сцэнарыі святаў на беларускай мове

Валянціна Іванаўна СМЫКОЎСКАЯ — метадыст. Дацэнт кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Фрацыска Скарыны. Роднае слова Кастрычнік 2005 г.

"Ваша слава ўстане абеліскам..."

Сцэнар літаратурна-музычнай кампазіцыі

Набліжаецца свята Перамогі над фашысцкай Германіяй. Да яго рыхтуецца і наша краіна. У школах, навучальных установах будуць праведзены юбілейныя мерапрыемствы. Іх поспех шмат у чым залежыць ад энтузіязму настаўнікаў і вучняў, умення мэтанакіравана і зладжана падрыхтавацца да адзначэння знамянальнай даты. Найлепшай формай арганізацыі свята можа стаць урачыстае мерапрыемства, якое будзе ўключаць у сябе дэкламацыю, паказ урыўкаў з кінафільмаў, інсцэнізацыі, песні.

На задніку сцэны залы, у якой будзе праводзіцца свята, — імітацыя Вечнага агню, уверсе над ім — лічба 60, злева — 1941, справа — 1945. Сцішана гучыць урачыстая музыка. На сцэне — удзельнікі вечарыны.

1-ы вядучы. Мінулае... Яно ніколі не праходзіць бясследна. Асабліва, калі гэтае мінулае -ВАЙНА. Нават калі ты сам не перажыў яе, а ведаеш пра той мужны і суровы час толькі з кніжак, кінафільмаў, успамінаў родных і блізкіх людзей, ветэранаў.
2-і вядучы. Памяць вайны... Гэта боль перажытага народам за доўгія 1418 дзён. Гэта стра¬ты і ахвяры, гераічная барацьба не на жыццё, а на смерць, цяжкія дарогі выпрабаванняў.
Гучыць песня "Дороги" (муз. А. Новікава, сл. Л. Ашаніна).
1-ы вядучы. Пройдземся сёння гэтымі дарогамі, якіх нам нельга забыць, каб глыбей адчуць і шчасце заваяванага міру, і радасць вялікай Перамогі. Хай ажывуць у памяці старонкі слаўнага мінулага.

За сцэнай (ці па школьным радыё) у запісе гучаць словы: "Ад Савецкага інфармбюро. Сёння, 22 чэрвеня 1941 года, у 4 гадзіны раніцы, без аб'яўлення вайны германскія войскі напалі на нашу краіну, атакавалі нашы граніцы ў многіх месцах і падверглі бамбёжцы са сваіх самалётаў нашы гарады".
Гучыць песня "Священная война" (муз. А. Аляксандрава, сл. В. Лебедзева-Кумача).


2-і вядучы. Так пачалася Вялікая Айчынная, якая страшэннай віхурай пранеслася па нашай зямлі, разбураючы і знішчаючы ўсё, што з вялікай любоўю і энтузіязмам будаваў народ.
1-ы вядучы. Год 1941-ы... Першымі прынялі на сябе варожы удар воіны памежнага Брэста, цытадэлі над Бугам.

1-ы чытальнік.
Ёсць крэпасці з муру, з граніту, са скалаў,
Іх сцены-байніцы абводнены кругам,
А колькі іх знікла: было іх нямала.
Мацней я не знаю, чым крэпасць над Бугам.
2-і чытальнік. Яе штурмавалі сурова, бясконца,
Часамі крышыліся сцены глухія.
Але не знікалі яе абаронцы,
Мацней ад граніту іх грудзі людскія.
(Броўка П. Крэпасць над Бугам.)

Дэманструюцца кадры з фільма пра першыя дні вайны (гучыць музыка).

