сцэнарыі святаў на беларускай мове

Аксана ДУБІЦКАЯ, музычны кіраўнік першай катэгорыі, яслі-сад № 2 г. Дзяржынска Мінскай вобласці. Пралеска 11/2016

Каляды

Забава для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

Мэта: далучэнне выхаванцаў да нацыянальных традыцый.
Праграмныя задачы: далучаць дзяцей да багацця беларускай мовы; развіваць творчыя здольнасці; выхоўваць устойлівую цікавасць да беларускіх народных свят на аснове актыўнага ўдзелу ў сумеснай творчай дзейнасці з дарослымі; стварыць святочны і радасны настрой.
Матэрыял і абсталяванне: касцюмы Казы і 3 калядоўшчыкаў — для дзяцей, касцюмы Цыганкі, Зорканошы, Дзеда Мароза, бабулі Міхаліны, Музыкі — для дарослых, муляжы ежы, нечы, дзвярэй, міскі, куфар, стол над абрусам, мяшочак з манетамі, мех, калядная зорка, гліняны посуд, драўляныя лыжкі, аўдыязапісы; беларускай народнай музыкі, беларускай народнай песні «Калядачкі» у выкананні ансамбля «Песняры», музычны цэнтр.
Дзеючыя асобы: Дзед Мароз, бабуля Міхаліна, калядоўшчыкі: Цыганка, Зорканоша, Музыка — дарослыя, Каза, 3 калядоўшчыкі - дзеці.

Ход мерапрыемства

Зала аформлена ў выглядзе сялянскай хаты. Гучыць беларуская народная музыка. Бабуля Міхаліна накрывае на стол.

Бабуля Міхаліна (дастае з печы і ставіць на стол «стравы»).
Сёння Святы вечар! Гоман, жарты льюцца з хаты.
Свята свят — Каляды! Усе вельмі рады.
На Беларусі процьму страў гатуюць на Каляды:
Куцця, каўбасы, квас, блінцы і гусь з пячы.
Хай ад прысмакаў ломяцца сталы.
Бяда няхай заўсёды абміне.
Здароўя і імпэту! Хай шчасце не міне!
В. Жуковіч (перапрац.)

Гучыць народная каляндарна-абрадавая песня «Добры вечар, шчодры вечар», потым — стук у дзверы.

Бабуля Міхаліна. Хто гэта стукае?

Падыходзіць да дзвярэй, адчыняе іх. Заходзіць Зорканоша.

Зорканоша (кланяецца).
Добры вечар таму,
Хто ў гэтым даму!
Нам не хочацца чакаць,
Мы пачнём калядаваць.
Спяваць ці не спяваць?
Бабуля Міхаліна. Спяваць!

Калядоўшчыкі заходзяць у залу з песняй.

«Добры вечар, шчодры вечар»

(народная каляндарна-абрадавая песня)
Калядоўшчыкі.
Добры вечар, шчодры вечар
Усім людзям на ўвесь свет!
Што пані дома гатуе?
Яна дома не гуляе,
Піражочкі рашчыняе.
Вынесь, пані, піражочка!
Хоць малога, ды смачнога.
Дай нам каўбасы ды сала,
Каб сыта нам стала!
Добры вечар, шчодры вечар
Усім людзям на ўвесь свет!
Зорканоша.
На Каляды мы прыйшлі,
Мех вялізны прыняслі.
Каб вы нас пачаставалі,
Шмат чаго падаравалі!
1-ы калядоўшчык.
Каляда, каляда!
Весяліцца грамада.
Падарункі нясе
Калядоўшчыцы-казе.
Каза скача.
2-і калядоўшчык.
Каляда, каляда! —
Нават холад не бяда.
Заспяваюць палазы —
Уцякаюць маразы.
У. Мазго

3-і калядоўшчык.
Мы — малёшанькі-калядошанькі —
Прыйшлі да вас калядаваць,
Вам шчасця, здароўя жадаць.
Музыка.
Добры дзень вам!
Ці рады вы нам?
Бабуля Міхаліна. Мы рады, ды хто вы такія?
Цыганка. Мы людзі простыя, з далёкага краю.
Бабуля Міхаліна. Куды ідзяце?
Цыганка.
Ідзём мы ад пана Года,
Што носіць бараду
Шырокую, як лапату,
Сівую ды калмату.
Зорканоша.
Мы да лета ідзём, казу вядзём!
Дзе каза бывае, там шчасце вітае,
Дзе не бывае, таго яно мінае!
Музыка.
Ну, Козанька,
Разыдзіся!
Усяму двару пакланіся!

