сцэнарыі святаў на беларускай мове

В. У. САВАНЕЦ, настаўніца першай катэгорыі. Пачатковая шкала 4. 2013

Я - грамадзянін Беларусі

Пазакласнае мерапрыемства патрыятычнай накіраванасці

Мэта: выхоўваць у дзяцей пачуццё патрыятызму, цікавасць да нацыянальнай культуры, беларускай паэзіі, роднай мовы; узбагачаць лексічны запас вучняў; развіваць кемлівасць, дапытлівасць.
Абсталяванне: выстава дзіцячых малюнкаў “Маёй Радзімы краявіды” і кніг пра Беларусь; фізічная карта Беларусі; вырабы народна-дэкаратыўнага мастацтва: вышываны ручнік, абрус, керамічная вазачка, свістулька, вырабы з саломкі, ільняная лялька, выявы беларусаў у нацыянальным адзенні; карткі для заданняў “Складзі прыказку”, “Адкажы на пытанне”; тлумачальныя слоўнікі; малюнкі для задання “Назаві малюнкі"; кляновыя лісткі з каляровай паперы.
Афармленне: класны пакой убраны ў выглядзе беларускай хаткі; на падлозе пасцелены ручнік.
Форма правядзення: беларуская гасцёўня.

Ход мерапрыемства

Вучняў і іх бацькоў сустракаюць гаспадар і гаспадыня з хлебам- соллю і “збанком ведаў" у руках.
Гаспадар.
Добры дзень у хату,
Вашы ягамосьці.
Прыбылі да нас
Сёння вы ў госці.
Гаспадыня.
Шчыра вам жадаем
Шчасця і здароўя,
Каб было гасцей у вас
Поўнае падвор’е!
Гаспадар.
Я — гаспадар нашай хаткі.
Гаспадыня. Я — гаспадыня.
Гаспадар. Усіх мы вас вітаем.
Гаспадыня.
Ды ў гасцёўню нашу запрашаем!
Гаспадар. Ступіце на наш ручнічок.
Гаспадыня.
Вазьміце наш “ведаў збанок”,
Дастаньце кляновы лісток.
Гаспадар.
Пакаштуйце нашага хлеба,
Каб была ў вас моцная глеба.
Гаспадыня.
Я звычай маці сваёй зберагаю,
Усіх гасцей хлебам-соллю вітаю.
Кожны з вас будзе ўсмешкай сагрэты!
Калі ласка, прыміце хлеб гэты!
Гаспадар і гаспадыня прапануюць вучням, бацькам і гасцям пакаштаваць хлеб-соль і дастаць са збанка каляровы кляновы лісток. Вучні і бацькі аб'ядноўваюцца ў групы ў залежнасці ад колеру кляновага лістка.
Гаспадыня. Людзі кажуць: Жыццё пражыць — не поле перайсці.
У адну ваду два разы не ўвайсці.
Гаспадар. 3 людзьмі ўжыцца — што пуд солі з’есці.
Навуку за плячыма не носяць.
Гаспадыня.
Мы думаем, ступіўшы адзін крок,
Нічога дрэннага людзям не зробіш.
Ёсць такі жыццёвы ўрок:
Атрымаеш тое — што заробіш.
Гаспадар.
Хто мы? Мы — беларусы!
Бо мы нарадзіліся беларусамі.
Гаспадыня.
Ускарміліся з беларускай зямлі,
Узгадаваліся і жывём на Беларусі.
Гаспадар. Запрашаем у нашу хатку чалавека, які вучыць нас роднай мове, знаёміць з традыцыямі нашага краю, — нашу настаўніцу.
Настаўніца.
Як і кожны ў маёй старане,
Я багацце бязмернае маю.
Ды не ў грошах,
не ў золаце — не!
У любові да роднага краю.
Гэтыя словы з верша А. Вольскага з’яўляюцца эпіграфам да нашага мерапрыемства. Рада вітаць вас, мае любімыя вучні і вучаніцы, шаноўныя бацькі і дарагія госці, на мерапрыемстве, якое называецца “Я — грамадзянін Беларусі”.
Сёння мы працягнем знаёміцца з таямніцамі і цудамі беларускай зямлі, з яе славутай гісторыяй, узгадаем традыцыі нашага народа. Любіць сваю краіну немагчыма, калі не ведаеш, чым яна жыла раней, як жыве цяпер, да чаго імкнецца.
Вывучаць, спазнаваць, разумець сваю зямлю, яе народ, — бадай, наша самая галоўная задача. У IV класе ў гэтым нам дапаможа прадмет “Мая Радзіма — Беларусь”.
Такім чынам, мы зможам адказаць на пытанні: якая наша Беларусь? Хто такія грамадзяне сваёй краіны?
Кожны з вас атрымаў каляровы кляновы лісток. А што сімвалізуе кляновы лісток для Беларусі? На гэта пытанне адкажа вучаніца класа.
Вучаніца. Беларусь — еўрапейская дзяржава, зялёны лісток на карце: лясы, пералескі, лугі, пушчы, ураджайныя палеткі. Вакол нас — карагод краін: Расія, Украіна, Літва, Польшча. Беларусы здаўна жывуць мудрымі запаветамі прашчураў: “Сонца — на ўсіх адно, зямля — адна; трымайся сваёй хаты, беражы свой гонар, не бяры чужога”.
Вучань чытае верш Ю. Свіркі “Твая Беларусь”.
Настаўніца. Наша мерапрыемства называецца “Я — грамадзянін Беларусі”. Хто такі грамадзянін? Што азначае гэтае слова? (Адказы вучняў.)
Вучні чытаюць вершы пра Беларусь.
Настаўніца. 3 ранняга дзяцінства мы вучымся любіць сваю Радзіму. Разам са словамі “мама”, “тата” мы вымаўляем “наша хата”, "наш горад”, “наша вуліца”, а потым “наша школа”. “Наша” — значыць родная, свая, без якой немагчыма ўявіць жыццё, якую нельга не любіць.
Радзіма складаецца з вялікага мноства маленькіх куткоў. Вывучэнне краіны мы пачынаем са сваёй мясціны, дзе нарадзіліся і жывём. Настаўніца нашай школы, кіраўнік школьнага музея Р. I, Ануфрыева напісала верш “Ашмяншчына мая”, які быў пакладзены на музыку і стаў песняй з аднайменнай назвай. Паслухаем яе ў выкананні ўзорнага ансамбля "Званочкі”.
Гучыць песня “Ашмяншчына мая”.
Настаўніца. Якое месца мы займаем у свеце? Дзе знаходзіцца наш родны куточак?