2-і вядучы. Сярод абаронцаў цытадэлі над Бугам былі рускія і беларусы, украінцы і грузіны, казахі і татары, армяне і ўзбекі, людзі больш чым 30 нацыянальнасцяў. Сярод іх Герой Савецкага Саюза Пётр Гаўрылаў, камандзір заставы Андрэй Кіжаватаў, палкавы камісар Яўхім Фамін, капітан Іван Зубачоў, лейтэнант Аляксей Патапаў і іншыя. Яны сёння — наш гонар. Іх імёны залатымі літарамі ўпісаны ў летапіс Вялікай Айчыннай вайны.
1-ы вядучы. Мужныя, цяжкія дарогі 1941-га. Ідуць кровапралітныя баі пад Ленінградам, на шырокіх прасторах Смаленшчыны, Правабярэжнай Украіны, Беларусі. Масавы гераізм выяўляюць абаронцы Кіева і Адэсы, Масквы і Ленінграда, Севастопаля і Растова...

3-і чытальнік.
Год гарачых баёў і суровых нягод,
Год рыдаючых рэк і патоптаных ніў.
Гэты сталлю і полымем хрышчаны год
Нас з нянавісцю кроўю братоў парадніў.
(Панчанка П. Сябру па зброі.)

4-ы чытальнік.
Запытай у блакітнага Ільменя,
Як мы спалі на снезе пад мінамі,
Праўды горкае не заслоніць
Пра галодныя дні мае Слонім.
А пра кулі — гомельскі лес,
А пра дым і агонь — Смаленск.
(Панчанка П. Далёкія станцыі.)

2-і вядучы. “Гэта былі цяжкія і суровыя гады, і, можа, тады мы ўпершыню так глыбока, так удзячна адчулі, што такое братэрства, што такое дружба людзей і цэлых народаў. Тады, у бядзе, мы асабліва моцна ўсвядомілі, якая важная для нас, якая неабходная гэтая дружба. У ёй былі наша сіла і нашы надзеі". Так пісаў Іван Мележ. (Мележ І. "Сіла братэрства".)
1-ы вядучы. Год 1942-і... Баі дні і ночы. Прыкрыя дарогі адступленняў. Пакуты мільёнаў людзей, бежанцаў, дарогі, узараныя снарадамі, начыненыя мінамі, перагароджаныя калючым дротам. Яшчэ змагаецца блакадны Ленінград, ідзе мужная і самаахвярная абарона Сталінграда. Наступае карэнны пералом у ходзе Другой сусветнай вайны. Гітлераўскі план "маланкавай вайны" сарваны.

5-ы чытальнік.
Выходзіш, хвіліну глядзіш, як хістаюцца
Пад ветрам асіны над скошанай пожняю.
Прыходзяць суседзі і ціха пытаюцца
Пра Дон і Растоў, пра навіны апошнія.
(Панчанка П. Трывожныя зводкі.)

2-і вядучы. "Я ведаю, што будзе рабіць мой народ", — заявіў у першыя дні вайны народны паэт Янка Купала. Над краінай пранёсся яго мужны заклік...

6-ы чытальнік.
Партызаны, партызаны, Беларускія сыны!
За няволю, за кайданы
Рэжце гітлерцаў паганых,
Каб не ўскрэслі век яны.
(Купала Я. Беларускім партызанам.)

1-ы вядучы. У гісторыю вайны Беларусь увайшла як рэспубліка-партызанка. У партызанскім руху ўдзельнічалі больш за 153 тысячы чалавек. Цэнтралізаванае кіраўніцтва барацьбой у тыле ворага ажыццяўлялі рэспубліканскі і абласныя штабы партызанскага руху. Народныя мсціўцы ўзарвалі 211 тысяч рэек, пусцілі пад адхон больш за 2 тысячы эшалонаў, разбурылі каля 300 чыгуначных мастоў, прымалі ўдзел у шматлікіх баях з акупантамі.

На сцэне — група вучняў, апранутых партызанамі. Выконваюць "Лясную песню" (муз. У. Алоўнікава, сл. А. Русака). Песня перарываецца на словах "Ды успомнім былыя гады...".

