сцэнарыі святаў на беларускай мове

Надзея Уладзіміраўна БЕЛАВУС — настаўніца беларускай мовы і літаратуры, дырэктар Перарубскай базавай школы Іванаўскага раёна. Роднае слова Красавік 2001 г.

"Зямля ў сукенцы беленькай бяжыць на выпускны"

Сцэнар літаратурна-музычнай кампазіцыі

Да гэтага свята неабходна падрыхтавацца загадзя: ствараецца творчая група, якой і будзе даручана яго падрыхтоўка, складаецца цікавая і змястоўная праграма. У яе могуць быць уключаны прывітальныя словы выпускнікам школы, ушанаванне настаўнікаў, выступленні бацькоў, вусны часопіс, святочны канцэрт, захапляльныя спаборніцтвы, цікавыя гульні, танцы, чаяванне і г. д. Выпускнікі святочна ўпрыгожваюць школьную актавую залу: можна вывесіць школьны летапіс, святочны нумар насценгазеты. Па школьным радыё гучыць канцэрт для выпускнікоў "Па вашай просьбе".
У гэты святочны дзень кожнаму выпускніку ўручаюцца эмблема свята і кветкі.
Пад музыку "Школьнага вальса" (верш М. Матусоўскага, муз. М. Дунаеўскага) выпускнікі займаюць месцы ў зале.

1-ы вядучы. Запамятайце гэты дзень — 26 чэрвеня 2001 года!
2-і вядучы. Запамятайце гэты час! Сёння ў нас асаблівае свята.
1-ы вядучы. Сёння мы развітваемся са школай!
2-і вядучы. Больш за 20 тысяч званкоў пачулі мы за 11 гадоў вучобы ў школе.
1-ы вядучы. Першы школьны званок 1 верасня 1990 года паклікаў нас на першы урок.
2-і вядучы. А сёння ён гучыць для нас апошні раз і кліча ў новае жыццё.

Выходзіць Школьны Званок.

Школьны Званок. Добры вечар, дарагія сябры! Я — ваш апошні школьны званок. Роўна 11 гадоў я быў побач з вамі — вы чулі мой голас з урока на урок, а сёння прыйшоў па праву даўняга сябра праводзіць вас у далёкі шлях жыцця. Закончылася лесвічка школьных класаў, па якой вы штогод падымаліся ўсё вышэй і вышэй. Сёння вы стаіце на апошняй прыступцы — і надышоў час развітання са школай.

Усе па чарзе звоняць.

Школьны Званок. Закончылася шчаслівая пара дзяцінства. Няхай жа будзе на вашым шляху многа шчасця, любові, усмешак, радасці! Хай кожны з вас знойдзе сябе ў добрай і патрэбнай справе! Шчасця вам! У добры шлях!

Сыходзіць, звонячы.

1-ы вядучы.
Нам болей не сядзець за партай вузенькай,
Настаўнікі не будуць побач дбайныя.
Званок апошні застанецца музыкай,
Як тыя словы з вамі развітальныя.

Але памятайце, што школа не заканчваецца з апошнім званком, бо чалавек вучыцца ўсё свае жыццё.
2-і вядучы. Дарагія сябры! Мы рады сёння вітаць вас у гэтай зале! Вось і спыніўся ваш школьны гадзіннік. Што ж чакае вас наперадзе? Куды павядзе вас жыццё? На якіх сцяжынках чакае вас лёс?

Слова даецца намесніку дырэктара школы па выхаваўчай рабоце.

1-ы вядучы.
Ідуць дзесяцікласніцы
3 апошняга званка,
Лагодзіць твары ласкаю
Духмянасць свежака.

Мяцеліцы пялёсткавай
Шчымлівы халадок
Прымае ў сэрца з лёгкасцю
Семнаццаты гадок.

2-і вядучы.
Ён верыць —
хутка спраўдзіцца
Надзей усіх прагноз
3 нязначнаю папраўкаю
На час і ўласны лес.
Іх хвалю запаветную
Страмчэй,
жыццё,
ўзнімай!
Шуміць зялёным ветразем
Над светам добры май.
1 -ы вядучы.
На незнаёмым беразе
Прыстануць іх чаўны...
Зямля ў сукенцы беленькай
Бяжыць на выпускны.
Сяргей Законнікаў. Дзесяцікласніцы.

2-і вядучы. Унесці ў залу атэстаты!

