сцэнарыі святаў на беларускай мове

Валянціна ШАЎЧЭНКА, Міхаіл ШАЎЧЭНКА Роднае слова 2011/07

“Жыві, мая родная мова!”

Літаратурна-музычная кампазіцыя

Выконваецца песня “Зямля мая” (муз. С. Паплаўскага, сл. К. Гарушкі).
1-ы вядучы. Духоўнай каштоўнасцю кожнага народа з’яўляецца яго родная мова. Беларуская мова - гэта скарбніца беларускай культуры, усе элементы якой знаходзяць сваё выражэнне ў слове. Наша мова - адна з найбольш дасканалых моў свету. Трапная і мілагучная, яна заўсёды была прадметам гонару беларускага народа.
На фоне мелодыі песні “Жураўлі на Палессе ляцяць” (муз. I. Лучанка, сл. А. Ставера), якая выконваецца на цымбалах, чытаецца верш “Родная мова ” Пімена Панчанкі.
Выконваецца песня “Куточак зямлі” (муз. і сл. Я. Жабко).
Вядучыя выразна чытаюць верш “Родная мова”Максіма Танка.
Пры чытанні апошніх двух радкоў ціха гучаць цымбалы.
Выконваецца папуры з мелодый народных танцаў: “Лявоніха”, “Какетка”, “Матлёт”, “Падыспан”, “Кракавяк”. Выступленне харэаграфічных груп.
Вядучыя выразна чытаюць верш “Калі ласка!” Петруся Броўкі.
Гучыць песня “Ластаўка” (муз. У. Кандрусевіч, сл. В. Болдыравай).

1-ы вядучы.
Роднае слова -
Маланак аснова
I сіняга лёну
Някідкі ўток.
2-і вядучы.
Яно як крыніца,
Што вечна бруіцца,
Бярэ з нашых сэрцаў
Свой чысты выток.
А. Малюк.

Вядучыя выразна чытаюць верш “У нас сваіх хапае слоў...” Юрася Свіркі.
Выконваецца беларуская народная песня “Хлопец пашаньку пахае”.
Выконваецца танец “Беларуская полька” (муз. I. Лучанка, сл. Л. Дранько-Майсюка).
Вядучыя выразна чытаюць верш “Развітанне” Пімена Панчанкі (апошнія чатыры страфы).
Гучыць песня “Рэха жураўлінае” (муз. Д. Даўгалёва, сл. У. Пецюкевіча).
Вядучы выразна чытае верш “Я - беларус” Ніла Гілевіча (тры страфы).
Вядучы выразна чытае верш “Родная мова, цудоўная мова!” Уладзіміра Дубоўкі.

2-і вядучы.
Жывое ў вяках беларускае слова -
Народа душа і народа хвала.
Цябе абзывалі “мужыцкаю мовай”,
А нам жа ты - матчынай мовай была.
А. Бачыла.

1-ы вядучы.
Заспявала на вяселлі песню маці.
Нейкі хлюст мне крыкнуў: “Может, хватит!”
Пацягнула за рукаў суседка: “Хопіць.. ”
Песню маёй вёскі хто падхопіць?
Н. Гарагляд.

Акапэльна выконваецца беларуская народная песня “Туман ярам”.
Вядучыя выразна чытаюць верш “Дала мне маці гэту мову...” Аляксея Пысіна.

2-і вядучы.
Хачу, каб песню маёй матулі
I ўнукі ўнукаў маіх пачулі
Не толькі са сцэны,
А ў хаце - блізкую -
Над ціхай калыскаю,
Над поўнай міскаю.
Р. Барадулін.

Выконваецца песня “Чаўначок” (муз. А. Кацікава, сл. Л. Геніюш).
Вядучы выразна чытае верш “Беларуская мова” Пімена Панчанкі.

1-ы вядучы.
Мова продкаў нашых і нашчадкаў -
Шэпт дубровы і пчаліны звон, -
Нам цябе ласкава і ашчадна
Спазнаваць ажно да скону дзён,
Па чужых краях не пабірацца,
Не аддаць цябе на забыццё,
Наша невычэрпнае багацце,
Наша несмяротнае жыццё.
Г. Бураўкін.

2-і вядучы.
Сто разоў шукай другой красы,
А тым больш, што свет даўно не вузкі,
Ды калі ты не бязродны сын,
Гавары са мной па-беларуску.
Я. Янішчыц.

1-ы вядучы.
О матчына мова! Маленства вясна!
Ніколі ніхто мне цябе не заменіць,
Бо ты, як і маці, на свеце адна.
А. Бачыла.

Выконваецца песня “Няма другой такой” (муз. і сл. В. Мусвіды).

Яшчэ на гэту тэму:

Размаўляй са мной па беларуску!     Любі, ведай, шануй роднае слова!