Песня «Калядкі»

(сл. Л. Пранчака, муз. Л. Захлеўнага)
Калядоўшчыкі стаяць паўкругам і спяваюць, Каза гарэзліва скача, а потым робіць выгляд, што ўпала — укладваецца на падлогу і ўвесь час уздрыгваецца.
Бабуля Міхаліна. Што гэта зрабілася з Козачкай? Занядужыла?
Зорканоша (падыходзіць да Казы, шкадуе яе).
Бачна, даўно не ела,
Што так аслабела...
(Да бабулі Міхаліны.)
Дайце Казе сала,
Каб яна ўстала.
Бабуля Міхаліна. Зараз! Зараз!
Музыка.
Уставай, Каза.
Вунь бабуля Міхаліна ідзе,
Каўбасу нясе,
Тры кавалкі сала,
Каб ты ўстала!

Бабуля Міхаліна падносіць пачастункі, Каза, каб ніхто не бачыў, кідае іх у мех, але не ўстае.

Бабуля Міхаліна. Чаму, Козачка, не ўстаеш? Чаго хочаш?
Каза (стогне). Грошай дайце.

Бабуля Міхаліна трасе мяшочкам з грашыма. Манеты звіняць, Каза цягнецца за імі, устае, скача пад аўдыязапіс беларускай народнай музыкі. Усе пляскаюць у далоні.

Бабуля Міхаліна.
Козачка, пакажыся,
Добрым людзям пакланіся.

Каза выходзіць у цэнтр залы, кланяецца.

Каза.
Го-го-го, каза,
Го-го-го, шэрая!
Дзе каза ходзіць,
(Гупае нагамі.)
Там жыта родзіць.
Дзе каза рогам,
(Выстаўляе рожкі.)
Там жыта стогам.
Дзе каза хвастом,
(Махае хвастом.)
Там жыта кустом.

Музыка. Зараз наша Козачка з вамі пагуляе.

Гульня «Каза-барада»

Дзеці становяцца кругам, Каза ў сярэдзіне.

Каза.
Ме-ме-ме!
Я Каза-барада,
Прыбегла да базара
Ды купіла касу!
Дзеці. А навошта каса?
Каза. Сянцо касіць!
Дзеці. А навошта сянцо?
Каза. Каровак карміць!
Дзеці. А навошта кароўкі?
Каза. Малачко даіць!
Дзеці. А навошта малачко?
Каза. Дзетак карміць!
Дзеці. А навошта тыя дзеці?
Каза. Каб іх лавіць!

Дзеці разбягаюцца, Каза іх ловіць. Гульня паўтараецца 2—3 разы.

Каза. А вы мне зайграйце ды песню заспявайце!

Песня «Каляда-калядачка»

(сл. М. Маляўкі, муз. А. Чыркуна)

Цыганка. Зараз, дзеткі, пазнаем, ці быць вам у згодзе ў гэтым годзе. (Запрашае дзяцей у круг.)

Гульня «Ці быць нам у згодзе ў гэтым годзе»

Дзеці парамі становяцца спіна да спіны. Па сігналу яны паварочваюць галовы адзін да аднаго. Калі дзеці павярнуліся ў адзін бок — значыць будуць у згодзе, калі ў розныя — не. Гульня паўтараецца 3—4 разы.

Бабуля Міхаліна. Бачыш, Цыганка, наша згода заўжды пры нас. А каб яе не страціць, трэба полечку станцаваць.

