сцэнарыі святаў на беларускай мове

В. Ф. КАВАЛЕЎСКАЯ, настаўніца вышэйшай катэгорыі Дзісненскай сярэдняй школы Міёрскага раёна. Беларуская мова і літаратура 8/2017

«Зямля пад белымі крыламі...»

Літаратурна-музычная кампазіцыя для вучняў VI—VIII класаў

Мэта: стымуляваць пазнавальную актыўнасць вучняў, з дапамогай мастацкага слова дзейсна ўплываць на іх пачуцці і думкі, спрыяць фарміраванню патрыятычнага светапогляду; абуджаць цікавасць да гістарычнага мінулага і культурнай спадчыны; выхоўваць пачуццё гонару за Радзіму, за свой народ.
Форма правядзення: завочнае падарожжа з выкарыстаннем экспазіцыі школьнага музея.
Абсталяванне: мультымедыйная прэзентацыя, экспанаты школьнага музея.
Эпіграф:
Прыедзь у край мой ціхі,
Тут продкаў галасы,
Тут белыя бусліхі
I мудрыя лясы.
Яўгенія Янішчыц.

Ход мерапрыемства

Гучыць песня «Спадчына» (сл. Янкі Купалы, муз. I. Лучанка).
Першы чытальнік (выконвае верш Валянціна Лукшы).
Над Белай Руссю —
Белы бусел
3 даверам выпрастаў крыло.
А гэта значыць,
Белай Русі
Прасцяг ашчодраны святлом.
Над Белай Руссю —
Белы бусел
Ладуе спраўнае гняздо.
А гэта значыць,
Белай Русі
Жыць, нібы поўны песень дом.
Над Белай Руссю —
Белы бусел
Галубіць прагных птушанят.
А гэта значыць,
Белай Русі
Не ведаць чорных бур і страт.
Над Белай Руссю —
Белы бусел
3 бусліхай ў вышыні нябёс.
А гэта значыць,
Белай Русі
Наканаваны шчасны лёс.

Першы вядучы. Дарагія сябры! Шаноўныя госці! Сёння ў нас незвычайнае падарожжа па беларускай зямлі. На некаторы час адыдзем ад паўсядзённасці і перанясёмся з мінулага ў сучаснае нашай краіны.
Другі вядучы. Наш родны беларускі край! Ты прыгожы і непаўторны сваімі чароўнымі краявідамі, стужкамі рэк, блакітам азёр, урачыстым пошумам лясоў, неабсяжным прасторам лугоў і палёў. Ты слаўны сваёй мужнай гісторыяй, багатай культурай, працавітымі людзьмі. Ты наша неацэнная спадчына, услаўленая ў шчырай, прамоўленай сэрцам паэзіі.
Першы вядучы (выконвае ўрывак з верша «Беларусі» Генадзя Бураўкіна).
У любові да цябе я не раз буду клясціся.
Не таму, каб ты помніла клятву маю.
Проста, дзе ні пабуду —
у Смаргоні ці ў Клясціцах, —
Я ўсё болей цябе пазнаю.
Пазнаю цябе юнаю і старажытнаю,
У сузор’ях агнёў і ў паводках бяроз.
Колькі раз кожным нервам сваім, кожнай жылкаю
Перажыў я твой мужны і велічны лёс!..

Гучыць песня «Беларусь мая» ў выкананні Данчыка.

Другі вядучы. Паглядзіце на карту Беларусі. Прыгожы кляновы лісток нагадваюць абрысы нашай краіны. Яе тэрыторыя каля 208 тыс. кв. кіламетраў. Беларускія землі славяцца гарадамі і вёскамі, рэкамі і азёрамі, багатымі палеткамі і прыгожымі лясамі.
Першы вядучы. Але галоўнае багацце любой краіны — яе людзі, якія жывуць тут, ствараюць новыя матэрыяльныя і духоўныя багацці, зберагаюць іх, каб перадаць нашчадкам.
Другі чытальнік (выконвае ўрывак з верша «Дзе мой край?» Уладзіміра Караткевіча).
Дзе мой край?
Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,
Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,
Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы
I вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.
Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,
Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель...
Там, дзе сэрца маё з першым крокам, як молат, заб’ецца,
Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.
Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,
Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў,
Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,
I бары-акіяны, і неба — разлівы ільноў.
Дзе мой край? Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,
Што за поліўку носяць ярмо
ў безнадзейнай турме,
Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,
А мужчыны, як скалы, — ударыш, і зломіцца меч.
Дзе мой край? Там, дзе мудрыя продкі у хвоях паснулі,
Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,
А дзяўчаты, як дождж залаты.
А сівыя матулі,
Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.
Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,
Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.
Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,
Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.

