сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. П. КРАСОЎСКАЯ, настаўніца вышэйшай катэгорыі Дзісненскай сярэдняй школы Міёрскага раёна. Беларуская мова і літаратура. Красавік 2010 г.

Салдаты перамогі

Інтэлектуальная гульня для вучняў VIII—XI класаў

Правядзенню гэтага мерапрыемства павінна папярэднічаць падрыхтоўчая праца. Настаўнік загадзя рыхтуе каманды да інтэлектуальнага спаборніцтва. Вучням трэба прапанаваць даведачную і краязнаўчую літаратуру, у першую чаргу энцыклапедыі і кнігу «Памяць», зборнікі паэзіі. Пры неабходнасці настаўнік праводзіць адну ці дзве кансультацыі.
Пажадана, каб гульня праводзілася з выкарыстаннем літаратурнага матэрыялу і мела музычнае суправаджэнне. Настаўнік рыхтуе тэксты твораў для чытальнікаў, раіць вывучыць асобныя з іх на памяць, правярае выразнае чытанне вершаў.

Мэта: у гульнёвай форме выявіць веды вучняў па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны; даць магчымасць школьнікам праявіць творчыя здольнасці; зацікавіць іх дадатковай літаратурай па дадзенай тэме; выхоўваць пачуццё патрыятызму, павагі да ветэранаў, да мінулага нашай краіны.
Форма правядзення: на узор інтэлектуальнай гульні «Што? Дзе? Калі?».
Абсталяванне: карткі з пытаннямі, карткі з адказамі (прымацоўваюцца на дошку у ходзе гульні), плакат з эпіграфам, партрэты тых воінаў, чые імёны і прозвішчы трэба будзе назваць; выстава кніг [3—5, 7—10].


Э п і г р а ф:

I ў ноч, на цёмныя парогі,
У кожнае акно і дом
Упала вестка перамогі,
Нібы раптоўны першы гром.

Але між намі нечаканай
Яна ніколі не была:
У снах байца і партызана
Ад першых дзён вайны жыла.

Калі ж памерці мы кляліся
За кожны родны нам куток,
Яе ледзь значныя абрысы
Былі нам бачныя здалёк.

У мужнай веры Ленінграда,
У грозных бітвах за Маскву,
У першых залпах Сталінграда
Яна паўстала наяву.

I ў дзень вялікаснага свята —
3 братэрскім шчырым пачуццём —
Мы помнім кожнага салдата,
Што за яе аддаў жыццё.
Пятро Глебка. «Перамога»

Ход гульні

В я д у ч ы. У розныя часы падымаліся на барацьбу з ворагам беларусы, баранілі сваю зямлю, свой народ. Мы, нашчадкі тых змагароў, павінны ведаць і памятаць мінулае нашай краіны, імёны тых, хто аддаў жыццё за Радзіму — Беларусь. Пісьменнік Канстанцін Сіманаў сказаў: «У тым, што краіна зноў і зноў успамінае пра подзвіг сваіх сыноў, ёсць высо­кая гістарычная каштоўнасць. Свет стаў бы іншым, калі б наш народ не выстаяў, не вытрымаў гэтых чатырох страшных год. Хто можа прадбачыць, якім бы стаў зямны шар, калі б не воля і сіла народа?»
Набліжаецца вялікае свята — Дзень Перамогі, светлае, радаснае, урачыста-журботнае, святое для кожнага чалавека. Вось што гаворыць паэт Алег Лойка ў вершы «Салдаты Перамогі» пра тых, хто ў гады вайны ўзяў у рукі зброю, каб змагацца з фашызмам:

Шмат год ішлі яны
Праз бітвы і трывогі
Ў апошні дзень вайны
I ў першы — Перамогі.

Аб ім былі іх сны,
I ўсе вялі дарогі
Ў апошні дзень вайны
I ў першы — Перамогі.

Сёння мы з вамі праводзім інтэлектуальную гульню «Што? Дзе? Калі?», каб успомніць тых, хто прынёс на нашу зямлю мір, хто абараняў Беларусь і іншыя краіны свету ад фашызму.

Першы чытальнік (выконвае верш Васіля Жуковіча «На парадзе» ).

Ідуць, ідуць сівыя ветэраны —
франтавікі былыя, партызаны, —
святочны пачынаецца парад, —
увесь народ героям родным рад.