«Парны танец «Вясёлая полька»

(муз. С. Галкінай)
Дзеці сядаюць на свае месцы.

Бабуля Міхаліна. Госцейкі дарагія, а ці моцны мароз на двары?
Усе разам. Ой, моцны!
Бабуля Міхаліна. Нам цёпла, а дрэўцам і птушкам на вуліцы холадна.
Зорканоша.
Там мароз лютуе,
Мусіць, галадуе.
Паклічам яго ў хату,
Накормім багата.
Бабуля Міхаліна. Дзеці, паклічце Мароза, каб ён не памарозіў усё ўшчэнт, каб стаў сытым і добрым. Паўтарайце: «Мароз, Мароз, хадзі куццю есці!»

Дзеці паўтараюць. Пад музыку ўваходзіць Дзед Мароз.

Дзед Мароз.
Кланяюся нізка ўсім,
I старым, і малым. (Кланяецца.)
Стары год заканчваем,
Новы пачынаем.
Хай будзе здароў,
Нам прынясе дароў!
А дзе ж мая куцця?

Бабуля Міхаліна падносіць Дзеду Марозу міску з куццёй, ён «частуецца».

Дзед Мароз. Смачная куцця! Дзякуй! Трэба вас пацешыць, з вамі пагуляць!

Гульня «Холадна—цёпла»

Дзеці становяцца кругам вакол Дзеда Мароза і выстаўляюць рукі, Дзед Мароз бегае, крычыць: «Замарожу!» і імкнецца дакрануцца да чыіх-небудзь далоней. Дзеці хаваюць рукі за спіну, а той, хто не паспее — «замярзае», застаецца стаяць са счэпленымі за спіной рукамі пакуль гульня не скончыцца.

Дзед Мароз. Ой, як весела з вамі!
Станавіцеся, людцы, у карагод,
Гэта свята мы чакалі цэлы год.
Трэба шчыра Каляду павітаці,
У яе гонар песні праспяваці!

Усе разам ствараюць карагод вакол ёлкі. Дзед Мароз паказвае рухі танца.

Танец «Калядачкі»

(пад бел. нар. песню ў выкананні ансамбля «Песняры»)
Дзед Мароз. Малайцы, і Каляду павіталі, і мяне парадавалі!
Бабуля Міхаліна (кланяецца Дзеду Марозу, потым калядоўшчыкам). Дзякуй і табе, Дзед Мароз! Дзякуй і вам, людзі добрыя!
Зорканоша.
Павесялілі мы ўсіх! Чаго дзівавацца?
Але час нам у дарожку ўжо збірацца!
Мы віншуем вас са святам,
Шчасця вам, усяго багата!
Музыка.
Шчасця гэтаму дому!
Каб нажалі сто коп жыта,
Каб сям’я была сыта,
Каб скаціна вадзілася,
Каб пшаніца радзілася!
Цыганка.
Жадаем вам здароўя, шчасця,
Каб не было нянасця,
Каб ваша хата была
Заўсёды багата!
Усе.
Шчодрага вам лета, багатага хлеба!
Сто год жывіце, дзетак карміце!
Бабуля Міхаліна. I вас са святам, госці дарагія!

Песня «Калядачкі»

(сл. і муз. Я. Жабко)

Калядоўшчыкі спяваюць народную каляндарна-абрадавую песню «Паехала каляда» і выходзяць з залы.

Літаратура:

1. Анцыпирович, О.Н. Музыкально-эстетическое развитие детей дошкольного возраста (с электронным приложением): учеб. нагляд. пособие для педагогов учреждений дошкольного образования / О.Н. Анцыпирович, О.Н. Зыль. — Минск: Адукацыя і выхаванне, 2012.
2. Хадановіч, Л.С. Падарожжа ў свет музыкі: вучэбны дапам. для выхаванцаў старшых груп (ад пяці да шасці гадоў) устаноў дашкольнай адукацыі / Л.С. Хадановіч. — 9-е выд. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2014.

Яшчэ на гэту тэму:

Калядкі     Прыйшлі Каляды, ўсе людзі рады...