сцэнарыі святаў на беларускай мове

I. Г. ЗГРУНДО, настаўніца вышэйшай катэгорыі сярэдняй школы № 4 г. Жодзіна. Беларуская мова і літаратура 9/2016

«Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль»

Сцэнарый святочнага мерапрыемства для вучняў VI—VIII класаў, прысвечанага Дню маці

Мэта: выхоўваць у вучняў пачуццё любові і павагі да жанчыны-маці, развіваць іх маральна-духоўную і эстэтычную культуру.
Абсталяванне: выстава кніг прысвечаных маці, слайды, фанаграма песні «Калыханка маме» (сл. Н. Мацяш, муз. I. Вінаградавай).
Эпіграф:
Вочы твае
Нада мной ўзышлі
Сузор'ямі цішыні,
Сусветамі дабрыні.
Пакуль есць яны —
Мне на зямлі
Светла, мама...
Рыгор Барадулін.

Ход мерапрыемства

На мерапрыемства запрашаюцца мамы і бабулі вучняў.
Вядучая. Жанчына дае жыццё, яна — маці ў адносінах да народжаных ёю дзяцей. Самы блізкі чалавек для кожнага з нас. Найбольш раннія і цёплыя ўспаміны звязваюцца з матулінай чуласцю, сардэчнасцю, пяшчотаю. 3 першых нашых дзён яна — наша апякунка, галоўная выхавальніца і абаронца.
Вядучы. Здаўна ў нашым краі да маці ставіліся з вялікай пашанай. Гэта стаўленне знайшло адбітак у беларускім фальклоры. Маці прысвечаны цэлы шэраг прыказак. Давайце паслухаем.
Вядучая.
Без маткі і сонца не грэе.
Без роднай мамачкі заклююць галачкі.
Матчыны рукі заўсёды мяккія.
Беражы маці, не век яна маладою будзе.
Вядучы.
Дзіця за руку бярэш — маці за сэрца.
Пакуль дзіця не заплача, маці не дагадаецца.
Не навучышся ў маткі — людзі навучаць.
Пакуль маці любіць, лёс дзіця галубіць.
Хоць будзеш ужо старэнькі, а для маці — усё маленькі.
Вядучая.
Маці апошні акраец аддасць дзіцяці.
Якая маці вораг свайму дзіцяці?
Як дома маці, то цёпла ў хаце.
Матчын і чорны хлеб салодкі.
Маці — сэрца сям'і.
Вядучы.
Сэрца маці лягчэйшае за пух і цвярдзейшае за камень.
Няма прабачэння раўнадушшу да маці.
Маці — самы надзейны сябар.
Самы вялікі грэх — пакрыўдзіць маці.
Самая бескарыслівая любоў — любоў маці.
Вядучая. Маці — найлепшае і найцудоўнейшае з таго, што створана некалі прыродай. Маці — гэта дом, адкуль мы выйшлі. Маці — гэта цяпло і спакой.
Вось чаму 14 кастрычніка па прыкладзе многіх краін свету ў нашай краіне сталі святкаваць Дзень маці.
Вядучы. Сёння нашы дарагія і шаноўныя госці — любыя матулі і бабулі. Дзякуем вам за тое, што адклалі ўсе свае хатнія клопаты і прыйшлі да нас. Давайце павітаем гасцей! (Дзеці ўстаюць і вітаюць гасцей апладысментамі.)
Дзяўчынка.
Першы голас, які я пачула на свеце,
Быў голас маці.
Калыханку пад месяцам і на дасвецці
Спявала мне маці.

Гэта — першая песня
I першае слова
Зямлі маёй весняй.
Гэта — ціхая ласка
I міру ахова.
Дзякуй, маці, за песню!

Запаветныя, родныя фарбы і гукі —
Усё застаецца.
Дзякуй, мама, за рукі,
Бяссонныя рукі,
За адданае сэрца!

Рукі цёплай пяшчоты,
Турботы і працы —
Ад ляноты лячылі.
Аніякай работы ў жыцці не цурацца
I мяне навучылі.

