сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ю. П. АНДРУШОЙЦЬ, настаўніца сярэдняй школы № 3 г. Ашмяны. Беларуская мова і літаратура 9/2014

Наша радзіма — беларусь

Падарожжа з элементамі гульні-віктарыны для вучняў V—VI класаў

Мэты: стварыць умовы для развіцця пазнавальнай актыўнасці вучняў, іх культуры маўлення; абуджаць цікавасць да гісторыі і культурнай спадчыны роднага краю; выхоўваць грамадзянскасць, пачуццё гонару за сваю Радзіму, за свой народ.
Форма: пазнавальнае падарожжа з элементамі гульні.
Абсталяванне: прэзентацыя, мультымедыйная ўстаноўка, відэаролік «Мая Беларусь», прадметы для гульні «Бульба», макет «васілька», кветкі з каляровай паперы для рэфлексіі, выстава кніг і фотаздымкаў.
Афармленне дошкі: фотаздымкі, малюнкі і карціны беларускіх краявідаў, знакамітых гістарычных мясцін і будынкаў.
Эпіграф:
О Беларусь, мая калыска,
Жыццё маё, прытулак мой!
3 гарачаю любоўю нізка
Схіляюся перад табой.
Пятро Глебка.

Ход мерапрыемства

Настаўнік. Сёння ўрачысты, незвычайны дзень! Запрашаю ўсіх вас у завочную вандроўку па Беларусі. А пачаць хачу радкамі з верша вядомага беларускага паэта Юрася Свіркі:
Мяжуе з Польшчай, Украінай,
Расіяй, Латвіяй, Літвой,
Твой родны край, твая Айчына,
Жыццё тваё і гонар твой.
I ты яе запомні імя,
Як неба, сонца і зару.
Твая зямля, твая Радзіма
Названа светла — Беларусь.

На працягу падарожжа па Беларусі мы высветлім, што вы ведаеце аб сваёй краіне, палюбуемся на гожыя, дзівосныя беларускія краявіды, прыслухаемся да песень, што спявае наша родная зямля, а таксама даведаемся шмат новага і цікавага. Пачынаем размову пра самае галоўнае, самае дарагое — пра нашу Радзіму. Я хачу правесці вас па зямлі, якая для ўсіх нас даражэйшая за ўсё.
Першы вядучы. Сябры і Каб настроіцца на адпаведны лад нашага падарожжа, прапануем вам паслухаць вельмі прыгожую і знакамітую песню пра Беларусь, а вы пасля паспрабуеце адказаць на пытанне: хто з’яўляецца выканаўцам гэтай песні?
Гучыць песня «Мой родны кут» (муз. I. Лучанка ) у выкананні ансамбля «Песняры».

Другі вядучы. Спадзяюся, вы ведаеце, хто выконвае гэтую песню. «Песняры» — усім вядомы беларускі вакальна-інструментальны ансамбль. Вядомы ў першую чаргу дзякуючы сваім цудоўным песням, і найперш тым, якія прысвечаны нашай беларускай зямлі: «Спадчына», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Белавежская пушча» і інш.
Першы вядучы. Чароўны кут, край казак, легенд і паданняў — гэта наша Беларусь. Са старажытных часоў жылі на гэтай зямлі нашы продкі, ці, як прынята казаць, бацькі і дзяды. Таму і называюць людзі сваю зямлю — «бацькаўшчына». А назва, і праўда, светлая ў нашай краіны, прыслухайцеся: Беларусь. Ці ведаеце вы, чаму Беларусь так называецца? (Адказы вучняў.)
Другі вядучы. Ёсць некалькі варыянтаў паходжання гэтай назвы. Першы: белая вопратка даўніх вясковых людзей, белыя іхнія валасы, белы колер скуры. Другі варыянт аніяк не супярэчыць першаму. Калі на старажытныя славянскія землі прыйшлі мангола-татары, здолелі адбіцца ад іх амаль адны толькі мы. Нашы продкі адбіліся. I менавіта мы «белая», «чыстая ад нашэсця татараў» Русь.
Першы вядучы. Паслухайце адну з легендаў пра паходжанне нашага беларускага краю.
Вучань. Існуе шмат легенд аб узнікненні назвы «Беларусь». Адну з іх, вельмі цікавую, я хачу вам расказаць. Паслухайце.