Паведамленне пра Ашмяны, падрыхтаванае вучаніцай

Ашмяны — райцэнтр ў Гродзенскай вобласці Беларусі. Горад стаіць на рацэ Ашмянка, за 220 км. ад Гродна, 120 км. ад Мінска, 55 км. ад Вільнюса і за 17 км. ад чыгуначнай станцыі Ашмяны.
1566 г. лічыцца годам заснавання горада. Герб і сцяг Ашмянаў зацверджаны загадам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2006 г.
Настаўніца. Наша краіна не самая вялікая, але і не самая маленькая. У Беларусі ёсць вялікія гарады і маленькія вёсачкі; у іх — шырокія праспекты ці вузенькія завулачкі, шматпавярховыя будынкі ці старэнькія драўляныя хаткі. Але для кожнага чалавека яго малая радзіма — найдаражэйшы куток.
Радзіма наша — Беларусь. Прайдзіцеся па яе сцяжынках, удыхніце водар лясоў, паспытайце салодкага, нібы нектар, соку бяроз і клёнаў, наталіце смагу крынічнай вадою. Немагчыма не любіць нашу Беларусь. Давайце паслухаем вершы аб прыгажосці беларускай прыроды.
Вучні чытаюць вершы пра родную прыроду.
Настаўніца. Неацэнны моўны скарб нашага народа — прыказкі і прымаўкі. Ужо няма тых людзей, якія прыдумалі гэтыя трапныя выразы, але іх мудрыя словы працягваюць жыць. Прыказкі і прымаўкі даюць карысныя парады, вучаць нас дабру, перасцерагаюць ад дрэнных учынкаў. Ці ведаеце ВЫ беларускія прыказкі і прымаўкі?

Заданне “Складзі прыказку”

Вучні разам з бацькамі выконваюць заданне ў групах: складаюць прыказкі з набору асобных слоў, якія настаўнік раздае на картках.
Шануй бацьку з маткай, другіх не знойдзеш.
Хто працуе, той не сумуе.
Спяшыць — людзей насмяшыць. Усюды добра, а дома лепей.
Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка.
Хто пытае, той шмат знае.

