сцэнарыі святаў на беларускай мове

Т. I. МЯТЛЮК, настаўніца Кушлікаўскай сярэдняй школы Полацкага раёна. Пачатковая школа 4/1993г.

Гуканне вясны

Фальклорнае свята

Гучыць беларуская народная музыка. Уваходзяць дзеці, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, разам з імі — вядучая: бабуля (ці настаўніца).

Бабуля:
— На Беларусі ў мінулым з надыходам вясны адзначаліся святы: гуканне вясны, Вялікдзень, Юр’я, тройца, русальны тыдзень.
Сёння раскажу, як раней вясну гукалі.
Пачынаючы з 1 сакавіка, на «Аўдакею», людзі пачыналі гукаць, клікаць вясну.
У сакавіку селянін пільна прыглядаўся да з’яў прыроды, імкнуўся вызначыць, ці спрыяльныя будуць умовы для веснавых работ, якім будзе лета. Ад гэтага залежаў дабрабыт, урэшце, усё жыццё чалавека. Адсюль і мноства прыкмет, якія прыпадалі на гэты месяц і яго асобныя дні. Сачылі, ці нап’ецца 1 сакавіка певень вады з-пад страхі, слухалі, як у гэты час спяваюць сініцы, ці закрычыць каля вёскі жаўна, калі і дзе закукуе зязюля...
Гукаць вясну выходзілі на высокае месца, палілі агонь, спявалі загукальныя песні. На пагорак выбіраліся не выпадкова: ён хутчэй вызваляўся ад снегу, адтуль было далёка відаць, песні-гуканні, якія спяваліся там, чулі ўсе.
У «заклічках» чалавек звяртаўся да прыроды з якой-небудзь просьбай. Людзям патрэбны былі сонечнае святло, багаты ўраджай, прыплод жывёлы, сямейнае шчасце. Вясну чакалі ўсе.

Вол бушуе
Ноты песні Вол бушуе
Вол бушуе —
Вясну чуе.

Баран бляе —
У поле хоча.

Курка сакоча —
Несціся хоча.
Дзеўка плача —
Замуж хоча.

Стары крэхча —
Пажыць хоча.

— Пачыналі абрад з песні, у якой звярталіся да старых людзей (ці бога) з просьбай дазволіць «вясну гукаць».

Благаславіце, старыя людзі,
А й вясну красну загукаць,
Загукаці жа.
Лютую зіму ж замыкаць,
Замыкаці жа.
Да вясну красну на вулачку,
На вулачку_ ж.
Лютую зіму ў каморачку,
У каморачку.

— Дзяўчаты і жанчыны ішлі па вуліцы, запрашалі ўсіх вясну гукаць, да іх далучаліся аднавяскоўцы. Усе збіраліся на пагорку.

Ой, выйдзем мы на горку
Ды паклічам бога
Адамкнуць зямліцу,
Выпусціць расіцу.
Будзем зіму замыкаці,
Цёплае лета адмыкаць,
Штоб нам, дзеўкам, цёпла гуляць.

— У многіх вяснянках пачэсны абавязак адмыкання цяпла, лецечка выконваюць птушкі, пчолкі.

Ты, пчолачка ярая
Ноты песні Ты пчолачка ярая
Ты, пчолачка ярая,
Ты вылець з-за мора,
Ой, ляло, ляло,
Ты вылець з-за мора.

Ты вынесі ключыкі,
Ключыкі залатыя,
Ой, ляло, ляло,
Ключыкі залатыя.
Адамкні лецечка,
Лета цёплае,
Ой, ляло, ляло,
Лета цёплае.

Замкні зіманьку,
Зіманьку сцюдзёную,
Ой, ляло, ляло,
Зіму сцюдзёную.

— Звярталіся людзі і да птушак: «Жавароначкі, прыляціце!»

Ноты песні Жавароначкі прыляціце

— У вяснянках малюецца вясна, якая ўрачыста прыбывае ў карэце, у адрозненне ад зімы, якая адбывае «ў вазочку па белым сняжочку». (Паяўляецца Вясна.)

— А ты, вясна, ты красна,
Што ж ты нам прынесла?
— А прынесла, прынесла
Цёпла лета, ціхае,
Цёпла лета, ціхае
1 цёплую вадзіцу,
1 цёплую вадзіцу,
3 зямліцы травіцу,
Старым бабкам па кійку,
А пастушкам па яйку.

Людзі верылі, што прырода будзе спрыяць ім:
Дай, божа, на жытачка род,
На статачак плод,
Людзям на здароўе.

Заклічка «Сонейка»
Ноты песні Заклічка Свяці, свяці сонейка

Свяці, свяці, сонейка,
Каб нам было цёпленька.
Ай, люлі-люлі,
Люленькі-люлі.

Пад хаткаю седзячы,
Лусту хлеба дзержачы,
Ай, люлі-люлі,
Люленькі-люлі

Яечкі качаючы,
Песенькі спяваючы.
Ай, люлі-люлі,
Люленькі-люлі.

— Веснавы абрад гукання вясны ўключаў у сябе і ваджэнне карагода, «затанцоўванне» вясны.

Пасеялі дзеўкі лён
Ноты песні Пасеялі дзеўкі лён

Пасеялі дзеўкі лён,
Дзеўкі лён, дзеўкі лён,
Пасеялі дзеўкі лён.

Пасеяўшы, палолі,
Палолі, палолі,
Пасеяўшы, палолі

Белы ручкі калолі,
Калолі, калолі,
Белы ручкі калолі

Унадзіўся сівы конь,
Сівы конь, сівы конь,
Унадзіўся сівы конь,

Пацёр, памяў дзеўкін лён,
Дзеўкін лён, дзеўкін лён,
Пацёр, памяў дзеўкін лён.