Легенда пра Белаполя
Здарылася гэта даўно, калі свет, у якім мы жывём, толькі зачынаўся. Зямлі тады яшчэ не было. Усюды стаяла мёртвая вада, а пасярод вады тырчэў камень. Раптам насунулася навальніца і давай страляць маланкамі проста ў камень. Ад вогненных стрэл пырснулі з каменя тры іскрынкі — белая, жоўтая і чырвоная. I паляцелі акурат у ваду. Закіпела, скаламуцілася вада, і ўвесь стары свет памутнеў, аж нічога не стала відаць. Калі ж навальніца мінула, то ў свеце шмат чаго змянілася: вада адступілася, а паўсюль стала бачнай зямля. I неўзабаве і ў вадзе, і на зямлі завялося жыццё. Усюды з'явіліся рыбы, птушкі, усякія звяры. Потым і чалавек з'явіўся. Праўда, ніхто не ведае, ці ён тут нарадзіўся, ці прыйшоў аднекуль. Праз нейкі час першы жыхар завёў свае чалавечыя парадкі. Ці доўга ён так жыў, ці мала, але меў ён ужо сваю сялібу, гадаваў дзяцей. А прозвішча меў ён — Бай.
Калі надышла хвіліна памерці, паклікаў Бай да сябе сыноў і падзяліў усю сваю маёмасць. Нікога не пакрыўдзіў, толькі пра аднаго сына — пра Белаполя — забыўся. Белаполь якраз на паляванне пайшоў, а разам з ім былі любімыя бацькавы сабакі — Стаўры і Гаўры. Вярнуўся Белаполь з палявання, а браты яму кажуць: «Перад смерцю бацька падзяліў сваю маёмасць. А табе ён пакінуў сваіх любімых сабак. Ды яшчэ наказаў, каб ты іх пусціў па волі: аднаго — у правы бок, а другога — у левы; колькі яны зямлі аббягуць у дзень, дык гэтая ўся зямля твая будзе...». Тады пайшоў Белаполь і злавіў дзвюх птушак: адну, якая прыляцела з паўднёвага мора, другую — з заходняга. Адпусціў ён першую птушку на поўдзень ды крыкнуў першаму сабаку: «Злаві яе!» Пасля падкінуў другую птушку на захад і загадаў другому сабаку: «Хапай яе!..»
Як паляцелі тыя птушкі: адна ў адзін бок, другая ў другі... Як пабеглі сабакі за птушкамі, дык ажно зямля закруцілася... Як пайшлі тыя сабакі, дык і да гэтага часу не вярнуліся, а па іх слядах дзве рэчкі працягнуліся, у адзін бок прайшла Дзвіна, а ў другі бок — Дняпро.
Вось у гэтых абшарах і пачаў Белаполь наладжваць жыццё на свой лад. Ад Белаполя бяруць свой пачатак людзі, імя якім — БЕЛАРУСЫ.
I да сёння яны жывуць каля Дзвіны і Дняпра, зямельку аруць ды жыта сеюць.

Другі вядучы. А мы з вамі працягваем падарожжа па беларускай зямлі, і наперадзе чакаюць нас цікавыя прыгоды. Запрашаем да ўдзелу ў гульні-віктарыне «Мы — беларусы», дзе кожны з вас мае магчымасць прадэманстраваць свае веды аб Беларусі і тым самым даказаць, што заслугоўвае звацца сапраўдным беларусам.
А памочнікам у нашым падарожжы будзе вось гэтая кветачка (макет «васілька», на кожным пялёстку якога напісаны назвы «прыпынкаў» гульні, дзеці адрываюць пялёсткі і агучваюць назву прыпынку). Як называецца гэта кветка і чаму менавіта яна? (Адказы вучняў.) Вы ўсе ведаеце, што васілёк з’яўляецца сімвалам Беларусі, таму мы і выбралі яго нашым спадарожнікам.

Першы прыпынак. «Родны край»

