сцэнарыі святаў на беларускай мове

Лідзія МОЛАДАВА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры заалогіі і аховы прыроды ГДУ ім. Ф.Скарыны. Пралеска 6/1998

Грыбы

Забаўляльна-павучальны занятак для дашкольнікаў

Поспех работы з дашкольнікамі—гэта ўменне выхавальніка зрабіць яе цікавай і прывабнай для дзяцей. Такія магчымасці дае гульнявы метад, і мы рэкамендуем шырока уключаць яго ў экалагічнае выхаванне. Гульня дазваляе дзецям лёгка засвойваць неабходныя экалагічныя веды. Аднак важна даць ім не толькі пэўную суму ведаў, але і праверыць правільнасць іх засваення так, каб дзеці гэтую праверку не заўважылі. Для гэтай мэты вельмі зручна выкарыстоўваць інсцэніроўкі, дзе сцэнічныя персанажы дапамагаюць, падказваюць, адказваюць на пытанні.
Педагагічныя задачы. Даць дзецям уяўленне аб правілах збору грыбоў, аб іх разнастайнасці, аб тым, што сярод грыбоў ёсць не толькі ядомыя, але і атрутныя. Навучыць дзяцей па малюнках і тых прыметах, што прыведзены ў загадках і тлумачэннях педагога, адрозніваць грыбы.
Змест занятку
Выхавальнік (В.) (цікавіцца ў дзяцей). Ці любіце вы збіраць грыбы?
(Дзеці адказваюць.) Ну, тады давайце паедзем з вамі ў лес па грыбы. Вось мы з вамі прыехалі на станцыю "Загадкіна”. Зараз даведаемся, ці ведаеце вы грыбы (прапануе адгадаць загадкі). В. Загадкі разгаданы. Вам цікава было збіраць грыбы? А ці правільна мы іх збіраем? Хто з вас ведае, як правільна збіраць грыбы?

Галоўнае — не парушыць месца, дзе растуць грыбы. Калі грыб зрэзаць няма чым—гэта не гора. Яго можна асцярожна вывернуць з зямлі разам з ножкай. Усе лісічкі і хваінкі павінны застацца некранутымі, паляна, на якой рос грыб, несапсаванай. Калі грыб аказаўся чарвівым, разламі яго шапку на некалькі частак і раскідай у розныя бакі. Яго споры прарастуць на новым месцы, будзе больш грыбоў.

Абавязкова трэба звярнуць увагу дзяцей на тое, што незнаёмыя грыбы не збіраюць, але і не топчуць нагамі. Яны патрэбны лесу.

В. Давайце праверым, ці зможам мы нашкодзіць у лесе.
На падлозе расстаўляюцца фішкі: чырвоныя—мухаморы, іншых колераў — добрыя грыбы. Трэба назбіраць ядомых грыбоў у кошык так, каб ні адзін мухамор не перакуліўся. Дзеці робяць гэта па чарзе.
Парады педагогу. Да гэтай гульні падбіраюцца загадкі з рыфмаванымі адгадкамі, але дзеці могуць проста не ведаць назвы грыбоў, а значыць, не падабраць адпаведную рыфму. Можна прачытаць верш П.Сіняўскага “Грыбная электрычка" і паказаць грыбы, пра якія ў ім гаворыцца. Вельмі добра пры гэтым выкарыстаць вялікую табліцу з рознымі грыбамі. Калі загадка не адгадана, трэба звярнуцца да табліцы і на падставе асноўных прымет, напрыклад, у падасінавіка— ярка-чырвоная шапка, бела-шэрая, высокая, патоўшчаная ўнізе ножка,—знайсці адпаведны грыб. Можна павесіць карціны "Кошык", "Лес”, на якіх зроблены спецыяльныя проразі для грыбоў. Дзеці павінны адгадаць загадку, затым адшукаць сярод грыбоў той, аб якім была загадка, і, калі ён ядомы, уставіць яго ў проразь кошыка, сказаўшы пры гэтым: "Стаяў на ножцы ў нізіне, а цяпер ляжыць ў карзіне". Атрутныя грыбы ўстаўляюць у проразі на карціне "Лес".

Дапаможам настачцы сабраць грыбы

Інсцэніроўка, мэта якой—праверыць веды, атрыманыя на занятку “Грыбы”.
Здалёк чуецца голас: "Ау-у-у, сябровачкі, дзе вы-ы-ы ? Ау-у-у!"
З’яўляецца дзяўчынка ў нацыянальным беларускім адзенні, з кошыкам у руцэ.

