сцэнарыі святаў на беларускай мове

Святлана ЗМІЕЎСКАЯ, выкладчык вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, старшы выкладчык кафедры гісторыі музыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Роднае слова. Ліпень 2012 г.

"Абараняючы родную зямлю"

Літаратурна-музычная кампазіцыя

У жыцці чалавека заўсёды ёсць месца подзвігу. Але неад'емнай, амаль звычайнай часткай чалавечага жыцця подзвіг становіцца толькі ў гадзіну вялікага выпрабавання, а для ўсяго народа - падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Бясспрэчна, тэма вайны магутная, высокая і невычэрпная. Нездарма да яе звяртаюцца гісторыкі, пісьменнікі, людзі іншых творчых прафесій і праз дзесяцігоддзі мірнага жыцця. Аднак праўдзівымі сведкамі ваенных падзей назаўсёды застануцца тыя, хто вынес цяжар саракавых гадоў на ўласных плячах, хто кожны дзень назіраў, асэнсоўваў гэтую трагедыю і супрацьстаяў ёй. Безумоўна, захаваліся дакументы і кінахронікі - яны ствараюць шырокую панараму тых гадоў. Але сёння мы дазволім выказацца тым, хто, маючы творчы дар, у мастацкай форме ўвасобіў складаны і гераічны жыццёвы вопыт. Гэта нашы суайчыннікі - паэты, пісьменнікі, мастакі, музыканты. Шмат каму з іх давялося, словамі Анатоля Вялюгіна, "да самага канца выпіць горкую паходную біклагу". Па франтавых дарогах праз цяжкія акружэнні, жорсткія баі і шпіталі прайшлі доўгі шлях да Перамогі Васіль Быкаў, Анатоль Астрэйка, Міхась Калачынскі, Максім Лужанін, Леў Абеліёвіч, Уладзімір Алоўнікаў, Юрый Семяняка...
Уначы 22 чэрвеня 1941 г. у гвардзейскім гарнізонным клубе Брэста ішла рэпетыцыя мясцовай самадзейнасці...

Выразнае чытанне верша "Напярэдадні вайны" Ю. Друнінай.

На крайнім захадзе нашай краіны стаіць Брэсцкая крэпасць. Тут гучна не размаўляюць: занадта аглушальнымі былі дні сорак першага года і занадта шмат памятаюць гэтыя камяні. Вы можаце спусціцца ў сутарэнні 333-га палка, дакрануцца да аплаўленай агнямётамі цэглы, прайсці да Цярэспальскіх і Холмскіх варот. Вам пакажуць асабістыя рэчы абаронцаў, раскажуць, як вар'яцелі ад смагі, аддаючы ваду дзецям і кулямётам. I вы абавязкова затрымаецеся каля сцяга, які знайшлі ў крэпасці савецкія войскі ўжо пасля вызвалення Беларусі.
Крэпасць не здалася, і немцы не захапілі ніводнага сцяга.
Крэпасць не пала. Крэпасць сышла крывёю.
Гісторыкі не любяць легенд, але вам абавязкова раскажуць пра невядомага абаронцу, якога захапілі толькі на дзясятым месяцы вайны. На дзясятым - у красавіку 1942 года! Амаль год змагаўся гэты чалавек - без суседзяў злева і справа, без загадаў і тылоў, без змены і лістоў з дому. Час не захаваў ні яго імя, ні звання, але мы ведаем, што гэта быў рускі салдат. Яму было ўсяго 20 гадоў. Ён стаяў да апошняга. I толькі цалкам страціўшы магчымасць падтрымліваць уласнае жыццё, ён пакінуў свой гераічны пост.

