сцэнарыі святаў на беларускай мове

Г. I. ШМАЯНКОВА, настаўніца вышэйшай катэгорыі сярэдняй школы № 27 г. Магілёва. "Беларуская мова і літаратура" Студзень 2013 г.

"Наша масленіца гадавая, яна госцейка дарагая..."

Музейныя заняткі для вучняў V i XI класаў

Да заняткаў вучні рыхтаваліся групамі. У склад кожнай групы ўваходзілі і адзінаццацікласнікі, і пяцікласнікі.
У якасці відэаэпіграфа раім выкарыстаць пачатак любой дакументальнай стужкі з серыі «Беларускі народны каляндар» (РУП «Беларускі відэацэнтр»).
Музейныя заняткі суправаджаюцца мультымедыйнай прэзентацыяй, якую рыхтуюць вучні разам з настаўнікам.

Ход мерапрыемства

I. Уступнае слова настаўніка.

Настаўнік.
Наша Масленіца гадавая,
Яна госцейка дарагая.
Яна пешаю к нам не ходзіць —
Усё на коніках раз’язджае.

Мы на гарушцы пабывалі, пабывалі,
Масленку сустракалі, сустракалі,
Сырам гору набівалі, набівалі,
Маслам гару палівалі, палівалі.

Вітаю ўсіх вас і кожнага на музейных занятках у этнаграфічным кутку нашай школы. Заняткі ў нас сёння не зусім звычайныя, таму што працаваць разам будуць вучні пятага і адзінаццатага класаў. 3 цяперашнімі адзінаццацікласнікамі я пазнаёмілася, калі яны былі такімі ж цікаўнымі дзесяцігадовымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, як вы, дарагія пяцікласнікі. Мы збіралі літаральна па крупінках экспанаты для нашага музея, разам афармлялі яго экспазіцыю. Тут, у гэтым пакоі, прайшло шмат цікавых і незабыўных мерапрыемстваў, свят. Я і азірнуцца не паспела, як надышоў час нашым выпускнікам пакідаць школьныя сцены, шукаць свой шлях у жыцці. А каб наша справа не спынілася, мы вырашылі зацікавіць ёй малодшых школьнікаў, паказаць ім, што вывучаць спадчыну сваіх продкаў, знаёміцца з традыцыямі, абрадамі і звычаямі беларускага краю — гэта цікава, пазнавальна, карысна і проста радасна і весела. I, як вы ўжо здагадаліся, сёння ў нас Масленіца!

II.  Асноўная частка.

Настаўнік.
На жаль, маладыя сучаснікі вельмі мала ведаюць пра Масленіцу і абрады, звязаныя з ёю. Наша творчая група правяла невялікае апытанне сярод вучняў школы на гэтую тэму. Вось што было высветлена.
Відэазапіс апытання. Усім удзельнікам задавалася пытанне «Што вы ведаеце пра Масленіцу?».

Як вы ўпэўніліся, уяўленні вучняў пра свята даволі прыблізныя, а то і павярхоўныя. Каб пашырыць нашы веды пра Масленіцу, мы і арганізавалі гэтыя заняткі.
Ва ўсіх славянскіх народаў бадай што самым вясёлым і працяглым святам была Масленіца (Масленка, сырная седміца, Запусты). Сярод вучоных і сёння няма адзінства адносна асноўнага прызначэння, месца і ролі Масленіцы ў колавароце земляробчага календара. 3 аднаго боку, існуе думка, што Масленіца заканчвае зіму, з другога — што яна святкавалася ў гонар вясны, якой з нецярплівасцю чакае ўсё жывое на зямлі. Тэрмін правядзення свята рухомы і залежыць ад часу святкавання Вялікадня. Масленічны тыдзень заўсёды заканчваецца напярэдадні сямітыднёвага перадвелікоднага посту, у час якога хрысціянская царква строга забараняла ўсялякія гульні і ігрышчы.
Як растлумачыць такую незвычайную назву свята? Думаецца, вясковаму люду значна прасцей знайсці яе тлумачэнне. Справа ў тым, што якраз у гэты перыяд (другая палова лютага, пачатак сакавіка) у вёсках ідзе пагалоўны ацёл і акот. Зразумела, што ў сувязі з гэтым на сялянскім святочным стале галоўнае месца займаюць малочныя прадукты: сыр, масла, заквашаныя бліны (сімвал сонейка, якое сагравае зямлю). «Масла на стале — Масленіца на дварэ», — казалі ў народзе.
Больш падрабязна пра асаблівасці святкавання Масленіцы раскажуць нашы творчыя групы, якія атрымалі пэўныя заданні.

