сцэнарыі святаў на беларускай мове

Пралеска 7/2013

У нас дажынкі

Сцэнарый фальклорнага свята для дзяцей старшай групы

Задачы: пашыраць уяўленні аб традыцыях беларускага свята «Дажынкі»; выхоўваць у дзяцей нацыянальную самасвядомасць.

Гучыць беларуская народная музыка. Дзеці ў нацыянальных строях заходзяць у прыбраную залу і сядаюць на крэсельцы.

Гаспадыня. Добры дзень, хлопчыкі і дзяўчынкі!
Здаўна людзі ставіліся да хлеба як да святыні, беражліва адносіліся да яго. Хлеб бралі у дарогу, адпраўляючыся на кірмаш, падносілі як дар дарагім гасцям, маладажонам.
1 хлопчык.
Пакрыем ніўкі
На добрую спажыўку!
2 хлопчык.
Парадзі, Божа, наша збожжа
Коласам каласістым,
ядром ядраністым.
1 хлопчык.
На таку — умалотам,
У млыне — прымалотам!
2 хлопчык.
У печы румяна,
А на стале жадана!

Дзеці спяваюць беларускую народную песню «Як на нашай ніўцы».

Жнеі.
Радзі, поле, жыта,
Радзі і пшаніцу,
Усякую ярыцу.
1 жняя.
Выйдзі, гаспадар, за вароты,
Прымі вянок з залоты.
Не з золата вянок віты,
А з буйнога-буйнога жыта!

Дзеці спяваюць беларускую народную песню «А у нас сёння Дажынкі».

Гаспадар.
Добры дзень, жнейкі маладыя!
Я іду жыта паглядзець.
2 жняя.
Тваё жыта каласіста.
Знізу — караніста,
Пара жыта зажынаць,
Пара жнеек нанімаць.
Гаспадар.
Жніце, жніце, жнейкі,
Дам я вам халоднага квасу,
Сала ды хлеба лусту.

Гаспадар дае хлеб, сала, квас. Жнеі ідуць зажынаць жыта.

Каласок.
Не магу я ў полі стаяць, зярняткі трымаць.
Толькі магу я ў полі капамі, ды ў гумне снапамі.

Танец «Ніўка, ніўка!».

1 жняя.
Паляцела шэра перапёлка,
Да па жытняму полю,
Ды шукала перапёлка
Сваіх добрых дзетак.

«Каласкі» выконваюць беларускую народную песню «Перапёлка», жнеі жнуць жыта.

1 жняя.
Ой, я жыта жала,
Тры снапочкі нажала.
Мне здаецца, што я жнейка,
А за мною адна жменька.
Мне здаецца, не лянюся,
Ды ўсё ззаду застаюся!
2 жняя.
Ніўка, ніўка, вярні маю сілку!
А я жала нямнога, ды нажала многа.

Жнеі збіраюць каласкі, кладуць сноп на стол, упрыгожваюць яго стужкамі, кветкамі.

1 жняя.
Стаўлю сноп на сем коп,
на тысячу мерак.
2 жняя.
Хвала нам, хвала, што жыта жалі,
У снапочкі павязалі,
у бабкі паставілі.
1 жняя.
Ой, зелен яр, зелен.
Над усімі яварамі.
Багат наш гаспадар, багат.
Над усімі багачамі!
2 жняя.
Багат наш гаспадар, багат.
У яго ўсё добра удалося,
Жыта ў трубу павілося.
У нашага гаспадара
Кучарава галава.
Ён кудрамі патрасе,
Нам гасцінца прынясе.
1 жняя.
Вось табе сноп з дабра,
А нам дасі рубля.
2 жняя.
Ты пашлі сюды музыку:
Табе дабро спажываць,
А нам — пагуляць.
Гаспадар.
Дзякуй, жнейкі маладыя,
Сярпы залатыя.
Будуць вам музыкі!

Дзеці граюць на дзіцячых музычных інструментах на мелодыю «Сярпы залатыя».

Гульня «Пячэнне хлеба».

Дзеці водзяць карагод (у сярэдзіне двое — хлопчык і дзяўчынка), спяваюць:
Паскакаў верабей
Ды па смятаннічку
I сабраў верабей
Усю сямеечку.
Мала нас, мала нас
Для пячэння хлеба,
А ўжо нам, а ўжо нам
Кацю (ці іншае імя) трэба.

Каго назвалі, той уваходзіць у круг. Потым зноў ідуць карагодам і спяваюць, пакуль не перабяруць амаль усіх.

Гаспадар.
Вунь і гаспадыня ідзе,
Смачны каравай нясе
Гаспадыня.
Звезлі сто коп жыта на каравай,
Змалолі сем бочак мукі на каравай,
Сем кадушак масла на каравай,
Сем кошыкаў яек на каравай,
Вось які каравай! Частуйцеся!

Дзеці частуюцца караваем.

Дзеці.
Даўно ўжо растаялі снягі,
Аратыя выйшлі на спробу.
Ад сонца блішчаць плугі
I травы ў хлебаробаў.

Зярняты — хоць зараз сей.
Зверху прыпарвае у плечы,
Насупраць у твар нясе
Водарам кменным, як з печы.

Не адысці аніяк
Ад вясновай цёплай глебы...
І ўжо адчуваеш смак
Новага свежага хлеба.

Беларускі танец «Цапы».

Дзеці (разам).
Дзякуй хлебаробам,
што начэй не дасыпалі.
3 ранку ў поле выязджалі,
шчодра зямлю засявалі.

Дзеці спяваюць песню «Слава хлебу» (сл. С. Пагарэлаўскага, муз. В. Волах).


Яшчэ на гэту тэму:

Вяселля і радасці хопіць на усіх!     А мы жыта жалі, жыта дажыналі