сцэнарыі святаў на беларускай мове

Людміла СУКОРА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі сярэдняй школы № 2 імя П. I. Кавалёва г. Клічава. Роднае слова 2014/2

“Ёсць у паэта свой аблог цалінны...”

Інтэлектуальная гульня, прысвечаная жыццю i творчасці Аркадзя Куляшова (XI клас)

Мэты: выклікаць у вучняў жаданне самастойна вывучаць дадатковы матэрыял пра жыццё і творчасць А. Куляшова; развіваць пазнавальную актыўнасць; стварыць умовы для выхавання павагі да роднага слова, беларускай літаратуры.
Абсталяванне: партрэт А. Куляшова; кніжная выстава, прысвечаная пісьменніку; запіс песні “Алеся”.
Эпіграф:
Я на ўсё жыццё абраў дарогу,
На якой калючак больш, чым руж.
Сэрца - як набат, што б’е трывогу
За мільёны падгарматных душ.
А. Куляшоў.

Можна смела сказаць, што паэзія Аркадзя Куляшова - духоўная энцыклапедыя яго пакалення.
П. Панчанка.

Паэма Куляшова (“Сцяг брыгады”) народная ў самым дакладным значэнні гэтага слова: яна паказала душу народа ў адзін з найбольш адказных і важных момантаў яго гісторыі.
Р. Бярозкін.

Тут - той шчаслівы і рэдкі выпадак, калі яно, паэтава пакаленне, з творчай сталасцю і юнацкай непасрэднасцю раскрыла, разгарнула свой унутраны свет, паведала лірычна-пранікліва - то са смуткам, то ўсмешліва, то ў складаным перапляценні розных настрояў - аб сваім каханні, аб сустрэчах і развітаннях, аб першым жыццёвым вопыце з яго салодкай самотнасцю і аб радасным адчуванні ўласнай маладосці.
В. Бечык.

Апераджальнае дамашняе заданне: вучні самастойна чытаюць літаратуру, прысвечаную жыццю і творчасці А. Куляшова, настаўнік прапаноўвае спіс літаратуры, спіс твораў, пры неабходнасці праводзіць кансультацыі, адказвае на пытанні, што ўзніклі ў вучняў у працэсе самастойнай працы.

Ход мерапрыемства

Вядучы. “Ёсць у паэта свой аблог цалінны.. ” Не толькі для Аркадзя Куляшова, але для кожнага творцы “аблог цалінны” - душы людскія, “сэрцы цвёрдыя, быццам з камення”. I каб узняць той “аблог цалінны”, патрэбна напачатку кожнаму паэту, як даводзіць у вершы “Мая Бесядзь” А. Куляшоў, стварыць “рэчышча ўласнай ракі” - не губляць самабытнасць таленту, незалежна ад маштабу і ўзроўню: Волга магутная ці Кама, ці хоць бы Бесядзь, што на радзіме паэта. Тое самае, толькі па-свойму сцвярджае і У. Скарынкін: “Сапраўднаму паэту трэба мець уласны курс і вугал свой атакі”.
Паэзія Аркадзя Куляшова годна вытрымлівае выпрабаванні часам. Час засведчыў, што паэт здолеў выкапаць “рэчышча ўласнай ракі”, што яго Бесядзь імкне ў акіян сусветнай культуры. У паэта - “уласны курс” і свой “вугал атакі”.
Сёння ў нас інтэлектуальная гульня “Ёсць у паэта свой аблог цалінны.. ”, прысвечаная жыццю і творчасці Аркадзя Куляшова.
У гісторыі кожнага народа ёсць імёны, з якімі асацыіруюцца цэлыя эпохі. Яны складаюць гонар нацыі, праслаўляюць яё ў вачах сусветнай грамадскасці. Імя Аркадзя Куляшова - на вуснах многіх пакаленняў беларусаў, яго таленту здзіўляліся рускія і ўкраінцы, палякі і балгары. А цяпер згадаем асноўныя вехі жыцця і творчасці.
Правілы гульні: удзельнічаюць дзве каманды па 8 - 10 вучняў. Пытанні падзелены на блокі. За кожны правільны адказ каманда атрымлівае 1 бал. Журы падлічвае балы пасля кожнага блока пытанняў.

