сцэнарыі святаў на беларускай мове

Вольга ЮХНЕВІЧ, выхавальнік дашкольнай адукацыі вышэйшай катэгорыі, яслі-сад № 15 г.Смаргоні Гродзенскай вобласці. Пралеска 02/2017

Вясёлы ладзім карагод - вясну гукаем ля варот

Заняткі па адукацыйнай вобласці «Дзіця і грамадства» для дзяцей сярэдняй групы

Праграмныя задачы: пашыраць уяўленні выхаванцаў пра народныя святы і абрад «Гуканне вясны»; узбагачаць мову дзяцей творамі беларускага фальклору; развіваць актыўную гульнявую дзейнасць для фарміравання пазнавальных працэсаў і маўлення; выхоўваць цікавасць да нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей, культурных традыцый народа.
Матэрыял і абсталяванне: афармленне дзвярэй у казачныя вароты, касцюм Вясны, фотаздымкі народных свят, маска жураўля, аўдыязапіс спеваў птушак, вяроўка, цацачная птушачка, канверт, папяровыя пралескі, ільдзінка і сняжынка, карткі з выявамі птушак.
Папярэдняя работа: развучванне тэматычных вершаў, прыказак, прымавак, правядзенне гульняў, а таксама гутарак пра народныя святы і абрады.

Ход заняткаў

Выхавальнік дашкольнай адукацыі (В .д.а.). Мае маленькія сябры! На папярэдніх занятках мы неаднойчы гаварылі з вамі пра народныя традыцыі. Ад дзядоў да ўнукаў перадаваліся песні, гульні, казкі. Людзі на год складалі каляндар і загадзя ведалі, калі распачынаць вячоркі і прасці кудзелю, што рабіць перад Сёмухай, а што — перад Калядамі, калі можна дазволіць сабе есці бліны з маслам, а калі каўбасы.
Зараз вы падкажаце мне, што робяць на адпаведнае свята. Слухайце ўважліва мае пытанні і давайце на іх адказы:
- Прыгадайце, на якое свята гатавалі куццю? (На Каляды.)
- На якое свята абавязкова пякуць бліны? (На Масленіцу.)
- Якое свята нельга ўявіць без выпечкі з фігуркамі птушачак? (Саракі.)
Малайцы, добра засвоілі. Сёння мы з вамі звернемся да народнага абраду, які атрымаў назву «Гуканне вясны».
Зіма, як правіла, доўгая і халодная, таму людзі заўсёды з нецярплівасцю чакалі вясну. Дарослыя і дзеці імкнуліся наблізіць яе прыход рознымі спосабамі: прызыўнымі песнямі, карагодамі, гульнямі. Меркавалася, калі вясну сустрэнеш ветліва і радасна, то яна аддзячыць падарункамі: багатым ураджаем, добрым прыплодам хатніх жывёл, прынясе поспех у гаспадарчых справах. Гукалі вясну да таго часу, пакуль сяляне не выходзілі ў поле рыхтаваць зямлю да сяўбы.
Як называецца абрад, пра які я расказвала? (Гуканне вясны.)
Гучыць аўдыязапіс спеваў птушак, неўзабаве «прылятае» птушачка і «шчабеча».
В.д.а. Птушачка, што здарылася? Раскажы!
Птушачка. Вясну да вас не пускае Зіма, прачытаю ліст ад яе:
«Вясна ў мяне ў палоне, таму яшчэ доўга не растане снег. Хлопчыкі і дзяўчынкі, калі вы адшукаеце па чарзе тры кветкі пралескі, то я набліжу надыход Вясны».
В.д.а. Дзеці, паспрабуем выканаць заданне Зімы і адшукаць пралескі? (Так!) Тады адпраўляемся ў дарогу. (Дзеці крочаць адзін за адным.)
Вось і першая палянка, дзе расце пралеска. Каб яна распусцілася, трэба назваць прыкметы вясны.
Дзеці становяцца кругам, выхавальнік дае аднаму з іх кветку. Той, хто яе атрымаў, называе адну з прыкмет вясны, а пасля перадае пралеску суседу.
- Вясной цёплае сонейка.
- Прылятаюць птушкі з цёплых краін.
- Дзянёчкі становяцца больш доўгімі.
- Распускаюцца зялёныя лісцікі.
- З’яўляюцца першыя кветачкі.
- Птушкі весялей спяваюць.
- Людзі ў полі пачынаюць працаваць.
- Снег растае.
- Бягуць вясёлыя ручаі.

В.д.а. Малайцы, правільна назвалі прыкметы вясны — вось і распусцілася першая пралеска. Крочым далей! (Пачынаюць ісці.)
Вось і наступная палянка, а на ёй ільдзінка з загадкамі. Калі вы іх адгадаеце, то льдзінка растане, і распусціцца другая пралеска. Слухайце загадкі цалкам і толькі пасля давайце адказы.
3 выраю першы вяртаецца.
3 песняй да свету звяртаецца.
Поля і неба сябрук —
Гэта, вядома... (жаўрук).
Ледзь вясна наступае —
Ён канцэрты пачынае.
Гучна льецца песня-свіст...
Як завецца той артыст? (Шпак.)
Даўганосы, даўганогі,
3 далёкай прыляцеў дарогі. (Бусел.)
3 кветкамі заўжды прыходзіць,
Радасць, песні нам прыносіць.
Па лугах ідзе, лясамі...
Хто яна? Пазнайце самі! (Вясна.)
Яно па небе плавае,
Іскрыстае, рухавае.
Жыццё дае палеткам
I збажыне, і кветкам. (Сонца.)
Будзіць жаўранак ад сну
Поле, пералескі.
Сустракаць бягуць вясну
Сінія... (пралескі).