I група

  1. Згодна з народным календаром, святы Маслеыіца і Улассе прыпадаюць на адзін і той жа час. 3 чым гэта звязана?
  2. Якія стравы гатавалі на Масленіцу?
  3. Якое дачыненне маюць наступныя рэчы і з’явы да Масленіцы: калодка, чучала?
  4. Якія гульні і забавы можна было ўбачыць на Масленіцу?
  5. Назавіце і пакажыце якую-небудзь рэч з этнаграфічнага музейнага кутка, якая мае дачыненне да Масленіцы.

II група

  1. Масленіцу святкуюць ад Сібіры да Іспаніі. У чым асаблівасць святкавання Масленіцы ў Беларусі?
  2. Чым вылучаецца нядзеля на масленічным тыдні?
  3. Якое дачыненне маюць наступныя рэчы і з’явы да Масленіцы: коні, ступа?
  4. Якія гульні і забавы можна было ўбачыць на Масленіцу?
  5. Назавіце і пакажыце якую-небудзь рэч з этнаграфічнага музейнага кутка, якая мае дачыненне да Масленіцы.

Прыкладныя адказы

I група
1) Навукоўцы-фалькларысты і этнографы лічаць, што Масленіца адзначалася ў гонар боства Вялеса (Валоса), якое з’яўлялася ахоўнікам жывёлы. Вялес на працягу года зберагаў статак, клапаціўся пра яго павелічэнне, таму свята было ўрачыстай падзякай богу-ахоўніку. Пазней, з прыняццем хрысціянства, адным з цэнтральных момантаў свята стаў чацвер на масленічным тыдні, у які ўшаноўваўся святы Уласій — прадаўжальнік язычніцкага Вялеса (гэтаму ў значнай ступені, відаць, садзейнічала гукавое падабенства, блізкасць імён). Уласій — хрысціянскі святы, якога ў 312 г. язычнікі пакаралі смерцю за тое, што ён не пажадаў пакланяцца старым багам, а прыняў веру Хрыста.
Да нашага часу ў розных мясцовасцях Беларусі масленічны чацвер называецца «Валосам», або «святым Уласам».
На Магілёўшчыне, мабыць, якраз з гэтай нагоды ў чацвер наймалі пастухоў.
2) На Масленіцу асноўнымі стравамі былі малочныя. I ганаровае месца займалі бліны з рознай мукі. Елі многа тварагу, смятаны, сыроў.
Хоць на Масленіцу не елі мяса, а спажывалі толькі малочныя стравы, але на масленічны
чацвер гатавалі багатую страву са свініны і ялавічыны, пяклі аржаныя і ячныябліны. Выпякаўся звычайна цэлы стос бліноў, першы з якіх яшчэ цёплым клалі на дахавае акенца для продкаў. Лічылі, што яны сілкуюцца парай ад першага, рытуальнага, бліна.
Гаспадар разразаў стос бліноў крыж-накрыж, а кожны член сям’і браў асобную чвэрць, скручваў яе трубачкай і макаў у тварог з разагрэтым каровіным маслам.
3) Калодка. Замужнія жанчыны збіраліся гуртам і абыходзілі двары, дзе былі хлопцы-пераросткі (якія не ажаніліся своечасова), прывязвалі на нагу хлопцу калодку. Ён мог яе зняць толькі пасля таго, як адкупіцца.
Чучала. Часцей за ўсё ў нядзелю на ўзгорку спальвалі чучала Масленіцы, перадаючы тым самым цяпло сонцу, якое павіннабыло абудзіць прыроду.
4) Моладзь ладзіла «гойданкі», гушкалкі.
Арэлі звычайна чаплялі на варотах або ў гумне.                 
Прычым імкнуліся ўзлятаць на дошках як мага вышэй, бо тады лён будзе расці доўгі і моцны.
На масленічным тыдні наведвалі маладзіцу, якая перад самым святам выйшла замуж. Ёй спявалі песні, каталі на санях. Яна частавала ўсіх або ў карчме, або выносіла пачастункі.
5) Прасніца. У некаторых мясцовасцях, перш чым катацца на санках, жанчыны павінны былі з’ехаць з гары на прасніцы. Калі ж здарыцца так, што якая-небудзь не ўтрымаецца, то ёй прадказвалі няшчасце, што перашкодзіць «браць» лён.
Чапяла. 3 яе дапамогай стаўлялі ў печ патэльню, на якой пякліся «гладзенькія пліткі блінцоў. Спаднізу наздраватых, угору пышна, пульхна ўзнятых».

