сцэнарыі святаў на беларускай мове

С. I. БУРДА, намеснік дырэктара СШ № 44 г. Віцебска. Пачатковая школа 8/2007

Прыгажосць і ўтульнасць беларускай хаты

Урок у 1 класе

Тэма: “Прыгажосць і ўтульнасць беларускай хаты".
Мэта: паказаць вучням прыгажосць і ўтульнасць беларускай хаты; замацаваць веды аб беларускім нацыянальным адзенні, удакладніць элементы беларускага арнаменту; арганізаваць даследчую дзейнасць на ўроку; прывіваць любоў да роднага краю.

Ход урока

I. Арганізацыйны момант.

Дзеці стаяць групай.
У настаўніка — верацяно з ніткай.

Настаўнік. Што ў мяне ў руках? (Верацяно.) Наша чароўнае верацяно кліча нас сёння ў навуковую экспедыцыю — вы будзеце нешта даследаваць, расказваць аб гэтым усім нам, рабіць вывады.
Давайце наматаем на наша чароўнае вераценца словы-прывітанні або іншыя беларускія словы, якія вам падабаюцца, і падорым адно аднаму.
Дзеці перадаюць адно аднаму верацяно, намотваюць нітку і гавораць словы.
Настаўнік. А я таксама хачу вам падарыць сваё слова, а якое, здагадайцеся. Яно бывае прыгожае і прыносіць радасць. Яно бывае святочнае. Бывае жаночае, мужчынскае і дзіцячае. Яго мы надзяваем на сябе. (Адзенне.)
Малайцы, здагадаліся! I маё слова наматаем на вераценца.

II. Паўтарэнне вывучанага.

Настаўнік. Калі людзі сталі
карыстацца адзеннем, ці ва ўсіх яно было аднолькавае? Чаму рознае? (Гэта залежыць ад кліматычных умоў, геаграфічнага становішча, традыцый народа.) У кожнай нацыі і народнасці сваё адзенне. Якое нацыянальнае адзенне і якіх народаў вы ведаеце? (Спадніцы ў шатландцаў, цюбецейка і халат ва ўзбекаў, кімано ў Японіі, сарафан у Расіі, кашуля ў беларусаў, сары ў жыхароў Індыі, даха — у паўночных народаў, чаркеска — у народаў Каўказа.)
Заданне: знайсці на малюнках беларускае нацыянальнае адзенне, растлумачыць свой выбар.
Настаўнік. Дык у чым асаблівасці беларускага нацыянальнага адзення? (У большасці яно льняное, з арнаментам.) Чым адрозніваецца ад рускага нацыянальнага касцюма?
Прыгадайце, які нацыянальны касцюм вы бачылі падчас наведвання выставы. (Кітайскі.) Там былі і нацыянальныя касцюмы шасці абласцей Беларусі. Чым вызначаецца касцюм Віцебскай вобласці? (Ёсць сіні колер, бо на Віцебшчыне шмат азёр.)
Настаўнік звяртае ўвагу дзяцей на мужчынскі і жаночы беларускія нацыянальныя касцюмы на манекене ў класе.
Настаўнік. Як вы лічыце, які гэта касцюм? (Беларускі.) Якой вобласці? (Віцебскай, бо прысутнічае шмат сіняга колеру.) Чым яны вам падабаюцца?

III. Паведамленне тэмы ўрока.

Настаўнік. Мы даведаліся, як апраналіся нашы продкі, а цяпер пагаворым аб тым, дзе і ў якіх умовах жылі беларусы. Вы хочаце даведацца, з якіх частак складалася хата?
А ці цікавіць вас, чым адрозніваецца адзін куток ад другога?
Тады мы не проста пра гэта прачытаем, а рушым у навуковую экспедыцыю, дзе самі ўсё даследуем. Чароўнае верацяно запрашае вас у навуковую экспедыцыю ў беларускую хату.

IV. Навуковая экспедыцыя.

Клас аформлены ў выглядзе беларускай хаты.
Настаўнік. Пачынаецца наша экспедыцыя. А план даследавання вам дапаможа ў вашай працы. (План на дошцы і на картках.) Прачытаем яго. Ён вам спатрэбіцца ў вашым даследаванні. (Дзеці чытаюць хорам.)
План даследавання
У кутку ёсць рэчы... Гэта... Зроблена з... Патрэбна для... Куток патрэбен для...
Настаўнік дзеліць клас на тры групы. Кожная група выбірае сабе картку з назвай кутка.
Настаўнік. На картках напісаны новыя для вас словы. Паспрабуйце высветліць, што яны абазначаюць, і складзіце звязнае паведамленне па плану.
Карткі для групавой работы
Бабулін куток: коўш, гляк, кадушка, маслёнка.
Чырвоны кут, або покуць: абразы, куфар, абрус, ручнік.
Печ: чапяла, відэльцы, чыгунок, ляжанка (прыпечак, загнетка).
Выкананне работы(па групах).
Расказ вучняў па плану аб выкананай рабоце (карткі са словамі вывешваюцца на дошку).
Настаўнік звяртае ўвагу на калыску(зыбку).

V. Фізкультхвілінка.

На ляжанцы грэецца Дамавік, ён нешта засумаваў. Давайце яго павесялім. Што ў яго на нагах? (Лапці.) Праспяваем пра лапці.
Выконваецца песня "Лапці".

VI. Работа па падручніку.

Настаўнік. Вы расказалі пра вашы вынікі даследавання, а зараз звернемся да нашых падручнікаў.
Дзеці разглядваюць малюнкі і расказваюць, што намалявана, якія куткі хаты.

VII. Сувязь з сучаснасцю.

Настаўнік. Навука не стаіць на месцы, беларуская хата змянілася.
Ці захаваліся ў каго-небудзь з вашых родных рэчы, якімі карысталіся даўней? Якія гэта рэчы? Ці падобна наша сучасная хата, кватэра, на старажытную? Чым падобна, чым адрозніваецца? Што замяняе калыску? (Дзіцячы ложак.) Што замест печы ў нашых кватэрах? (Пліта.) Дзе знаходзіцца бабулін куток? (Кухня.) Што выкарыстоўваецца замест палацяў? (Ложак.) Замест куфра? (Шафа.)

VIII. Замацаванне.

Настаўнік. Давайце паўторым яшчэ раз, з якіх частак складаецца хата.
Наша навуковая экспедыцыя завяршыла работу.

IX. Рэфлексія.

Настаўнік. Вы ўсе былі малайцы! Чаму?
Адказы дзяцей: “Я — малайчына, бо..."


Яшчэ на гэту тэму:

“Ды на родны на парог”     “Свая хатка - як родная матка”