сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ларыса АНДРЭЕВА, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці, Вольга РУДОЛЬ, музычны кіраўнік першай катэгорыі, Новаяльнянскі яслі-сад Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Пралеска 03/2017

Святы продкаў нашых слаўных

Музычная забава для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

Праграмныя задачы: фарміраваць уяўленні дзяцей пра народныя святы (Масленіца, Гуканне вясны, Камаедзіца); далучаць да багацця беларускай мовы; развіваць творчыя музычныя здольнасці; выхоўваць цікавасць да мастацкага слова, гістарычнай і культурнай спадчыны народа.
Матэрыял і абсталяванне: беларускія народныя касцюмы для вядучага і дзяцей, касцюмы Дзеда Усяведа, Бліна, Вясны, Мядзведзя, макет беларускай хаткі, вянок, гаршчочак мёду, нізка грыбоў, кошык арэхаў, мяшок яблыкаў, кошык, вяроўка, музычныя інструменты (свістулькі, дудкі, металафон, ксілафон, званочкі, бубны, трохвугольнік), аўдыязапісы: беларускай народнай музыкі, мелодый «Мядзведзь» В. Рэбікава і «Крыжачок» (бел. нар. танец), журчання ручаёў, спеваў птушак.

Ход мерапрыемства

Музычная зала аформлена ў выглядзе беларускай хаткі: стаіць лава, стол з музычнымі інструментамі (металафон, ксілафон, званочкі, бубны), у куце — макет печы, на ёй — гаршчочак мёду, нізка грыбоў, кошык арэхаў, мяшок яблыкаў. Гучыць беларуская народная музыка, у залу ўваходзяць дзеці і вядучы.

Вядучы (В.). Добры дзень, паважаныя! Шчыра вітаем вас і вельмі рады нашай сустрэчы.
1-е дзіця.
Плыве ў блакіце белы бусел,
I луг квяцісты, як абрус,
А мы з табою — беларусы!
Радзіма наша — Беларусь!
М. Пазнякоў
2-е дзіця.
Зямля з блакітнымі вачамі —
Святло азёр, прастор лугоў!
Туг называюць Васількамі
На Беларусі хлапчукоў.
Э. Агняцвет
3-е дзіця.
Непаўторны ён, адзіны,
Найпрыгожы — родны край.
Дыхай водарам Радзімы
I ў душу красу ўбірай.
М. Пазнякоў

Полька «Трасуха»

(сл. М. Чарняўскага, муз. А. Пыталева)

Чуецца стук у дзверы. Уваходзіць Дзед Усявед.
Дзед Усявед. Прывітанне, мае даражэнькія! Праходзіў я непадалёк ды пачуў, што тут прыгожа спяваюць, вершы хораша чытаюць, мову і Радзіму праслаўляюць. Дык як жа мне было не зайсці да вас, не адпачыць з вамі ды не расказаць што-небудзь цікавае.
В. А раскажы нам, паважаны, як людзі раней адпачывалі, якія святы адзначалі.
Дзед Усявед. Добра, толькі вы мне дапамагайце. Вось адкажыце, якая зараз пара года? (Вясна.) Давайце пагаворым пра веснавыя святы. Прыход вясны быў заўсёды чаканым і жаданым у народзе. Надзвычай цікава адзначалася Масленіца — свята развітання з зімой і сустрэчы вясны.
4-е дзіця.
А мы Масленку чакалі!
Ўсю нядзельку выглядалі!
Мы думалі, Масленка сем нядзелек.
Ажно Масленка сем дзянёчкаў!
Дзед Усявед. Адкажыце мне, калі ласка, што вы ведаеце пра гэта свята? (Адказы дзяцей.) А чым на Масленіцу ўсе частаваліся? (Блінамі.) Так, блін — сімвал сонца, надыходзячай вясны.
Гучыць беларуская народная музыка. Уваходзіць Блін.
Блін.
Дазвольце пазнаёміцца — я Блін,
На ўвесь свет такі адзін.
Усіх маіх братоў ужо з’елі,
А мяне вось не паспелі.
Будзем разам пець, смяяцца,
Танцаваць і забаўляцца!

Беларуская народная гульня
«Блін гарыць»

Дзеці ствараюць круг з вяроўкі, становяцца ў яго. Блін — водзячы. Ён стаіць спіной да астатніх на адлегласці 1,5 м і гаворыць: «Блін гарыць!» Усе выбягаюць з круга, але адразу ж імкнуцца забегчы ў яго зноў. Блін у гэты час ловіць дзяцей. Той гулец, якога злавілі, становіцца бліном, і гульня працягваецца. Блін мае права лавіць тых дзяцей, якія знаходзяцца са знешняга боку круга.
Блін. Малайцы, весела з вамі, але ж мне пара. Да пабачэння!

Гучыць аўдыязапіс журчання ручаёў.
В. У прадчуванні веснавога цяпла, абуджэння зямлі і росквіту прыроды пачыналася свята Гуканне вясны.
Шуміць-гудзе — вясна ідзе,
Шчасце і радасць людзям нясе!
Дзед Усявед. Вясну сустракалі песнямі- вяснянкамі, жартамі, услаўлялі танцамі і карагодамі.
5-е дзіця.
Прыйдзі, прыйдзі, вясна,
Прыйдзі, прыйдзі, красна,
К нам у таночак
Прынясі нам збожжа,
Прынясі нам красак,
Каб нам звіць вяночак
6-е дзіця.
Едзе, едзе вясна на залатым кані,
Вязе, вязе вясна, вязе, вязе красна
Ясныя дзянёчкі, частыя дажджочкі,
Зялёныя травы, красныя цвяточкі.
Дзеці.
У-у-у, гукаем,
Вясну заклікаем.

