сцэнарыі святаў на беларускай мове

Т. А. СТАРАВОЙТАВА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры педагогікі і методыкі пачатковага навучання Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. Пачатковае навучанне 12/2009

Свята «Беларуская скарбонка»

Клубная гадзіна ў групе падоўжанага дня

Задачы: праверыць веды вучняў па роднай мове, выклікаць цікавасць да вывучэння беларускага фальклору, выхоўваць любоў і павагу да культурных традыцый беларускага народа.
Падрыхтоўка. Вучні знаёмяцца з выставай кніг у школьнай бібліятэцы, чытаюць апавяданні і нарысы з кніг:
• Драздова В. Я., Старавойтава Т. А. У вольны час. — Мазыр, 1998;
• Коваль У. I. Беларускія народныя звычаі і святы. — Гомель, 1993;
• Янкоўскі Ф. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы. — Мінск, 1992;
• Беларускія народныя казкі / апрацоўка А. Якімовіча. — Мінск, 1990.

Для правядзення конкурсу клас дзеліцца на дзве каманды, удзельнікі якіх выбіраюць капітанаў, падбіраюць назвы каманд. Кожная каманда рыхтуе невялікую інсцэніроўку народнага свята.
Дзеці прыносяць з дому ручнікі, даматканыя посцілкі, коўдры, сурвэткі, ганчарныя вырабы для ўпрыгожвання класа. Настаўнік і бацькі дапамагаюць аформіць клас святочна, у беларускім народным стылі.
У склад журы ўваходзяць настаўнік пачатковых класаў, вучань старэйшых класаў і бацькі дзяцей.

Вядучы. Добры дзень, сябры! Сёння ў нас свята! Свята роднай мовы! Мы з вамі ўспомнім загадкі і казкі, прымаўкі і прыказкі, абрады і традыцыі правядзення народных свят.
Першы конкурс называецца
« Прылады працы »
Кожная каманда атрымлівае карткі з намаляванымі прыладамі працы. Вы павінны хутка і правільна паказаць адпаведны малюнак-адгадку на маю загадку. Каманда, якая адгадае найбольш загадак, і будзе пераможцам.
✓ Сам драўляны, а галава жалезная. (Малаток.)
✓ Дровы нарыхтоўвае працаўніца дбайная, галава сталёвая, тулава — драўлянае. (Сякера.)
✓ Есці век яна не просіць, хоць зубоў і многа мае, як працуе — сыпле проса, весела спявае. (Піла.)
✓ Ручка ёсць, а не граблі, зямлю рые, а не барана. (Рыдлёўка.)
✓ Маленькі, гарбаценькі, усё поле абскача. (Серп.)
✓ Ходзіць, скача па пакоі дзед з доўгаю барадою, як няма чаго рабіць, у куце тады стаіць. (Венік.)
Журы адзначае на дошцы правільныя адказы і вызначае пераможцу.
Вядучы. Наступны конкурс
« Добры гаспадар »
таксама прысвечаны загадкам. Кожная каманда па чарзе называе адгадку. Калі адказу няма, то адгадвае другая каманда.
✓ Адкіну палена, адкіну другое, як і скіну крывое — выведу жывое. (Распрагаць каня.)
✓ Як ляжыць, то меньшая за кацяня, а як паднімецца, то большая за каня. (Дуга.)
✓ Чатыры колы летам бягуць, дзве дубовыя паненкі зімой слізгаюць, а іх гаспадар — адзін і ўзімку, і ўлетку. (Калёсы, сані, конь.)
✓ Стальны пёс, у зямлю ўрос. (Барана.)
✓ Калода — калодзішча, балота — балоцішча, воўк утапіўся, два зайцы цягнуць. (Калодзеж, вядро, рукі.)
✓ Сівая карова праз дарогу пройдзе, а белая засядзе. (Сыроватка, цадзілка, тварог.)

