сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. Д. БОСАЯ, настаўніца вышэйшай катэгорыі Старагабскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа Мядзельскага раёна. Беларуская мова і літаратура Чэрвень 2014 г.

Дарогай памяці

Літаратурна-музычная кампазіцыя для вучняў VIII—XI класаў

На 3 ліпеня прыпадае Дзень вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў. Семдзесят гадоў таму наш беларускі народ здабыў свабоду і незалежнасць. Наперадзе, у наступным годзе, будзе адзначацца яшчэ адно вялікае свята — 70-годдзе з Дня Перамогі над фашызмам у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Матэрыялы распрацоўкі прапануюцца для правядзення мемарыяльна-святочных пазакласных мерапрыемстваў.

Мэты: выхаванне нацыянальнай і грамадзянскай самасвядомасці, павагі да гераічнага мінулага сваёй Радзімы; фарміраванне грамадзянскай пазіцыі і патрыятызму ў юнага пакалення сродкамі літаратуры і мастацтва; захаванне светлай памяці пра воінаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.
Абсталяванне: выстава экспанатаў часоў Вялікай Айчыннай вайны са школьнага краязнаўчага музея; выстава кніг беларускіх пісьменнікаў на тэму вайны; мультымедыйная ўстаноўка, экран.

Ход мерапрыемства

Першы чытальнік.
Час хаду у новы дзень прыспешвае,
Успаміны горкія драбніць...
А ўсё роўна помнім сорак першы,
Як і сорак пяты, — да драбніц.

Не закрыць ні радасцю, ні бытам
Тых, што ўпалі ніцма на лаўжы.
Колькі іх, забітых і забытых,
Пад нагамі нашымі ляжыць!..

I што значаць нашы ўсе напасці,
Калі можна ў цішы палявой
На калені перад імі ўпасці
I да іх прыпасці галавой...
Генадзь Бураўкін.

Гучыць пачатак песні «Белая Русь ты мая» (муз. У. Мулявіна, сл. У. Скарынкіна), змяняючыся гукам кананады.

Другі чытальнік.
Не бура нам стрэхі сарвала,
Не ветры павыбілі шыбы, —
Чужая, ліхая навала
Разбурыла нашы сялібы...
Пятрусь Броўка.

Трэці чытальнік.
Па-над Белаю Руссю палаюць кастры,
Над усёю зялёнай планетай — кастры.
Нада мною — кастры,
Пада мною — кастры, —
Я не бачыў такое злавеснай зары...
Сяргей Законнікаў.

Чацвёрты чытальнік.
Суровы час. Мая Радзіма
Гарыць у полымі вайны.
3 паходнай кайстрай за плячыма
На зборны пункт ідуць сыны.
Яны надоўга пакідаюць
Свой родны дом, свой мілы кут,
Усіх, усіх, каго кахаюць,
Усё, усё, што люба тут.
Пятро Глебка.


Дэманструецца слайд «Брэсцкая крэпасць». Гучыць «Рэквіем» I. Карнелюка.


Пяты чытальнік.
Ты не схіснуўся у знямозе,
Граніцы нашай вартавы,
I першым вырас на парозе
На дальніх подступах Масквы.
Апасці не паспелі росы
У той перадсвітальны міг,
А ты, нібы юнак Матросаў,
Краіну засланіў грудзьмі.
Васіль Вітка.

Шосты чытальнік.

Выходзіў я з Мінска,
Калі ён гарэў...
Здавалася, сам ты дашчэнту згараеш.
I чорныя пальцы абвугленых дрэў
У твар мне крычалі:
«Нашто пакідаеш?»...
Ішоў я, бяздомны,
Ад бомбаў, ад куль
Праз рэкі, балоты,
Па грэблях і кладках...
Адно, што ў дарогу я вынес адтуль, —
Дык гэта ўспаміны і сынаву картку.
А ўсё засталося:
I пройдзены шлях,
I горад з прасцёртымі ў дыме рукамі,
I ты, засмучоная наша зямля,
Аблітая ў ростані буйна слязамі.
Мы йшлі
I не чулі натруджаных ног,
I неслі журботу з нянавісцю разам,
I там, ля разбітых вайною дарог,
На некалькі год пастарэлі адразу.
Няма мне спакою.
I нават праз сон
Мне помніцца горад у смутку вялікім,
I чорныя плямы аслепшых акон,
I плошчы, распятыя жудасным крыкам...
Пятрусь Броўка.

Сёмы чытальнік.
О, колькі ў шумных гушчарах
Народных дум было сабрана,
I колькі на сівых імхах
Гарачых слёз парассыпана!
Там мы жылі ў барах густых,
Каб ратавацца ад прымусу,
Там з кожным дрэвам, што з жывым,
Вялі параду беларусы.
Пятрусь Броўка.

Гучыць песня «Беларускім партызанам» (муз. У. Мулявіна, сл. Янкі Купалы).