Відэазапіс песні «Я шаную цябе, Беларусь» у выкананні Анастасіі Жабко.
Першы вядучы. Вясной над нашай краінай, распасцёршы белыя ветразі крылаў, кружляюць буслы. Іх многія і многія тысячы. I таму ў гэтыя, і не толькі ў гэтыя, дні зямлю нашу, Беларусь, можна назваць «зямлёю пад белымі крыламі». У пэўнай ступені бусел — сімвал Беларусі.
Другі вядучы. Нашу Радзіму яшчэ называюць краінай блакітных азёр, іх у Беларусі больш за дзесяць тысяч.
Першы вядучы. Зірніце на карту — Заходняя Дзвіна, велічны Дняпро, Нёман, Прыпяць, Браслаўскія азёры, Нарач, Свіцязь...
Другі вядучы. Беларусы будавалі свае паселішчы каля вады. На месцы зліцця дзвюх рэк, дзе меншая рака ўпадала ў большую, узводзілі гарады-крэпасці і давалі ім назву адной з рэк. На Палаце і Заходняй Дзвіне ў IX ст. узнік адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі — Полацк, на Віцьбе — Віцебск, на Піне — Пінск, на Гараднічанцы — Гродна, а на Заходняй Дзвіне і Дзісне быў заснаваны наш з вамі родны горад Дзісна.
Першы вядучы. У 1500 годзе Дзісна становіцца цэнтрам павета ў складзе Полацкага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Горад рос вельмі хутка. Ён меў свой герб, некаторыя льготы, а праз некаторы час атрымаў і Магдэбургскае права.
Другі вядучы. У 1795 годзе Дзісна становіцца павятовым цэнтрам Мінскай губерні, а з 1842 г. — Віленскай. У часы Кацярыны II горад займеў новы герб: на зялёным полі залаты сноп ільну, з уваходам у Віленскую губерню дадалася ў верхняй частцы «Пагоня».
Трэці чытальнік (выконвае верш Генадзя Дзямешкі «Дзісна» ).
Дзе ціха зліваюцца воды Дзісёнкі
3 хваляй Заходняй Дзвіны,
Стаіць старадаўні наш горад,
Што выжыў з апошняй вайны.
Тут з шумам праносяцца тоўстыя крыгі,
Калі падступае вясна.
Крыштальныя воды для Рыгі
Шле ў падарунак Дзісна.
Мой горад меў герб, Магдэбургскае права.
Ён рос, прыгажэў, бы вясна.
Хоць войны накатвалі чорнай навалай,
Стаяла стагоддзі Дзісна.
Палегла тут вояў крывіцкіх нямала,
Каб гораду славу і волю вярнуць,
Дык будзем жа мы шанаваць аб іх памяць.
Той памяці хвалі з вадой не сплывуць.

Першы вядучы. Да 1904 года ў Дзісне 9113 жыхароў, была бальніца, аптэка, працавалі 3 урачы, 2 акушэркі, 7 фельчараў. У чатырох пачатковых школах займалася 700 дзяцей. Дзейнічала бібліятэка...
Другі вядучы. У той час, на пачатку XX стагоддзя, абудзілася і шырылася цікавасць да нацыянальнай культуры і мастацтва. У 1907 г. Ігнат Буйніцкі арганізаваў тэатральную трупу, якая першую гастрольную вандроўку пачала з Дзісны. Гэтае выступленне потым газета «Наша ніва» назаве «вялікім нацыянальным святам». У праграму ўваходзілі камедыя «Модны шляхцюк», вершы Янкі Купалы, народныя песні. А калі пачаліся беларускія танцы, уся зала патанула ў воплесках...
Першы вядучы. У легендзе пра тое, як Бог дзяліў землі між народамі, ёсць прарочыя словы: «Людзі, вы будзеце таленавітыя, на музыку, песні, вершы — здатныя...» I гэта сапраўды так.

