сцэнарыі святаў на беларускай мове

Слова-краска, слова-ззянне... Дапаможнік для настаўнікаў М. Б. Яфімава Мн.: НМЦэнтр, 2000.

Бывай, дзіцячы сад, бы-вай!

Сцэнар выпускнога ранішніка

Дзейныя асобы:вядучая (выхавальніца) і дзеці, пажаданы ўдзел настаўніка (настаўніцы) пачатковых класаў ці студэнта (студэнткі) педагагічнай ВНУ. Могуць гэта быць і лепшыя вучні (хлопец і дзяўчына) старэйшых класаў мясцовай школы. Вядучая прадстаўляе гасцей свята.

Зала ўпрыгожана гірляндамі, шарамі, у цэнтры на сцяне плакат
«Бывай, дзіцячы сад, бывай!» або «Ужо нас кліча школа!».
Гучыць музыка, паўкругам стаяць 8 чытальнікаў.

1-шы чытальнік.
Бывай,
Бы-вай,
Дзіцячы сад!
Ужо нас
Кліча школа!

2-гі чытальнік.
3 нас сёння кожны
Вельмі рад
I трошкі —
Невясёлы...

3-ці чытальнік.
Бо развітацца
Нам пара.
Час хутка
Пралятае.

4-ты чытальнік.
Няхай другая дзетвара
Без нас тут
Падрастае.
(Анатоль Грачанікаў)

5-ты чытальнік.
Вадзілі нас
Ў дзіцячы сад
Бабулі, мамы,
Таты.

6-ты чытальнік.
Хадзіць сюды
Быў кожны
Рад;
Тут кожны дзень
Быў святам...

Выходзяць два хлопчыкі, адзін меншы, другі большанькі.

Большы хлопчык.
Тата з мамаю на працу,
Мы — ў дзіцячы сад
Рана-раніцай прыходзім,
Я і брат.
У прыгодах і забавах
Хутка час ідзе.
Бо праводзім мы цікава
Цэлы дзень.

Меншы хлопчык.
Сумаваць няма калі нам.
Рады мы сябрам.
3 цёцяй Таняй —
Нашай няняй
Разам.
Добра нам! (усміхаюцца)
(Леанід Пранчак)

Большы хлопчык кладзе руку на плячо меншаму, браты ідуць са сцэны.

7-мы чытальнік.
Гульні былі тут, забавы,
Тут ляпілі, малявалі...

8-мы чытальнік.(дзяўчынка выходзіць крыху ўперад).
Тут нас вучылі танцаваць,
Станік хораша згінаць,
Ножкай тупаць ды круціцца,
Хто жадае навучыцца?

Дзеці падбягаюць да дзяўчынкі.
— Я хачу!
— Ія!
— I мы!..

8-мы чытальнік. (пад музыку).
Мы станцуем —
скок ды скок —
“Гусачок», і «Крыжачок»,
I «Ланцуг», і «Верабей»...
Сталі парамі хутчэй!
(Галіна Каржанеўская)

Выбягае на сцэну хлопчык.
Пачакайце трошачку,
Мы станцуем «Козачку»!

Дзеці становяцца парамі, спяваюць і танцуюць «Козачку».
А козачкі белыя
Па мураўцы бегалі.
Па мураўцы —
Скок ды скок,
Патапталі
Ўвесь лужок.

Тут пастушка
Выйшла ў круг:

У цэнтр круга выходзіць адна з дзяўчынак і спявае.
Не тапчыце, козкі, луг
(ківае пальчыкам),
Рожкамі
Не стукайце,
Ножкамі не тупайце!
Усе дзеці.
А вясёлы пастушок
Задудзеў тады ў ражок:

На словах «вясёлы пастушок» выходзіць у круг хлопчык, спявае.
Ду-ду-ду,
Ду-ду-ду,
3 вамі ў скокі
Я пайду.

Дзеці становяцца ў пары. У першай пары — дзяўчынка і хлопчык, якія стаялі ў цэнтры круга. Усе танцуюць і спяваюць.
Ах, як добра на лужку,
На зялёным муражку!
Мы б скакалі зноў і зноў,
Але нам пара дамоў!
(Ідуць са сцэны.)
(Артур Вольскі)

3 другога боку сцэны выбягаюць 6—8 дзяцей. Адна з дзяўчынак:
А зараз — «Дзетсадаўскія прыпеўкі»!

Гучыць музыка. Дзеці спяваюць.

Весялей іграй, гармонік,
Ярка, сонейка, свяці.
Праспяваем мы прыпеўкі
Аб дзетсадаўскім жыцці.