II група
1) У больш даўнія, дахрысціянскія часы Масленіца святкавалася амаль што на працягу месяца і была прымеркавана да часу веснавога сонцастаяння. Прычым у краінах Заходняй Еўропы свята выліваецца ў агульнанародны карнавал, падчас якога знікае сацыяльнае размежаванне паміж прадстаўнікамі розных слаёў грамадства і ўсюды пануе весялосць, роўнасць, адзінства і гумар.
Апокрыя — так называецца кіпрская Масленіца. Карнавал і смачныя стравы — гэта ўласціва і святу на востраве Кіпр.
Масленіца ў Літве азначае заканчэнне зімы, у гэты час наладжваецца вясёлы маскарад» частаванне блінамі, танцы каля вогнішчаў, спальванне сімвала зімы — чучала Марэ. Збіраюцца істоты ў масках — чэрці, ведзьмы, казлы, цыганы і інш. У Нарвегіі Масленіцу адзначаюць толькі тры дні. У ёй таксама спалучаюцца язычніцкія і хрысціянскія традыцыі.
Масапуст у Чэхіі адзначаецца з 6 студзеня і да Вялікага посту. У Эстоніі свята, аналагічнае нашай Масленіцы, адзначаецца 5 лютага.
Апокрыес — грэчаская Масленіца. Сваю назву бярэ ад сезона, калі ў сялян заканчвалася мяса. У Іспаніі на Масленіцу таксама праходзіць карнавал.
Дарэчы, Карнавал - гэта амаль тое самае, што і Масленіца. Слова «карнавал» паходзіць з лацінскаймовы і ў перакладзе прыблізна гучыць як «бывай, мяса».
У пэўнай ступені карнавальны характар мае святкаванне Масленіцы ў асобных рэгіёнах Расіі.
Дэманстрацыя адпаведнага ўрыўка з фільма «Сібірскі цырульнік».
Беларуская Масленіца больш стрыманая, не такая разгульная, але таксама даволі вясёлая і гуллівая. Сярод святочных масленічных абрадаў і звычаяў можна вылучыць тры ўзаемазвязаныя
плыні: абрады ў гонар бога Вялеса, абрады, звязаныя з культам продкаў, і рытуальныя дзеянні, у цэнтры якіх знаходзілася вясковая моладзь. У панядзелак звычайна сустракалі Масленіцу, а ў суботу развітваліся з ёю. У розных мясцовасцях існавалі розныя дні для наведвання зяцем цешчы, адсюль і выслоўе «да цешчы на бліны».
На наступны дзень нявестка сустракала ў сябе
Гасцей і частавала іх. У апошнія дні свята, у суботу і нядзелю, катаюцца на конях упрыгожаных стужкамі, са званочкамі. Пры гэтым радасна гігікаюць, крычаць
(так зганялі нячыстую сілу), спяваюць песні:

Мы думалі Масленка сем нядзелек,
Ажно Масленка сем дзянёчкаў!
Нас Масленка абманіла:
На сем нядзель паста пасадзіла:
На белу капусту,
На горкую рэдзьку.