Заданне “Адкажы на пытанні”

У настаўніцы падрыхтаваны шэраг пытанняў, якія раздзелены на тры тэматычныя катэгорыі — “Сучаснае”, “Мінулае” і “Краіна". Кожнае “каштуе” пэўную колькасць балаў. Вучні па чарзе выбіраюць пытанні з той ці іншай тэматычнай і коштавай катэгорый. Настаўніца іх зачытвае. Вучні — самі ці з дапамогай бацькоў — даюць адказ.
Сучаснае
• Пад якой маркай у Мінску выпускаюць тэлевізары? — 10 б. (Гарызонт".)
• Які архітэктурны сімвал сучаснай Беларусі быў адкрыты ў Мінску ў чэрвені 2006 г.? — 20 б. (Нацыянальная бібліятэка.)
• Пад якой маркай у Мінску выпускаюць халадзільнікі і пральныя машыны? —10 6. (“Атлант”.)
• Як называецца шырокая, прасторная, прыгожая вуліца? — 30 б. (Праспект.)
• Якую назву мае найстарэйшы запаведнік Беларусі? — 30 б. (Белавежская пушча.)
Мінулае
• Як звалі асветніка, першадрукара, вялікага сына Полацкай зямлі? — 20 б. (Францыск Скарына.)
• Які літаратурны псеўданім быў у Канстанціна Міцкевіча? — 30 б. (Якуб Колас.) .
• Як называецца галоўны горад любой краіны? — 10 6. (Сталіца.)
• Псеўданім якога славутага беларускага паэта супадае з назвай народнага свята? — 20 6. (Янка Купала; свята Купалле.)
• Які літаратурны псеўданім быў у I. Д. Луцэвіча? — 30 6. (Янка Купала.)
Краіна
• Як называецца ўрачыстая песня, сімвал краіны? — 20 б. (Гімн.)
• Які вадаём называюць “беларускім морам”? — 20 6. (Возера Нарач.)
• Як называецца месца, дзе чалавек нарадзіўся, дзе жывуць яго блізкія? —10 6. (Радзіма.)
• Белыя крылы якой птушкі "накрываюць” Беларусь кожную вясну? —10 6, (Бусла.)
• 3 якімі краінамі мяжуе Беларусь? — 30 б. (3 Расіяй, Украінай, Польшчай, Літвой, Латвіяй.)

Заданне “Назаві малюнкі”

Настаўнік раздае на кожную групу наборы малюнкаў. Задача вучняў — даць кожнаму адпаведную беларускую назву.
1-я група. Валошкі, брусніцы, жораў, шафа, футра.
2-я група. Дзьмухавец, журавіны, зязюля, зэдлік, кашуля.
3-я група. Рамонкі, суніцы, канапа, цецярук, сукенка.

Бліц-турнір “Раслінны і жывёльны свет Беларусі”

Кожнай групе даецца 30 секунд на тое, каб адказаць на як мага большую колькасць пытанняў.

1-я група.
• Якое галоўнае прыроднае багацце нашай краіны? (Лес.)
• Чаму Беларусь называюць сінявокай? (Шмат азёраў.)
• Якая рыба нагадвае змяю? (Вугор.)
• Якая любімая ежа бусла? (Жаба.)
• 3 якой жывёлай параўноўваюць хітрага чалавека? (3 лісой.)
• Дзе робяць гнёзды ластаўкі-берагавушкі? (Па абрывах рэк.)
• Якая птушка “носіць навіны на хвасце”? (Сарока.)
• Які звер лічыцца санітарам лесу? (Воўк.)
• Якое дрэва “прыходзіць у госці” на Новы год? (Елка.)
• Як называецца дзіця сабакі? (Шчаня.)
• Сімвалам чаго прызнаны голуб? (Міру.)
• У якога дрэва белы ствол? (Бяроза.)
• У чалавека рукі і ногі. А як называюцца канечнасці ў жывёл? (Лапы.)
• 3 чаго робяць алей? (Са сланечніку, рапсу.)