Першы вядучы. Наш беларускі край — гэта гарады і вёскі, рэкі і лясы, птушкі і звяры, збажына і кветкі... Радзіма — гэта і зорнае неба над галавой, і дзяржаўны лад, і магілы продкаў... А цяпер адкажыце, калі ласка, на шэраг пытанняў.
1) Якія дзяржаўныя сімвалы вы ведаеце? (Герб, сцяг, гімн.)
2) 3 якімі краінамі мяжуе Беларусь? (Польшча, Расія, Украіна, Латвія, Літва.)
3) Колькі абласцей у Беларусі? Назавіце іх. (Шэсць абласцей: Гродзенская, Гомельская, Магілёўская, Віцебская, Мінская, Брэсцкая.)
4) Назва старажытнага беларускага горада, які ўзнік ля ракі Палаты. (Полацк.)
5) Горад, што названы ў гонар бяросты, якая дапамагала ў даўнія часы выйсці, выбрацца з балота. (Брэст.)
6) Якая рака працякае праз Мінск? (Свіслач.)
7) Якая рака працякае праз горад Магілёў? (Дняпро.)
8) Якая рака працякае праз горад Віцебск? (Заходняя Дзвіна.)
9) Якая птушка з'яўляецца сімвалам нашай краіны? (Бусел.)
10) Самая магутная жывёла нашых лясоў, якая захавалася толькі ў знакамітай пушчы. (Зубр; Белавежская пушча.)
11) У Брэсцкай вобласці знаходзіцца славуты мемарыяльны комплекс, пабудаваны для ўшанавання подзвігу ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Як называецца гэтая мясціна? (Брэсцкая крэпасць-герой.)
12) Што вы ведаеце пра гісторыю свайго горада (вёскі)? (Адказы вучняў.)

Другі прыпынак. «Сцяжынка мудрасці»

Другі вядучы. Беларусы заўсёды мелі схільнасць да трапнага, выразнага слова, што яскрава адлюстравана ў народных выслоўях, прыказках. Гэтыя дасціпныя выказванні здзіўляюць сваёй змястоўнасцю, мудрасцю, глыбінёй думкі.
Вось і мы з вамі выйшлі на сцяжынку, дзе «растуць» мудрыя народныя прыказкі. Але перад намі нехта прайшоўся і пераблытаў іх. Ваша задача — скласці прыказкі.

1) Усякая птушка сваё...       1) другіх не знойдзеш.
2) Усюды добра, а...       2) гняздо бароніць.
3) Чалавек без Радзімы, што...       3) Радзіму мацуеш.
4) Добра працуеш — ...       4) сваё балота хваліць.
5) Шануй бацьку з маткай, бо...       5) дома лепей.
6) Кожны кулік...       6) птушка без крылаў
Адказы: 2<-->5; 3<-->6; 4<-->3; 5<-->1; 6<-->4.

Трэці прыпынак. «Гульня»

Першы вядучы. Доўга мы вандравалі, крыху стаміліся, трэба і адпачыць. На гэтым прыпынку запрашаем вас на беларускую народную гульню, якая называецца «Бульба». Нам патрэбны дзве каманды па пяць чалавек. Астатнія будуць гледачамі і актыўнымі заўзятарамі.
Правілы. Бульба рассыпана насупраць кожнай каманды. Яе колькасць адпавядае колькасці гульцоў.
Трэба па камандзе з завязанымі вачыма знайсці адну бульбіну, пакласці яе ў пакет і прыбегчы да каманды, перадаўшы пакет з бульбай наступнаму гульцу. Гульня заканчваецца, калі адна з каманд хутчэй збярэ ўсю бульбу.

Чацвёрты прыпынак. «Пушча загадак»

Другі вядучы. Скарбонкай народнай мудрасці і назіральнасці лічацца беларускія загадкі. Кемлівасці, дасціпнасці вучыліся дзеткі, калі адгадвалі загадкі. Паглядзім, ці кемлівыя (здагадлівыя) вы, дзеці.

  1. Крылаў не мае, а лятае,
    Без рук, а вароты адчыняе,
    Без голасу, а спявае.
    Без пугі, а хмары ганяе. (Вецер.)
  2. Хвост мой пушысты, кажух мой агністы,
    Хітрай называюць і курэй хаваюць. (Лісіца.)
  3. Нахмурыцца, насупіцца,
    У слёзы ўдарыцца —
    Нічога не застанецца. (Хмара.)
  4. Блакітнае вока ад зямлі высока. (Неба.)
  5. Прыйшла чорна маці, усіх паклала спаці. (Ноч.)
  6. Што нас корміць, а есці не просіць? (Зямля.)
  7. 3 гаспадаром сябруе, дом вартуе.
    Ляжыць пад ганкам — хвост абаранкам. (Сабака.)
  8. Сосны лечыць ён з вясны,
    Доктарам завуць лясным. (Дзяцел.)

Пяты прыпынак. «Рака беларускай мовы»

Першы вядучы. Каб перабрацца цераз рэчку, вам трэба пабыць перакладчыкамі і паказаць сваё веданне беларускай мовы. Ваша задача — падабраць беларускія адпаведнікі да слоў з рускай мовы.

1) Карандаш — ... (аловак).
2) Родина — ... (Радзіма).
3) Тетрадь — ... (сшытак).
4) Учебник — ... (падручнік).
5) Утро — ... (раніца або: ранак).
6) Ёж — ... (вожык).
7) Дождь — ... (дождж).
8) Осень — ... (восень).
9) Лакомство — ... (ласунак).
10) Роза — ... (ружа).