2) Святочная вячэра ў нядзелю заканчвалася ўсеагульным дараваннем. Гаспадар садзіўся на кут, да яго па чарзе паводле ўзросту падыходзілі браты, сыны, дочкі і прасілі прабачэння за ўсё. Затым бацька ўставаў, ішоў на сярэдзіну хаты і ў сваю чаргу нізка кланяўся да зямлі ўсяму сямейству і таксама прасіў даравання за нядобрае слова, благі ўчынак.
3) Коні. На масленічным тыдні, а ў некаторых мясцінах толькі на святога Уласа трэба было аб’язджаць маладых коней, аб чым спявалася ў песнях:

Наша Масленіца гадавая,
Яна госцейка дарагая.
Яна пешаю к нам не ходзіць —
Усё на коніках раз’язджае.
Штоб конікі былі вараныя,
Штоб слугі былі маладыя.

Дзеля гэтага абавязкова рабіліся новыя сані, маладога наравістага каня прыручалі гуртам
за ваколіцай вёскі. Каб засцерагчыся ад розных непрадбачаных выпадкаў, у сані садзіліся некалькі хлопцаў і ганялі каня да таго часу, пакуль не абвыкнецца са збруяй, не стане слухацца гаспадара:

У нас сягоння Масленіца,
Прыляцела ластавіца,    
Села-пала на жэрдачку
Шчабятала вестачку    
Ластавіца песню спела, 
Назад у поле паляцела.
Садзіцеся, хлопцы, вы на коні  
Даганяйце ў чыстым полі!
Пытайце ў ластавіцы,
Што дзеецца ў Прудзішчы.
А ў Прудзішчы дзеецца,
Дзевяць хлопцаў жэняцца,
Адна дзеўка замуж ідзець,
У карагодзе дзевак вядзець.

Ступа. Была такая гульня. Хлопцы бралі ступу, цягалі яе па вуліцы, заходзячы ў хаты, дзе былі паўналетнія дзяўчаты-нявесты. Заходзілі і жартамі, смехам імкнуліся захапіць якую-небудзь рэч, што належала дзяўчыне: хустку, чаравік і г. д. Зрабіўшы такі захоп, клалі рэч у ступу. Сабраўшы дастаткова «дзявоцкіх» рэчаў, хлопцы неслі іх у карчму, туды прыходзілі дзяўчаты і выкуплялі свае рэчы.
4) На масленічным тыдні моладзь коўзалася з горак на санках, «маразянках» — абмарожаных кашах, лядзянках — вырубленых на рацэ
кавалках лёду, на перавернутых і трохі падмарожаных лаўках. Месцамі з гары абкатвалі новыя сані. Усцягвалі сані на гору, там садзіліся чалавек 20-25 і стрымгалоў ляцелі з гары. Толькі такія сані і  будуць лёгкімі на хаду.

А мы Масленку пракацілі, пракацілі,
Сырам гору набівалі, набівалі,
Паверх маслам палівалі, палівалі.
Наша Масленка катліва, ай катліва,
Свякровушка варкатліва, варкатліва:
Яна на нас варчала, ай варчала,
На горушку не пушчала, не пушчала!
А нам дамоў не хаціцца, не хаціцца,
А хахіцца пракаціцца!

Кожны з удзельнікаў гульні імкнуўся заехаць як мага далей каб улетку рос лён-даўгунец. Весяліліся і так: на кол у зямлі прымацоўвалі кола з воза, прывязвалі да яго жэрдкі, на якія чаплялі санкі. Адны круцілі кола, а другія каталіся…
5) Маслабойка – збівалі смятану ў масла, адно з галоўных страў на святочным масленічным стале.
Хустка – дзяўчаты адзявалі хусткі з доўгімі махрамі, каб вырас доўгі лён.



Настаўнік.
Абедзве каманды на «выдатна» справіліся са сваім хатнім заданнем. I вось цяпер мы ведаем пра Масленіцузначна больш, чым на пачатку заняткаў.
У народзе кажуць:

Хто на Масленку сумуе,
Таму ў годзе не шанцуе.
Таму давайце зараз
Будзем гульні граці,
Зіму праважаці,
Зіму праважаці,
Вясну сустракаці.
Будзем забаўляцца
I блінцамі сілкавацца.