Ім усцілаем кветкамі дарогу,
і музыка ляціць ва ўсе канцы,
бо здабылі народу перамогу
авеяныя славаю байцы,
бо ўвесь цяжар крывавае вайны
пранеслі пад агнём яны.

Асколкі іх і кулі апякалі.
Не раз яны пасля цяжкіх баёў
у шар зямны, паволі апускалі
у плашч-палатках баявых сяброў.

Калонамі сівыя ветэраны,
франтавікі былыя, партызаны
пад небам распагоджаным ідуць
да помніка на плошчы Перамогі,
туды, дзе скрыжаваліся дарогі,
вянкі салдацкай памяці кладуць.

Вядучы. Сёння на паверцы перад намі паўстануць імёны і вобразы тых людзей, якія на вайне сталі самымі незаменнымі. I не важна, генерал гэта ці звычайны радавы, партызан, усе яны — салдаты Перамогі.

За стол запрашаецца першая каманда гульцоў.

Заданне: назавіце прозвішча Героя Савецкага Саюза, нашага земляка, сына Бешанковіцкай зямлі, які праславіўся ў баях за Маскву. 3 лістапада 1941 года ён камандаваў кавалерыйскім корпусам, паказаў сябе мужным і таленавітым камандзірам, за якога гітлераўцы прызначылі вялікую ўзнагароду. (Леў Міхайлавіч Даватар.)

Пасля адказу дэманструецца партрэт Л. Д. Даватара.

Другі чытальнік (выконвае верш Кастуся Кірэенкі «Конь Даватара» ).

Пасецца калгасны табун.
Хлапец задрамаў ля агня.
I сніць, нібы сам Даватар
Прыводзіць свайго каня.

Вогненная грыва,
Сярэбраныя капыты,
А ля вачэй як быццам
Месячык залаты.

I кажа Даватар хлапцу:
— Глядзі ж ты, шануй яго, брат,
Ён занясе цябе ў шчасце,
Дзе будзе жыццё, як сад.

А можа, настане час
Быць і табе ў баю, —
Дык я тады дам табе, дружа,
I вострую шаблю сваю.

Коціцца хваляй грыва,
Шугае з грывы агонь,
Ажно вагаецца поле —
Гэтак хвалюецца конь.

— Але, — кажа зноў генерал, —
Я марыў калісь на вайне,
Каб ён пасля Перамогі
У добрым хадзіў табуне...

Аж горача стала хлопцу
Ад гэтых апошніх слоў.
— Дзядзька, дзядзька Даватар,
Мой лепшы з усіх табуноў!

I крыкнуў тады генерал,
I конь паляцеў к табуну,
I радаснае іржанне
Хлапца абудзіла ад сну.

Пад сонцам гамоніць зямля
Пра шчасце працоўнага дня.
I хлопец спяшае сесці
На лепшага свайго каня.

В я д у ч ы. Без подзвігу салдатаў у трагічным 1941-ым не было б Вялікай Перамогі ў радасным 1945-ым. Сотні абеліскаў, помнікаў на нашай зямлі сведчаць пра самаахвярнасць абаронцаў Айчыны.

Калі, ідучы, завітаеш
На поле бою старое,
Па надпісе адшукаеш
На ім ты магілу героя.

Каб новай набрацца сілы —
Стаміла цябе дарога, —
Прыляж ля яго магілы,
Нібы жывы ля жывога.
........................
I не здзіўляйся вельмі,
Не думай, што гэта здаецца,
Калі ў глухім падзямеллі
Ягонае сэрца заб'ецца.

I не здзіўляйся бясконца,
Калі ён адтуль спытае,
Якое на небе сонца
I сінява якая.

Во ён і раней таксама
Любіў задаваць пытанні,
Курыць любіў самакруткі,
Выслухваць апавяданні.

Хаця ён і быў пахаваны
Пад музыку, песні, вершы,
Але назваць яго можна
Хутчэй жывым, чым памершым.

Перад палком выклікаюць
Яго і цяпер на паверцы,
Калі трапечуцца сцягі
I салдацкія сэрцы.

I кожны раз называюць
Пры гэтым і поле бою,
Дзе лёг ён на сталь кулямёта,
Сяброў засланіўшы сабою.