1-ы чытальнік.
Не, народа майго ніхто не сагне!
Ён, магутны, у пушчы адвечныя рушыў,
І легенды лунаюць над роднай зямлёй,
Што адважны Гаркуша
Драпежнікаў глушыць,
Што Кастусь Каліноўскі выходзіць на бой,
Што усталі з магіл партызаны Дукоры.
(Панчанка П. Беларусі.)

2-і вядучы. Мужна і самаахвярна змагаліся слуцкія партызаны, са зброяй на ворага ішоў Магілёў, у гневе гула Белавежская пушча, бушавалі помстай народнай і Гомель, і Віцебск, і Пінск. "І ворагу помсціў за раны наш родны разбураны Мінск".
1-ы вядучы. Сёння ўсяму свету вядомы імёны тваіх сыноў-партызанаў, дарагая мая Беларусь! Удзельнікі кампазіцыі па адным называюць імёны: Іван Бумажкоў і Фядосій Смалячкоў, Пётр Машэраў і Васіль Корж, Вера Харужая і Канстанцін Заслонаў, Уладзімір Лабанок і Людвіг Сяліцкі, Алена Мазанік і Мікалай Пакроўскі.

2-і чытальнік.
Год... Сорак трэці. Віхура смяротная,
Ёй - ні краю яшчэ, ні канца,
Як ты бачна, бяда ўсенародная,
У паглядзе падлетка-байца.
(Гілевіч Н. Тым, што ваявалі.)

2-і вядучы.У халодных і мокрых акопах, у пыле і дыме вайны, пад посвіст куль і снарадаў гартавалася пакаленне, якое побач з бацькамі граміла ворага на Паўночным Каўказе і Доне, Данбасе і Кубані, Украіне і Беларусі, пад Курскам і Арлом.

На авансцэне два вучні, апранутыя матросамі.

3-і чытальнік.
Два чарнаморцы ў бліндажы
Уцалелі ад агню.
На іх варожы батальён
Ідзе не ўпершыню.
Каторы дзень гарыць, грыміць
(за сцэнай гул кананады)
Курган над галавой.
Матросы нашы зноў і зноў
Вядуць няроўны бой...
1-ы матрос.
У нас ёсць стужка, кулямёт,
Ёсць па гранаце нам...
Скажы, таварыш дарагі,
Адкуль ты родам сам?
2-і матрос.
Іртыш, Іртыш, ты, мабыць, чуў?
Адтуль я — сібірак.
А ты адкуль?
1-ы матрос.
Я з тых краёў, дзе над Дняпром
Цвітуць, шумяць гаі.
3 дня нараджэння нада мной
Спявалі салаўі.
4-ы чытальнік.
Адзін бліндаж, адзін марак
Закрыў у горы пуць,
Але змаўкае кулямёт,
А немцы ўсё ідуць.
2-і матрос.
Бывай, Іртыш!

5-ы чытальнік.
Тады сказаў
Сярод кустоў марак.
І кінуўся на сто — адзін
У атаку сібірак.
Нагнібеда М. Балада пра двух маракоў (пераклад М. Аўрамчыка).

Гучыць у запісе песня "На безымянной высоте" (муз. В. Баснера, сл. М. Матусоўскага).

1-ы вядучы. 1943-і год увайшоў у гісторыю Вялікай Айчыннай як год вялікіх перамог. Пералом у вайне адбыўся. Але тым больш лютавалі фашысты.

6-ы чытальнік.
Ускормлен мясам чалавечым,
Крывёй народнаю скупаны,
Народам волю абязвечыў,
Лютуе кат пад звон кайданаў.
Купала Я. Зноў будзем шчасце мець і волю.

1-ы чытальнік. Думаў я, пройдуць зімы і вёсны,
Сціхне ў грудзях маіх боль невыносны.
Сэрца забудзе часіну цяжкую...
Боль не сціхае. Маўчаць не магу я!
Броўка П. Голас сэрца.
За сцэнай раздаецца гучанне званоў (у запісе).

