сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ала ПЛАТОШКІНА, Таццяна ЖЫЛЮК, музычныя кіраўнікі дзіцячага сада № 33 г. Ліды. Пралеска 09/1996

Урок Ветлівасці

Сцэнарый музычнай гульні-казкі

На сцэне дэкарацыя: лясныя дрэвы, пянькі, зламаная елка, патаптаныя кветкі, пазрываныя грыбы.
Гучыць таямнічая музыка. Трымаючы ў руках парасон, паказваецца фея Ветлівасці.


Фея. Якая крыўда! Нешта здарылася з маім чарадзейным лятаючым парасонам, і мне, феі, няма як прызямліцца. А я так спяшаюся ў казачны горад Ветлівасці. (Аглядаецца.) Куды ж гэта я трапіла? Няўжо ў лес няветлівасці? Так! Вось і грыбы пазрываныя, і елка зламаная, і кветкі патаптаныя. Я чула, што ў гэтым лесе жывуць нявыхаваныя гномы. Мабыць, і цяпер тут нехта ёсць?

3-за дрэў паказваюцца гномы.
Дзеці выконваюць танец (танец гномаў). Яны абрываюць лісты з куста, валяць пянькі, хочуць зламаць дрэва, сварацца, не прапускаюць адзін аднаго.


Фея. Добры дзень, гномы! (Яны маўчаць.) Якія вы нявыхаваныя! Няўжо ў гэтым лесе і звяры такія?
Выходзяць Мядзведзь, Ліса і Вавёрка, яны чытаюць верш С.Маршака «Урок вежливости».
Фея. Калі я апынулася ў вашым лесе, то адразу зразумела, што многія з вас не вельмі выхаваныя. Паглядзіце, які ў вас беспарадак! У лесе нельга рваць кветкі, ламаць дрэвы, лавіць стракоз і матылькоў. Таму што стракозы знішчаюць мух і камароў, а матылькі—як чмялі і пчолы—апыляюць кветкі. Трэба быць добрым да ўсяго, што расце, цвіце і жыве... I тады лес адкрые нам свае таямніцы. А што вы зрабілі з лесам? Калі так будзе і надалей, то лес загіне. Што ж мне з вамі рабіць? Вось мая чароўная палачка, я запрашу сюды сваіх сяброў з горада Ветлівасці.

Фея ўзмахнула палачкай. Уваходзіць дзяўчынка. Яна ідзе па зале.

Фея. Жыла-была дзяўчынка, у яе было шмат сяброў. Але больш за ўсіх яна сябравала з Пеўнікам і Птушачкай.

Выходзіць дзяўчынка-Птушачка, спявае песеньку “Птушачка на галінцы” Р.Паулса. Выходзіць хлопчык-Пеўнік, ён таксама спявае песеньку — “Песеньку пеўніка ” М. Казеніна.

Фея. Аднойчы выйшла дзяўчынка на двор і ўбачыла, што нешта здарылася. Певень і Птушачка не гуляюць, як заўсёды, а сядзяць сумныя, нахмураныя.
Дзяўчынка. Што здарылася? Чаму вы такія сумныя? Мабыць, пасварыліся? Але так нельга жыць. Трэба памірыцца!
Птушачка. Я з ім мірыцца не буду. Ён няветлівы. Я сказала яму “Добры дзень!”, а ён мне ні слова не адказаў.
Пеўнік. А навошта зноў казаць? Я цябе толькі ўчора бачыў.
Птушачка. Але ж я сёння з табой павіталася!
Пеўнік. Ну і што? У мяне яшчэ ўчарашняе не закончылася.
Дзяўчынка. Што ж ты, Пеўнік, жадаеш, каб Птушачка захварэла?
Пеўнік. Чаму? Я не хачу, каб яна хварэла.
Дзяўчынка. А чаму ты для яе пашкадаваў “дзень добры”? “Дзень добры” азначае “будзь здароў і не хварэй!”. Вось паслухай.

Дзяўчынка спявае песню “Што такое дзень добры ” Г.Леўкадзімава.