Журы падводзіць вынікі, кожны правільны адказ ацэньваецца 1 балам.
Вядучы. Багацце і непаўторнасць нашай мовы шмат у чым вызначаюць прымаўкі і прыказкі. Яны дапамагаюць адчуць яе адметнасць, вобразнасць і хараство. Наш наступны конкурс называецца
« Працоўны дзень »
Каманды атрымліваюць набор картак. На адных змешчаны пачатак прыказак, на другіх — іх заканчэнне. За 2 хвіліны каманда павінна падабраць карткі так, каб можна было прачытаць тэкст цалкам.
✓ Сёння зробіш — заўтра як... (знойдзеш).
✓ Не адкладвай на заўтра тое, што паспееш... (зрабіць сёння).
✓ Летні дзень... (год корміць).
✓ Колас да коласа... (будзе сноп).
✓ Хто працуе... (таму і шанцуе).

Журы аб’яўляе вынікі конкурсу.
Вядучы. А зараз конкурс
« Родны кут »
Капітаны становяцца побач на адну лінію, па чарзе называюць прымаўкі і прыказкі і робяць крок наперад. Выйграе той, хто зробіць больш крокаў, а значыць, успомніць больш прымавак і прыказак.
✓ Няма смачнейшай вадзіцы, як у роднай крыніцы.
✓ Свая хатка — як родная матка.
✓ У гасцях добра, а дома лепш.
✓ Чалавек без Радзімы, што салавей без песні.
✓ Як мы да людзей, так і людзі да нас.
✓ Няма лепшай хаткі, як у роднай маткі.
✓ Для ўсякай птушачкі сваё гняздо мілае.

Журы аб’яўляе вынікі конкурсу.
У той час, калі каманды рыхтуюцца да паказу інсцэніровак народных свят, вядучы прапануе балельшчыкам конкурс
« Казачная ліса »
Яны павінны назваць казкі, у якіх героем з'яўляецца лісіца.
«Воўк, лісіца і аўца», «Мужык, воўк і ліса», «Лісіца- хітрыца», «Чаму барсук і лісіца ў норах жывуць», «Селянін, мядзведзь і лісіца», «Зайкава хатка», «Як кот звяроў напалохаў», «Коцік, пеўнік і лісіца», «Як лісіца ваўка судзіла»...
Вядучы. Апошні наш конкурс —
« Свята »
Кожная каманда падрыхтавала невялікія сцэнкі, падабрала пытанні і заданні па свайму святу. Давайце паглядзім, як у іх гэта атрымалася.
1-я каманда паказвае сцэнку «Каляды». Затым прапануе 2-й камандзе адказаць на пытанні і назваць прыказкі і прымаўкі, якія адносяцца да гэтага свята.
Пытанні
✓ Калі адзначаецца свята «Калядкі»? (3 7 па 19 студзеня.)
✓ Якая цэнтральная падзея ў калядным свяце? (Калядаванне. Сяляне абыходзілі хаты аднавяскоўцаў і выконвалі калядныя песні. Калядоўшчыкі пераапраналіся ў казу, ваўка, мядзведзя, жураўля, цыганку, гандляра, чорта і інш.)
Прыказкі і прымаўкі
✓ Прыйшлі Калядкі — бліны і аладкі.
✓ Калядкі — добрыя святкі: пад’еў ды на палаткі.
✓ Насталі Калядкі, гаспадарам парадкі.
✓ Па Калядах уночы трашчыць, а ўдзень плюшчыць.

2-я каманда паказвае сцэнку «Саракі». Затым прапануе 1-й камандзе адгадаць загадкі і назваць прыказкі і прымаўкі, якія адносяцца да гэтага свята.
Загадкі пра птушак
✓ Праз горы, даліны,
Праз тысячы сёл
3 далёкай краіны
Вярнуўся пасол.
Спаважны, чыноўны,
Ён стаў на страсе
У ботах чырвоных,
Каб бачылі ўсе. (Бусел.)
✓ У пагодлівы дзянёк
Недзе з паднябесся
Пералівісты званок
Славіць працу песняй. (Жаўранак.)
✓ Спераду шыльца,
Ззаду вільцы,
Наверсе чорная палатка. (Ластаўка.)
✓ Мабыць, ён не зведаў гора,
Не хадзіў ніколі голы.
Бо, як лета на дварэ
Усё вопратку дзярэ. (Драч.)
Прыказкі і прымаўкі
✓ На Саракі пайшла зіма да ракі.
✓ На Саракі ў адзін дзень сорак марозаў.
✓ На Саракі вылятае сорак выраяў.

У канцы конкурсу журы падводзіць вынікі, аб’яўляе пераможцу.