сцэнарыі святаў на беларускай мове

Наталля ВАРАБ'ЁВА, музычны кіраўнік ясляў-сада № 77 Крычава. Пралеска

Бывай лета!

Сцэнарый свята для старэйшай групы

Вядучая. Зусім нядаўна сустракалі мы цёплае лета і гаварылі аб ім такія пяшчотныя словы:
Прыходзіць лета звонкае
Туманнаю гамонкаю,
Над сінімі азёрамі
Яно ўзыходзіць зорамі.
А пахне медуніцамі
I спелымі суніцамі.
Прыходзіць лета сцежкамі,
3 малінай, сыраежкамі.
Доўга мы яго чакалі, а праляцела яно вельмі хутка. Давайце ўспомнім, як хораша нам было. А спачатку паслухайце загадку. Калі адгадаеце, то даведаецеся, з чаго пачынаецца летні дзянёк:
Яно па небе плавае,
Іскрыстае, рухавае.
Жыццё дае палеткам,
I збажыне, і кветкам.
(Дзеці адказваюць, што гэта — сонейка.)
Паглядзіце, як сонейка весела ўсміхаецца. Запрашаю вас, хлопчыкі і дзяўчынкі, прачытаць пра яго вершы.

1-е дзіця.
Сёння сонца спала мала,
Рана сонейка устала,
Каб на лузе у бары
Чыстых рос напіцца,
Каб раней дзетвары
У рацэ памыцца.

2-е дзіця.
Неба празрыстае, хмарак нідзе,
Сонечны дзень у дарогу ідзе.
Добрым настроем, усмешкай сустрэнь
Ясны, бязвоблачны дзень.

3-е дзіця.
Сонца на небе міргае,
Ўсіх яно грэе, люляе.
Дрэвам расці памагае,
Кветкі цяплом атуляе.

4-е дзіця.
Грэла, грэла сонейка,
Небагата грэла.
Ў хмарачку схавалася —
Дожджыка спужалася.

Вядучая.
Добра ў лузе ў час палудны,
Лёгка там дыхнуць.
I дрыжыць над ім знаёмы,
Жыватворны дух.

(Карагод "Мы на луг хадзілі”.)

А ці ведаеце вы, дзетачкі, лугавыя кветачкі?
Дзеці. Ведаем.
Вядучая. Зараз мы гэта паглядзім. Я вам загадаю загадкі пра кветкі.
1. Стаіць у лузе кучарашка,
Бялюткі Ваня ці Наташка?
Якое сэрца залатое!
Скажыце, што гэта такое?
(Рамонка)

2. На зялёнай тонкай ножцы
Вырас шарык на дарожцы.
Вецярочак прашуршаў
I развеяў гэты шар.
(Дзьмухавец)

3. Сінявокая кветка
У полі расце.
Падабаецца дзеткам
I радасць нясе.
(Васілёк)

(Дзеці спяваюць песню "Васількі". Музыка і словы Н. Вараб'ёвай.)


Ноты песні Васількі
Колькі кветак ля ракі,
Сінія, як неба.
Гэта — кветкі васількі,
Рваці іх не трэба.

Прыпеў:
Васількі, васількі,
Сіненькія вочкі.
Гляджу на вас, васількі,
3 раніцы да ночкі.

Сто букетаў назбіраць
3 іх за дзень тут можна,
Але я не буду рваць,
Бо вас любіць кожны.

Прыпеў.

Вядучая. Паслухайце яшчэ адну загадку:
На тонкай ножцы ён стаіць,
Цэлы дзень звініць, звініць.
(Званочак)

Кветкі вы ведаеце, а цяпер правядзём гульню "Збяры кветку". (Гуляюць 2 разы.)
Жу-жу-жу, жу-жу-жу, я на кветачцы сяджу.
Ці лятаю, ці сяджу, але ўсё — жу-жу, жу-жу.

Хто гэта, дзеці?
Дзеці. Жук.

Вядучая. А якіх вы ведаеце жукоў?
Дзеці. Майскі, пажарнік, каларадскі..

(Дзяўчынкі спяваюць песню "Жук". Музыка і словы Н. Вараб'ёвай.)


Ноты песні Жук
Сеў на кветку жучок,
Ён зусім стаміўся.
Ой лі, ой люлі, ён зусім стаміўся.
(2 разы)
Адкажы нам, жучок,
Чаму ж ты стаміўся?
Ой лі, ой люлі, чаму ж ты стаміўся?
(2 разы)
Я стаміўся таму, што ўвесь дзень лятаю.
Ой лі, ой люлі, што ўвесь дзень лятаю.
(2 разы)
Ўсё жу-жу і жу-жу, я усіх пужаю.
Ой лі, ой люлі, я усіх пужаю.

Вядучая.
Глуха шэпча лес зялёны,
I шуміць ён, і шуміць.
Гоман доўгі, несканчоны
Цэлы дзень над ім стаіць.

Ці былі вы, дзеткі, летам у лесе? А што вы там рабілі? Скажыце, якія ў лесе растуць ягады?
Дзеці. Чарніцы, суніцы, брусніцы, маліна.
Вядучая. Любяць нашы дзяўчынкі спяваць песеньку пра малінку.

Песня "Малінка" (музыка і словы Н. Вараб'ёвай).