В.д.а. Малайцы, справіліся з загадкамі, таму льдзінка растала, а пад ёй распусцілася яшчэ адна пралеска. Пойдзем далей! (Ідуць адзін за адным.)
Вось і наступная палянка, а на ёй — сняжынка. Растапіць яе трэба з дапамогай народных прыказак і прымавак.
Дзеці па чарзе называюць прыказкі і прымаўкі.
- Ранняя вясна — многа вады.
- У красавіку дождж прыходзіць, сонца грэе.
- Вясной грак прыляцеў — праз месяц снег сыдзе.
- Красавік з вадою — май з травою.
- Ластаўка прыляцела — сонца зямлю прыгрэла.
- Была б красавіцкая вадзіца, а зялёная траўка нарадзіцца.
В.д.а. Цудоўна, мы адшукалі трэцюю пралеску і выканалі заданне Зімы! I ўсё ж, каб яна стала яшчэ больш лагоднай, давайце прачытаем верш.
1-е дзіця.
Н.а сонечным узлеску
Апошні снег растаў.
Вясёлыя пралескі
Зірнулі з-пад куста.
2-е дзіця.
Празрыста ззяюць вочы,
Нібы блакіт нябёс.
Халоднай весняй ноччу
Іх не кране мароз.
3-е дзіця.
Пралескі на пагорку
Пад леташняй травой
Зіхочуць, быццам зоркі,
Агністай сінявой.
М. Хведаровіч

В.д.а. Малайцы, добры верш пра вясну расказалі!
Ляці, птушачка, і раскажы Зіме, што мы яе заданне выканалі. Няхай саступае дарогу Вясне!
Птушачка. Дзякуй, дзеткі, за дапамогу! Спадзяюся, што неўзабаве я абвяшчу на ўвесь лес аб надыходзе Вясны. Да пабачэння!
В.д.а. А яшчэ ў народзе здаўна кажуць: дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць! Дзеткі, хуценька станавіцеся ў вясёлы карагод — з Зімой развітаемся, з Вясной павітаемся.
(Ладзяць карагод і прыгаворваюць.)
Прыйдзі, прыйдзі, вясна, гу!
Прыйдзі, прыйдзі, красна, гу!
Прынясі нам красак
Кветачкі пакрасіць, гу!
Будзем вяночкі звіваць,
Табе песні спяваць, гу!

Адчыняюцца казачныя вароты, заходзіць Вясна, вітаецца, дзеці таксама.
В.д.а. Гэй, Вясна, ды гэй, красна!
Што ты нам прынесла?
Вясна. Я прынесла лета ціхае, кветачкі прыгожыя, цёплую вадзіцу і з зямліцы травіцу.
А яшчэ прынесла выявы птушак, якія прылятаюць вясной і прыносяць весткі аб яе надыходзе. Назавіце гэтых птушак, і я вам іх пакажу. (Грак, шпак, гусь, жаўрук журавель.) Правільна назвалі! А цяпер давайце пагуляем.

Гульня «Журавель»

Дзеці стаяць кругам, трымаюць вяроўку — «сілкі на жураўля». Абраныя лічылкаю «жураўлі» лятаюць пад словы:
Сякі-такі журавель, журавель,
Не еш маіх канапель, канапель.
Бо я табе, жураўлю, жураўлю,
Задам дыхту, як злаўлю, як злаўлю!

Пасля апошніх слоў «сілкі» закрываюцца. Калі журавель трапляе ў «сілкі», тады становіцца разам з усімі. Выбіраюцца новыя «жураўлі».
Вясна. Пераканалася, дзеткі, што вы не толькі разумныя, але і спрытныя.
Дзеці.
Дзякуй, Вясна, дзякуй, красна!
За ясныя дзянёчкі, частыя дажджочкі,
Зялёныя травы, кветачкі, лісточкі нам на вяночкі.

Вясна.
Хай вясёлка загляне ў аконца,
Каб былі вы добрымі, як сонца,
Не сумавалі ніколі,
Спазналі лепшай долі,
Каб здаровымі былі,
Дабро рабілі на Зямлі!

Вясна развітваецца з дзецьмі і пакідае групу. Падводзіцца вынік заняткаў.

ЛІТАРАТУРА:

1. Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2012.
2. Пралеска: У истоков образного слова. Хрестоматия: пособие для педагогов учреждений дошкольного образования / сост.: А.Н. Саченко, Л.А. Саченко. — Минск: Нац. нн-т образования, 2011.


Яшчэ на гэту тэму:

Ой, Вясна вясёлая     Мы вясну гукаем, вясну сустракаем.