1-шы спявак.(дзяўчынка).
Паглядзіце на Ігнатку —
Стаў ніжэй і пахуднеў:
Ён спазніўся на зарадку,
Кашу манную не з'еў.

2-гі спявак (дзяўчынка).
Запыталі у Ягоркі,
Дзе расце цыбуля, морква.

3-ці спявак (хлопчык).
— Ці ж не ведаеце самі:
Гэта ўсё расце — у краме.

4-ты спявак.
У Валерыка і Вікі
Не сябруюць чаравікі:
Правы — злева, левы — справа.
Дружна жыць ім нецікава.

3-ці спявак (хлопчык).
Дакарае хлопцаў мама:
— А чаму кашулі ў плямах?
Хлопцы дружна адказалі

Хлопчыкі.
— У шафера мы гулялі!
5-ты спявак.
Параход пабудавалі,
Капітана падабралі.

6-ты спявак (дзяўчынка).
— Не, сябры, — сказала Рыва, —
Трэба тут альтэрнатыва.
(Ніна Галіноўская)

Танцуючы, спевакі парамі ідуць са сцэны.

6-ты спявак
Сплывае спякотнае лета,
Вясёлыя песні прапеты.
I журыцца поле. I зноўку
Збіраюцца птушкі ў вандроўку.
(Віктар Гардзей)
Гучыць музыка.

6-ты чытальнік.
У верасні,
у верасні,
зрабіўся
дзень малы.
Развітваюцца
ў верасні
з буслянкамі
буслы.
7-мы чытальнік.
У верасні,
у верасні
хапае
ўсім турбот. Дзятва да школы
ў верасні
спяшаецца
штогод.
Хлопчык.
Лёг вецер спаць пад яблыні
У садзе на мурог.
I з вечара да раніцы
Ён цішыню бярог.
Прачнуўся і галінкаю
Пастукаў у акно:
«Збірайся ў школу, Леначка!»
Дзяўчынка.
— А я не сплю даўно!
Хлопчык.
I сонейка здзівілася,
Як у пакой зайшло:
Засланы ложак чысценька,
Прыбрана ўсё было.

Партфель заззяў ад радасці:
Ён скарбаў уладар.
Усё яму даверылі —
I сшыткі, і буквар.
У ім пенал з алоўкамі
I ежа на запас.
У шлях такі збіраецца
Дзяўчынка ў першы раз.
(Паўлюк Прануза)

Дзяўчынка (бярэ ў рукі ляльку, гаворыць ёй).
— Ты, лялька, не глядзі
Так сумна на мяне.
Я сёння не вазьму
Цябе з сабою, не...
Чаму?
Зірні ў партфель...
Вось бачыш —
Сшыткаў шмат.
Вось ручка і буквар,
Пенал — алоўкаў рад.
Іду у школу я...
Ты ж ведаеш сама,
Iз лялькамі гуляць
Мне часу ўжо няма.
Але ты не сумуй,
Кладзіся, Каця, спаць.
Дамоў вярнуся,
Зноў
Мы будзем сябраваць...
(Мікола Чарняўскі)

1-шы хлопчык.
Мне Верасень
Руку падаў:
2-гі хлопчык (большы).
— Ты ў школу
Свой партфель
Сабраў?
1-шы хлопчык.
— Сабраў партфель,
I сам сабраўся,
I з вольным летам развітаўся.
2-гі хлопчык.
— Куды ж цяпер
Твой дзень імчыцца?
1-шы хлопчык.
— Вучыцца, Верасень,
Вучыцца!...
(Сяргей Папар)

Выходзяць тры чытальнікі.

1-шы чытальнік.
А ў Максіма,
А ў Максіма —
Сёння ранец
За плячыма.
Гэта ў школу
Йдзе Максім:
Ён вялікі ўжо
Зусім.

2-гі чытальнік.
Досыць з дзецьмі
Хлопцу знацца —
У пясочніцы
Капацца.

Гульбы ў школе
Ён забудзе —
Літары вучыць
Там будзе.

3-ці чытальнік.
Тыя літары,
Лічы,
У дзівосны свет
Ключы.

Дзеці (разам).
Перад ім
Яны расчыняць
Сонечныя далячыні.

1-шы чытальнік.
Павядуць яны
Максіма
Па шляхах усіх
Радзімы.

Па далінах,
Па гарах,
Па чароўных
Гарадах.

2-гі чытальнік.
Ён пазнае ўсё,
Як трэба,
Пра зямлю сваю,
Пра неба,

1-шы чытальнік.
Пра бяздонны вір
Сусвету.
Недалёкія
Планеты.
3-ці чытальнік.
Тыя
Літары — ключы,
Толькі добра
Іх вучы!

