сцэнарыі святаў на беларускай мове

М. П. ОСІПАВА, прафесар, 3. М. ПАНАСЕВІЧ, старты выкладчык. Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна. Пачатковая школа 6.2003

Звіні, мая светлая родная мова!

Літаратурна-музычная кампазіцыя

Задачы: далучаць дзяцей да духоўных скарбаў свайго народа; фарміраваць цікавасць і павагу да роднага слова, беларускай мовы як актыўнага сродку патрыятычнага і нацыянальнага выхавання.
Падрыхтоўчая работа. Вучні падбіраюць вершы, апавяданні, легенды, прыказкі аб мове.

Прыкладныя этапы літаратурна-музычнай кампазіцыі:

Першы этап. "Рэспубліка Беларусь".

Дзеці адказваюць на пытанні: як называюць нашу краіну, яе жыхароў? Чым славіцца Рэспубліка Беларусь? Затым вучні чытаюць верш М. Пазнякова "Беларусь".

1 -ы чытальнік.
Усяму вядомы свету
Наш руплівы край здавён.
Тут на сонечных палетках
Спеюць бульба, жыта, лён...
2-і чытальнік.
Тут Дняпро бяжыць прывольна,
Сож, Бярэзіна, Дзвіна,
Прыпяць, Шчара, Свіслач, Нёман,
Вілля, Піна, Буг, Дзісна...
3-і чытальнік.
Тут крыштальныя азёры —
Нарач, Свіслач, Снуды, Свір...
Полацк — наш найпершы горад,
Віцебск, Тураў, Кобрын, Мір...
4-ы чытальнік.
Тут умельцы вырабляюць
Слаўны трактар "Беларусь".
Тут ствараюцца БелАЗы —
Трохсоттонны везці груз...
5-ы чытальнік.
Тут сыны ляцяць у космас,
Песні матчыны пяюць.
Гэты край наш найдзівосны
Беларуссю ўсе завуць.

  Настаўнік нагадвае некаторыя гістарычныя  даныя аб мове: беларуская мова, як і мова суседзяў — украінцаў і рускіх, пачала складвацца яшчэ ў XIII стагоддзі. У Вялікім княстве Літоўскім (XV — XVI ст.ст.) беларуская мова была дзяржаўнай. На ёй вяліся справаводства, судаводства, дыпламатычная перапіска і да т. п.

Другі этап. "Роднага слова гаючая сіла".

Гучыць песня "У бацькоўскім кутку" (словы Н. Гілевіча, музыка I. Лучанка).

Вучні абмяркоўваюць адказы на пытанні: чаму мову называюць душой народа, найвялікшым нацыянальным скарбам? Як разумець выраз "пакуль жыве мова, жыве і народ"? Ці можна пагадзіцца з меркаваннем Л. М. Талстога: "Мова —гэта сродак мыслення. Абыходзіца з мовай абы як — значыць і мысліць абы-як: недакладна, прыблізна, няправільна"? Як вы ставіцеся да наказу Цёткі (Э. Пашкевіч): "На вас — моладзі — ляжыць вялікая павіннасць: развіваць далей родную мову"? Адказы каменціруюцца.

Трэці этап. "Волаты слова народнага".

Настаўнік прадстаўляе літаратуру аб нашых вядомых паэтах і пісьменніках, такіх, як Я. Купала, Я. Колас, К. Крапіва, М. Лынькоў і інш., і іх творы. Дзеці расказваюць аб гэтых пісьменніках, іх адносінах да мовы. Напрыклад: Якуб Колас: "Роднае слова — гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет. Вось чаму нам неабходна так старанна вывучаць сваю родную мову, ведаць і любіць лепшыя творы беларускай літаратуры".

Пятрусь Броўка:
У любімай мове, роднай, наскай,      
Ах, якія словы: "Калі ласка!.."
Як звіняць яны сардэчнаю
струною,
Праз усё жыццё ідуць са мною...
— Калі ласка! — нашай роднай
мовы
Шчырыя і ветлівыя словы.

Чацвёрты этап. "Беларускае слова".

Праводзіцца гульня "Назаві слова".

Вядучы.
Як цудоўна гэта, дзеці,
Што ёсць літары на свеце —
Зычныя, галосныя!
Да адной адну дадаць —
Можна словы з іх складаць —
Смешныя, сур'ёзныя!
Слова — ты,
Слова — я,

Пачынаецца гульня.

Вучань, на якога паказаў вядучы, называе слова, наступны вучань называе слова, што пачынаецца з літары, якой заканчваецца папярэдняе. I г. д.

Пяты этап. "Ты мой боль святы, Беларусь мая".

Чытаюцца ўрыўкі з вершаў аб Беларусі, аб яе мове Г. Бураўкіна, Л. Геніюш, X. Чэрні.

1 -ы чытальнік.
Слова наша роднае, хапала
На стагоддзі доўгія цябе.
Багдановіч, Колас і Купала
Прыпадалі да цябе ў журбе.
2-і чытальнік.
Мова продкаў нашых
і нашчадкаў —
Шэпт дубровы і пчаліны звон, —
Нам цябе ласкава і ашчадна
Спазнаваць ажно да скону дзён.
3-і чытальнік.
Вучаць у школе замежныя мовы
Дзеці. А я з хваляваннем жыву:
Як бы яны не забыліся словы
Тыя, што родную зораць канву.
4-ы чытальнік.
Адзінай мэты не зракуся,
I сэрца мне не задрыжыць!
Як жыць — дык жыць для Беларусі,
А без яе — зусім не жыць!

Гучыць песня "Мой родны кут" (сл. Я. Коласа, муз. I. Лучанка).

Парады арганізатарам:

  1. Максімальна ўключыце дзяцей у падрыхтоўку літаратурна-музычнай кампазіцыі.
  2. 3 мэтай актывізацыі маўленчай дзейнасці   размяркуйце матэрыял так, каб кожны з вучняў пабываў у ролі чытальніка.
  3. Правядзіце падрыхтоўчую ра­боту так, каб вучні зразумелі, што мо­ва — гэта духоўны скарб народа.


Яшчэ на гэту тэму:

Вечарына беларускай мовы і літаратуры     Свята роднай мовы