Ноты песні Малінка
Пайшоў Яська у садок, там сустрэў Марыльку.
— Што ты робіш? — запытаў.
— Збіраю малінку.

Прыпеў:
Ой, ягада мая, ягадка-малінка.
Ой ты любая мая, дзяўчынка Марылька.
Гэй, дзяўчына мая, не збірай малінку.
Пагуляй ты са мной, дзяўчына Марылька.

Прыпеў.
Пагуляю з табой, Ясік даражэнькі,
Мне малінкі назбірай, мілы мой міленькі.
Прыпеў.

Вядучая.
Я па лесе смела,
Ўсё далей іду,
А каб там не заблудзіцца,
Я крычу: "Ау!”

(Дзеці паўтараюць. Уваходзіць лета.)

Лета. Я, лецейка чырвонае, прыйшло з вамі развітацца, мне час у дарогу збірацца. Сагрэла я вас цёплым сонейкам, усё паліла спорным дожджыкам, дала рост я салодкім ягадкам, накарміла духмяным хлебцам.
Вядучая. Дзякуй табе, лецейка! Усе мы цябе вельмі любім. Нашы дзеці зараз пачытаюць табе вершыкі.
1-е дзіця.
Назбіралі розных кветак,
Іх у полі многа летам,
Тут рамонак, васілёк,
Добры быў у нас вянок.

2-е дзіця.
Пасля дожджычка грыбнога
Мы грыбы ідзём шукаць.
А грыбоў у лесе многа:
Раз, два, тры, чатыры, пяць.

3-е дзіця.
Па сцяжынцы скок ды скок,
Скача шэранькі каток.
Злез ён з цёпленькіх палацяў,
Пачаў мышак даганяці.

4-е дзіця.
Скачуць жабы на балоце,
Верабейчыкі — на плоце.
Вожык мышак ўсіх шукае,
А каток іх разганяе.

5-е дзіця.
Праходзіць лета звонкае,
Шуміць бяроза тонкая.
3 цяплом развітаецца,
А з восенню вітаецца.

6-е дзіця.
Палі, бары паклікалі
3 дзіцячага двара,
Канікулы, канікулы,
Вясёлая пара.

7-е дзіця.
Мы любім днём пагодлівым
Купацца, загараць,
3 раслінак краю роднага
Гербарыі збіраць.

(Дзеці водзяць карагод.)

Лета. Добра мы патанцавалі. Дзякуй вам і за вершы, а цяпер паслухайце мае загадкі:
1. Без вакон, без дзвярэй — поўна хата людзей. (Гарбуз)
2. Стаіць дзед у сто футраў адзет. Хто яго распранае, той слёзы пралівае. (Цыбуля)
3. Летам шэранькі, зімою беленькі. (Заяц)
4. Маленькія лапкі, на лапках драпы, ціхенька ступае, мышак пужае. (Кот)
5 Іголкі мае, а шыць не ўмее. (Вожык)

Гульня "Кот і мышы".

Вядучая.
Лецейка, ты лета, гучна песня спета,
Цешыла ты дзетак, ды ласкала гэтак:
Цёплаю вадою, чыстаю расою,
Полем і лясамі, птушак галасамі.
Падышло да канца цёплае лета.

Дык давайце яму скажам: "Бывай!"

Дзеці. Бывай, лета!
Лета. Усяго вам добрага!

(Заходзіць Дзед-Усявед.)

Дзед-Усявед. Хто я? Дзед-Усявед. Абышоў ўвесь белы свет. А цяпер у гэты час завітаў да вас.
Я шмат чаго бачыў, шмат ведаю. Ведаю, што ў вас сёння свята: вы развітваецеся з летам. Бачу, што вы добра адпачнулі: такія загарэлыя, сталі моцнымі, бадзёрымі, здаровымі. Ведаю, што летам хадзілі вы па ягады, грыбы, купаліся ў рэчцы, моры. Але прайшло лета, а за ім ідзе восень. Старэйшыя хлопчыкі і дзяўчынкі сядуць за парты ў школе, настаўнікі павядуць іх у краіну ведаў. А вас, дзеці, у гэту краіну павядуць добрыя, чулыя выхавацелі. Я прынёс вам у сваім кошыку падарункі. А што ў ім, паслухайце:
1. Без языка, а гаворыць. (Кніга)
Дару вам кнігі, яны вам шмат чаго цікавага раскажуць.
2. Ляжыць паленца, а ў сярэдзіне сэрца. (Аловак)

Вось вам і алоўкі, каб малявалі дзеці зоркі. Вось вам і палачкі лічыльныя, і фарбы рознакаляровыя, і альбомы для малявання. Вучыцеся і памятайце: "Вучэнне — святло, а невучэнне — цемра".

Вядучая. Мы ўсе навучымся маляваць, песні спяваць і танцаваць. А яшчэ мы добра будзем музыку іграць.

(Дзеці іграюць на розных інструментах "Крыжачок" над акампанемент піяніна ці акардэона.)

Дзед-Усявед. Дзякуй вам, што павесялілі старога, але мне пара і ў другія сады. Усяго вам добрага, дзеці!
Вядучая. Вось і закончылася наша свята. Сёння на ўсёй Беларусі праходзіць дзень ведаў. Поспехаў вам, дзеці!

Дзеці і дарослыя спяваюць песню (на выбар музычнага кіраўніка) і выходзяць з залы.