Восьмы чытальнік.
Ля гэтых сосен нельга не спяваць.
Нібы ахопленыя полымем пажару,
Яны, чырванастволыя, шумяць,
Калышучы вяршаліны, як хмары,
Гуллівыя, густыя, ад якіх
Не знае цішыні-спакою Нарач.
Ля гэтых сосен цяглых, векавых
Не ўспомніць нельга грозных дзён
мінулых,
I партызанскіх вогнішчаў, і тых,
Чые курганы слава ахінула.
Максім Танк. Дэманструецца слайд «Хатынь».

Першы чытальнік.
Вышыні святла — святыні,
Саласпілсы, Хатыні,
Крэпасці Брэсцкай руіны,
Вы ўжо не толькі ўспаміны,
Што душы людскія крояць,
А памяць, прысяга і споведзь,
Запісаныя навечна
На дрэве магутным, рассечаным
Маланкаю да карэння.
Не вытрывала знямення,
Загаварыла каменне
Такой невымоўнай пакутай —
Не чутай яшчэ, не адкутай
Ні ў бронзе, і ні ў жалезе,
I ні ў радках паэзіі...
Васіль Вітка.

Дэманструецца слайд «Канцлагер "Трасцянец"». Гучыць музыка I. Карнелюка «Няма спакою»

Другі чытальнік.
Суайчыннік, стань!
Тут знішчалі людзей.
Суайчыннік!
Запомні навек:
Тры гады па сто трыццаць сем у дзень
I ў гадзіну — па шэсць чалавек.
Гэта значыць, што кожныя дзесяць хвілін
Тут навекі чарнеў небакрай.
Попел сэрцаў нашых ракоча ў зямлі:
Памятай!
Памятай!
Памятай!!!
Уладзімір Караткевіч.
Музыка змаўкае. Хвіліна маўчання.

Трэці чытальнік.
Навекі слава тым, што ў полі ратным
Загінулі за родныя палі,
За наш народ, за лёс народаў братніх,
За дзень наступны усяе зямлі.
Бяссмертныя іх помнікі крані ты —
I цеплыню адчуеш пад рукой:               
Іх высеклі не з камняў, не з граніту, —
3 людской любві, з удзячнасці людской.
Пімен Панчанка.

Чацвёрты чытальнік.
Калі, ідучы, завітаеш
На поле бою старое,
Па надпісу адшукаеш
На ім ты магілу героя...

I не здзіўляйся вельмі,
Не думай, што гэта здаецца,
Калі ў глухім падзямеллі
Ягонае сэрца заб'ецца.

I не здзіўляйся бясконца,
Калі ён адтуль спытае,
Якое на небе сонца
I сінява якая.

Хаця ён і быў пахаваны
Пад музыку, песні, вершы,
Але назваць яго можна
Хутчэй жывым, чым памершым.

Перад палком выклікаюць
Яго і цяпер на паверцы,
Калі трапечуцца сцягі
I салдацкія сэрцы.

I кожны раз называюць
Пры гэтым і поле бою,
Дзе лёг ён на сталь кулямёта,
Сяброў засланіўшы сабою.
Аркадзь Куляшоў.
Гучыць песня «Было ў салдата два полі» (муз. Э. Ханка, сл. А. Вярцінскага).

Пяты чытальнік.
Шпітальным прыуральскім летам
з насценнага календара
лісток звычайны перад гэтым
сарвала ўвечары сястра.

Са мной да поўначы не спалі
ў палаце ціхай землякі,
ударам сэрца бласлаўлялі
удару нашага палкі

і думалі аб тых брыгадах,
што, набліжаючы франты,
на рэках, цёмных аўтастрадах
за Нёманам ірвуць масты.

А дзень устаў з-за плеч Урала —
чырванасцяжная зара
святлом святочным фарбавала
у Мінску ліст календара.

На мыліцах рыпучых,
групай,
забыўшы свой шпітальны лёс,
мы абкружылі шумна рупар
і не саромеліся слёз.
Анатоль Вялюгін.
Гучыць песня «Верасы» (муз. I. Лучанка, сл. М. Алтухова).

Шосты чытальнік.
Калі зямля спакойна засынае
I ў зорак нават сплюшчваюцца вейкі,
Тады здаецца, што на цэлым свеце
Не спяць адны вартаўнікі.
А інвалідам і тады не спіцца,
Смыляць незарубцованыя раны,
I нудна, аднастайна, раўнадушна
Пратэзы ў цішыні начной рыпяць.
Успыхваюць у цемры папяросы —
I дым, ад дум салдацкіх пасівелы,
Плыве, плыве бясконцым Шляхам
Млечным
I колькі год ніяк не растае.
Бяссонніцу праносяць інваліды
Шляхамі дваццаць першага стагоддзя.
I ў іх вачах гарыць, не патухае
Ці то чырвонае густое сонца,
Ці бітваў незакончаных агонь.
Генадзь Бураўкін.

Сёмы чытальнік.
Не бачыў я праклятай той вайны.
Чаму ж яна ў мае прыходзіць сны?
 Чаму ў мяне страляе аўтамат?
Я ж чуў пра гэта толькі ад салдат.
Такое толькі бачыў у кіно.
Але чаму мне сніцца ўсё адно?
Мікола Шабовіч.
Інсцэніроўка верша Максіма Танка «Перакройванне шыняля».