А каб свята было сапраўднае, трэба паклікаць Масленіцу. Зробім гэта ўсе разам (словы запісаны на дошцы):

Мы на гарушцы пабывалі, пабывалі,
Масленку сустракалі, сустракалі,
Сырам гору набівалі, набівалі,
Маслам гару палівалі, палівалі.

Гучыць музыка, з’яўляецца Масленіца з кошыкам у руках.
Масленіца. Ого-го-го! Хто тут мяне кліча?
Настаўнік. А вось і Масленіца дарагая, госцейка залатая. Павітаем яе, сябры.
Масленіца. Даўненька ніхто не клікаў мяне.
Настаўнік. Чым жа цябе, госцейка дарагая, забаўляць, чым жа цябе, Масленіца, частаваць?
Масленіца. А мяне не трэба забаўляць. Я сама каго хочаце забаўлю.
У нас сягоння Масленіца,
Прыляцела ластавіца.
Села-пала на жэрдачку,
Шчабятала вестачку.
(Паказвае кошык.)

Масленіца. Ого-го-го! Хто тут мяне кліча?
Настаўнік. А вось і Масленіца дарагая, госцейка залатая. Павітаем яе, сябры.
Масленіца. Даўненька ніхто не клікаў мяне.
Настаўнік. Чым жа цябе, госцейка дарагая, забаўляць, чым жа цябе, Масленіца, частаваць?
Масленіца. А мяне не трэба забаўляць. Я сама каго хочаце забаўлю.

У нас сягоння Масленіца,
Прыляцела ластавіца.
Села-пала на жэрдачку,
Шчабятала вестачку.
(Паказвае кошык.)

Гэта не проста кошык. Гэта скарбонка вясёлых загадак.Іх тут хопіць да самага рання. А частаваць мяне вядома чым, блінцамі. Ці ўмеюць вашы гаспадынькі Пячы іх?
Настаўнік. Так, Масленіца. Нашы гаспадынькі навучыліся пячы бліны, і мы абавязкова цябе пачастуем ды і самі паласуемся.

I конкурс

Настаўнік. Прапаную наладзіць спаборніцтвы. У нас ёсць дзве каманды. Першы гурт — з вёскі Залессе, назва другога — Заполле. Праверым, як явы падрыхтаваліся да сустрэчы свята.
А першы конкурс кулінарны. За дзесяць хвілін па дзве гаспадынькі ад кожнай каманды (старэйшая і маладзейшая) згатуюць нам блінцы. У каго за гэты час атрымаецца больш бліноў, прыгажэйшых і смачнейшых, той і пераможца. Пачынаем.

II конкурс

Настаўнік. Астатнім удзельнікам свята сумаваць не давядзецца. Даставай, Масленіца, свае загадкі.
Масленіца.
За вялікі блін, як сонца,
Трэба працаваць бясконца,
А каб каштаваць аладкі,
Адгадаем мы загадкі.

Масленіца загадвае загадкі, а настаўнік раздае тым, хто адгадаў, аладкі, прыгаворваючы наступнае:


Трымай аладку,
Каб была, як аладка, гладка.

Трымай блінец,
Каб быў маладзец.

За такую цяжкую загадку
Атрымай, прыгажуня, аладку!

Трымай блінок,
Кладзі ў раток.

Хто адгадвае загадкі —
Мае смачныя аладкі.

Адгадаў, ну малайчына!
Паглядзіце: во хлапчына!

Атрымайце пачастунак —
Масленічны падарунак.

Загадкі Масленіцы

  1. Не шкадуюць мяне, мнуць, у печ гарачую кладуць, а як вынуць, дык нажом будуць рэзаць. (Хлеб.)
  2. А без чаго хлеба не спячэш? (Без скарынкі.)
  3. Чорная карова ўвесь свет пабарола, белая ўстала — увесь свет падняла. (Ноч і дзень.)
  4. Без рук, без ног, а ўгару лезе. (Цеста.)
  5. Хто гаворыць на ўсіх мовах? (Рэха.)
  6. Нашу іх шмат гадоў, а колькасць іх не ведаю. (Валасы.)
  7. Новая пасудзіна, а ўся ў дзірках. (Рэшата.)
  8. Мой брат Кандрат як устане, дык да неба дастане. (Дым.)
  9. 3 віду — клін, развернеш — блін. (Парасон.)