Не пакрыўджу цябе,
3 тваіх сцежак не збочу,
Засланю ад нягоды.
Я хачу, каб свяціліся радасцю вочы
I жыла ты заўсёды!
Эдзі Агняцвет. «Першае слова».
Xлопчык.
Бог высокі табе
Даў мяне нарадзіць,
Мама.
Ты вучыла мяне
Гаварыць і хадзіць,
Мама.
Справядлівым мяне
Прывучаеш ты быць,
Мама.
Мне з табою людзей
I Радзіму любіць,
Мама.
Маё першае слова ў жыцці —
Мама.
Першы мой падарунак — табе,
Мама.
Ты — сардэчнае свята маё,
Мама.
Васіль Жуковіч. «Маё свята — мама».
Вядучая. Нашы маці гатовы ратаваць нас ад любога няшчасця, засланіць нас ад бяды, яны ўсім сэрцам хвалююцца, каб з намі нічога не здарылася.
Вядучы. Адзін з філосафаў сказаў: «Становішча маці вышэйшае ў свеце, бо гэта тое месца, дзе можна навучыцца бескарыслівасці і праяўляць яе».
Вядучая. Старэнькай маці, калгасніцы, адняло мову. Прыляцеў самалётам вучоны сын, два дні сядзеў над ёю, і толькі на трэці яна апрытомнела. I першае, што сказала — спыталася:
— А ці абедаў жа, сынок?..
Колькі яму — пажылому мужчыне, былому ваяку — каштавала, каб не заплакаць!.. (Янка Брыль).
Вядучы. За сваю шматвяковую гісторыю чалавецтва стварыла шмат прыгожых, паэтычных легенд. Давайце сёння прыгадаем тыя з іх, якія прысвечаны жанчыне-маці.
Першы чытальнік. Даўным-даўно на беразе Чорнага мора жылі людзі. Яны аралі зямлю, пасвілі скаціну і палявалі на дзікіх звяроў. Восенню, калі заканчваліся палявыя работы, людзі выходзілі на бераг мора і наладжвалі вясёлыя святы. Спявалі, танцавалі ля вогнішчаў, бавілі час у гульнях, якія заканчваліся кіданнем стрэлаў — стрэлаў шчасця.
Калі юнак хацеў стаць паляўнічым, ён пускаў стралу ў бок лесу; калі пастухом — у бок статку; калі ж аратым — у бок поля. Глядзець на гэтыя гульні выходзіў з мора сам цар Нептун. Кожны раз, гледзячы на гульні, ён усміхаўся і казаў:
— Як людзі ні выхваляюцца сваёй сілай, а мяне ўсё ж баяцца. Ніхто з іх не адважыўся пусціць стралу ў бок маіх уладанняў.
Аднойчы выйшлі да вогнішча юнакі, раптам павярнуліся ў бок мора і ўсе як адзін пусцілі туды стрэлы. Нептун прыйшоў у шаленства.
— Я ўсіх вас пахаваю ў бездані марской! — закрычаў ён.
Жанчыны задумаліся: марскі цар на самай справе можа пахаваць іх дзяцей у моры. А жанчыны былі тут вельмі дужыя, прыгожыя і ніколі не старэлі. Думалі яны, думалі і вырашылі аддаць усю сваю сілу сынам. Юнакі, узяўшы мацярынскую сілу, падышлі да самага берага мора. Каб не пусціць іх да вады, Нептун узняў вялікія хвалі, але хлопцы не пабеглі назад. Затое іх маці пасля гэтага сталі слабымі.
Другі чытальнік. Быў у маці адзін сын. Ажаніўся ён з дзяўчынай незвычайнай прыгажосці і прывёў яе жыць у родную хату. Не палюбіла нявестка свекрыві і кажа мужу: «Няхай твая маці не заходзіць у пакой, няхай жыве ў сенцах!»
Стала жыць маці ў сенцах і баялася паказацца нявестцы на вочы.
Але і гэтага маладой жонцы здалося мала. Кажа яна мужу: «Каб і духам тваёй маці не пахла ў хаце! Няхай жыве яна ў хляве!»
Стала жыць маці ў хляве. Толькі ноччу выходзіла са свайго сховішча.
Аднойчы нявестка-прыгажуня адпачывала пад яблыняй і ўбачыла, што маці выйшла з хлява. Разгневалася жонка і прыбегла да мужа: «Калі хочаш, каб я з табою жыла, забі сваю маці, вырві з грудзей сэрца і прынясі мне». Не падумаў сын, зачаравала яго прыгажосць жонкі. Прыйшоў ён да маці і кажа: «Пойдзем, мама, пакупаемся ў рэчцы». — «Пойдзем, сынок, калі трэба», — адказала маці.
Ідуць яны камяністым берагам. Зачапілася маці за камень, пахіснулася. Раззлаваўся сын: «Што ты, маці, спатыкаешся? Чаму пад ногі не глядзіш? Ідзі хутчэй, а то і да вечара мы так не дойдзем!» Прыйшлі да ракі, пакупаліся...
А затым сын зрабіў сваю чорную справу, пазбавіў маці жыцця. Выняў з грудзей яе сэрца, паклаў на кляновы лісток, нясе. Трапечацца маленькае сэрца маці.
Зачапіўся сын за камень, упаў, пабіў калена. Упала і гарачае сэрца маці, затрапятала і прашаптала: «Сыночак мой родненькі, дзіцятка маё, ці не балюча ты ўпаў?»...
Вядучая. У кожнага чалавека ёсць мама. У самага знакамітага і самага звычайнага. I мама — самы дарагі і блізкі чалавек для кожнага. Напэўна, не знойдзецца такога пісьменніка ў Беларусі, які б не прысвяціў сваёй маме твора. Вось як пісаў пра сваю маму, Акуліну Андрэеўну, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.
Вядучы. «Мама, што называецца, дыхала на мяне... Любіла, як душу, і калаціла, як ігрушу, калі тое зарабляў. I я рос мамнікам. У нас пра малога, які дужа гнаўся за маці, хвастом хадзіў за ёй, казалі — мамнік...
Усё ад маці. Толькі з малаком маці перадаецца натуральная, родная мова. Парашковае малако — парашковая мова. Вера ў Бога — ад матчынай душы, малітва — з вуснаў маці».
Трэці чытальнік.
Малапісьменная
Паводле дадзеных глухіх анкет,
Мама смела
Ведала свет.
Дзіўлюся рознабаковасці ведаў
Маці —
Ведала, што да чаго
На небе,
У лузе,
У хаце.