Пад музыку хлопчык і дзяўчынка з малодшых класаў уносяць у залу на ручніку атэстаты.
Слова даецца дырэктару школы, які і ўручае выпускнікам атэстаты.
Гучыць музыка. Выпускнікі становяцца у круг і, перадаючы адзін аднаму запаленую свечку, гавораць свае пажаданні школе, настаўнікам, сябрам.
Усе становяцца ў адзін рад. Гучыць клятва выпускнікоў.


Выпускнікі (усе разам). Мы, першыя выпускнікі трэцяга тысячагоддзя, пакідаючы сцены нашай роднай школы і выходзячы ў самастойнае жыццё, урачыста клянёмся:
1. Ніколі, ніколі не забываць сваіх настаўнікаў.
Клянёмся!
2. 3 гонарам і годнасцю пранесці па жыцці ве¬ды, атрыманыя ў нашай школе.
Клянёмся!
3. Не забываць школьных сяброў. Прыходзіць на дапамогу ў патрэбную хвіліну не толькі словам, але і справай.
Клянёмся!
4. Быць дастойнымі людзьмі.
Клянёмся!
5. Ніколі не забываць сцяжынку да бацькоўскага парога.
Клянёмся!
6. Любіць і берагчы сваю Айчыну, свой народ, сваю родную мову.
Клянёмся!

1 -ы вядучы. Дарагія выпускнікі! Вось вы і сталі зусім дарослымі — і ўжо ў мінулым і школа, і настаўнікі, патрабавальныя і не вельмі, любімыя і не зусім.
2-і вядучы. Дык пранясіце ж праз усё свае жыццё непаўторнасць першага урока, светлы сум выпускнога балю, дух школьнага сяброўства, шчырую ўдзячнасць школьным настаўнікам!

1 -ы вядучы.
Шумлівыя бары, рачныя кручы
I белыя лілеі на вадзе,
I хлапчукі бягуць табе насустрач,
I соты раз гавораць: "Добры дзень!"
2-і вядучы.
Ты узышла на ганак новай школы,
Ты гэтым дзецям блізкая, свая,
I ўжо сябе не лічыш навасёлам,
Бо тут твой дом і тут твая сям'я.
Сяргей Грахоўскі. Народная настаўніца.

Слова першай настаўніцы.

1 -ы вядучы.
Выпала шчасце ранкам жыцця
у промнях пяшчоты
пагрэцца:
маці бярэ
на рукі дзіця
заўсёды
галоўкай да сэрца.
2-і вядучы.
Пэўна, таму
на сцюжы дарог
у радасці і паняверцы,
покуль пад сосны
не выправіць Бог, —
чуеш ты
матчына сэрца.
Анатоль Вялюгін. Шчасце.

1-ы вядучы.
Парог бацькоўскай мілай хаты,
Як ты мне снішся! Як завеш
3 тых дзён, калі дыханнем мяты
Правёў за пырнік родных меж!
2-і вядучы.
Але ва ўсіх турботах плодных
Я помніў добра, мой парог,
Што гэта ты мяне, мой родны,
Вучыў зрабіць свой першы крок.
Кастусь Кірэенка. Парог бацькоўскай мілай хаты...

Даецца слова бацькам выпускнікоў.

1-ы першакласнік.
У дзень святочны, светлы —
Ад ззяння майскіх промняў —
Прыміце нашы кветкі,
Каб гэты дзень запомніць.
2-і першакласнік.
Няхай вас зараз кожны
Узрадуе букет,
Хай вецер спадарожны
Павее вам услед.
3-і першакласнік.
Вас хуткая дарога
Удалеч паімчыць.
Нам трэба яшчэ многа
Чытаць, пісаць, лічыць.
4-ы першакласнік.
Пры сённяшняй нагодзе
Запэўніць хочам вас:
І мы шчасліва дойдзем
Ў адзінаццаты клас.