2-і вядучы. Гэта званы Хатыні. Звоняць яны і дзень, і ноч над могілкамі 186 вёсак, дзе не засталося ніводнай сям'і, дзе на папялішчы не адбудавана ніводнай хаты. Назвы спаленых вёсак засталіся толькі ў памяці народнай ды на магільных плітах Хатыні.
22 сакавіка 1943 года ашалелыя карнікі ўварваліся ў вёску, спалілі 26 хат разам з людзьмі, усяго — 149 чалавек, з іх 76 дзяцей. Вечна палае вогненны пралом у чорных мармуровых плітах, там, дзе гарэлі хатынцы.

2-і чытальнік.
Гарыць агонь.
Шумяць бярозкі
Над горкай памяццю бяды.
Сабраны спаленыя вёскі,
Нібыта ў пантэон, сюды.
3-і чытальнік.
Яны жывыя,
ім расці.
Звіняць званы
над мёртвай вёскай,
Якой на карце не знайсці.
(Астрэйка А. Званы Хатыні.)


На фоне сцішанага гучання званоў (або жалобнай музыкі) з-за сцэны чуваць зварот загінулых хатынцаў Да сучаснікаў: "Людзі добрыя! Помніце. Мы любілі жыццё, і радзіму, і вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі у агні. Наша просьба да ўсіх: хай жальба і смутак абернуцца у мужнасць і сілу..." (надпіс на мемарыяльнай пліце ў Хатыні).

4-ы чытальнік.
Яна навек у нашым сэрцы.
Што здолелі — мы збераглі,
Каб мужных паказаць бяссмерце
На непакоранай зямлі.
(Астрэйка А. Званы Хатыні.)

Галасы за сцэнай (ці ў запісе).
Апошні крывавы пажар на Радзіме,
Апошнія мы тут згарэлі жывымі
— Мужчыны, жанчыны
І дзеці...
І дзеці...
І дзеці...
Любуйцеся ж гэтай дзівоснай зямлёю,
Як некалі мы любаваліся ёю
— мужчыны, жанчыны і дзеці,
і дзеці...
І хай вам раскажуць тут нашыя цені,
Як жудасна мы паміраць не хацелі
— Мужчыны, жанчыны і дзеці,
і дзеці...
(Гілевіч Н. У Дальве.)

1-ы вядучы. Так, гэта галасы дальвінцаў, якія згарэлі ў полымі 19 чэрвеня 1944 года. 44 чалавекі, 29 з іх — дзеці. Старэйшаму жыхару было 80, самаму малодшаму — адзін гадок.

Голас за сцэнай.
Імем расстраляных, закатаваных, паўшых
Мы вам свет завяшчаем без слёз і вайны.
Толькі ў вашых сэрцах, у памяці вашай
Хай ніколі не моўкнуць нашы званы!
(Бураўкін Г. Хатынскі снег.)

Хвіліна маўчання. Звон узмацняецца...
2-і вядучы. Гэты звон зліваецца сёння з Бухенвальдскім набатам, з жалобнай музыкай над магіламі ахвяраў Дахаў, Маўтхаўзена, Асвенціма, Лідзіцэ, Арадура, Трасцянца. Сёння з намі гаворыць сама Гісторыя, гаворыць Подзвіг, гаворыць вечная Памяць пра людзей, якія згарэлі ў пякельным агні вайны, памерлі ад голаду, здзекаў, былі закатаваныя фашыстамі.
Вечная ім Памяць!

Гучыць песня "Бухенвальдскі набат" (муз. В. Мурадэлі, сл. А. Собалева).

1-ы вядучы. Год 1944-ы. Ён упісаны ў летапіс Вялікай Айчыннай не толькі шматлікімі чалавечымі ахвярамі. Гэта яшчэ год нашых вялікіх перамог над ворагам. Вольнай стала наша Беларусь, яе сталіца Мінск, тут 16 ліпеня адбыўся парад партызанаў-герояў, што набліжалі нашу Перамогу, выстаялі ў няроўнай барацьбе. Вызвалены Украіна, Прыбалтыка, Балгарыя. Ваенныя дзеянні перайшлі за межы СССР. Ажыццёўлены Яска-Кішынёўская, Белградская аперацыі, распачата Будапешцкая.
2-і вядучы. Год 1945-ы... Гэта год вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Еўропу. Савецкі салдат выратаваў Чэхію і Славакію, Венгрыю і Румынію, Польшчу і Югаславію, Аўстрыю ад карычневай чумы фашызму. 24 залпамі з 324 гармат салютавала Масква адважным воінам, якія вызвалілі Берлін і ўзнялі Сцяг Перамогі над рэйхстагам.