Ля ўвахода ў сутарэнне стаяў неверагодна худы чалавек, які ўжо не меў узросту. Ён стаяў строга і прама, высока ўскінуўшы галаву, і неадрыўна глядзеў на сонца аслеплымі вачыма. I з гэтых уважлівых вачэй нястрымна цяклі слёзы.
І ўсе маўчалі. Маўчалі салдаты і афіцэры, маўчаў генерал. Потым генерал нешта ціха сказаў.
-  Назавіце ваша званне і прозвішча, - пераклаў Свіцкі.
-Я-рускі салдат.
Голас прагучаў хрыпла і моцна, куды мацней, як трэба: гэты чалавек доўга пражыў у маўчанні і ўжо дрэнна кіраваў сваім голасам. Свіцкі пераклаў адказ, і генерал зноў нешта запытаў.
-  Спадар генерал настойліва просіць вас паведаміць свае званне і прозвішча...
Невядомы рантам павольна павярнуў галаву і ўтаропіў у генерала немігаючы позірк. I густая барада ледзве зварухнулася ў дзіўнай пераможнай насмешцы:
-  Што, генерал, цяпер вы ведаеце, колькі крокаў у рускай вярсце?
Гэта былі яго апошнія словы. Свіцкі перакладаў яшчэ нейкія генеральскія пытанні, але невя­домы маўчаў, па-ранейшаму гледзячы на сонца, якога не бачыў.
Пад'ехала санітарная машына. Санітары раскінулі насілкі, а ўрач нешта сказаў, але невядомы моўчкі адсунуў яго і пайшоў да машыны.
Ён нічога не бачыў, але ішоў строга і прама, дакладна арыентуючыся на гук матора. I ўсе стаялі на сваіх месцах, і ён ішоў адзін, з цяжкасцю перастаўляючы распухлыя, абмарожаныя ногі.
Раптам нямецкі лейтэнант звонка і напружана, як на парадзе, выгукнуў каманду, і салдаты, грукнуўшы абцасамі, зладжана ўскінулі зброю "на каравул". I нямецкі генерал, крыху памарудзіўшы, паднёс руку да фуражкі.
А ён, хістаючыся, павольна ішоў скрозь строй ворагаў, якія аддавалі яму зараз найвышэйшую воінскую пашану. Але ён не бачыў гэтых ушанаванняў, а калі б і бачыў, яму было б ужо ўсё роўна. Ён быў вышэй за ўсе магчымыя ўшанаванні, вышэй за славу, вышэй за жыццё і вышэй за смерць.

Паводле кнігі "У спісах не значыўся" Б. Васільева.

Праслухоўванне "Песні аб героях Брэста" (муз. І. Лучанка, сл. Р. Раждзественскага).

"Рускія павінны памерці, каб мы выжылі", - абвяшчаў загад Гітлера. Неабходна было знішчыць 75% насельніцтва, астатніх анямечыць.
Загад выконваўся метадычна і паслядоўна: падчас вайны 2 мільёны 200 тысяч беларусаў загінулі, 308 тысяч былі вывезены ў Германію на прымусовыя работы, 209 гарадоў зруйнаваны, 619 вёсак спалены.
619! 3 іх 186 не аднавіліся ніколі...
Гэтая трагедыя адлюстравана ў мемарыяльным комплексе "Хатынь", які створаны на месцы былой вёскі Лагойскага раёна Мінскай вобласці.
Фашысты выносілі смяротныя прысуды не толькі асобным людзям, але і цэлым паселішчам. Адна з такіх трагедый адбылася 22 сакавіка 1943 года...
У вогнішчы згарэлі жывымі 149 вяскоўцаў, з іх 75 дзяцей. Затым немцы разрабавалі і спалілі паселішча.

Стаю над попелам хаціны,
Пілотку зняўшы з галавы.
Сяло ў жалезнай павуціне,
А ў сінім небе журавы.

А ў сэрцы?
Хіба ў сэрца глянеш,
Як у крыніцу ля сяла?
Маўчаць, стуліўшыся, сяляне;
Дзе вёска некалі была -
Дым рассцілаецца атрутны,
Агонь грызе галлё ракіт...

А сэрца?
Сэрца ў гневе лютым!
А ў сінім небе?
Ястрабкі.
М. Сурначоў.

Адзіны сведка хатынскай трагедыі - 56-гадовы каваль Іосіф Камінскі, які, абгарэлы і паранены, апрытомнеў ноччу, калі немцаў ужо не было. Яму давялося перанесці яшчэ адно цяжкае выпрабаванне: ён знайшоў сына - смяротна параненага ў жывот і моцна апаленага. Хлопчык памёр на руках у бацькі.
Гэты трагічны момант перададзены ў адзінай скульптуры хатынскага комплексу - "Няскораны чалавек". Гнеўны і непахісны, з адчаем у вачах, трымаючы на руках сына, стаіць ён на Хатынскай зямлі.
26 бетонных контураў з абеліскамі і званамі сімвалізуюць вясковыя хаты. На абелісках - мемарыяльныя дошкі з імёнамі тых, каго фашысты знішчылі ў той дзень.