• I блок. “Біяграфія і творчасць”.

Адкажыце на пытанні.
1. Кім быў бацька паэта? (Настаўнік.)
2. Дзе і калі нарадзіўся паэт? У якім вершы ён гаворыць пра год свайго нараджэння? (6 лютага 1014 г. у вёсцы Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці; верш “Маё пасведчанне”.)
3. Дзе вучыўся А. Куляшоў і што закончыў? (У Саматэвіцкай сямігодцы; Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме; Мінскім педагагічным інстытуце; пад Ноўгарадам скончыў ваенна- палітычнае вучылішча.)
4. Як называўся першы твор пісьменніка? Дзе і калі ён быў надрукаваны? (У клімавіцкай раённай газеце “Наш працаўнік” быў надрукаваны першы верш “Ты, мой брат”.)
5. Колькі гадоў было паэту-пачаткоўцу, калі быў надрукаваны яго першы зборнік? Як называецца зборнік? (16; “Росквіт зямлі”.)
6. Які твор рускага паэта зрабіў на А. Куляшова вялікае ўражанне? (Паэма “Мцыры” М. Лермантава.)
7. Назавіце твор паэта, які сведчыць пра сталасць А. Куляшова. (“Хлопцы апошняй вайны .)
8. Пра якую паэму А. Куляшова Аляксандр Твардоўскі пісаў, што яна з’яўляецца “голасам сэрца, поўнага болю за родную беларускую зямлю, плачам па ёй і гарачай светлай верай у яе сілы... у яе вызваленне”? (“Сцяг брыгады”.)
9. Назавіце жаночае імя, якое часта сустракаецца ў творах паэта. (Алеся.)
10. Назавіце перакладчыкаў твораў А. Куляшова на рускую мову. (М. Ісакоўскі, А. Твардоўскі.)
11. За які твор паэту прысуджана Дзяржаўная прэмія? (Паэма “Сцяг брыгады” 1946 г.)
12. Хто сказаў пра А. Куляшова: “Беларуская літаратура ўзбагацілася творам высокай паэзіі, а Беларусь набыла сапраўднага, вялікага паэта”? (Кайсын Куліеў.)
13. У якім годзе А. Куляшоў атрымаў высокае званне - народны паэт Беларусі? (1968 г.)
14. У 1976 г. убачыла свет апошняя кніга паэта. Назавіце гэтую кнігу. (“.Хуткасць”.)
15. Назавіце прозвішчы паэтаў, творы якіх А. Куляшоў перакладаў на родную мову. (А. Пушкін, С. Ясенін, М. Лермантаў, У. Маякоўскі, А. Твардоўскі, М. Рыльскі.)
16. Які твор А. Куляшоў прысвяціў Аляксандру Твардоўскаму? (“Варшаўскі шлях”.)
17. Які твор А. Куляшоў прысвяціў Кастусю Каліноўскаму? (“Хамуціус”.)
18. Якім чынам А. Куляшоў быў звязаны з кінамастацтвам? (Пісаў сцэнарыі для кінастудыі “Беларусьфільм ”.)
19. Які твор адыграў вялікую ролю ў творчым лёсе А. Куляшова? (Паэма “Краіна Муравія” А. Твардоўскага.)
20. Калі памёр і дзе пахаваны А. Куляшоў? (Памёр у лютым 1978 г., пахаваны на Усходніх могілках у г. Мінску.)

• Творчая паўза (міні-пастаноўка з паэмы “Сцяг брыгады”).

• II блок. “Творчасць”.

Успомніце назвы вершаў.

1. Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.
Чаму так горка, не магу я зразумець.
Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае
На ўсходзе дня майго, якому ружавець.
(“Бывай...”)
2. Ёсць у паэта свой аблог цалінны,
Некрануты прастор для баразён,
Дзе ён працуе з першае хвіліны
I да апошніх вечаровых дзён...
(“Ёсць у паэта свой аблог цалінны...”)
3. Кажуць, што рэкі птушкамі створаны, -
Такімі малымі на першы пагляд, -
Капалі і ў дзюбах адносілі ў бор яны
Мяшэчкі з зямлёй
I ляцелі назад.
(“Мая Бесядзь”.)
4. Ёсць пад Стараю Русаю
руская вёска Лажыны.
Там, нібы ў Беларусі,
і вербы растуць, і рабіны.
Там жаўцеюць
Прыгожыя
Краскі
За вёскай у лузе,
Там ржавеюць
Варожыя
Каскі,
Нібы ў Беларусі.
Там магіла ёсць брацкая ў лузе
за вёскай Лажыны,
Там хлапцы беларускія
чэсна галовы злажылі.
(“Над брацкай магілай”.)
5. Спакойнага шчасця не зычу нікому:
Навошта грымотам маланка без грому,
Навошта ручай без пякучае смагі,
Халодная ўвага, не вартая ўвагі.
(“Спакойнага шчасця..”)
6. Я - матчын спеў, я - матчыны трывогі,
Я - матчын гнеў, які ўставаў на ногі,
Гнаў смерць на Захад - у нару з нары -
Трацілаваю пугай перамогі.
Дыміліся сямі франтоў дарогі
За мной, як дынамітныя шнуры.
(“Я хаце абавязаны прапіскаю...”)
7. На бітву крывавую сына
праводзіўшы з хаты,
На шчасце і ўдачу пасеяла маці зярняты.
Калі дачакаецца маці з тых зерняў усходу,
Сын прыйдзе з паходу,
Са славаю прыйдзе з паходу.
(“Маці”.)
8. Калі вясною закукуе
Зязюля ў лесе раніцой,
Ты прыгадай вясну другую,
Сустрэчы нашыя з табой.
(“3 далёкага”.)
9. Шчасця ўсе па дарозе вам зычылі,
Пад дугою звінелі званкі,
Млынары, па даўнейшаму звычаю,
Прыпынялі знарок ветракі.
(“Вяселле”.)
10. Хутка вызваляцца гоні
3-пад уціску, з-пад прымусу,
Будзем сеяць, беларусы,
На ўсход сонца чыстым зернем...
Смерць на захад мы павернем!
(“Будзем сеяць, беларусы!”)

• III блок. “Творчасць і час”.

Назавіце творы А. Куляшова, у якіх выявілася адчуванне няспыннага бегу часу, што мяняе жыццё, свет, чалавека.

1. Ёсць хуткасць гуку, ёсць - звышгукавая,
Ёсць хуткасць зор, прыкметная для ўсіх.
Яшчэ ёсць хуткасць думкі, хуткасць тая,
Што, як святло, стагоддзе абганяе,
3 тысячагоддзем размаўляе ўслых.
(“Хуткасць”.)
2. Не з горшых той сусед, якога
Спрадвеку трунаром завуць.
Твой конь прапаў - што тут такога? -
Але яму прыемна чуць.
(“Не з горшых той сусед, якога...”)
3. Здавалася мне слава явай блізкай
Тады, калі схілялася ў цішы
Паэзія, як маці над калыскай,
Над сненнем недасведчанай душы.
(“Пра славу".)
4. Нясу, як ранец за спіной, здалёку я
Аж шэсць дзясяткаў спакаваных зім.
Важкая гэта ноша альбо лёгкая,
Хто знае? Справа не ў гадах зусім.
I плённы дзень заважыць пяцігодкаю,
I пяць гадоў бясплённых - марным днём.
Не падсумоўвай паквартальнай зводкаю
Таго, што вымяраецца радком.
(“Парада сабе самому”.)

• ІV блок. “Аркадзь Куляшоў і музыка”.