Падвядзенне вынікаў. У якой камандзе больш аладак тая атрымоўвае сонейка.

III   конкурс

Настаўнік. А цяпер паглядзім, якая з нашых каманд больш дружная і спрытная. Бываюць у нас маразы ды завеі, і, каб не змерзнуць, трэба цёпла апранацца. А таму будзем адзяваць шапкі і хусткі. Удзельнічаюць па чатыры чалавекі ад каманды. Спачатку першы бяжыць да крэсла, дзе ляжаць шапкі ды хусткі, апранаецца, затым бяжы наступны і гэтак далей, пакуль усе не будуць у цёплых галаўных уборах.
Падвядзенне вынікаў.
Масленіца. Чую пах смачных, цёплых блінцоў. Мабыць, нашы гаспадыні ўжо гатовы пачаставаць нас блінцамі?
Падвядзенне вынікаў першага конкурсу.

IV  конкурс

Настаўнік. Бліны — галоўны пачастунак на Масленіцу, таму што яны вельмі падобныя на сонца, якому людзі вельмі рады пасля зімы. Я хачу вас таксама пачаставаць блінцамі, але спачатку адгадайце, колькі бліноў у мяне ў гэтай горцы. (Удзельнікі называюць лічбы. Каманда, якая адказала правільна, атрымоўвае бал-сонейка.)
Так, у мяне сем бліноў, колькі дзён у Масленіцы.

V  конкурс

Прапаную наступны конкурс. Кожная каманда атрымае па стосіку бліноў. Пераможа тая каманда, якая першая справіцца з пачастункам.
Падвядзенне вынікаў.

VI  конкурс

Масленіца. Блінцоў наеліся, а ў мяне ёсць малачко, запіць. Вось вам па збаночку малачка і саломка. Якая каманда першая вып’е малачко, тая і пераможца.
Падвядзенне вынікаў.

VII конкурс

Настаўнік. А якія ў нашых гуртах гаспадыні? Ці змогуць яны раніцою, калі яшчэ сонца не ўстала і ў хаце цемень «хоць вока выкалі», суп зварыць? А каб суп зварыць, трэба гаршчок падчапіць. Што мы зараз і паспрабуем зрабіць, але з завязанымі вачыма. А вы, хлопцы, станьце каля гаршчкоў і падказвайце дзяўчаткам, куды ісці.
Падвядзенне вынікаў.

VIII конкурс

Масленіца. Увага! Я буду расказваць пра тую рэч, якая схавана ў маім кошыку, а вам неабходна яе адгадаць.
Першая рэч. На Беларусі ў час святкавання Масленіцы вельмі часта гушкаліся на арэлях. Лічылася, што гэта дапамагае таму, каб быў добры ўраджай адной расліны. Якая расліна маецца на ўвазе? (Лён.)
Другая рэч, Гэта свойская жывёла, без якой не абыходзілася святкаванне Масленіцы. (Конь.)
Трэцяя рэч. Масленіца мела ў народзе яшчэ і іншую назву. 3 якою ежаю была звязана гэтая ыазва? (Сыр. Сырніца.)
Чацвёртая рэч. Бліны, колы, катанне на конях вакол вёскі — чаму так паважалася ўсё круглае на Масленіцу? (Круглыя рэчы нагадвалі сонца, якое прыносіць цяпло і вясну. Люстэрка, каб пускаць «сонечнага зайчыка».)
Пятая рэч. Самае цяжкае пытанне. Што рабілі людзі ў час святкавання Масленіцы, каб сагрэць сонейка ў яго далёкай вышыні, паскорыць надыход цяпла? (Палілі вогнішчы на ўзвышшах. У кошыку ляжыць свечка.)
Падвядзенне вынікаў.