Выпускнік мінулага года. Я закончыў школу ў мінулым стагоддзі, нават тысячагоддзі. А вы — першыя выпускнікі новага, трэцяга тысячагоддзя. Уяўляеце, на колькі я старэйшы за вас? На цэлае тысячагоддзе!
У сувязі з гэтым, я думаю, што маю поўнае права даваць вам парады. Дык вось слухайце.
Сёння вы яшчэ выпускнікі, а ў хуткім часе станеце абітурыентамі. Ведайце, што ўсе абітурыенты падзяляюцца на 4 катэгорыі:
першая — тыя, што нічога не ведаюць, але не здагадваюцца пра гэта; другая — нешта крыху ведаюць, але не ведаюць што; трэцяя — нешта ведаюць і ведаюць што іменна; чацвёртая — ведаюць усё і нават тое, чаго не ведаюць.
Вызначы, да якой катэгорыі належыш ты, і гэта дапаможа табе ў выбары навучальнай установы. Памятай: калі пашанцуе, то атрымаеш на экзамене "выдатна". У час экзамену ўсміхайся. Усмешка дадае ўпэўненасці і завядзе ў зман экзаменатараў. Шпаргалкамі трэба карыстацца, як небяспечнымі лекамі: толькі ў малых дозах. Час ад часу пакашлівай у кулак і расцірай вобласць сэрца, намякаючы на слабое здароўе, якое падарвалася ў час падрыхтоўкі да экзаменаў.
Такім чынам можна расчуліць экзаменатараў.
Калі ўбачыш, што не зможаш адказаць на пытанне, не спяшайся пра гэта паведамляць. Няхай экзаменатары здагадаюцца самі.
Калі гэтыя парады не дапамогуць і ты не станеш студэнтам — не бядуй. Не забывай: тыя, хто не мае за плячамі ВНУ, жывуць багацей. Ды і тысячагоддзе толькі пачалося, у цябе будзе яшчэ магчымасць даказаць, што ты ведаеш усё, нават тое, чаго не ведаеш.

1 -ы вядучы.
Мне не забыць цябе ніколі,
Сцяжынка з роднага сяла,
Як, клапатлівая, да школы
Штодзённа ты мяне вяла.
2-і вядучы.
Мне не забыць той час цудоўны,
Калі прасторны, светлы клас,
Як зернем, ведамі нас поўніў
I шліфаваў цярпліва нас.

Спяваюць:
Сцяжынка першая мая,
Ляці ад школьнага парога,
Прайдзі ўсе рэкі і палі
I стань шчасліваю дарогай.
Сцяжынка, сцяжынка,
Сцяжынка школьная мая.
Сцяжынка, сцяжынка,
Сцяжынка першая мая.

1 -ы вядучы.
Чым бы я была,
Чым бы я была
Без твайго святла,
Без твайго крыла,
Мая школа?..
2-і вядучы.
Як цені ў поўдзень — прэч усе сумненні,
А будучыня — як найлепшы верш.
1 -ы вядучы.
А мне патрэбна сонца — уначы,
I зорка — днём,
I кветка — у мяцеліцу.
Ліпнёвы ранак на губах гарчыць,
У даль няроўная дарога сцелецца.
2-і вядучы.
А дзе ёй пачатак?
Які ў яе канец?
Падшыта неба зноў глухімі хмарамі.
I не сказаць яшчэ, ці ўгнацца мне
За бачнай, ды неўтаймаванай мараю.
1 -ы вядучы.
Мой новы дзень,
Мой нотны ліст,
Якую музыку нясеш ты?
Што — боль ці радасць
, Дырыжор аркестра заўтрашніх падзей?
2-і вядучы.
Хай бубнам біць,
Хай скрыпкам плакаць —
Давеку на адна маліцца:
Каб крочыў час мой
Поруч з часам Радзімы.
1 -ы вядучы.
Дзяцінства, нібы птушка, адляцела,
Праплакалі вясеннія дажджы,
А я развітвацца ніяк з ім не хацела.
Паваражы мне, ноч, паваражы.
2-і вядучы.
Мне пра лес далейшы раскажы,
I не крыўдуй жа на мяне ты зноўку.
Паваражы мне, ноч, паваражы
I запалі на небе маю зорку.
3 вучнёўскіх вершаў.

1 -ы вядучы. А што? Давайце і паварожым! Даведаемся, каго які лес чакае. Вынесці скрынку лесу.

У залу ўносяць скрынку, у якой згорнутыя паперкі са словамі: 1) маці-гераіня; 2) камерсант; 3) настаўнік; 4) палітык; 5) прэзідэнт і г. д.
Кожны выпускнік выцягвае запіску, чытае ўголас, што там напісана, затым піша на ёй свае прозвішча і кладзе назад у скрынку, якую будзе захоўваць класны кіраўнік, каб праз некалькі гадоў пры сустрэчы з класам зноў перачытаць іх і ўбачыць, хто з выпускнікоў такім чынам выбраў свой лёс.
У залу пад музыку ўносіцца гірлянда з шарыкаў, у сярэдзіне якіх запіскі. Кожны выпускнік праколвае шарык, чытае запіску і адказвае на пытанні.