1. Які беларускі кампазітар напісаў музыку да песні на верш “Бывай...” А. Куляшова? (I. Лучанок.)
2. Колькі гадоў было “смуглявай” Алесі, калі ў яе па-дзіцячы закахаўся А. Куляшоў? (13 гадоў.)
3. Які музычны гурт упершыню выканаў песню на верш “Бывай...” А. Куляшова? (“Песняры”.)
4. У вершы “Песня лістаносца” расказваецца пра дзяўчыну, якая з нецярпеннем чакала лістаносца. Хто пераклаў верш на рускую мову і хто напісаў музыку? (М. Ісакоўскі пераклаў верш на рускую мову; А. Грачоў аўтар музыкі.)

• Музычная паўза.

Гучыць запіс песні “Алеся”ў выкананні ансамбля “Песняры”.

• V блок. “Аркадзь Куляшоў і вечнасць”.

Назавіце аўтараў выказванняў пра А. Куляшова.
1. “Спадарожнічаючы нам з дзяцінства, са школьных год, паэзія Аркадзя Куляшова нязменна хвалюе актыўнасцю ідэйнага пошуку, багаццем і дасканаласцю мастацкіх вобразаў, сагравае сваёй непадробнай чалавечнасцю, наталяе прагу хараства”. (У Гніламёдаў.)
2. “Гаварылі мы пра многае, у тым ліку і пра смерць. Смерці ён не баяўся, гаварыў - добра ўсё рабіць, жыць трэба добра”. (Такі факт прыгадваў з апошняй сустрэчы з А. Куляшовым у чэрвені 1977 г. даследчык творчасці паэта В. Бечык.)
3. “Летапіс... - гэта кніга, якая мае сваю фабулу, свой сюжэт, сваіх герояў, тут ёсць пэўны грамадскі фон, рэальнае сацыяльна-бытавое асяроддзе”. (М. Мушынскі.)
4. «Мне помніцца час, калі з’явілася паэма Аркадзя Куляшова “Сцяг брыгады”, якая тады ж захапіла і запаланіла мяне сваёй народнасцю, глыбінёй, свежай вобразнасцю і значнасцю сказанага паэтам». (К. Куліеў.)
5. “Ён быў першаадкрывальнікам у паэзіі. Таму кожны паэтычны твор Куляшова нараджаўся як дзіця - абрываючы пупавіну еднасці з папярэднікам”. (В. Куляшова.)
6. “Мяккая задуменнасць і ўнутраная душэўная азоранасць яго верша ўвесь час суправаджаюцца моцнымі, цвёрдымі, мужнымі інтанацыямі і рытмамі” (Н. Перкін.)

• Рэфлексія.

Працягніце сказ (на выбар).
Значэнне асобы А. Куляшова для беларусаў...
Лірыка А. Куляшова вучыць нас...
Я зразумеў(ла), што А. Куляшоў...
Для Беларусі А. Куляшоў - гэта...
Творчасць А. Куляшова мяне зацікавіла...

• Падвядзенне вынікаў мерапрыемства. Узнагароджванне пераможцаў.

Вядучы. Аркадзь Куляшоў - яркая, прамяністая зорка савецкай эпохі беларускай літаратуры, святло якой незгасальнае. Выдатны майстар слова, мастак высокай культуры, у сваёй творчасці ён выявіў лёс цэлага пакалення, да якога належаў і сам.

Я хаце абавязаны прапіскаю -
Калыскаю, падвешанай пад столь.
Я маці абавязан кожнай рыскаю,
Драўлянай лыжкаю, глінянай міскаю -
Усім, чым працы абавязан стол.
Я - матчын спеў, я - матчыны трывогі,
Я - матчын гнеў, які ўставаў на ногі,
Гнаў смерць на Захад у нару з нары -
Трацілаваю пугай перамогі.
Дыміліся сямі франтоў дарогі
За мной, як дынамітныя шнуры.
Пазбавіўшы ад грознага відовішча
Свет, не дазволю я, каб дым і пыл
Зямлю ператварылі ў бамбасховішча,
Мільярд прапісак - у маўклівы прысак,
Мільярд калысак - у мільярд магіл.