Ведала тэалогію —
На памяць малітвы шаптала:
Абнясі, Божа, тынам
Ад зямлі да неба,
Сахрані мяне, Божа,
Адныні давеку.

Ведала астраномію —
Па зорках дарогу шукала,
Калі пад страхой нябеснай
Перапёлкаю начавала.

Ведала аграномію —
Што сеяць,
Калі і дзе.
Ведала магію светлую —
Як словам дапамагчы бядзе.
Была і ўрачом дзіцячым,
I цвёрдым на руку ветэрынарам —
Цялят прымала,
Карову гарэлкай грэла,
Сына — адварам,
Ведала замовы
Ад вока злога,
Ведала,
Як нешта зварыць з нічога...
Чацвёрты чытальнік (працягвае).
Праўда, маме
Шмат чаго не ставала:
Спаць не магла да святла,
На шарэнніку ўставала.
П’янела ад лебяды, ад кропу.
Яшчэ заблытвала
Прагноз гараскопу:
Застаўшыся з вайны ўдавою,
I жаўранкам была,
I савою...

Яшчэ не ўмела ў горы хіліцца,
Яшчэ не ўмела
Маці хваліцца.

Так і не спасцігла
Цяжкой навукі —
Стаяць рукі ў бокі,
Сядзець склаўшы рукі.

Пакуль рукі ёй не сашчапіла,
Пакуль адпачыць не ўзяла магіла.

Гэта і ў сшытку неба Занатавана зорамі, —
Каб чытаў я да скону ў сораме,
Што не ведаю нічога без мамы,
Што без мамы
Я — непісьменны самы!
Рыгор Барадулін. «Веды».
Дэманструюцца слайды з радзімы Р. Барадуліна.
Вядучая. Не так даўно Рыгора Барадуліна, нашага славутага паэта, не стала. А пахавалі яго на сціплых ушацкіх могілках побач з маці. На яе помніку вялікімі літарамі напісана слова «МАМА». Адна з кніг паэта называецца «Евангелле ад Мамы».
Вучаніца (выступае з паведамленнем).