Гульня «А мы проса сеялі»
Дзеці, узяўшыся за рукі, стаяць дзвюма шарэн- гамі, тварам адно да аднаго. У адной шарэнзе хлопчыкі, у другой — дзяўчынкі. Хлопчыкі шарэнгай падыходзяць да дзяўчынак і спяваюць:
А мы проса сеялі, сеялі! (Ідуць на сваё месца.)
Ноты песні А мы проса сеялі

Дзяўчынкі паўтараюць гэтыя ж рухі і таксама спяваюць:

— А мы проса вытапчам, вытапчам!
— Ды чым жа вам вытаптаць, вытаптаць?
— А мы коней выпусцім, выпусцім.
— А мы коней пераймем, пераймем!
— Ды чым жа вам пераняць, пераняць?
— А шаўковым повадам, повадам!
— А мы коней выкупім, выкупім!
— Ды чым жа вам выкупіць, выкупіць?
— А мы дадзім сто рублёў, сто рублёў!
— Нам не трэба тысячы, тысячы!
— А мы дадзім дзеўчыну, дзеўчыну.

Усе вяртаюцца назад, а адна дзяўчына застаецца.
А вось гэта трэба нам, трэба нам!

Хлопчыкі падыходзяць да дзяўчынкі і становяцца кругам вакол яе. Дзяўчынка танцуе, а хлопчыкі пляскаюць у далоні, потым заводзяць песню.

Дударочку
Ноты песні Зайграй жа мне дударочку

Зайграй жа мне, дударочку,
А я патанцую,
Курка яйка мне знясець,
Табе падарую.


Прыпеў:
Тум-тум, тум-та, тум-та,
Тум-та, тум-та, тум-тум.

Зайграй жа мне, дударочку,
Як сам разумееш,
Зайграй, сівы галубочак,
Тое, што умееш.

Як іграюць без дуды,
Ходзяць ногі не туды.
А як дуду пачуюць,
Самі ножкі танцуюць.

Іграў я на дудцы
Ноты песні Іграў я на дудцы

Іграў я на дудцы, ту-лю-лю!
Седзячы у будцы, ту-лю-лю!
Ту-лю, ту-лю, ту-лю-лю, ту-лю-лю!
(паўтараецца пасля кожнай страфы).

Грае мая дудка: ту-лю-лю!
Пяе весялушка: ту-лю-лю!

Як іграла дудка, ту-лю-лю!
Прыбег скакаць Юрка, ту-лю-лю!

А за Юркам — Янка, ту-лю-лю!
А за Янкам — Танька, ту-лю-лю!

— Радаваліся людзі вясне, танцавалі, весяліліся, у гульні гулялі...

Гульня «Каноплі»

Ігракі па дамоўленасці выбіраюць гаспадара, становяцца ў шарэнгу і бяруцца за рукі. Гаспадар ідзе ўздоўж шарэнгі, спыняецца каля аднаго з ігракоў і пачынае з ім дыялог:
— Прыходзь да мяне каноплі палоць.
— Не хачу!
— А кашу есці?
— Хоць зараз!
— Ах ты, гультай!
— і бяжыць у любы канец шарэнгі. Адначасова і першы бяжыць у тым жа напрамку, але за спінамі ўдзельнікаў гульні. Хто першы прыбяжыць — гаспадар ці гультай — той і возьме за руку апошняга ў шарэнзе, а ігрок, які спазніўся, займае месца гаспадара.
(Правілы гульні: пасля слоў «Ах ты, гультай!» гаспадар можа зрабіць некалькі падманлівых рухаў; пакуль гаспадар не пабяжыць, гультай не мае права кранацца з месца.)

Бабуля:
— Дарагія ўнукі і ўнучачкі, а паслухайце мае загадачкі!

1. Мяту, мяту — не вымету,
Нашу, нашу — не вынашу,
Як пара прыйдзе —
Само яно выйдзе.

(Сонейка.)

2. Сівыя бараны ў небе плаваюць.
(Аблокі.)

3. Ідзе даўгавяз, у сырую зямлю ўвяз.
(Дождж.)

4. Залатая бочачка
Зранку пакацілася —
Ні стукату,
Ні грукату,
Не ўпала,
Не разбілася,
Калі ж накрасавалася —
За цёмны лес схавалася.

(Сонца.)

5. Што нас корміць, а есці не просіць?
(Зямля.)

6. Каляровае Карамысла праз рэчку павісла.
(Вясёлка.)

— Вясной людзі спяшаліся засеяць поле, пасадзіць агародніну. Працы было вельмі многа, працы нялёгкай. Нездарма народ склаў многа прыказак і прымавак аб працы. Якія вы ведаеце?

(Дзе няма ахвоты — там няма работы.
Зямлю грэе сонца, а чалавека — праца.
Што пасееш — тое і пажнеш.
Праца не ганіць чалавека, а корміць, поіць і вучыць.
Работы словам не заменіш.)

— А зараз я хачу пачаставаць вас прысмакамі, якія даўней мы пяклі на свята «Гуканне вясны». Вось вам печыва ў выглядзе птушачак! Падкідайце птушак уверх, вясну гукайце, шчасця і радасці адзін аднаму жадайце. Частуйцеся!
Да пабачэння, даражэнькія!

Яшчэ на гэту тэму:

Вясна-красна, завітай да нас!     Вясна, пусці хутчэй траву шаўковую