Гучыць песня «Родны мой горад» у выкананні ансамбля «Верасы».
Другі вядучы. Самае старадаўняе княства, аб якім мы ведаем з летапісаў, — Полацкае. Полацк — самы старажытны горад Беларусі. Летапісцы паведамляюць, што ён існаваў ужо ў 862 годзе.
Першы вядучы. Першыя вядомыя нам прозвішчы князёў — Рагвалод і яго дачка Рагнеда. Яе называюць княжной з трыма імёнамі: Рагнеда, Гарыслава, Анастасія. А потым было на нашай зямлі шмат розных падзей. Ствараліся і развальваліся вялікія дзяржавы, прыходзілі са зброяй чужынцы і з ганьбай адыходзілі. Але, нягледзячы ні на што, нашы продкі пакінулі нам у спадчыну родную зямлю.
Другі вядучы. А цяпер прапануем вашай увазе агляд помнікаў архітэктуры Беларусі.

Паказ прэзентацыі «Помнікі архітэктуры Беларусі» (Сафійскі сабор, Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку, Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродна, Камянецкая вежа, Мірскі замак, Нясвіжскі замак і інш.).

Першы вядучы. Беларусь можа ганарыцца імёнамі выдатных дзеячаў, якія нарадзіліся на гэтай зямлі. Полацк даў Беларусі і ўсяму свету шмат выдатных людзей. Мы заўсёды будзем помніць імя асветніцы Ефрасінні Полацкай, якая выбрала шлях служэння Богу і народу. У манастыры яна перапісвала і распаўсюджвала кнігі Бібліі, адкрыла школу для дзяцей. Пабудавала цэрквы Святога Спаса і Святой Багародзіцы ў Полацку. Па яе замове майстрам Лазарам Богшам быў зроблены крыж — выдатны помнік прыкладнога мастацтва старажытнасці, названы пазней крыжам Ефрасінні Полацкай.
Другі вядучы. Францыск Скарына з’яўляецца сімвалам усёй беларускай культуры эпохі Адраджэння. Ён першы, хто ва Усходняй Еўропе распачаў кнігадрукаванне і зрабіў кнігу даступнай вялікаму колу людзей. У Празе ў 1517 годзе заснаваў першую друкарню. Там 6 жніўня 1517 года ў свет выйшаў яго «Псалтыр». Скарына пакінуў яркі след і як філолаг, перакладчык, філосаф, пісьменнік-публіцыст, пачынальнік новых жанраў літаратурнай творчасці (прадмова, пасляслоўе, гімн, верш).
Чацвёрты чытальнік (выконвае верш «Францішак Скарына» Юрася Свіркі).
Сусветную славу яму здабылі
Кнігі, якія жывуць у стагоддзях.
Першадрукар беларускай Зямлі
I слова народнага першапраходзец.
Роднае Слова адчуў ён душой,
Яно асвяціла і думкі, і сэрца.
Маладзіком над Зямлёй узышоў,
Якая спрадвек Беларуссю завецца.
Схіляўся над кнігамі, як чарадзей,
Іх выдаў у Вільні і ў Празе нямала.
Кніжную мудрасць ён нёс для людзей,
Каб мудрасці гэтай святло не згасала.
Слава Францыска не ведае меж,
Птушкай яна абляцела краіны.
Новую кнігу ты ў рукі бярэш —
I адгукаецца рэхам: Скарына.

Першы вядучы. Сціплы, добры і гасцінны наш народ. Багаты, шчодры і прыгожы наш край. Славіцца ён і народнай творчасцю. Зробім з вамі падарожжа ў беларускую вёску і звернем увагу на экспанаты школьнага музея, якія з дапамогай экскурсаводаў раскажуць нам пра тое, як жылі нашы продкі.
Выступленні экскурсаводаў.
Пяты чытальнік (выконвае верш Генадзя Пашкова).
Зямля мая, зялёная расінка,
і чую я, акрылены вясной,
пчалой гудзе світальная галінка
і пахне дзень праталінай лясной.

Усе збіраю колеры і гукі
і сэрцам вывяраю пачуццё.

...Як матчыны, маёй Радзімы рукі
два зерні сеюць — роднасць і жыццё.

Выконваецца танец і песня «Полька беларуская» (сл. Л. Дранько-Майсюка, муз. I. Лучанка ).
Другі вядучы. Давайце назавём імёны пісьменнікаў, якія ў творах і сваёй дзейнасцю праславілі нашу краіну: Францішак Багушэвіч, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, Кузьма Чорны, Максім Танк, Алесь Адамовіч, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Святлана Алексіевіч і інш.