Вобраз маці ў паэзіі Рыгора Барадуліна

Вобраз маці «асвячае і асвяшчае» ўсю творчасць паэта Рыгора Барадуліна. Паэт узнаўляе родны вобраз у яго будзённай канкрэтнасці і адначасова святасці. «I калі б была воля мая на тое — пачаў бы я азбуку менавіта з літары М: МАЦІ», — прызнаваўся паэт. Перад намі, бы жывыя, паўстаюць усе драбніцы горкага ўдовінага лёсу маці паэта.
Мацярынская тэма набывае ў Барадуліна сваё адметнае ўвасабленне і гучанне. Гэта сыноўняя вернасць матчынаму запавету. Вернасць праз усё жыццё. Маці для паэта — бясконцы напамінак: як трэба жыць. 3 ёй звязана ўсё самае дарагое, роднае. Яна — высокі ідэал жанчыны-маці, перад якой паэт самазабыўна схіляе галаву. Маці і матчына хата ў барадулінскім уяўленні — цэнтр свету і сімвал паразумення:
матчына хата слухае,
ці ўсё на зямлі спакойна?..
Маці была жывой душой хаты. Са шчырым замілаваннем, сціпла і велічна паэт называў маці толькі «мама». Сапраўды, ён не тое што апавядаў пра маці — маліўся на яе. «А мама багіняй была». На думку Васіля Быкава, «барадулінскае маленне аб маці набліжаецца да каталіцкага абагаўлення мадонны, тым самым узвялічваючы духоўную сутнасць нашай паэзіі». Вобраз Маці ў Барадуліна жыве пад знакам Вечнасці (Паводле часопіса «Крыніца»).
Дэманструюцца слайды з выявамі помніка Маці-патрыётцы.
Вядучы. Помнік маці, што праводзіла на вайну сваіх сыноў, ведаюць не толькі жыхары нашага горада. Гэтая жанчына, якая стала правобразам маці-патрыёткі, — Анастасія Фамінічна Купрыянава. У вылітай з бронзы постаці жанчыны і яе сыноў бачыцца не толькі Анастасія Фамінічна, а і тысячы іншых мацярок, якім выпала на долю не прычакаць сваіх дзяцей з вайны. Гэта збіральны, абагульняльны вобраз-сімвал.
Вядучая. «Маці! Адна ты!.. А вас жа — мільёны...» — так казаў пра лёс сваёй маці- пакутніцы паэт Пятрусь Броўка. Яна загінула ў гады Вялікай Айчыннай вайны, не вярнулася з канцлагера «Асвенцым».
Вядучы.
Не дачакаўшыся сыноў адтуль —
3 вайны вялікай, з прорвы апраметнай,
Сышлі ў магілу тысячы матуль — Марыль,
Парасак, Кацярын, Настуль —
Сышлі звычайна, ціха, непрыкметна,
Як і жылі пад зоркай пракаветнай...
Што ў міг апошні думалі яны?
Што іх дзяцей не будзе ля труны.
Ніл Гілевіч. «Не дачакаўшыся сыноў а д т у л ь...».
Вядучая. Помнікі матулям, мацярынству ёсць у многіх краінах і гарадах.
Вучні, якія атрымалі папярэдняе заданне, выкарыстаўшы інтэрнэт, падрыхтаваць невялічкі слайд-фільм, дэманструюць яго.
Вядучая. Згодна са звычаямі беларусаў, да маці, як да бацькі і да старэйшых увогуле, існавалі паважлівыя адносіны. Да сённяшняга дня ў некаторых мясцінах Беларусі захаваўся зварот на «Вы» да бацькоў.
Вядучы. Маці трэба шанаваць, нельга гаварыць ёй грубыя, крыўдныя словы, тым больш абражаць яе. Гэта адзін з законаў народнай маралі. Давайце будзем заўсёды яго прытрымлівацца.
Вядучая.
Ад няшчасця ўратуе,
Добра ведаю я,
Маці, мама, матуля
Дарагая мая.
Вядучы.
Скажа праўду святую,
Добра ведаю я,
Маці, мама, матуля
Дарагая мая.
Вядучая.
Шчырай ласкай атуліць,
Добра ведаю я,
Маці, мама, матуля
Дарагая мая.
Генадзь Бураўкін.
«Песня пра маці» (урывак).
Гучыць песня на словы Н. Мацяш «Калыханка маме ».

Спіс выкарыстанай літаратуры

Астраух, А. Асацыяцый караваны / А. Астраух // Крыніца. — 1996. — № 7 (22). — С. 63—71.
Барадулін,Р. Збор твораў / Р. Барадулін. — Мінск : Маст. літ., 1998. — Т. 2. — 381 с.
Бураўкін, Г. Выбраныя творы : у 2 т. / Г. Бураўкін. — Мінск : Маст. літ., 1986. — Т. 2. — 287 с.
Калыханка маме. Сл. Н. Мацяш, муз. I. Вінаградавай // Роднае слова. — 1995. — № 3. — С. 77—78..
Мама — сонейка маё... : вершы, песні / уклад. М. А. Маляўка. — Мінск : Маст. літ., 2009. — 118 с.

Яшчэ на гэту тэму:

Любоў да маці свет трымае     Маё сэрцайка – для маці