Вядучы. Наступнае заданне: назавіце прозвішча воіна-беларуса, які ў баі закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота. Пасмяротна яму нададзена званне Героя Савецкага Саюза. Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Жодзіне, Полацку, Слуцку, Вілейцы, Смалявічах. Яшчэ чатыры яго браты загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. (Пётр Іванавіч Купрыянаў.)
Пасля адказу дэманструецца партрэт П. I. Купрыянава.

Чацвёрты чытальнік (выконвае верш Пімена Панчанкі «Вока снайпера»).

У вока снайпера, нібы у дом прасторны,
Заходзяць дрэвы, хмары, вечар зорны,
I лёгкі цень птушынага крыла
3 разлёту дзеліць вока напалам.

Хацеў бы снайпер у маленькай знічцы
Адразу пазбіраць усіх сяброў,
Муры высокія любімых гарадоў,
Сады, лугі, азёры і крыніцы.

Ды толькі белы яр
I снег навокал,
Ды чорны гад паўзе з кустоў у вока.

У момант нейкі, быццам абцугі,
Заціснулі гадзюку.
Бліскавіца.
Сцюдзёныя блакітныя снягі
Засыпалі двухсотага арыйца...

I зноў адкрыта снайперскае вока
Для птушак, дрэў, сяброў і зор высокіх.

Вядучы. Назавіце прозвішча нашага земляка, снайпера, які пад Ленінградам знішчыў 125 фашыстаў. У 1942 годзе яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. (Фядосій Арцёмавіч Смалячкоў.)
Пасля адказу дэманструецца партрэт Ф. А. Смалячкова.

Пяты чытальнік (выконвае ўрывак з паэмы Петруся Броўкі «Паэма пра Смалячкова»).

Ён — горада Леніна воін, юнак, абаронца суровы,
3 бароў беларускіх да славы й бяссмерця прывёў
яго шлях.
Прайдзіся ж ты, сціплая песня,
па мужных слядах Смалячкова,
Па снайперскіх тайных засадах,
па плошчах і шумных палях.
Прайшоў ён праз полымя боек у жоўтыя дні
лістапада,
Гадзінамі стыў на марозе,
схаваны між гурб снегавых;
Налітае волавам неба вісела ля сцен Ленінграда,
Ён паў, разганяючы хмары,
бліснуўшы маланкай між іх,
Да рускай зямлі прытуліўся,
спавіты паўночнай зарою,
Маўклівы,
раскінуўшы рукі пад ветрам зімы ледзяным...
..............................
Ты спі, наш таварыш, спакойна!
Атакі сябрамі адбіты.
I вораг разбіты сканае. Мы верым у мэту адну —
Імя тваё, Федзя, мы ўзнімем на вуліцах,
сонцам аблітых,
I ў родных палях Беларусі з бацькамі
сустрэнем вясну.
Мы пройдзем, —
па травах духмяных абсыплюцца зорныя росы.
Загойдаюць ветры ласкава палёў залатыя дары;
Мы пройдзем сцяжынкамі тымі,
дзе хлопчыкам бегаў ён босы;
Журботна схіліўшы галовы, о
аб ім нам раскажуць бары,
Мы ўбачым народ,
у якога ўзяў ён арліныя крыллі,
Адкуль яго постаць асілка і зоркія вочы чаму,
Якая зямля ўзгадавала, якія крыніцы паілі,
Якія дубровы спявалі ваяцкую песню яму.

Вядучы. Супраць ворага змагаліся байцы і на зямлі, і ў паветры. Зараз я прапаноўваю гледачам і слухачам, гэта значыць усім удзельнікам нашага мерапрыемства, назваць прозвішча Героя Савецкага Саюза, беларускага лётчыка-знішчальніка, які ў час Курскай бітвы ў 1943 годзе ў адным баі знішчыў 9 варожых самалётаў (гэта неперасягнуты вынік). (Аляксандр Канстанцінавіч Гаравец.)
Пасля адказу дэманструецца партрэт А. К. Гараўца.


Шосты чытальнік (выконвае верш Аляксея Русецкага «Над полем бою» ).

