сцэнарыі святаў на беларускай мове

Святлана ПУЧЫНСКАЯ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 9 г. Пінска. Роднае слова 2017/1

Кола года

Сцэнарый свята

Дзейныя асобы: Вядучы, Вядучая, Аленка, Гаспадыня, Каза, Яська, дзяўчаты.

Вядучы. Добры дзень!
Вядучая. Мы рады вітаць вас на нашым свяце “Кола года”!
Аленка. Прывітанне!
Вядучая. Добры дзень, Аленка!
Аленка (аглядаючы залу). А што гэта ў вас за свята сёння? Чаму вы ўсе тут сабраліся?
Вядучы. Сабраліся мы сёння тут для таго, каб пападарожнічаць па народных святах і абрадах, якія адзначаліся на працягу года.
Аленка. Як цікава! А можна мне застацца? Калі ласка! Я таксама ведаю народныя святы, але мне хацелася б яшчэ больш даведацца пра іх.
Вядучы. Заставайся. А дапаможа нам падарожнічаць вось гэтае кола года. На ім вы бачыце чатыры сектары. Зіма, вясна, лета, восень. (Гучыць запіс песні “Кола года”.) Ёсць і стрэлка, якая будзе паказваць нам пару года, пра якую пойдзе размова.
Вядучая. Кола паказвае, што пачнём мы наша падарожжа з зімы.
Аленка. Як прыгожа зімой! Дрэвы прыкрыты снегам, а ў паветры павольна кружацца сняжынкі. I хоць мароз, ва ўсіх добры настрой.
Вядучая. Так, сапраўды прыгожа зімою. Але зіма яшчэ і багатая на святы. Напрыклад, Новы год. Святкаванне суправаджалася песнямі, танцамі і жартамі.
Вядучы. А яшчэ зімой адзначалася свята...
Вядучая. Пачакай, пачакай! Няхай Аленка сама здагадаецца, што гэта за свята. Выходзіць Гаспадыня з Казой.
Гаспадыня.
Бегла белая козачка,
Бегла берагам козытка,
Рожкі казытунчыкі,
Ножкі тапатунчыкі.
Каза.
Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць,
Дзе каза рогам, там жыта стогам,
Дзе каза нагой, там жыта капой.
Дзе каза хвастом, там жыта кустом.
Добры дзень. А вы паваражыць хацелі б? Ну давайце паварожым на саломінках. Цягніце! Хто выцягнуў доўгую саломінку, той будзе вучыцца на “дзесяць”, хто кароткую - на “дзевяць”. Да сустрэчы! (Каза ўцякае.)
Вядучая. Ну што, здагадалася?
Аленка. Дык гэта ж Каляды!
Вядучая. Так, гэта Каляды. Яны адзначаліся на працягу двух тыдняў, з 24 снежня да 6 студзеня. У гэтыя дні хадзілі хлопцы і дзяўчаты, якія вадзілі з сабой “казу” - хлопца ці дзяўчыну, пераапранутых у касцюм казы. Яны віталі гаспадароў, жадалі ім шчасця. На Каляды шмат танцавалі і спявалі.
Аленка. А я яшчэ ведаю зімовыя святы: Вадохрышча, Грамніцы, Купалле...
Вядучы. Пачакай, пачакай, Аленка! Сярод святаў, якія ты назвала, чамусьці з явілася і летняе.
Аленка. Праўда?! А якое ж гэта летняе свята? Дапамажыце мне, калі ласка, падкажыце, якое летняе свята я назвала. (Удзельнікі знаходзяць памылку.) Дзякуй, цяпер буду ведаць, што Купалле - летняе свята.
Вядучая. А зімой адзначаюць свята Грамніцы (15 лютага). Лічылася, што ў гэты дзень упершыню лета з зімой сустракаюцца. Таму свята гэтае яшчэ называюць Стрэчаннем. У гэты дзень назіралі за надвор’ем, казалі, калі на Грамніцы нап’ецца певень вадзіцы, то на Юр’я наесца вол травіцы.
Вядучы. Калі снег перамятаецца праз дарогу, то чакаецца позняя вясна. Нават прымаўка была: “Грамніцы - зіме палавіцы”.
Аленка. А я ведаю, што пасля Грамніц, напярэдадні вясны, святкуюць Масленіцу.
Вядучая. Сапраўды так! Масленіцу святкуюць як праводзіны зімы. Масленіца суправаджалася песнямі, жартамі, а скаціцца з горкі кожны лічыў проста сваім абавязкам. Святкавалася Масленіца на працягу некалькіх дзён і заканчвалася ў нядзелю. У гэты дзень на вячэру гатавалі стравы з малака і блінцы.
Вядучы. Але навокал усё змянілася, ласкава прыгравае сонейка, спяваюць ручайкі і птушкі. I мы гаворым:
Уцякай, мароз-дзядуля!
Чуеш ты, стары, ці не?
На пагорках булі-гулі -
Песні чуюцца... вясне.
Я. Колас.