IX конкурс

Настаўнік. Масленіца, хачу прапанаваць табе сучасную гульню, якая дужа дастасуецца да свята ў твой гонар. Што табе нагадвае гэты абруч?
Масленіца. Абруч — ён круглы, як сонейка! А на Масленіцу вялікая пашана была тым рэчам і дзеянням, якія нагадвалі сонца! I бліны круглыя ды жоўтыя, і колы, якія часта падпальвалі, таксама круглыя! Нават на конях ездзілі вакол вёскі некалькі разоў, каб акрэсліць, пазначыць кола.
Настаўнік. А мы зараз усё гэта, забылі. Але гуляць з абручамі таксама любім! Вось так! (Круціць абруч.)
Масленіца. О, гэта вельмі масленічная гульня! Наступны конкурс будзе такі. Па адным прадстаўніку ад каманды будуць круціць абручы — хто даўжэй, той і выйграў.
Падвядзенне вынікаў.

X  конкурс

Масленіца. Я думаю, што заўсёды любілі гуляць у снежкі. Мы з Вамі (да настаўніка) будзем трымаць скакалку высока. Па баках ляжаць «снежкі» (можна зрабіць з ваты або папяровых сурвэтак). Пад музыку пачынайце кідаць снежкі цераз вяроўку на бок іншай каманды. Перамагае тая каманда, на баку якой будзе менш снежак.

XI  конкурс

Настаўнік. Пакажам Масленіцы сваю дасведчанасць і ўзгадаем прыказкі на тэму свята. Я буду называць частку прыказкі, а вы заканчваць яе:

  1. Масленіца — палізуха: сыр і... (...масла палізала).
  2. Масленка з блінамі, а пост з... (...грыбамі).
  3. Калі Масленіца ў маладзіку, сей вясною пшаніцу ва ўсю... (...руку).
  4. Масленка-белавутка казала: «Вясна будзе... (...не хутка»).
  5. А мы Масленку чакалі — усе... (...аладкі выпякалі).
Падвядзенне вынікаў спаборніцтваў.

Масленіца. Дзякую, даражэнькія, за спрыт і кемлівасць вашы.

А цяпер бывайце, праз год Масленку чакайце.
3 Масленкай вас, ды з вясёлаю.
3 вясной яснай.
3 долечкай шчаснай!

(Масленіца кланяецца і выходзіць.)
Настаўнік. Хачу і я ўсім падзякаваць за працу, за гульню, за падрыхтоўку і за добры настрой. Ці спадабаліся вам нашы заняткі? Ці будзе што расказаць бацькам і сябрам (зварот да пяцікласнікаў)? Як вам наша юная змена, ці гатовы вы ім перадаць сваю справу (зварот да адзінаццацікласнікаў)?

Ну, ўсё, даражэнькія. Бывайце,
Варэнікі, блінцы спажывайце
Ды Масленку ўспамінайце.

Спіс выкарыстанай літаратуры

Беларускі народны каляндар / аўт.- укл. А. Ю. Лозка. — Мінск : Полымя, 1992. — 205 с.
Дзень за днём: прыкметы надвор’я, а таксама нар. каляндар-месяцаслоў / сабр. і апрац. А. Русецкі. — Мінск : Юнацтва, 2000. — 158 с.
Катовіч, А. Зімовыя святы : нарысы / А. Катовіч, Я. Крук. — Мінск : Маст. літ,, 2004. — 119 с. — (Беларускі народны каляндар).
Крук, І.І. Следам за сонцам: беларус. нар. каляндар : святы, абрады, паэзія / I. I. Крук. — Мінск : ШК адукацыі, 1994. — 200 с.
Святкуем разам: сцэнарыі фальклорных свят : практ. дапам. для настаўнікаў агульнаадукац. устанаў / склад. Л. У. Мітрушычава. — Мазыр : ТАА ВД «Белы Вецер», 2008. — 42 с.
Старжынскал, Н. С. Сябруем і гуляем разам / Н. С. Старжынская. — Мінск : Нар. асвета, 1994. — 80 с.


Яшчэ на гэту тэму:

У нас сягоння Масленіца     Вітаем цябе, масленіца!