Праслухоўванне песні "Салаўі Хатыні" (муз. I. Лучанка, сл. А. Тулупавай).
Гітлераўцы лютавалі на беларускай зямлі. Аднак зламаць волю беларусаў да барацьбы. было немагчыма. У гарадах дзейнічала падполле, у лясах - партызаны.
Мы асфальтам балота завём
I шасэйнай дарогай сцяжынку.
Два гады мы і косім, і жнём,
Каб вялікія справіць дажынкі.

Аўтаматы нам служаць касой,
А сярпамі - гранаты, наганы.
Не расою - варожай крывёй
Акрапляюць зямлю партызаны.
А. Астрэйка. Беларусь-партызанка.

Аднак жыццё партызана не толькі помста, але і па-паходнаму наладжаны быт, і адпачынак - з нязменнай ваеннай сяброўкай-песняй.

Пад бярозай на палянцы,
Ад вачэй у старане,
I ні ў хаце, ні ў зямлянцы,
А жыву я ў будане.
Сем калоў у вілку ўбіты,
Пераплецены лазой,
Як курган, імхом пакрыты
Партызанскі домік мой.
Невялічкі столік з дошкі
I для ложка палак з пяць,
А на палках сена трошкі,
Каб было не мулка спаць.
Я к свайму прывык парадку,
Дзе ні лягу - там засну,
Калі дождж, я плашч-палатку
Над сабою разапну.
Як вайны не стане следу,
Да лясных глухіх палян
Я прыйду, каб зноў праведаць
Партызанскі мой будан.
А. Астрэйка. Мой будан.

Партызанскі рух шырока разгарнуўся на акупаванай Беларусі. Партызанская тэма знайшла адлюстраванне ў шматлікіх літаратурных, жывапісных і музычных палотнах. Гнеўны і палкі заклік "Беларускім партызанам" Янкі Купалы ўвасобіўся ў аднайменную кантату Анатоля Багатырова. Абодва творы датаваныя 1942 г.
Прыгадаем жывапісныя палотны вядомага беларускага мастака, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Савіцкага - "Партызаны. Блакада", "Забойства сям'і партызана" і добра вядомую "Партызанскую мадонну".
Шмат твораў прысвяціў партызанам і знакаміты беларускі кампазітар-франтавік Уладзімір Алоўнікаў - араторыю "Партызанскія песні", хор "Партызанскія акопы", сімфанічны твор "Парты­занская быль"...
Асаблівую папулярнасць набыла яго "Лясная песня" - мужная і распеўная, з фальклорным адценнем, рамантычным матывам яднання чалавека і прыроды.

•  Праслухоўванне "Лясной песні" (муз. У. Алоўнікава, сл. А. Русака).

Адметны лес аўтара "Лясной песні": 22 чэрвеня 1945 г. Уладзімір Алоўнікаў здаваў у Мінску апошні экзамен за курс кансерваторыі. Юнак прайшоў амаль увесь шлях вайны - ад першых дзён да пераможнага салюту, ад радавога да гвардыі капітана.

•  Дэманстрацыя відэаматэрыялу пра У. Алоўнікава.

Пасля заканчэння вайны песенны жанр, асабліва ваеннага кірунку, зрабіўся галоўным у творчасці кампазітара. Менавіта за песні ваеннай тэматыкі ў 1982 г. У Алоўнікаў быў уганараваны залатым медалём імя А. Аляксандрава.
26 верасня 1943 г. пачалося вызваленне Беларусі.
Пятро Глебка ў 1943 г. звяртаецца да Беларусі з пранікнёным заклікам - прыняць кожнага салдата-вызваленца як роднага сына і паклапаціцца пра яго.

Беларусі
Мая старонка-паланянка!
Я сніў цябе штоночы ў снах,
Як светлы прывід, кожным ранкам
Стаяла ты ў маіх вачах.

Цяпер ты устала яснай явай,
Такой, якую я люблю:
Байцы, абвеяныя славай,
Ступілі на тваю зямлю.