Гучыць “Вяснянка”.
Вядучая. Звярніце ўвагу! Наша чароўнае кола паказвае вясну. Гэта значыць, што падарожжа наша працягваецца.
Вядучы. Пачатак вясны сустракалі святам Гуканне вясны. Людзі спявалі вяснянкі, у якіх звярталіся да прыроды, каб яна абудзілася - прачнуліся жывёлы і птушкі.
Аленка. Усё жывое радуецца вясне. На Беларусі яе называлі Лёляй або Ляляй. Казалі, што Ляля будзіць зямлю: дзе яна ступіць, там зелянее трава, распускаюцца кветкі. I Гуканне вясны - гэта першае веснавое свята. Абрад у асноўным выконвалі дзяўчаты. Яны выходзілі на высокае месца, палілі агонь, спявалі песні, у якіх звярталіся да... А вось да чаго яны звярталіся, вы даведаецеся, калі адгадаеце загадкі.
1-я дзяўчына.
Залатая бочачка
Зранку пакацілася -
Ні стукату, ні грукату,
не ўпала, не разбілася:
А як пакрасавалася -
За гару схавалася. (Сонца.)
2-я дзяўчына. Сівыя бароны ў небе плаваюць. (Аблокі.)
3-я дзяўчына. Ідзе даўгавяз, у сырую зямлю ўвяз. (Дождж.)
Вядучы. I яшчэ адно веснавое вялікае гадавое свята - Вялікдзень. Рыхтуючыся да яго, гаспадыня пякла велікодныя булкі, фарбавала яйкі. У гэты дзень гуляюць яйкамі ў “біткі” качаюць іх, гушкаюцца на арэлях, спяваюць, водзяць карагоды.
Вядучая. Але вясна хутка заканчваецца. I бачыце, на чароўным коле ўжо лета.
I жураўліны спеў,
I песні ручаінаў,
I квецень траў -
Твае дары!
Спакон вякоў прыходзіш ты,
I абуджаецца да новых спраў Айчына.
Пасля прыгажуні-вясны, якая адарыла зямлю цяплом і Сонечным святлом, надыходзіць спякотнае лета. Яно расквеціла палі і лугі канюшынай, рамонкамі, валошкамі, падарыла лесу суніцы, чарніцы. Паўсюль чуваць звонкія птушыныя спевы.
Вядучы.
Людзі рады лету, а пчолы квету.
Летні дзень за зімовы тыдзень.
Лета прыгатуе, а зіма з’есць.
Аленка. Бачна, што вы любіце лета. А раз любіце, то я вам нагадаю, што летам святкуецца Купалле, і раскажу паданне пра гэтае свята.
Жыў-быў у адной вёсцы дзяцюк, якога звалі Яськам. Пачуў ён аднойчы, што ў Купальскую ноч зацвітае кветка папараці, а хто яе сарве, той будзе ўсё мець, што пажадае.
Яська. Няхай невядома што станецца, а кветку папараці я знайду.
Аленка. Надышло свята, і вось ноччу пайшоў ён у лес кветку шукаць. Дарогу добра ведаў, але як толькі ступіў у лес, ніяк не мог пазнаць знаёмых мясцін. I не дзіва, бо гэта Лясун і ведзьмы заблыталі ўсе сцежкі, каб ніхто папараць-кветку не знайшоў. Збіўся са шляху Яська і трапіў да ведзьмы. Але я ведаю, як яго выратаваць, трэба прачытаць замову: “Хадзі, ведзьма, за пні, за балоты, за гнілыя калоды, за цёмныя ляскі, за жоўтыя пяскі, за сіняе мора, за гаруч-камень. А ў нас на лузе не хадзі, дзяцей нашых не пужай, сілу ў іх не адбірай”

Гучыць “Купалінка”, выходзіць Яська і трапляе на луг, дзе адбываецца гулянне моладзі.

Вядучая. Вось Ясь і знайшоў кветку-папараць. Вось і скончылася наша Купальскае свята.
Вядучы. Кола года паказвае, што нам час гаварыць пра восень. Заканчваюцца палявыя работы і надыходзіць кароткі адпачынак, час думаць пра сямейныя справы: ажаніць сына, выдаць замуж дачку. Таму восень называюць яшчэ вясельнай парой. 3 асенніх свят найбольш значныя Багач, Пакровы.
Вядучая. Пакровы адзначаюцца 14 кастрычніка. Да гэтага дня сяляне стараліся скончыць палявыя работы і падрыхтавацца да зімы.
Вядучы. Пра гэты дзень шмат прымавак: Прыйшла Пакрова, пытае, ці ты да зімы гатова. Прыйшла Пакрова - усохла дуброва.
Вядучая. А яшчэ на пачатку лістапада адзначаюцца Дзяды. У гэты дзень людзі памінаюць памерлых продкаў. На памінальную вячэру гаспадар запрашаў “дзядоў”:
Святыя дзяды, завём вас,
Хадзіце да нас!
Ёсць тут усё, што Бог даў,
Што я для вас ахвяраваў,
Чым толькі хата багата.
Святыя дзяды! Просім вас,
Хадзіце, ляціце да нас.
Вядучы. Наша падарожЖа па народных святах і абрадах падышло да завяршэння. Дзякуй табе вялікі, Аленка, за дапамогу. Да пабачэння!
Вядучы: А вам, дарагія госці, дзякуй за ўвагу. Да пабачэння!
Аленка. Да пабачэння!