Песня «Гуканне вясны»

(сл. В. Жуковіча, муз. А. Рэмізоўскай)

Гучыць аўдыязапіс спеваў птушак, у залу ўваходзіць Вясна з кошыкам.
Вясна. Добры дзень, дарагія сябры! Прывітанне ўсім!
7-е дзіця.
Маладая вясна,
Залатая пара!
Будзь красна і ясна,
Не шкадуй нам дабра!
Я. Колас
Дзеці.Вясна-красна, што ж ты нам прынесла?
Вясна.
Я дам вам жменю ячменю,
Жыта карыта, мерку пшаніцы,
Вады з крыніцы!
Птушкам — пачастунак!
Дачушкам — падарунак!
Сынкам — пацешку!
Голас з залы. А нам?
Вясна.
А вам — усмешку!
Насіце — хваліцеся!
3 усімі дзяліцеся!
В. Вялікі дзякуй, Вясна! А мы табе вяночак спляцём, а яшчэ песню спяём.

Карагод «Завілі вяночкі»

(сл. народныя, муз. А. Рэмізоўскай)

Дзіця надзявае на Вясну вянок.
Вясна. Як добра мы павесяліліся, але мне час ужо ісці, зямлі і людзям цяпло несці. А вы часцей спявайце, у цікавыя гульні гуляйце, ды мяне, Вясну, кожны год заклікайце. На развітанне я вам зраблю падарунак. (Выкладвае з кошыка на стол з музычнымі інструментамі свістулькі, дудкі, трохвугольнік.) Бывайце, хлопчыкі і дзяўчынкі!
В.
Весялей, сябры, іграйце,
Праганяйце сон.
I ляноту цраганяйце,
Дзілі-дзілі-дзілі-дон!

Дзіцячы аркестр выконвае мелодыю беларускага народнага танца «Лявоніха».
Дзед Усявед.
А цяпер сустрэнем свята,
Ды не абы-якое.
Свята продкаў нашых слаўных,
Свята веснавое!
8-е дзіця.
Напярэдадні Дабравешчання яно адбываецца,
I ўвесь чысцюткі дзень жывёла ўслаўляецца.
9-е дзіця.
Мядзведзем жывёлу тую называюць
I ў гонар яе свята спраўляюць.
Дзеці. I называецца свята Камаедзіца!

Гучыць аўдыязапіс мелодыі «Мядзведзь» В. Рэбікава. У залу ўваходзіць Мядзведзь.
Дзед Усявед.
Гляньце, хто да нас прыйшоў —
Валадар усіх лясоў!
10-е дзіця.
Мядзведзь-бацюхна, госць паважаны!
Табе ў хаце чырвоны куток прыгатаваны!
Сваё пачэснае месца займай,
Вясну-красну сустракай!
Мядзведзь.
Абудзіўся я ад сну,
Чую носам ўжо вясну.
3 бярлогі выбраўся халоднай,
Забурчэў жывот галодны!

Мядзведзь садзіцца на крэсла.
В.
Мы паправім гэту справу,
Пачастуем бацьку стравай!
Дзеці падносяць Мядзведзю падарункі.
11-е дзіця.
Вось табе яблыкаў мяшок,
Каб сілу меў, як у трох!
12-е дзіця.
А вось арэхаў жменька,
Каб поўсць была гусценькай!
13-е дзіця.
Вось табе смачныя грыбочкі,
Каб добра бачылі твае вочкі!
14-е дзіця.
Вось табе салодкі мядок,
Каб быў у цябе гладзенькі бачок!
Мядзведзь. Вялікі дзякуй за пачастункі, падсілкаваўся я на славу.
В. Цяпер павітаем-павесялім Мядзведзя на яго свяце прыпеўкамі!

Дзеці выконваюць прыпеўкі.
Мядзведзь. Цудоўныя прыпеўкі праспявалі! Аж у скокі захацелася пайсці, ногі пасля зімовага сну размяць. Музыкі, зайграйце!

Беларускі народны танец «Крыжачок»

Дзед Усявед. Вось якія цікавыя веснавыя святы адзначаў беларускі народ! Добра з вамі, мае даражэнькія, але надышоў час развітвацца.
Мядзведзь. Жывіце шчасліва, здаровы бывайце і нас успамінайце!
Дзед Усявед і Мядзведзь выходзяць з залы.

В. (звяртаецца да дзяцей, гледачоў). Дзякую вам, паважаныя! Шануйце свой родны кут, нашу краіну, нашых продкаў і звычаі, бо нездарма гавораць: «Хто продкаў забывае — сябе губляе».

Гучыць беларуская народная музыка, дзеці пакідаюць залу.

Літаратура:

1. Дубініна, Д.М. Культура Беларусі ў казках і паданнях: этнакультурная адукацыя дошкольнікаў: дапам. для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі / Д.М. Дубініна, Д.У. Дубінін. — Мінск: Зорны верасень, 2008.
2. Дубініна,Д.М. Родны вобраз у паэтычным слове: дапам. для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі / Д.М. Дубініна. — Мазыр: Белы Вецер, 2009.
3. Дубініна, Д.М. Родная прырода ў вуснай народнай творчасці: дапам. для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі / Д.М. Дубініна, А.А. Страха, Д.У. Дубінін. — Мазыр: Белы Вецер, 2012.
4. Кузьмичёва, Л.В. Весёлый каблучок: пособие для муз. руководителей учреждений, обеспечивающих получение дошкольного образования / Л.В. Кузьмичёва. — Минск: Беларусь, 2003.