй.
Можа, ад іх наваколле
Стала шырэй і ярчэй.

Першай настаўніцы словы,
Дзе мне ні здарыцца быць,
Іх, як і матчыну мову,
Нельга ніколі забыць.

(С. Грахоўскі.)
(Слова прадстаўляецца першаму настаўніку.)

Мэры Попінс. Мне вельмі прыемна бачыць у зале не толькі вучняў-выпускнікоў, але і іх мам, тат, бабуль і дзядуль, якія за гэтыя гады сталі сябрамі і памочнікамі школы. Паважаныя бацькі! Вашы шчырыя ўсмешкі, добрыя словы, шчодрасць душы дапамагалі вучыцца дзецям, працаваць настаўнікам.
(Слова бацькам.)
Мэры Попінс. Мяняецца вецер, ён з захаду дзьме, а значыць, сябры, Мэры Попінс спяшаецца. Я спадзяюся, што вы не будзеце нудзіцца ўсё лета. Купайцеся, грэйцеся на сонейку, гуляйце, але не забывайце, што ў верасні зноў празвініць званок.

Вучань.
У школе скончаны ўрокі,
Пойдзем мы ў наступны клас,
Паляжаць на санцапёку
Запрашае лета нас.
Хай спакойна ў нашай школе
Спіць да восені званок.
Здароў, траўка, здароў, поле,
Здароў, сонечны дзянёк!

(Выконваецца песня "Маленькая краіна".)



Яшчэ на гэту тэму:

Званок апошні кліча ў далягляд     "Школьны баль, я прашу, не канчайся!"