Інсцэніроўка

К р а в е ц.
— Нешта вы, маці, сыноўскі Шынель гэты доўга хавалі. Зараз прыкіну,
Што можна пашыць з яго Вашаму ўнуку.
Вось толькі шкада,
Мо недзе ля печы
Рукаў асмаліла...
Жанчына.
—Не, у той дзень наша вёска гарэла...
Кравец.
—  Ну, я памяркую, прыкіну.
Ды тут і крысо, зачапіўшыся,
Нехта падзёр на цвіку.
Жанчына.
—  Не, гэта — на дроце калючым...
Кравец.
—  Тут можна было 6 падтачыць.
Вось толькі на самых грудзях
Невялічкая дзірка ад молі...
Жанчына.
—   Не, гэта ад кулі...

Гучыць «Плач удавы» (муз. У. Мулявіна, сл. Янкі Купалы).

Восьмы чытальнік.
Як глянь: бярозы свечкамі,
Нязманлівым святлом —
Над перакатнай рэчкаю,
Над ціхім азяром.
Ды родны край баронячы,
Праз жыта, праз ільны —
Усё яшчэ, усё яшчэ! —
Ідзе салдат з вайны.
Ідзе ён цёмнай ночанькай,
Ідзе спякотным днём,
Бо ўсё яшчэ, бо ўсё яшчэ
Планета пад агнём.
Як завіруха белая,
Як белая сцяна,
Нявеста пасівелая
Прымоўкла ля акна.
Гудуць вяселлі новыя
Ў суседак на двары. ...
Дзве чаркі палыновыя
3 мядовае пары.
Яўгенія Янішчыц.
Выходзяць усе чытальнікі.

Першы чытальнік.
Жывём, як светлай памяці зарок.
Дзе б ні было — у Гродна, а ці ў Мінску,
3 нас кожны мае ціхі свой куток
I ў ціхім тым кутку — па абеліску.
Другі чытальнік.
Я ведаю: ёсць час скупы і горкі,
Ёсць міг, калі у подзвігу сваім
Жывыя ўсё ж звяртаюцца да мёртвых
I мёртвыя адказваюць жывым!
Яўгенія Янішчыц.

Трэці чытальнік.
У адным з пісем Мікалая Рэрыха, датаваным 1945 годам, якое захоўваецца ў фондзе Славянскага антыфашысцкага камітэта, ёсць такія радкі: «Оксфардскі слоўнік узаконіў некаторыя рускія словы, прынятыя цяпер у свеце, напрыклад, "указ" і "савет"... Варта было б дабавіць яшчэ адно — неперакладальнае, мнагазначнае слова "подзвіг". Як ні дзіўна, ні адна еўрапейская мова не мае аналагічнага слова хаця б прыблізнага значэння...»
Чацвёрты чытальнік.
Даўно лісты на дрэвах адпалалі,
Але гарыць ля помніка агонь,
Нібы салдаты вогнішча расклалі
I грэюцца, як колісь, ля яго...
Я слухаю святую цішыню...
I мне цяплей ад гэтага агню.
Мікола Шабовіч.

Пяты чытальнік.
Столькі зведаўшы гора, нягод,
Столькі слёз, і крыві, і агню —
Ты, Радзіма, на тысячы год
Заслужыла сабе цішыню.
Шосты чытальнік.
Ні пра што не забыўшы ад той
Гераічнай і грознай пары, —
Больш за ўсё ты вартуеш спакой,
Больш за ўсё цэніш міру дары...
Сёмы чытальнік.
Хай жа ў кроплях світальнай расы
Ціха падаюць зоркі на дол.
Хай увосень страсаюць лясы
Дождж ігліцы і град жалудоў.
Восьмы чытальнік.
Хай на звонкіх арэлях вясны
Сонца гушкае мары дзяўчат.
Хай ад чорнай, як смоль, баразны
Будзе сейбіту светла ў вачах...
Ніл Гілевіч.
Урачыста гучыць песня «Белая Русь ты мая» (муз. У. Мулявіна, сл. У. Скарынкіна).

Спіс выкарыстаных крыніц

Бярозавая рунь: сучасная беларуская паэзія : для сярэдн. і ст. шк. узросту / склад. В. Шніп. — Мінск : Беларуск. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. — 272 с. — (Школьная бібліятэка).

Танк, М. Вершы і паэмы : для ст. шк. узросту / М. Танк, А. Куляшоў, П. Панчанка; уклад. 3. Г. Дзямешка. — Мінск : Універсітэцкае, 1999. — 272 с. — (Школьная бібліятэка).

Электронныя рэсурсы:
www.sledvainy.ru/allauthors
www.pesnyary.ru/lyrics.html
www.syabry.com/pesni.shtml


Яшчэ на гэту тэму:

Хай будзе ясным неба над зямлёй!     У нашых сэрцах - памяць аб кожным чацвёртым