За нас усіх падзякі словы
Скажы заступнікам тваім,
Асеннім золатам дубровы
Азалаці дарогі ім.

Прытулак дай над родным небам,
Ад зла лясамі ахіні,
I пачастуй іх нашым хлебам,
I ласкай сэрцы іх крані.

Напой крынічнаю вадою,
Прыкрый ад холаду ў палях
I добрай матчынай рукою
Благаславі на трудны шлях.

Падбай аб кожным, як аб сыне,
Хай добра ведае герой,
Хто за цябе ў баях загіне,
Век будзе ў памяці тваёй.

3 ліпеня 1944 г. - дзень вызвалення Мінска -27-гадовы паэт-воін Мікола Сурначоў сустракае наступнымі радкамі.

Чырвоная зорка
У акопе часта, седзячы ў завею,
Я гадаваў цярплівую надзею,
Што прынясу спакой ў паходным ранцы
Да вас,
Пакінутых ў няволі станцый,
Да зорак тых,
Што падбіраў ў крыніцах,
Да зведаўшых выгнанне маладзіцаў,
Да ліп мядовых і вішнёвых вёсак,
Да Свіслачы і раненых бярозак.
Я ў Мінск прыйшоў.
Хілюся на калені
Прад горадам, што дачакаў збаўлення.
Услаўце ж зорку, зорку вызвалення!

Мікола Сурначоў нарадзіўся ў 1917 г. на Гомельшчыне. У мірны час ён вучыўся на літаратурным факультэце педінстытута і працаваў у рэдакцыях газет "Звязда" і "Чырвоная змена".
3 пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Сурначоў - салдат дзейнай арміі. У цяжкіх і суровых баявых буднях Міколу дапамагала нязменная і верная спадарожніца - палявая сумка. Яна поўнілася не толькі тапаграфічнымі картамі, але і вершамі, баладамі, песнямі...
Баец Сурначоў прайшоў доўгі шлях - абараняў Каўказ, вызваляў Беларусь, Украіну і Польшчу... Яго жыццё трагічна абарвалася 20 красавіка 1945 г. на подступах да Берліна.
Салдат Сурначоў загінуў, аднак паэт Мікола Сурначоў уласным талентам даў нам запавет - памяць пра сябе.

Праслухоўванне песні "Жураўлі" (муз. Я. Фрэнкеля, сл. Р. Гамзатова, рускі тэкст Н. Грэбнева).

1945 год. На жаль, байцы зноў і зноў пакідаюць строй. Аднак Перамога ўжо блізіцца. Салдат-міратворац адчыняе дзверы страшных машын смерці - канцэнтрацыйных лагераў. У адным з такіх лагераў знаходзіўся вязень пад нумарам 32815 - Міхаіл Савіцкі, у будучым - Герой Беларусі, тройчы акадэмік, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і Беларусі, народны мастак СССР.
Цяжкім і гераічным аказаўся яго ваенны лес. У 19-гадовым узросце ён удзельнічаў у 250-дзённай абароне Севастопаля - спачатку як просты салдат, потым як палітрук. Падчас аднаго з са­мых кровапралітных і жорсткіх баёў - за Херсанескі маяк - палітрук Савіцкі быў цяжка паранены і ўзяты ў палон. У 1942 г. яго вывезлі ў Германію ў лагер смерці Дахау.
На тэрыторыі Еўропы немцы стварылі шмат канцэнтрацыйных лагераў - Асвенцым, Бухенвальд, Маўтхаўзэн, Трэблінка, Біркенау, Майданэк, Трасцянец...
Дахау - самы першы з іх (сакавік 1933 г.). За гады яго існавання тут знаходзілася 250 тысяч вязняў з 24 краін свету. У такіх лагерах людзей знішчалі з прамысловай арганізаванасцю і інжынернай вынаходлівасцю: забівалі ударам цяжкай дубінкі і павольна зводзілі ў магілу штодзённымі пабоямі, жывымі спальвалі у крэматорыях і катавалі ў газавых камерах, ставілі "медыцынскія вопыты", марылі голадам; у мэтах эканоміі з чалавечага тлушчу рабілі мыла, а з татуіраванай чалавечай скуры - абажуры.
Асабліва цяжка даводзілася камуністам і палітрукам, сярод якіх аказаўся і юнак Савіцкі. Аднак задушыць волю і мужнасць людзей гітлераўцы не здолелі: у лагеры падпольна дзейнічала Супраціўленне. М. Савіцкі быў адным з кіраўнікоў, некалькі разоў спрабаваў збегчы. За арганізацыю чарговых уцёкаў у пачатку красавіка 1945 г. яго пакаралі поўным галаданнем на працягу 20 сутак, потым перавялі ў тыфозны барак № 30, адкуль звычайна жывымі не вярталіся.
Аднак Міхаілу Савіцкаму пашчасціла дачакацца вызвалення - 29 красавіка лагер быў вызвалены саюзнымі войскамі. Натуральна, што пасля такога жыццёвага выпрабавання ваенная тэма стала галоўнай у творчасці Савіцкага-мастака.