Сёння ў школу йдзе
Максім
Дзеці (разам).
Свет вялікі —
Перад ім.
(Кастусь Цвірка)

У час выканання гэтага верша на словах «Гэта ў школу йдзе Максім» выходзіць на сцэну хлопчык, на спіне якога ранец. Гэта нібы той Максім, пра якога распавядаецца ў вершы. Ён ідзе шчаслівы, ненадоўга спыняецца, здымае ранец, разглядае яго, усміхаецца, зноў надзявае на плечы. 3 аднаго і другога бакоў сцэны выбягаюць дзяўчынкі і хлопчыкі. Яны далучаюцца да Максіма і разам з ім, гледзячы ў залу, прамаўляюць наступныя словы:

Максім і дзяўчынка.
Запішыце ў школьны сшытак
Сёння вучнямі і нас.
Школа ўжо для нас адкрыта —
Усе дзеці (разам).
Пойдзем мы ў першы клас!

Да дзяцей падыходзіць настаўнік (калі ён запрошаны) ці выхавальніца.

Настаўнік. 3 жаданнем пойдзеце ў школу?
Дзеці:
1-е. — Ой, з вялікім!
2-е. — Вельмі хачу ў школу!
3-е. — Школа — цуд. Гэта так добранька!
4-е. — Я люблю школу!
5-е. — Хачу ў школу. Буду атрымліваць адны пяцёркі і радаваць маму.
Настаўнік. Навошта вам вучоба?
Дзеці смяюцца.

Дзеці:
1-е. — Каб багата ведаць і быць разумнай.
2-е. — Хачу быць «умненьким-благоразумненьким».
3-е. — Каб быць гэтымі, як іх... Во, адукаванымі!
4-е. — Каб умець адказваць на пытанні.
5-е. — Каб мазгі добра круціліся.
6-е. — Каб усё ведаць.
Настаўнік. На каго хочаце вывучыцца?
Дзеці:
1-е. — На выхавацельку, як наша Ала Іванаўна! (Называецца і сапраўднае імя выхавальніцы.)
2-е. — На краўчыху.
3-е. — На музыканта.
4-е. — На касіра ў цырку.
5-е. — На медсястру.
6-е. — Буду настаўнікам!
7-е. — Буду звярыным доктарам (смяецца).
Настаўнік. — А ты, Юрась, кім хочаш быць?
Юрась (смяецца)-
— Я? Аграномам, Інжынерам,
Добрым урачом!
Але лепей
Быць жадаю —
Тэлегледачом!..

Усе смяюцца.

Настаўнік. — Жартаўнік ты, Юрась... А чаму вы навучыліся ў дзіцячым садзе?
Дзеці:
1, 2, 3-е. — Пісаць.
4-е, 5-е. — Чытаць.
1-е, 6-е. — Задачы рашаць.
Настаўнік. — Задачы рашаць? Добра. Слухайце задачу і палічыце: колькі рыб прынёс з рыбалкі Ясь?
Ясік
На рыбалцы быў,
Трошкі
Рыбы налавіў.
Першым
Трапіў на кручок
Невялікі шчупачок.
Ды праз час кароткі
Па чарзе тры плоткі.
А затым на глыбіні
Клюнулі два акуні.
I апошнім быў карась.
Колькі ўсіх прынёс наш Ясь?
(Уладзімір Мацвеенка)

Калі трэба, гэта задачка паўтараецца і разам з дзецьмі рашаецца жыва, весела.

Настаўніца. I яшчэ задачка, яе склаў Васіль Вітка. Называецца яна «У кожным кутку». Уважліва слухайце і ўяўляйце тое, што пачуеце. Тут не проста лічыць трэба ўмець, а здагадацца важна. Слухайце.
У кожным кутку
У хаце па катку.

Кожны каток сядзіць,
На траіх глядзіць.

Колькі ж каткоў?
I колькі куткоў?
(Чатыры куткі, чатыры каткі)
Настаўніца. Малайцы! А вось яшчэ адна ды вельмі хітрая задачка, яе таксама прыдумаў Васіль Вітка. Называецца яна «На вярбіне».
На вярбіне —
Тры галіны,
На кожнай галіне
Па тры апельсіны.
Колькі нарвеш,
Усе і паеш.

Дык колькі апельсінаў можна з'есці? (Дзеці лічаць. Адказ для іх, можа, будзе і нечаканы, бо, занятыя падлікам, яны не ўлічваюць звычайна таго, што на вярбе апельсіны не растуць, таму і лічыць не варта...)