Па праву мы можам ганарыцца імёнамі знакамітых сучаснікаў, якія сваімі поспехамі праславілі нашу краіну.

Першы вядучы. Чэмпіёны з Беларусі — Аляксандр Мядзведзь, Вольга Корбут, Віталь Шчэрба, Ігар Макараў, Юлія Несцярэнка, Максім Мірны, Вікторыя Азаранка, Дар’я Домрачава, Аляксей Грышын, Сяргей Мартынаў, Руслан Салей і інш.
Другі вядучы. Вядомыя вучоныя з Беларусі — Ігнат Дамейка, знакаміты геолаг; Соф’я Кавалеўская, першая ў свеце жанчына — прафесар матэматыкі; Жарэс Алфёраў, удастоены Нобелеўскай прэміі па фізіцы; Павел Сухі — савецкі авіяканструктар...
Першы вядучы. Вядомыя касманаўты з Беларусі — Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак.
Другі вядучы. Вядомы ва ўсім свеце мастак Марк Шагал.
Першы вядучы. Вядомыя дзеячы культуры, акцёры — Стэфанія Станюта, Расціслаў Янкоўскі, Генадзь Аўсяннікаў, Сяргей Журавель, Аляксандр Дзядзюшка, Павел Харланчук, Анатоль Кот, спевакі — Уладзімір Мулявін, Юрый Антонаў, Анатоль Ярмоленка, Леанід Барткевіч, Алёна Свірыдава, Аляксандр Рыбак і інш.

Гучыць песня «Жураўлі на Палессе ляцяць» (сл. А. Ставера, муз. I. Лучанка).
Шосты чытальнік (выконвае верш Ніла Гілевіча ).
Паклон табе, мой беларускі краю!
Ты — мой, я — твой: ад роду і навек.
Я зноў і зноў да сэрца прыкладаю
Твой ліст дубовы — як чароўны лек.

За хлеб, што ем, за песні, што спяваю,
За шчасце звацца іменем тваім —
Паклон табе, мой беларускі краю!
Ты — мой, я — твой: усюды і ва ўсім!

Другі вядучы. Беларусы шануюць не толькі сваю культуру, але і паважаюць культуру іншых народаў.
Выконваюцца танцы «Валенки» і «Казачок».
Першы вядучы. Прадоўжым наша падарожжа? Так, давайце завітаем у Віцебск. Гэты горад размясціўся на берагах вялікай ракі — Заходняй Дзвіны. Ён быў заснаваны ў 974 годзе. Зручнае месцазнаходжанне на гандлёвым шляху «з варагаў у грэкі» спрыяла хуткаму развіццю горада. Менавіта ў гэтым горадзе быў пушчаны першы трамвай, тут працаваў сусветнавядомы мастак Марк Шагал.
Другі вядучы. А цяпер? Віцебшчына — гэта азёрны край, а Віцебск — абласны цэнтр, які кожны год збірае «Славянскі кірмаш»: вядомыя, таленавітыя людзі не толькі з Беларусі, але і з усяго свету наведваюць гэты прыгожы горад.
Сёмы чытальнік (выконвае верш Ларысы Геніюш).
Благаславенны край наш, ад азёраў сіні!
Лугоў раздолле ды шырокі стэп,
Сынам даючыя жыццё жанчыны
I нівы, родзячыя хлеб...

Благаславенныя лясы нашы і рэкі,
Наш белы сад, блакітныя ляны,
Благаславенныя заўсёды і навекі
Краіны нашай верныя сыны...

Адвечныя шляхі маёй айчыны,
Мячы і кнігі Белае Русі
I гарады, дзе родзяцца Скарыны,
Сялібы, скуль выходзяць Кастусі...

Благаславенныя старыя ў пушчах дрэвы
I мовы роднай найсвяцейшы скарб,
Старой зямлі старэйшыя напевы
I продкі нашы, што ў курганах спяць...

Першы вядучы. Наша мінуўшчына — гэта тая крыніца, да якой з прагнасцю прыпадзе стомлены няблізкай дарогай вандроўнік, каб наталіць смагу, каб набыць упэўненасць, каб адчуць сябе чалавекам на сваёй зямлі.
Другі вядучы. А што ж з’яўляецца сэрцам Беларусі?
Восьмы чытальнік (выконвае верш «Сэрца Беларусі» Пятра Ліпая).
Дзе Свіслач срабрыцца між долаў,
А шлях — на Маскву ды Парыж,
У цэнтры Еўропы, наш горад —
Зямлі беларускае волат
Нязломны, спрадвек ты стаіш.