Ён быў высока, на вачах ва ўсіх;
гудзеў маленькім чмелем паміж хмарак,
калі штыкі і мёртвых і жывых,
як стрэлкі, паказалі ўсім напрамак.
Адзін напрамак — проста прад сабой,
для ўсіх адзін, хто мог яшчэ узняцца,
наперарэз якому, чарадой
ішлі крыжамі чорнымі пятнаццаць.
Ён быў высока... Родны, дарагі —
нырнуў, узвіўся, замільгаў над імі, —
успыхнуў першы, пацягнуў другі
хвост дыму ўніз, паплыў і трэці ў дыме.
А сам ляцеў агністай паласой
па спахмурнелым жоўтым небасхіле...
Перад сабою вострае лязо
пранеслі мы на смерць варожай сіле.
Ён быў высока, на вачах ва ўсіх,
ён гэта ведаў, разумеў як трэба, —
перад атакай мёртвых і жывых
герой без бою не пакінуў неба.

Вядучы. Цяпер для ўдзелу запрашаецца другая каманда.
Паводле падлікаў, 250 беларускіх пісьменнікаў — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Многія з іх загінулі на фронце.
Назавіце імя і прозвішча беларускага паэта, аўтара балады «У стоптаным жыце», які загінуў у рукапашным баі ў ваколіцах Берліна. Яго верш «У стоптаным жыце» на рускую мову пераклаў Аляксандр Твардоўскі. (Мікола Сурначоў.)
Пасля адказу дэманструецца партрэт М. Сурначова.

Сёмы чытальнік (выконвае верш Рыгора Барадуліна «Ранішняй песні заступнікі» ).
Вы па-салдацку на палях вайны,
Як на палях старонак вечнасці,
Палеглі абарванымі радкамі,
Паэты Беларускай стараны,
Ваіцелі з паглядамі хлапечымі,
 Мысліцелі з шурпатымі рукамі,
Што рызыцы даверылі чаўны.

Вы з велічнага роду мужыкоў,
Вянчанага цапамі і сякерамі,
Прайшлі ад Сталінграда да Берліна,

Астапенка,
Гаўрылаў,
Гейнэ,
Дубровіч,
Жалязняк,
Жаўрук,
Коршак,
Крывец,
Мілюць,
Пруднікаў,
Рагуцкі,
Суніца,
Сурначоў,
Сямашка,
Ушакоў.
..........................
Не ў замеці вянкоў,
А ў памяці вякоў.
Не летапісцы — ратнікі,
Свае
Пазычылі вы ў дрэў і ў птушак
прозвішчы,
Каб бараніць дубровы і нябёсы.
Калі вясна ад снегу адтае,
Калі гукае вырай след свой босы,
Вас беларускай песні не стае.
I мова беларуская пра вас
У верасні
Свой
Піша
Першы сказ.

Вядучы. Не толькі салдаты рэгулярнай, дзеючай арміі абаранялі нашу зямлю. У Анатоля Вярцінскага ёсць такія радкі: «Зямля мая бой прымала ад стара да мала, ад стогадовага Талаша да Казея-малыша». Партызаны — лясныя салдаты — не давалі спакойна жыць ворагу на акупіраванай ім тэрыторыі. Нездарма Беларусь называюць партызанскім краем. Не стаў выключэннем і наш Міёрскі раён.
Назавіце прозвішча аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху, камандзіра партызанскай брыгады «Кастрычнік», якая дзейнічала на тэрыторыі Міёрскага, Глыбоцкага і некаторых іншых раёнаў. (Фёдар Кірылавіч Юрчанка; партызанская мянушка Вятроў.)*

* Пры падрыхтоўцы гэтага пытання пажадана звярнуцца да гісторыка-дакументальнай хронікі пэўнага раёна (кнігі «Памяць») і падабраць матэрыял пра аднаго з вядомых арганізатараў ці кіраўнікоў партызанскага руху.

Пасля адказу дэманструецца партрэт Ф. К. Юрчанкі.

Восьмы чытальнік (выконвае верш Авяр'яна Дзеружынскага «Невядомы партызан» ).

Ці за ляском,
За кручай над ракою,
Ці, можа, ў полі,
Дзе сівы курган,
Ляжыць, засыпаны
Зямлёю роднай,
Герой наш,
Невядомы партызан.

Сваю зямлю
Ён засланяў сабою
Ад злых, варожых
I смяртэльных куль.
Хто ён, грузін,
Ці рускі, ці ўкраінец,
Ці беларус,
I родам ён адкуль?