Адно з дзяцей. Мы яшчэ вучыліся ў дзіцячым садзе беларускую мову разумець і любіць.
Дзяўчынка. А я верш пра беларускую мову ведаю. Напісала гэты верш дзяўчынка-школьніца Надзя Юдчыц. Друкаваўся ён у часопісе «Вясёлка».

Настаўніца. Прачытай, калі ласка.
Дзяўчынка.
Люблю
Беларускую шчырую мову,
На ёй размаўлялі дзяды.
I роднаму краю,
I роднаму слову
Я верная буду
Заўжды.

Хлопчык. I я ведаю верш пра беларускую мову, яго таксама напісала дзяўчынка Іра Семашкевіч, і ён таксама друкаваўся ў часопісе «Вясёлка».
Мова родная, мова дарагая!
Ты — ветрык, што ў полі гуляе,
Ты — шэпт бярозкі, каліны,
Ты — звон над лугам пчаліны,
Ты — спеў крыніцы, рачулкі,
Ты — гром раскаціста-гулкі.
Мова родная, мова дарагая,
Я ў сэрцы сваім цябе люляю.

Усе апладзіруюць.

Настаўніца. Малайцы! Шмат чаму навучыліся вы ў дзіцячым садзе. Тут вас вучылі таксама, як трэба паводзіць сябе, вучылі шанаваць усё жывое, любіць прыроду. Тут адчувалі вы клопат і ласку, заўсёды была тут побач з вамі...
Дзеці. Выхавальніца наша!
Дзяўчынка.
Наша (называе імя і імя па бацьку),
Нібы казачная фея,
Усё ведае, умее...
Гэту песню мы прысвячаем ёй,
Выхавальніцы групы сваёй.

Дзеці спяваюць песню «Выхавальніца» — словы Н. Галіноўскай, муз. С. Галкінай.
Ноты і тэкст глядзі ніжэй.

Дзеці, якія спявалі, застаюцца на месцы, з іх гурта выходзяць (пачаргова) чатыры чытальнікі. Кожны з іх, пачытаўшы свае словы, становіцца на свае месца.


1-шы чытальнік.
Апусціўся лісцік долу,
Зажурыўся небакрай.
Кліча верасень у школу.
Любы садзік наш, бывай!
2-гі чытальнік.
Дзякуй, садзік,
Дзякуй, садзік,
Ты нам быў, як родны дом.
I з табою кожны ладзіў,
Быў сагрэт тваім цяплом.
3-ці чытальнік.
Ты дарыў любоў, пяшчоту,
Пад тваім раслі крылом.
Пакідаем з неахвотай
3 добрай казкі светлы дом.
(Ніна Галіноўская)

Звініць школьны званок.

4-ты чытальнік.
Хвалююча звініць званок...
I хоць сягоння свята,
А выціраюць зоркі слёз
Бабулі, мамы, таты.
(Паўлюк Прануза)

На словах «А выціраюць зоркі слёз” званок сціхае. Неўзабаве ціха гучыць мелодыя вальса (гэта можа быць вядомы «Школьны вальс»).
Пад музыку дзеці, узяўшыся за рукі, робяць некалькі крокаў уперад, спыняюцца, разам прамаўляючы словы развітання:

Бывай,
Бы-вай,
Дзіцячы сад!
Ужо нас
Кліча школа...
3 нас сёння Кожны
Вельмі рад
I трошкі Невясёлы...

Вальс гучыць мацней, дзеці становяцца парамі і танцуюць «Вальс развітання». (Канечне, усе раней падрыхтавана: вызначаны пары і развучаны танец.)
Пасля танца можна ўручыць дзецям падарункі, могуць выступіць бацькі, выхавальнікі, загадчыца дзіцячага сада. Такія традыцыі ёсць у кожным садзе, і ў кожным знойдзецца нешта адметнае ў правядзенні гэтага ранішніка.

Ноты песні Выхавацелька
Нібы казачная фея,
Усё ведае, умее.
Нам заўсёды добра з ёй,
Выхавальніцай сваёй.

Прыпеў:
Вельмі весела сёння спяваем
Нашай дружнай вялікай сям'ёй.
Гэту песеньку мы прысвячаем
Выхавальніцы групы сваёй.

3 ёй усё нам зразумела,
3 ёй усё мы робім смела,
На пытанні дасць адказ.
3 ёй сябруе кожны з нас.

Вельмі весела сёння спяваем
Нашай дружнай вялікай сям'ёй.
Гэту песеньку мы прысвячаем
Выхавальніцы групы сваёй.


Яшчэ на гэту тэму:

Вандроўка ў краіну цудаў-ведаў     "Прыгажэйце, кахайце, спадзявайцеся і маладзейце..."