Узнёсся ў праспекце Скарыны
Твой воблік славянскай красы —
Прыветны, руплівы, гасцінны,
Пад сцягам свабоднай краіны
На ўсе блаславёны часы.

Абеліск у высь глядзіцца,
Звон Сабора над гарой:
«Слаўся, Мінск — краса-сталіца!
Слаўся, Мінск — горад-герой!»

У памяці дзень вызвалення —
I радасць, і плач між руін...
Як доўга чакаў ты збавення!
Змагаўся, не стаў на калені,
Народа няскорнага сын.

Прад Вечным агнём пакланюся...
Мінск! Мужны твой подзвіг не згас.
3 табой мы у шчасці і скрусе.
Ты — сэрца святой Беларусі,
Ты ў сэрцы кожнага з нас!

Гучыць песня «Люблю цябе, Белая Русь» (сл. У. Карызны, муз. Ю. Семянякі).

Першы вядучы. Шляхі... Аднак не заўсёды яны радасныя і шчаслівыя. Пройдзем сёння дарогай памяці. Нельга забываць трагічнае мінулае, яго трэба ведаць, каб глыбей адчуць і шчасце заваяванага міру, і радасць Вялікай Перамогі. Мінулае... Яно ніколі не мінае бясследна. Асабліва калі гэтае мінулае — ВАЙНА. Нават калі ты сам не перажыў яе, а ведаеш пра той мужны і суровы час толькі з кніжак, кінафільмаў, успамінаў родных і блізкіх людзей, ветэранаў.
Другі вядучы. Год 1941-ы... Першымі прынялі на сябе варожы ўдар воіны Брэста і Брэсцкай крэпасці — цытадэлі над Бугам. Сярод абаронцаў Брэсцкай крэпасці былі рускія і беларусы, украінцы і грузіны, казахі і татары, армяне і ўзбекі, людзі больш як трыццаці нацыянальнасцей. Ваенны час — цяжкі і суровы. Людзі ўпершыню глыбока адчулі, што такое братэрства, дружба людзей і цэлых народаў.
Не толькі дарослыя, але і дзеці спазналі, што такое вайна.
Дзявяты чытальнік (выконвае верш «Дзеці вайны» Пімена Панчанкі).
Ім не спявалі маткі калыханкі,
Яны не чулі казак ад дзядоў,
Палохаў іх ахрыплы голас танка,
Трывожыў іх журботны енк удоў.

Яны не плакалі бяссоннымі начамі,
Калі ад бомбаў неслі іх у склеп.
I словы першыя, якім іх навучылі,
Былі пра немцаў, пра вайну і хлеб.

Заціхнуць бітвы. Вораг будзе знішчан.
I дзеці прычакаюць таго дня,
Калі з-пад воблака ўпадзе на папялішчы,
Як цёплы дождж, густая цішыня.

Нясмела з хат яны у поле выйдуць,
Каб першы раз спакойна у жыцці
Палюбавацца родным краявідам,
Паслухаць звон рачулкі у трысці.

Пі пах лугоў, красой гаёў любуйся!
I ўсё ж іх сэрцы задрыжаць не раз:
Ім здасца самалётам першы бусел,
Пажарам здасца першая зара.

Лагодны гром за дальняю дубровай
Напомніць ім пра жах бамбардзіровак.
I часта, часта ў чыстыя іх сны
Ўрывацца будуць галасы вайны.

Першы вядучы. 22 сакавіка 1943 года ашалелыя карнікі ўварваліся ў вёску, спалілі 26 хат разам з людзьмі, усяго — 149 чалавек, з іх — 76 дзяцей. Надпіс на мемарыяльнай сцяне Хатыні наступны: «Людзі добрыя! Помніце. Мы любілі жыццё, і радзіму, і вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: хай жальба і смутак абернуцца ў мужнасць і сілу...»
Другі вядучы. Сёння з намі гаворыць сама Гісторыя, гаворыць Подзвіг, гаворыць вечная Памяць пра людзей, якія згарэлі ў пякельным агні вайны, памерлі ад голаду, здзекаў, былі закатаваныя фашыстамі.
Дзясяты чытальнік (выконвае ўрывак з верша «Рэквіем па кожным чацвёртым» Анатоля Вярцінскага).
Кожны чацвёрты быў мёртвы —
мір і спакой ім вечны!
Кожны трэці быў змораны,
скалечаны і знявечаны.

Кожны другі на целе
меў раны, апёкі ці шрамы.
I ўсе мы, усе мы мелі
на душы сваёй раны.

Зеўралі ямы, траншэі,
Зеўралі печы ў друзе —
ранай адной страшэннай
на целе маёй Беларусі.

Гучыць песня «Два полі» (сл.А. Вярцінскага, муз. Э. Ханка).

Хвіліна маўчання.
Адзінаццаты чытальнік (выконвае верш «Не трэба вайны» Петруся Броўкі).
Мы дзеці вялікай і мужнай зямлі,
Мы з думай аб міры і шчасці ўзраслі,
Мы хочам зямлю даглядаць, засяваць,
Мы хочам свае гарады будаваць,

Мы хочам, каб кожны ў радасці жыў,
Каб кожны дзяцей гадаваў і вучыў,
Мы клічам на свеце з’яднацца сяброў,
Каб полымя бойкі не ўспыхнула зноў.

Таварыш! Сягоння ў нас думы адны:
Мір нам патрэбен,
Не трэба вайны!

Першы вядучы. Будучыня нашай краіны ў імкненні да ідэалаў. А ідэалам нашай краіны з’яўляецца шчаслівая і квітнеючая Беларусь. Вельмі шмат залежыць і ад нас саміх. Гэта ў казцы ўсе жаданні здзяйсняюцца па ўзмаху чароўнай палачкі. А ў жыцці галоўны чарадзей — праца. Каб казка стала быллю, трэба старанна вучыцца, быць сумленнымі, смелымі, дужымі, паважаць старэйшых і без стомы рабіць добрыя справы. I самае галоўнае: любіць і берагчы нашу цудоўную Беларусь, ганарыцца сваім народам і яго гісторыяй.
Другі вядучы. Не бойцеся быць першапраходцамі ў любой справе. Не адступайце перад цяжкасцямі. Смела імкніцеся і стварайце, будзьце прыкладам заўсёды і ва ўсім.
Першы вядучы. Вось і скончылася наша падарожжа. Мы гаварылі пра наш народ і край. Такім чынам, мы разгарнулі яшчэ адну старонку гісторыі Беларусі. А веданне гісторыі роднай зямлі, зямлі нашых дзядоў і прадзедаў лучыць нас з Бацькаўшчынай і дае права адчуваць сябе беларусамі, гаспадарамі нашай зямлі, якая будзе жыць вечна.
Другі вядучы. Родны край — частка Сусвету. Паглядзіце на глобус, мадэль нашай Зямлі. Такой маленькай і такой вялікай. Яна ў нас адна, нам трэба яе берагчы, захоўваць спадчыну продкаў, ведаць і шанаваць гісторыю.
Дванаццаты чытальнік( выконвае заканчэнне верша «Дзе мой край?» Уладзіміра Караткевіча ).
Ты — наш край.
Ты — чырвоная груша над дзедаўскім домам,
Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць,
Ты — наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому
Не дамо абсмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць.
Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі
I апошняй раллёй, на якую ўпадзём у журбе.
Мы клянёмся табе, што ніколі,
Ніколі,
Ніколі,
Так,
Ніколі не кінем,
Не кінем,
Не кінем цябе.

Гучыць песня «Гэта Беларусь мая» (сл. I. Круглік, муз. Я. Завадскага).

Спіс выкарыстанай літаратуры:

Бутрамееў, У. Вялікія і славутыя людзі зямлі беларускай / У. Бутрамееў. — 3-е выд. — Мінск : БелЭн, 2002. — 128 с.
Гісторыя Мінска = История Минска / У. А. Бабкоў і інш. — Мінск : БелЭн, 2006. — 694 с.
Мы беларусы : вершы / склад. Я. Міклашэўск?. — Мінск : Маст. літ., 1988. — 310 с.
Памяць: гіст.-дакум. хроніка Міёрскага раёна. — Мінск : Беларус. навука, 1998. — С. 19—146.
Росквіт рэспублікі маёй = Расцвет республики моей: да 40-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў : фотаальбом / склад. і аўтар тэксту Б. В. Стральцоў. — Мінск : Беларусь, 1984. — 302 с.
Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь = Я — гражданин Республики Беларусь. — Мінск : Пачатк. шк., 2008. — 287 с.