2-я група.
• Які самы вядомы “ткач” сярод жывёл? (Павук.)
• Якое возера Навагрудчыны самае вялікае? (Свіцязь.)
• Як называецца прыбор для арыентавання на мясцовасці? (Компас.)
• Як называецца трэці месяц восені? (Лістапад.)
• Якую жывёлу называюць "лясная кошка"? (Рысь.)
• У якога насякомага орган слыху знаходзіцца на лапках? (У коніка.)
• Чым пакрытае цела звера? (Поўсцю.)
• Хто свой дом носіць на сабе? (Слімак.)
• 3 чаго робяць кашу “Геркулес”? (3 аўса.)
• Якое дрэва самае распаўсюджанае ў Беларусі? (Сасна.)
• Як называецца нацыянальны парк на тэрыторыі Беларусі, адзін з самых старажытных лясоў Еўропы? (Белавежская пушча.)
• Якое дрэва беларускіх лясоў самае даўгавечнае? (Дуб.)
• Каго называюць “царом Белавежскай пушчы”? (Зубра.)
• Чым пакрытае цела птушак? (Пер'ем.)

3-я група.
• Які матылёк носіць самае высокае марское званне? (Адмірал.)
• Якая характэрная рыса чалавека маецца на ўвазе, калі яго называюць сарокай? (Балбатлівасць.)
• Як называецца кветка з белымі духмянымі званочкамі? (Ландыш.)
• Як называецца дзіця каровы? (Цяля.)
• Як называецца нос птушкі? (Дзюба.)
• Якое возера самае вялікае ў Беларусі? (Нарач.)
• 3 якой збожжавай культуры робяць манныя крупы? (3 пшаніцы.)
• У якую пару года бывае бабіна лета? (Увосень.)
• Слова “верасень” утварылася са слова “верас”. А слова “ліпень”? (Са слова “ліпа".)
• Якое насякомае самае пражэрлівае? (Страказа.)
• Як называецца першы месяц вясны? (Сакавік.)
• Як называецца самая маленькая птушка беларускага лесу? (Каралёк.)
• Які прадукт харчавання даюць пчолы? (Мёд.)
• Якая птушка лечыць дрэвы? (Дзяцел.)

Настаўніца. Малайцы! Вы шмат ведаеце пра Беларусь і многае можаце пра яе расказаць. Давайце паслухаем нашых гаспадароў.
Гаспадар.
Расказаць мы хочам, дзеці,
Як патрэбна жыць на свеце.
Гаспадыня.
Ёсць адзін жыццёвы ўрок:
Які ўчынак ты ні зробіш,
Атрымаеш, што заробіш.

Інсцэніроўка беларускай народнай казкі “Залаты збан”

Гаспадыня.
Ну, а зараз хай вам, людзі,
Будзе даспадобы дзень.
Каб заўсёды былі ў згодзе
Кожны час і кожны дзень.
Гаспадар.
Каб заўсёды дзеці ўсміхаліся
I свяціла сонца над зямлёй,
Каб жылі ў згодзе, працавалі
Моцнаю і дружнаю сям’ёй.
Гаспадыня.
Яснага, блакітнага вам неба,
Светлых зорак усім вам уначы.
Каб на стале ляжаў акраец хлеба,
Каб святло вы неслі ў душы.
Настаўніца. Кожны, хто жыве ў Беларусі, павінен задаць сабе пытанне: што я зраблю сёння для сваёй Айчыны, як пражыву год, каб не было сорамна ні самому, ні маёй сям’і? Давайце, сябры, нанова адкрыем для сябе Беларусь, будЗем ганарыцца ёй і зробім усё, каб нашу краіну ведаў і паважаў увесь свет.
Беларусь — мая Радзіма, мая любімая зямля. Я веру, што ў яе вялікая будучыня, і жадаю будаваць яе разам са сваім народам — беларусамі. Вельмі хочацца, каб і вы ў сваіх сэрцах назаўсёды захавалі гонар, павагу і любоў да роднай зямлі, якая вас гадуе і стварае ўмовы для вашай шчаслівай будучыні.

Пажаданні бацькоў вучняў.
Пажаданні вучняў
Настаўніца. Напішыце, калі ласка, на кляновых лістках пажаданні адзін аднаму і прымацуйце да дошкі.

Яшчэ на гэту тэму:

Роднай краіны дзяржаўныя сімвалы     Люблю наш край, старонку гэту