5-ы чытальнік.
І пяты раз, і шосты, і сто пяты
Мы будзем славіць майскі дзень, калі
Апавясціўшы свет увесь пра свята,
Па-над Берлінам нашыя гарматы
Апошнім залпам грозна прагулі.
(Панчанка П. Сцягі Перамогі.)

6-ы чытальнік.
Навекі слава доблесным салдатам,
Што пераможна йшлі за свой народ
Ад легендарных камняў Сталінграда
Да Брандэнбургскіх выклятых варот!
1-ы чытальнік.
Бяссмертныя іх помнікі крані ты —
І цеплыню адчуеш пад рукой:
Іх высеклі не з камняў, не з граніту —
3 людской любві, з удзячнасці людской.
(Панчанка П. Навекі слава.)

2-і вядучы. Сёння ў нашай зале прысутнічаюць ветэраны, удзельнікі той памятнай вайны. Дарагія ветэраны...
Словы пашаны, удзячнасці ветэранам за іх ратны подзвіг.
2-і чытальнік. Вы зрабілі мару явай блізкай,
Кожны з вас і творца, і герой.
Ваша слава ўстане абеліскам
Над Масквой і над усёй зямлёй.
(Панчанка П. Абеліск.)

2-і вядучы (звяртаючыся да ветэранаў).Мы запрашаем вас на сцэну і просім падзяліцца сваімі ўспамінамі. Бо вайна для вас - памяць і боль перажытага.

Пасля ўспамінаў ветэранаў гучыць песня "Майскі вальс" (муз. I. Лучанка, сл. М. Ясеня). Паступова мелодыя заціхае.

3-і чытальнік.
Над роднай зямлёй звон сонечны плыве.
Зялёны май заліў пагоркі і лагчыны.
Чаго ж у гэты дзень не весела табе?
Скажы, стары салдат, скажы, герой Айчыны.
Ты ўсё зрабіў, што мог: ты мір здабыў, салдат,
І край падняў з руін, і даў прызванне дзецям,
І ўвагай землякоў, і славай ты багат,
Чаму ж блішчыць сляза на веках у гвардзейца?
(Гілевіч Н. Песня пра апошняга з аднапалчан.)

Гучыць песня "День Победы" (муз. Д. Тухманава, ел. У. Харытонава).
Ветэран.
Я вас прашу, не зведаў хто вайны,
Прашу вас, мае дочкі і сыны,
Узяць хоць долю памяці маёй —
Каб потым ёй не зарасці травой.
(Вярцінскі А. Я перад вамі з памяццю сваей...)

Літаратура:
Астрэйка А. Творы: У 2 т. Т. 2. — Мінск: Маст, літ., 1977.
Броўка П. Збор твораў: У 9 т. Т. 3. — Мінск: Маст, літ., 1992.
Бураўкін Г. Хатынскі снег // Анталогія беларускай паэзіі. Т. 3. — Мінск: Маст, літ., 1993.
Гілевіч Н. Творы: У 2 т. Т. 2. - Мінск: Маст, літ., 1999.
Купала Я. Збор твораў: У 7 т. Т. 4. — Мінск: Навука і тэхніка, 1974.
Мележ І. Жыццёвыя клопаты. — Мінск: Маст, літ., 1975.
Панчанка П. Збор твораў: У 4 т. Т. 1,2. — Мінск: Маст, літ., 1981.



Яшчэ на гэту тэму:

Вайна - боль і памяць народа     "Мы захаваем для нашчадкаў мір!"