Гаворыць народны мастак Міхаіл Савіцкі:
- Амаль праз тры дзесяцігоддзі я сустрэўся са сваім франтавым сябрам - Георгіем Карнілавым. Разам мы змагаліся з ворагам пад Херсанесам, ра­зам спрабавалі бегчы з канцлагера. I вось, калі сустрэліся, першае яго пытанне: "У цябе ёсць карціна пра гэта?" I я зразумеў: далей адкладваць нельга. Да распрацоўкі тэмы, выбару формы, мовы карцін я падыходзіў вельмі патрабавальна. Доўга выношваў кожную дэталь, прадумваў кампазіцыю. Бо пра зверствы канцлагераў, якія парадзіў фашызм, неабходна было расказваць пал­ка, праўдзіва, эмацыянальна. Прымусіць гледачоў хвалявацца, выклікаць у душы пратэст - у гэтым была адна з галоўных задач. I канечне ж, абавязак перад тымі, хто згарэў у чорных камерах крэматорыяў, не дажыў да светлых майскіх дзён 1945-га. Уяўляеце, за гады Другой сусветнай вайны загінула 50 мільёнаў чалавек. 3 іх 11 мільёнаў - у канцлагерах. Цэлая дзяржава!

Вяршыняй у раскрыцці ваеннай тэмы ў М. Савіцкага стаў цыкл з 16 карцін "Лічбы на сэрцы": абагульненае, філасофскае асэнсаванне і адначасова прыгавор лагерам смерці. Але вернемся ў 1945 год... Канец вайны ўжо зусім блізка. Салдат-міратворац нясе незалежнасць усім еўрапейскім на­родам - балгарам, чэхам, югаславам, аўстрыйцам... Пры гэтым імкнецца захаваць багатую гістарычную і культурную спадчыну ўсіх краін.

Знаёмства з мінулым
Смутак вуліц.
Чужыя палацы.
Прывяла нас у Вену вайна.
У пакой імператара Франца
Падначальных вядзе старшына.
Адчыняе замкнутыя дзверы.
Мы парог пераходзім за ім.
I эпоха аджытых імперый
Абдае нас паветрам сваім.
Мы па кнігах яе вывучалі,
Так ніколі не зналіся з ёй.
А цяпер, як жывую, спаткалі
На дарозе салдацкай сваёй.
I ляжыць яна, быццам наяве,
На палотнах, на гранях разца,
На партрэтах у моднай аправе,
На сцяне між аскепкаў свінца.

Мы выходзім...
Прытулак імперый      
Замыкае на ключ старшына.
Нам на ўсход адчыняюцца дзверы,
Дзе шуміць маладая вясна.
М. Калачынскі.

Праслухоўванне песні "Майскі вальс" (муз. I. Лучанка, сл. М. Ясеня).

Верш "Знаёмства з мінулым" паэта-франтавіка Міхася Калачынскага завяршаецца словамі "Нам на ўсход адчыняюцца дзверы...". Так аўтар паэтычна акрэслівае шлях дадому - да роднай Беларусі. Скончана цяжкая баявая праца, выкананы ратны подзвіг-абавязак. I наперадзе - новая, ужо мірная, стваральная праца.
Тым жа, хто не дажыў да Перамогі, - памяць, падзяка і бясконцая павага.


Яшчэ на гэту тэму:

"І боль душы, і светлая сляза..."     У нашых сэрцах - памяць аб кожным чацвёртым