Пеўнік (Птушачцы). А ты і сама не вельмі ветлівая.
Птушачка. Гэта ты не вельмі ветлівы. Чаму ты клічаш мяне птушкай?
Дзяўчынка. А як ты клічаш Пеўніка?
Птушачка. Ніяк. Я проста яму крычу: “Гэй, ты!”
Дзяўчынка. Вы абодва ў такім выпадку нявыхаваныя. Вам трэба адзін аднаго паважаць і вучыцца ветлівасці.

Дзяўчынка спявае “Ветлівую песеньку ” Г.Леўкадзімава.

Пеўнік. Прабач, Птушачка, я заўсёды буду з табой вітацца.
Птушачка. I ты прабач мне, Пеўнік, я буду заўсёды ветлівай.

Пеўнік і Птушачка хутка вывучылі словы “Ветлівай песенькі ” і сталі спяваць яе разам з дзяўчынкай.
Гучыць “Ветлівая песенька


Фея. I ўсе суседзі дзяўчынкі вывучылі гэтую песеньку. I хутка ўвесь двор стаў ветлівым, а потым—другі двор, потым—уся вуліца і ўвесь горад. (Звяртаецца да гномаў.) А вы хочаце паглядзець горад Ветлівасці? Але туды не пускаюць невукаў і грубіянаў.
Гномы. Мы будзем паводзіць сябе добра-добра. Мы не будзем сварыцца, не будзем шкодзіць лесу.
Фея. Тады я запрашаю вас у мой казачны горад Ветлівасці. Але мне трэба паглядзець, што здарылася з маім чарадзейным парасонам. (Глядзіць.) Вось цяпер усё ў парадку. Мы можам ляцець. Станьце ўсе пад парасон—і па-ля-це-лі!

Пад музыку Фея і гномы “адлятаюць” за дзверы. У другім баку стаяць дэкарацыі горада. Фея і гномы падыходзяць туды.

Фея. Вось мы і прыляцелі ў горад Ветлівасці. Глядзіце: жыхары горада сустракаюць нас.
Група дзяцей (5—6 чалавек) сустракае гасцей, вітаецца, запрашае прайсці.
Фея. У горадзе Ветлівасці ўсе вельмі выхаваныя і ветлівыя. Сабакі саромеюцца тут вельмі гучна лаяць. А шчаняты працягваюць лапкі прахожым, каб прывітацца, Вераб’і тут не б’юцца. Галкі і гракі не крычаць, а паціху вырашаюць свае праблемы. Пеўнікі на хатах кожную раніцу будзяць усіх вясёлымі крыкамі: “Уставайце! Добрай раніцы!” Гэта самы ветлівы горад з усіх казачных гарадоў. Дзеці ў гэтым горадзе гуляюць толькі ў ветлівыя гульні.

Фея прапануе гульню “Пазнай, хто спявае ” А.Цілічэевай.

Фея. А вось яшчэ адна гульня: “Хто ведае больш ветлівых слоў?”.

Дзеці стаяць у крузе, Фея—у цэнтры, яна задае пытанні любому: “Якія словы трэба казаць, калі вітаешся?”, “Калі звяртаешся да каго-небудзь з якой-небудзь просьбай “Калі развітваешся?”.

Фея. I танцуюць дзеці ў гэтым горадзе вельмі ветлівыя танцы.
Усе танцуюць прыгожы танец пад прыгожую, павольную мелодыю.
Фея. Ведаюць тут дзеці і вершы пра ветлівасць.

Гучаць вершы “Ежели вы вежливы" С.Маршака, “Добрыя словы” О.Дрыз, “Прабачце" В.Юсупава або любыя іншыя вершы, якія адпавядаюць тэме сцэнарыя гэтай музычнай гульні.

Фея. Ну як, гномы, ці спадабалася вам у маім горадзе? Калі спадабалася, тады добра. А цяпер я павінна павесці вас у лес, Вы абяцалі мне не свавольнічаць у лесе, берагчы яго і любіць прыроду. Станьце пад мой чарадзейны парасон. Па-ля-це-лі!..

Гномы развітваюцца з казачным горадам і “адлятаюць”.