Сном вечным спіць ён
Ля Дняпра ці Сожа,
Ці ў полі чыстым,
Дзе сівы курган,
Ляжыць на Беларусі
Невядомы
Герой ад важны,
Слаўны партызан.

Вядучы. Назавіце прозвішча ўдзельніка аперацыі «Баграціён», камандуючага Першым Беларускім фронтам, Маршала Савецкага Саюза. (Канстанцін Канстанцінавіч Ракасоўскі.)
Пасля адказу дэманструецца партрэт К. К. Ракасоўскага.


Вядучы. Закончылася наша гульня. Мы ўспомнілі імёны герояў — абаронцаў нашай зямлі. Гэты спіс можна працягваць бясконца. Вы бачыце тут толькі невялікую частку кніг, у якіх апавядаецца пра вайну. Я раю вам прачытаць не толькі іх; думаю, што кожны з нас знойдзе для сябе нешта адметнае, найбольш цікавае, таму чытайце, даведвайцеся пра мінулае нашай краіны, памятайце пра яго яркія і гераічныя старонкі.
Тысячы і тысячы герояў аддалі свае жыцці за мірнае неба, за спакой дзяцей і будучых пакаленняў, за радасць жыцця. Давайце ўшануем іх памяць. (Хвіліна маўчання.)

Мы, хто ведае пра вайну толькі з кніг, кінафільмаў і аповедаў ветэранаў, павінны атуліць гэтых людзей увагай і к лопатам, браць прыклад з іх, зрабіць усё магчымае для таго, каб зямля наша і народ наш ніколі больш не зведалі жахлівых падзей вайны.

Дзевяты чытальнік (выконвае верш Станіслава Шушкевіча «Патрэбен мір» ).

Патрэбен мір на ўсёй зямлі,
I злагада, і ласка,
Каб людзі вылюдкаў змялі,
Што зброяй могуць ляскаць.

Каб пазмяталася ўсё прэч,
Што шкодзіць мірнай працы,
Каб чорных не было пустэч,
Сады раслі, палацы.

Каб дзеці ў парках і дварах,
Як птушкі, шчабяталі,
Пра голад, холад, боль і страх
Не ведалі, не зналі.

Каб поціск братніх добрых рук
Быў моцны і праўдзівы
I праўды яркую зару
Сустрэлі ўсе шчасліва.


Спіс літаратуры

  1. Дзеружынскі, А. Вернасць : вершы / прадм. М. Б. Яфімавай. — Мінск : Маст, літ., 1998. — 271 с.
  2. Жуковіч, В. Свет — дзівосны : вершы, казкі, п'есы / В. Жуковіч. — Мінск : Юнацтва, 2000. — 332 с.
  3. Іскры вечнага агню : зб. вершаў пісьменнікаў-франтавікоў / уклад. А. А. Васілевіч [і інш.]. — Мінск : Беларус. навука, 2005. — 488 с.
  4. Кірэенка, К. Прысяга : вершы і паэмы / К. Кірэенка. — Мінск : Нар. асвета, 1969. — 200 с.
  5. Крывёю сэрца / уклад. А. Вялюгін; рэдкал. : П. Панчанка [і інш.]. — Мінск : Беларусь, 1967. — 177 с.
  6. Лойка, А. Салдаты Перамогі / А. Лойка // Літ. і мастацтва. — 2008. — 9 мая. — С. 1.
  7. Памяць. Беларусь: рэспубл. кніга / Б. I. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : БелЭн, 1995. — 624 с.
  8. Памяць: гіст.-дакум. хроніка Міёрскага раёна. — Мінск : Беларус. навука, 1998. — 630 с.
  9. Песні змагання : вершы беларус. паэтаў / уклад., уступ, арт. В. Л. Бечыка. — Мінск : Маст, літ., 1986. — 447 с.
  10. Скрыжалі памяці: з творчай спадчыны пісьменнікаў Беларусі, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны : у 3 кн. — Мінск : Беларус. кнігазбор, 2005. — Кн. 1—3.
  11. Шушкевіч, С. Сонца над маім асеннім садам : вершы / С. Шушкевіч. — Мінск : Маст, літ., 1987. — 167 с.

Яшчэ на гэту тэму:

На скрыжаваннях вайны     Святлом павагі сон ваш ахаваем