сцэнарыі святаў на беларускай мове

Соф'я ГОМАЗАВА старшы выкладчык Магілёўскага педагагічнага вучылішча імя К.Д.Ушынскага. Пралеска 1992/5

Купалле

(Камбінаваныя заняткі-гульня)

Мэта: пазнаёміць дзяцей з традыцыйным беларускім святам — Купаллем, заахвоціць да непасрэднага ўдзелу ў ім; садзейнічаць эстэтычнаму выхаванню сродкамі беларускага фальклору.
Падрыхтоўка: у вольны час разам з дзецьмі зрабіць маскі, гірлянды з папяровых кветак і матылькоў, сабраць зёлкі, кветкі, галінкі, сплесці вянкі.
Без удзелу дзяцей зрабіць макет кастра (з дроцікаў і анучак жоўтага, чырвонага, ружовага колеру), Папараць-кветку (з фольгі і каляровай паперы).
Матэрыял: кошыкі з зёлкамі, кветкамі, скрыначка з чароўным кійком, маскі дзеда, бабы, ведзьмы, рознакаляровыя стужкі, гірлянды з папяровых кветак і матылькоў.
Папараць-кветка, макет вогнішча, галава каня (з пап’е-машэ) і яго касцюміраваныя прылады, куфэрак з беларускім адзеннем для дзяцей.
Музычныя прылады (гармонікі, дудкі, бубны, трашчоткі і інш.).

Ход заняткаў-гульні


Дзеці разам з выхавацелем агароджваюць галінкамі пляцоўку, складаюць у куток гірлянды, вянкі, ставяць кошыкі з кветкамі. З’яўляюцца дзед, ваба і ўнучка Настачка.
Дзед. Добры дзень, мы з унучачкай засумавалі і вырашылі да вас пайсці.
Баба. Добры дзень! Як жа вас тут многа!
Унучка. Прывітанне, дзяўчынкі і хлопчыкі! Што гэта вы збіраецеся рабіць?
Вядучая. Вось хацелі параіцца, як найбольш цікава адсвяткаваць надыход лета. Чулі мы, што раней было такое святкаванне, якое завецца Купалле, але, на жаль, нічога пра яго не ведаем...
Дзед.
Ой, травіца лебяда,
Гэта гора — не бяда!

Мы ж з маёй бабкай усё памятаем пра Купалле. Сядайце ў кружок, паслухайце. Пачынай ты, бабуля.
Баба. Купалле — гэта летняе свята. Праводзілася яно ў гонар сонца, якое ўсім так ласкава свеціць, усё абагравае, а таксама ў гонар кветак і раслін, якіх так многа ў лесе, на лузе, у гонар збожжа, якое летам на полі набірае сілу.
Дзед. Ці ведаеце вы, які зараз месяц? (Дзеці адказваюць) Так, ліпень. Вось якраз у ліпені і святкавалі Купалле.
Настачка. Дык давайце пачынаць хутчэй!
Баба. Не спяшайся, спачатку ўсё трэба падрыхтаваць: сабраць зёлкі, кветкі, галінкі.
Вядучая. А мы ўжо назбіралі ўсё гэта!
Баба. Нясіце ўсе кветкі ды зёлкі, паглядзім, што вы назбіралі.
Дзеці прыносяць кошыкі з кветкамі, зёлкамі.
Баба (спявае).
Ой, да на Купалле, на Яна
Дзевачкі зелле збіралі.
Яны збіралі, не зналі,
У старога дзеда пыталі.

Настачка. Што гэта, дзядулечка, за зелле? Як яно, дзядулечка, завецца?
Дзед з бабай паказваюць дзецям зёлкі і называюць іх: браткі (фіялкі), васількі, папараць, рамонкі і г.д.
Баба. Вось гэтыя панясём дадому, пасушым. Калі застудзімся — лячыцца будзем, а вось з гэтых дзяўчынкі вянкі сплятуць.
Дзед. Ты, баба, з дзяўчынкамі вянкі пляці, а мы з хлопчыкамі пойдзем прыбіраць нашу паляну, каб на ёй было святочна.

Дзед і хлопчыкі развешваюць гірлянды, збіраюць для вогнішча галлё. Вядучая, пакуль дзеці заняты з дзедам і бабай, непрыкметна хавае паміж галін на месцы вогнішча макет кастра і накрывае яго анучкай, да якой прывязана нітка.

Вядучая. