сцэнарыі святаў на беларускай мове

Т. I. МЯТЛЮК, настаўніца Кушлікоўскай СШ Полацкага раёна Віцебскай вобласці. Пачатковае навучанне 2012/2

Свята бабулінага пірага

Мілым бабулям прысвячаецца

Зала святочна прыбрана кветкамі, плакатамі, ма люнкамі. Галоўныя госці — бабулі. Іх запрасілі дзеці, якія прыгатавалі прыгожыя запрашэнні і падарункі. Бабулі прынеслі розныя прысмакі для святочнага стала.

1-шы вучань.
Сонейка вясновае
Глянула з-за хмар.
Лічбаю чырвонаю
Ззяе каляндар.
2-гі вучань.
Напішу алоўкамі —
Я пісаць прывык:
Мама і бабулечка,
Восем, сакавік.
3-ці вучань.
Сонейка вясновае,
Не хавайся ў цень,
Каб асветлен радасцю
Быў святочны дзень.
4-ты вучань.
Сёння ў нашым класе свята!
I гасцей як тут багата!
Усіх на свята запрашаем
I сардэчна ўсіх вітаем, —
I дарослых, і дзяцей,
I шаноўных ўсіх гасцей.
Шанаванне добрым людзям,
Хай вам радасці прыбудзе!

Песня «8 Сакавіка»
Муз. і сл. А. Жураўскага

Сёння дзень які, —
Мамы і бабулі
К нам у клас прыйшлі.
Рады, вельмі рады
Любым, дарагім.
Як ніколі шчыра
Заспяваем ім.
Мамы і бабулі,
Мы віншуем вас.
Прыгажэй на свеце
Вы за ўсіх для нас.
Сёння дзень адметны,
Сёння дзень які, —
Мамы і бабулі
К нам у клас прыйшлі.

Вядучы.
Адкажыце, дзеткі,
Адкажыце, дзеці,
Хто за ўсіх раднейшы
Вам на цэлым свеце? (А. Заблоцкі.)
1-шы вучань.
Ёсць у кожнага на свеце
Самы любы чалавек:
Ён у хаце -- сонца свеціць,
I яго мы любім век.
2-гі вучань.
То бабуля дарагая,
3 ёй не знаем мы бяды:
I прыгожая такая,
I ласкавая такая,
Клапатлівая заўжды. (Я. Крупенька.)
3-ці вучань.
Павіншуем жа сваіх
Бабуль любімых, дарагіх.
Дружна песню заспяваем,
Дружна шчасця пажадаем,

Песня «Бабулька»
Муз. С. Галкінай, сл. Н. Галіноўскай.

Любіць нас і разумее,
Усё ведае, умее.
Нам заўсёды добра з ёй —
Бабкай роднаю сваёй.
Прыпеў.
Вельмі весела сёння спяваем
Нашай дружнай вялікай сям’ёй.
Гэту песеньку мы прысвячаем
Даражэнькай бабульцы сваёй.
Прыпеў.
3 ёй усё нам зразумела,
3 ёй усё мы робім смела,
На пытанне дасць адказ,
3 ёй сябруе кожны з нас.
Прыпеў.

Вядучы.
«Добры дзень!» — гасцей вітаем,
Усіх на свята запрашаем.
I ў дзянёк гэты вясновы
Шчырыя гаворым словы
Для бабулек дарагіх.
Сёння мы віншуем іх
I жадаем у гэты дзень,
Каб няшчасця чорны дзень
Не кранаў іх аніколі.
Зычым усмешак вам паболей,
Каб не ведалі вы болю
Каб унукі вас любілі,
Вамі вельмі даражылі.
I каб толькі ад смяшынак
Вам прыбавілася маршчынак.
Вучань.
Прыміце ж, родныя,
Са святам віншаванні
I песню звонкую
У нашым выкананні.

Песня «Бабуліны вочы»
Муз. А. Чыркуна, сл. М. Чарняўскага.

Ці то нядзеля, ці то будзень
Я сплю спакойна па начах —
Мяне бабуля ў школу будзіць,
Смяецца сонейка ў вачах.
Яе пагляд цяплом здзіўляе,
Бы шэпча мне: «У добры час!»
Бабуля ў школу выпраўляе,
Смяецца сонейка ў вачах.
Вачэй бабуліных іскрынкі
Мне свецяць ласкай, дабрынёй.
Каб не найшла на іх хмурынка,
Я пакажу ёй дзённік свой.

Вучні чытаюць вершы.
Я бабулечку сваю
I шкадую, і люблю.
У яе нямала працы
На рабоце і ў хаце,
Адпачынку ёй няма,
I стамляецца яна.
Я стараюся не шкодзіць,
Але штосьці не выходзіць:
Завязаўся ў шапцы вузел,
Абарваўся ў куртцы гузік,
I запэцкана кашуля —
Зноўку праца для бабулі.
Слова сам сабе даю:
«Больш я гэтак не зраблю!»
Ты, бабуля, не зважай,
Толькі трошкі пачакай.
Два гады ці больш міне —
Не пазнаеш ты мяне.
Прыйдзеш вечарам з работы,
I няма табе работы:
Чыста ўсё, усё прыбрана,
І вячэра згатавана.
Аб рабоце распытаю,
Табе казку пачытаю,
На гадзіннік пагляджу:
— Вельмі позна, — я скажу.
Ты кладзіся хутка спаць,
Бо ранюсенька ўставаць.
А каб добра засынала,
Буду песеньку спяваць. (I. Шаўчук.)

Бабуля спявала Вячэрнюю песню:
— Расці, мой унучак,
Пад сонейкам веснім,
Пад сонейкам летнім,
Асеннім, зімовым.
Расці ты разумным,
Прыгожым, здаровым.
Хай сэрца тваё
Будзе добрым і чуйным.
Яшчэ, мой няўрымслівы,
Вельмі хачу я,
Каб гэтую песню
I родны парог
Нідзе і ніколі
Забыць ты не змог. (Н. Галіноўская.)

«Калыханка для ўнукаў». Бабулі спяваюць любімыя калыханкі.

Вучні чытаюць вершы.
Мая бабуля добрая такая,
Мая бабуля проста залатая!
А ўжо так мяне бабулька любіць,
Кожны раз і песціць, і галубіць.
I да сэрца горне і мілуе,
I так шчыра, моцна пацалуе,
I прамовіць ласкавае слоўца,
I сама засвеціцца, як сонца. (Н. Гілевіч.)

Вясёлая, лагодная,
Руплівая яна,
I без яе ніводнага
Не пражыву я дня. (М. Пазнякоў.)

Песня «Бабулька»
Муз. В. Сарокіна, сл. Л. Пранчака.

Бабулечка,
Бабулька,
Люблю твае я казкі,
Цішэю і святлею
Ад слоў тваіх і ласкі.
Мяне ты называеш
Пяшчотнаю салоўкаю.
А я цябе, бабулька,
Заву сваёй сяброўкаю.
Табе дару я ружы,
Частую смачнай кавай.
Я вырасці жадаю Такой,
Як ты, ласкавай.
Бабулечка,
Бабулька,
Павер, на ўсёй планеце
Дабрэй, чым ты, —
Нікога
Няма на цэлым свеце!

Вучні чытаюць вершы.
Да матулькі мамінай
I матулькі татавай
Я іду з любоўю.
I матульцы мамінай,
I матульцы татавай
Зычу я здароўя.
I матульку маміну,
I матульку татаву
Буду шанаваці.
Мне матулька маміна
I матулька татава
Родныя, як маці. (В. Жуковіч.)

Чуў я пра крыніцу шчасця,
Піў з крынічанькі ваду.
А яшчэ з адной крынічкі
Чэрпаю я дабрыню.
А крынічка гэта побач,
I ў ёй столькі цеплыні —
Ў сэрцы роднай мне бабулі
Ёсць крынічка дабрыні.
Дабрыня бабулі грэе,
Нібы сонейка цяпло.
I з бабуляй мне ніколі
Яшчэ сумна не было.
А калі мяне пахваляць —
Я скажу вам без хлусні:
Кінула бабуля ў сэрца
Мне зярняты дабрыні. (Я. Жабко.)

Настаўнік. Дарагія бабулі! Як мы рады вас сёння бачыць на нашым свяце! Усё лепшае пачынаецца з сям’і, матулі, бабулі. Як добра, што ў нашых вучняў ёсць такія цудоўныя родныя людзі. Мы жадаем вам здароўя, поспехаў ва ўсіх справах, а таксама заставацца заўсёды прыгожымі і маладымі. Давайце пазнаёмімся з вамі крыху бліжэй.
— Кім вы працавалі?
— Кім марылі стаць у маладосці?
— Чым вы любіце займацца ў вольны час?
— Колькі ў вас унукаў?
— Раскажыце пра самае шчаслівае імгненне ў вашым жыцці.

ХлопчыкІ чытаюць па адным радку.
Як жа не любіць нам вас,
Нашы самыя родныя, самыя дарагія!
У гэты дзень ва ўсіх мужчын
Для хвалявання сто прычын.
Якія кветкі падарыць?
I чай як добра заварыць.
Колькі ў кашу класці круп?
Што насыпаць у суп?
I як посуд трэба мыць?
Што на свята падарыць?

Дзеці ўручаюць бабулям падарункі, зробленыя сваімі рукамі.

Вядучы. Пяшчотна любіце і цаніце сваіх бабуль, матуль, не рабіце ім балюча сваімі словамі і учынкамі, будзьце добрымі і ласкавымі ўнукамі і дзецьмі, дапамагайце ім ва ўсім.

Вучні чытаюць вершы.
Ледзь бабуля ў кватэру —
Да яе спяшае Вера.
I дакладвае ёй сходу
Пра вялікую работу:
— Я вячэру згатавала!
(У муцэ чамусьці зала),
— Я працёрла стол (але
Пісягі на тым стале),
— Я мяла, як ты вучыла
(На тахце мятлу забыла),
— Я памыла сарафан
(У ванне — мора-акіян).
— Вось якая я чысцюля...
Разгубілася бабуля.
Думу думае: як быць?
Ці хваліць, ці не хваліць? (Г. Каржанеўская.)

Бабулю шкадаваў
Унучак Лёнік:
— Стамілася?
Ідзі прысядзь на ўслонік.
Я вымыю гаршчок і апалонік.
Яшчэ схаджу ў магазін,
Куплю смятаны слоік. (Д Бічэль-Загнетава.)

Бабуля пагнала
Гусей да ракі,
А Вова рашыў
Прапалоць буракі.
Бабуля прыйшла —
Хлопец проста аж ззяў,
Хоць чорна-зялёны,
Як градка стаяў.
— Чаму гэта брудны
Ты, унучак, такі?
— А я прапалоў
Табе ўсе буракі.
— Травы там няма,
Не кажы марных слоў.
— Дык я ж не траву —
Буракі прапалоў
І праўда,
Бабуля на градку
Пайшла —
Ні аднаго бурачка
Не знайшла. (У. Карызна.)

Дужа добра
Рана ўстаць,
Ложак свой
Самой заслаць.
У мяне сама
Мятла
Вымятае
Пыл з вугла.
Суп яшчэ магу зварыць,
Ды нашто сябе хваліць?
Хай пахваліць той мяне,
Хто хоць лыжку сербане. (Н. Галіноўская.)

Дзед цюльпаны палівае,
Пра цюльпаны я спяваю.
Робім мы ўсё з дзедам самі —
Мы бабулі памагаем. (Н. Галіноўская.)

У Марылькі — бабулька старая,
У бабулькі — ўнучка малая.
Устае бабулька на золку;
— Спі, мой цвецік, мая вясёлка,
Покуль я згатую сняданне...
А дзяўчынка ціхенька ўстане,
Прыбярэ свой ложак, пакой.
Да ўсяго дакранецца рукой.
Мыюць посуд, бялізну, анучкі
Залатыя Марыльчыны ручкі.
Чысцінёй і гасцінным святлом
Ззяе бабчын і ўнуччын дом.
Рада бабка: старанныя ручкі
У яе маленькай унучкі. (С. Пацёмкін.)

Песня «Бабчына памочніца»
Муз. В. Сярых, сл. К. Кірэенкі.

Вачаняткі — васілёк,
А валосікі — лянок,
Вось якая ў бабкі ўнучка —
Бабчына памочніца.
Ледзьве ранічкай прачнецца,
Хопіць звонкае вядзерца
I да студні — скокам-скок!
Бабчына памочніца.
Курак беленькіх напоіць,
Куранятак супакоіць:
— Не сумуйце, тут я, тут!
Кажа ім памочніца.

Конкурсная праграма для бабуль

Конкурс «Мой любімы ўнук». Бабулі з завязанымі вачыма навобмацак знаходзяць сваіх унукаў. Конкурс «Самы прыгожы банцік». Бабулі завязваюць сваім унучкам банцікі. Конкурс «Самае ласкавае Імя». Бабулі называюць ласкавыя імёны сваіх унукаў і ўнучак. Конкурс «Вучым урокі».
Вядучы. Часта, калі тата з мамай на працы, хатнія заданні ўнукам дапамагаюць выконваць бабулі. Давайце праверым, а ці ўмеюць нашы бабулі іх выконваць самастойна.

1-шы ўрок. Матэматыка

✓ Вылічыце: 2 + 6; 14 : 2; 6x6; 34 - 20.
✓ Задача. Певень важыць на адной назе 3 кг, колькі ён будзе важыць на двух нагах?
✓ Па вуліцы ішлі ўтраіх,
На сцежку завярнулі.
I ў дом зайшло колькі ўсіх?
Дзве мамы,
Дзве дачкі,
Пры іх —
3 унучкаю бабуля? (Р. Барадулін.)

2-гі ўрок. Беларуская мова

✓ Колькі літар у слове «ўнучка»?
✓ 3 якой літары пачынаецца алфавіт?
✓ Колькі цвёрдых гукаў у слове «бабуля»?

3-ці ўрок. Літаратурнае чытанне

✓ Як звалі курачку, якая «знесла» залатое яечка?
✓ Назавіце казкі, героямі якіх з’яўляецца кот.
✓ Якую песню спяваў непаслухмяны Пеўнік?

4-ты ўрок. Чалавек і свет

✓ Якую птушку называюць санітарам лесу?
✓ Якая птушка пры пералёце ў вырай выстаўляе пост аховы пры адпачынку і начоўцы, і каб не заснуць, вартавы бярэ каменьчык у дзюбу?
✓ Якая самая маленькая птушка на свеце?

5-ты ўрок. Вясёлы

✓ Ад чаго ў гусі чырвоныя лапы? (Ад кален.)
✓ Колькі гарошын можа ўвайсці ў шклянку? (Ніводнай, яны не ходзяць.)
✓ На якое дрэва садзіцца варона ў час дажджу? (На мокрае.)

Вядучы. Кожная бабуля ўмее шмат чаго рабіць і вучыць гэтаму сваіх унукаў.
Дэманстрацыя вырабаў, якія зрабілі бабулі.
Вучні чытаюць вершы.
У руках бабуліных пруткі —
Бліскавіц дзівоснае мільганне.
А клубкі, нібыта калабкі,
Тупаюць у кошыку ад рання.
У руках бабуліных пруткі...
Не пруткі — жывыя хабаткі.
Кожны рух — завучаны, бы ўрок.
! чаго, чароўныя, не зробяць!?
Звяжуць рукавічкі, світарок
I сукенку. У іх умення хопіць.
I на што ні глянуць — свой узор,
Колераў дзівосная вясёлка,
То ў лугоў надрэчных,
То — у золкаў.
У руках бабуліных пруткі.
Хіба прапушчу я ўрок такі?
Я падсела бліжэй да яе.
Я гатова, як яна, старацца.
— Дай, бабуля, мне пруткі свае,
Навучы, як з імі
Мне ўпраўляцца. (М. Чарняўскі.)

Іголачка, мая сяброўка,
Што ні дзень — працуе лоўка,
Каб цвілі зімой і ўлетку
На маёй сукенцы кветкі.
Мы пашылі для сястрычкі
Дзве прыгожыя спаднічкі.
А для браціка — штаны...
Не нахваляцца яны.
Хваліць мама мае ручкі,
Бабка цешыцца з унучкі,
Я смяюся:
— То ж не я,
То іголачка мая. (I. Кульская.)

На абрусах
I сурвэтках
Палымнеюць
Руж букеты.
Тут і пеўні, тут і гусі...
Вышывала іх бабуся —
Чараўніца.
— Наша бабка! —
Аж здзіўляецца
Агатка, —
Возьме ў рукі Палатно —
Ажывае ўраз Яно. (Л. Шырын.)

Мішава бабуля
Вышыла кашулю
Мішаваму тату,
Каб насіў на святы.
I Ганулі Міша
Кажа з захапленнем:
— Вышыванка выйшла
Ўсім на заглядзенне!
— Разумею, — кажа
Хлопчыку Гануля, —
Рукі залатыя
У тваёй бабулі.
Здзіўлены хлапчынка,
Бо няма нічога
На руках бабулі
3 а л а т о г а ! (В. Жуковіч.)

I Наташа, і Гануля
Завіталі да бабулі.
Госці ў хату — у хаце свята,
Мовіць бабка зухавата:
— Раз прыйшлі такія госці,
Смачнае спяку я штосьці.
Дастае муку, тварог.
— Пастараемся мы ўтрох.
Ты з калодзежа мне ў хату
Прынясі вадзічкі, Ната.
Дроў, Гануля, кінь у грубку,
Запалі, мая галубка.
Прынясла вадзіцы Натка,
Замясіла цеста бабка.
У грубцы полымя гудзе.
Цеста — на скаварадзе.
— Дзеткі, мне паслаў вас Бог, —
Так бабуля рада.
Выпякаецца пірог
Пад яе наглядам.
Каравай з духоўкі свежы,
Пышны выйшаў, як належыць.
— Сонца — твой пірог, бабуля, —
Кажуць Ната і Гануля.
Госці ў хаце — гэта свята.
Бабка рэжа зухавата.
Пахкі, свежанькі пірог.
— Смачна есці!
Елі ўтрох. (В. Жуковіч.)

Бабулi частуюць сваімі пірагамі ўсіх прысутных.
Заключнае слова ўнукаў.
Запаветныя, родныя фарбы і гукі —
Ўсё застаецца.
Дзякуй, бабуля, за рукі,
Бяссонныя рукі,
За адданае сэрца!
Не пакрыўджу цябе,
3 тваіх сцежак не збочу,
Засланю ад нягоды.
Я хачу, каб свяціліся
Радасцю вочы,
I жыла ты заўсёды!


Яшчэ на гэту тэму:

“Светлы месяц сакавік...”     Прывітанне да 8 Сакавіка