Пытанні выпускнікам:
1. Які прадмет быў самы любімы ў школе ?
2. Хто любімы настаўнік? Чаму?
3. Ці памятаеце першую двойку? Па якім прадмеце? Якая была рэакцыя бацькоў?
4. Якой вы бачыце сваю будучыню ? Кім марыце быць ?
5. Ваш сусед (суседка) па парце ў 1 класе?
6. Як была апранута ваша першая настаўніца 11 гадоў таму 1 верасня ?
7. Ці тузаў ты дзяўчынак за косы (хлопчыкаў за чупрыну) ?
8. Хто з аднакласнікаў падабаўся табе больш за ўсіх у 1 класе?
9. Які выпадак з 1 класа табе запомніўся лепш за ўсіх?
10. Хто з выпускнікоў нашай школы вёў цябе за руку на лінейку ў 1 класе ?
11. Што хочаш пажадаць аднакласнікам ?
12. Што пажадаеш першакласнікам? I г. д.
1-ы вядучы. А цяпер прыйшла чарга запытаць і бацькоў? (Бацькам раздаюцца пытанні, напісаныя на паперках у форме кляновых лістоў.)

Пытанні бацькам:
1. Дата нараджэння вашага сына (дачкі) ?
2. У якім годзе сын (дачка) пайшоў у 1 клас?
3. 3 кім сябруе ваш сын (дачка) ?
4. Які быў любімы прадмет сына (дачкі)?
5. Чым захапляўся сын (дачка) у школе?
6. Якія цяжкасці былі ў сына (дачкі) у школе ?
7. Ці памятаеце вы сваю першую настаўніцу?
8. Апошняя двойка або пяцёрка сына (дачкі)? Па якім прадмеце?
9. 3 кім сядзеў за партай сын (дачка)?
10. Які самы яркі ўспамін пра школу застаўся ў Вас?

2-і вядучы. Шчыры дзякуй вам за адказы. А цяпер пра нашых выпускнікоў ды і пра сябе раскажуць настаўнікі. (Настаўнікам таксама раздаюцца пытанні, напісаныя на паперках у форме сэрца.)

Пытанні настаўнікам:
1. Які выпускны клас за гады працы запомніўся Вам больш за іншыя і чаму?
2. Ці памятаеце Вы свой выпускны баль? Калі гэта было?
3. Як Вы думаеце, якімі будуць выпускнікі праз 10 гадоў?
4. Якія вучні Вам больш запомніліся: з прыкладнымі паводзінамі ці недысцыплінаваныя ?
5. Што б Вы змянілі у школьным навучанні і выхаванні?
6. За гады сваёй працы Вы паставілі больш двоек ці пяцёрак ? Колькі (хоць прыблізна) ?
7. Як Вы выходзілі са становішча, калі класам кіраваць станавілася немагчыма ?
8. Колькі выпускаў ужо было за час Вашай працы?
9. Колькі ўрокаў Вы правялі за ўсе гады педагагічнай працы?

1-ы вядучы. Вялікі дзякуй вам, паважаныя настаўнікі. А цяпер выпускнікі дораць падарункі сваім настаўнікам.

Для кожнага настаўніка падрыхтаваны жартоўныя падарункі. Напрыклад: гісторыку — "рукапіс XIII стагоддзя"; дырэктару — гусінае пяро (пісаць загады); хіміку — рэспіратар з гумавымі пальчаткамі; матэматыку — каўпак з матэматычнымі формуламі; настаўніку спеваў — скрыпічны ключ; настаўніку беларускай літаратуры — валошкі ад М. Багдановіча. Можна падрыхтаваць жартоўныя пародыі на настаўнікаў, выкарыстаўшы любімае выказванне кожнага з іх пад дэвізам "адгадай, хто гэта?". Можна скласці жартоўныя вершы, прысвечаныя кожнаму настаўніку, чытаць іх, уручаючы падарункі.

2-і вядучы. Вось і дапісана апошняя старонка нашага школьнага летапісу, і школа развітваецца з вамі. Развітваюцца з вамі настаўнікі, якія былі побач шмат гадоў. Развітваемся з вамі і мы, вашы малодшыя сябры. Мы крышку зайздросцім вам: вы ўжо сталі зусім дарослыя. Перад вамі адкрываецца вялікае жыццё з усімі яго радасцямі і цяжкасцямі, з бясконцымі шляхамі-дарогамі. Як бы ні склалася ваша жыццё, памятайце:
На лес не варта наракаць,
Ныццём нягоды не адужаць.
Жыццё заўжды — іспыт на мужнасць,
Яе ж не возьмеш напракат.

1-ы вядучы. У добры шлях! У добры час! Шчасця вам!
А цяпер запрашаем усіх — настаўнікаў, бацькоў, выпускнікоў на вальс!



Яшчэ на гэту тэму:

"Прыгажэйце, кахайце, спадзявайцеся і маладзейце..."     Вандроўка ў краіну цудаў-ведаў