Настачка. Ой, куды гэта я выйшла?.. Прывітанне! Мяне завуць Насця. Дзеці, вы не бачылі маіх сябровак Аленку і Анютку? Мы разам грыбы збіралі, ды так здарылася, што я іх згубіла і грыбоў зусім не назбірала.
1-ы хлопчык. Не бядуй, Настачка, мы дапаможам табе назбіраць грыбоў.
Настачка. А як жа мае сяброўкі, мабыць, яны таксама мяне шукаюць?
2-і хлопчык. I сябровак тваіх дапаможам знайсці таксама.
Давайце ўсе разам паклічам іх! Тры-чатыры: "Аленка, Анютка-а-а!"
У адказ чуюцца далёкія галасы: "Насця-а-а, ау-у-у..."
Нястачка. Я тут...
Дзеці. Хадзіце сюды!
Аленка і Анютка (здалёк)- Ідзё-ём. В. Ну вось, Насця, бачыш, яны тут непадалёку, побач.
Дзеці. Пакуль яны ідуць, мы цябе адвядзём на светлую паляну, што там, за ручаём.
3-і хлопчык. Станавіся хутчэй паміж намі, за ручаём ёсць паляна з грыбамі.
4-ы хлопчык. Адразу мост пяройдзем, затым па вузкай сцежцы пойдзем, па ёй на грыбную палянку пройдзем.
Настачка становіцца паміж дзецьмі, і ўсе разам пад музыку ідуць па дошчачках праз ручай (блакітную тканіну або блакітную паперу). Затым ідуць па сцяжынцы, абмежаванай шнуром або якім-небудзь іншым чынам. I ручай, і сцежка павінны быць не прамалінейнымі, а звілістымі, каб дзецям было цікава. Дзеці падыходзяць да дэкарацыі лесу з грыбамі.
Дзеці. Паглядзі, Настачка, колькі тут грыбоў!
У гэты момант частка дзяцей надзяваюць дэкаратыўныя капялюшыкі-шапачкі—выконваюць ролі грыбоў.
Настачка. Дзякуй вам, сябры! Але тут розныя грыбы, а я раней ніколі ў грыбы не хадзіла, баюся, што пераблытаю добрыя грыбы з паганкамі. Дапамажыце мне калі ласка!
Дзеці. Добра, дапаможам.
Настачка. Вось як цудоўна! Давайце дамовімся, калі грыб добры, вы ўсе хорам адказваеце:
Грыбочак, грыбок, масляны бачок,
Ты нікуды не хавайся,
Насці ў рукі пападайся!
А калі грыб неядомы, атрутны або якога вы не ведаеце, прымаўка такая:
Гэты грыб ты абыдзі,
У свой кошык не кладзі!
Ну, дзеці, давайце паспрабуем.
(Усе разам паўтараюць прымаўкі. Затым дзеці ў капелюшах-шапачках садзяцца на маленькія табурэткі на фоне дэкарацыі лесу, а Настачка падыходзіць то да аднаго, то да другога, і кожны "грыб"расказвае аб сабе верш.)
Падасінавік.
У чырвонай шапачцы расту
Сярод асінак.
Мяне пазнаеш за вярсту.
Завуся Падасінавік.
Настачка. Падасінавік добры грыб? Ці браць мне яго?
Дзеці. Грыбочак, грыбок, масляны бачок...
Настачка бярэ Падасінавік за руку і адводзіць убок. Затым падыходзіць да Мухамора.
Мухамор.
Я—Мухамор, прыгожы грыб,
А для людзей—
Атрутны, неядомы.
Настачка. Праўду кажа гэты грыб? Яго сапраўды нельга есці?
Дзеці. Гэты грыб ты абыдзі...
Сыраежкі (разам).
Мы прыгожыя, здаровыя.
Шапкі нашы рознакаляровыя.
Стройна мы стаім у рад,
Можна ўсіх збіраць падрад.
Сыраежкамі завуць,
Хоць сырымі не ядуць.
Настачка. А мы будзем іх збіраць?
Дзеці. Грыбочак, грыбок, масляны бачок...
Апенькі.
Мы танканогія апенькі,
На пні у нас парадак,
Трымаем парасонікі
На ўсякі выпадак.
Дзеці. Грыбочак, грыбок, масляны бачок...
Настачка.
Бачу я, ля той палянкі
Узвышаюцца паганкі.
3 толку хочуць мяне збіць—
Баравікі загарадзіць.
Дзеці. Гэты грыб ты абыдзі...
Баравік.
Я—грыб-баравік,
Лезці ў кошык я прывык.
Настачка. Бяром?
Дзеці. Грыбочак, грыбок, масляны бачок...
Настачка. Вось і напоўніўся мой кошык. Дзякуй вам, дзеці!
З’яўляецца вавёрка.
Вавёрка. Прывітанне, дзяўчынка! Што ты тут робіш?
Настачка. Грыбы збіраю.
Вавёрка. А ты ўмееш іх правільна збіраць?
Настачка. А як гэта правільна?
Вавёрка. Грыбы збіраеш, а як збіраць правільна—не ведаеш?
Правільна—гэта значыць так, каб на тым месцы кожны год раслі грыбы.
Настачка. Грыбы збіраць так цікава! Яны такія прыгожыя! Мне сябры дапамаглі. Яны ведаюць. Гэта яны прывялі мяне на гэту цудоўную палянку.
Вавёрка. Што ж, спытаю тваіх сяброў, а то нярэдка пасля гора- грыбнікоў грыбы больш не растуць, і мы, вавёркі, не можам нарыхтаваць іх сабе на зіму.
Настачка. Дзеткі, дапамажыце мне, калі ласка, яшчэ раз. Адкажыце вавёрцы, як правільна грыбы збіраць, а я пастараюся запомніць тое, што вы скажаце.
Дзеці (па чарзе). Нельга парушаць подсціл там, дзе растуць грыбы.
Нельга браць незнаёмы грыб.
Нельга браць старыя грыбы.
Нельга кратаць і збіваць нагамі неядомыя і атрутныя грыбы.
Вавёрка. А чаму нельга?
Дзеці. Яны патрэбны лесу: дрэвы лепш растуць, некаторыя жывёлы лечацца імі.
Вядучая называе дзяцей, якіх просіць адказаць, і дапамагае ім, калі гэта патрэбна.
Вавёрка. Слушна, дзеці. Вы ведаеце, як трэба правільна збіраць грыбы. Відаць, вы сябры лесу і ўсім жывёлам і птушкам, а з сябрамі так весела разам скакаць. Давайце паспрабуем.
Усе скачуць "Летку-енку".