Шосты прыпынак. «Архітэктура»

Другі вядучы. Здагадайцеся па фотаздымку, якая мясціна нашай Радзімы тут адлюстравана. Што вам вядома пра гэтыя збудаванні?
Даведка
Мірскі замак (гл. с. 16 часопіса) знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Мір Гродзенскай вобласці. Помнік архітэктуры, занесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Асноўная частка Мірскага замка ўзведзена ў XVI—XVII стагоддзях. На думку даследчыкаў, раней на яго месцы была размешчана феадальная сядзіба.
Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь была пабудавана ў Мінску ў 2006 годзе. Яна лічыцца адной з самых вялікіх у свеце. Незвычайнай з’яўляецца падсветка будынка, што ўяўляе сабой гіганцкі шматкаляровы экран, які ўключаецца кожны дзень з заходам сонца і працуе да 12 гадзін ночы. Малюнак і ўзоры на ім увесь час мяняюцца.

Нацыянальная бібліятэка РБ

Першы вядучы. На гэтых фотаздымках мы з вамі пабачылі нашу прыгожую беларускую зямлю. А як вы думаеце, ці можам мы яе паслухаць, пачуць? Не ведаеце? Тады паслухайце яшчэ адну гісторыю.
Вучань. Ці то полем, ці то лесам ішлі тры падарожнікі. Ішлі яны тры дні і тры ночы ды яшчэ паўдня. Раптам чуюць — спявае нехта. Першы кажа:
— Відаць, жаўранак спявае.
— Не, — кажа другі, — гэта лес шуміць.
А трэці прыпаў вухам да зямлі і прашаптаў:
— Ды гэта ж зямля спявае.
Другі вядучы. Вось якая яна, наша беларуская зямля! Таму ў нас і песні, і танцы такія прыгожыя. А як яна спявае, наша зямля, я зараз прапаную вам паслухаць.
Прагляд відэароліка «Мая Беларусь». Рэжым доступу: httр: // www.youtubе.сот/watch?v=4-АаХRNgpРY
Першы вядучы. Прыгожыя мясціны, так? Але мы не заўсёды заўважаем, што прыгожае побач з намі.
Вось мы і абышлі нашу радзіму, пабачылі блакітныя азёры і рэкі, векавыя дубы і духмяныя лугі, касцёлы і замкі. I менавіта ад нас залежыць, каб яна і надалей заставалася такой прыгожай, каб квітнела яшчэ больш.
Другі вядучы. Мы, дзеці, юнае пакаленне, і за намі будучае Беларусі. Кожны з нас павінен задаць сабе пытанне: што я зраблю сёння, цяпер для сваёй адзінай Айчыны, як пражыву год, каб не было сорамна ні мне самому, ні маёй сям’і?
Настаўнік (заключнае слова). Сённяшняе падарожжа дало нам магчымасць яшчэ раз адчуць і зразумець, што мы жывём у цудоўнай і непаўторнай, багатай на гістарычныя падзеі краіне. I дзе б мы ні апынуліся, куды б ні закінуў нас лёс, у нашым сэрцы заўсёды будзе адчуванне моцнай повязі з родным краем, зямлёй нашых бацькоў. Пакуль мы паважаем сваіх продкаў, не забываемся на свае карані, паважаем Радзіму, мы існуём як народ, як нацыя.
Любіце свой край. Кожны дзень адкрывайце для сябе непаўторную прыгажосць роднай зямлі. Прыслухоўвайцеся да нашай пявучай мовы. Заўважайце дабрыню, адкрытасць, таленавітасць нашага народа. 1 вы адчуеце ў душы вялікі гонар за сваю Радзіму.
Напрыканцы нашай сустрэчы хацелася б даведацца, якое ўражанне зрабіла на вас сённяшняе падарожжа. (Выказванні вучняў.)
А цяпер папрашу вас на малюнку з беларускім краявідам дадаць крыху кветак. Калі падарожжа вельмі спадабалася, то вы прымацуеце жоўтую кветку, калі не вельмі — сінюю, а калі зусім не — чырвоную.
Пасля таго як прымацуеце, можна паглядзець выставу кніг і фотаздымкаў, якая прысвечана нашаму роднаму краю.
Вучні прымацоўваюць кветкі. Гучыць ціхая мелодыя.

Яшчэ на гэту тэму:

Мая Беларусь     Інтэрактыўная віктарына «Чароўны квадрат»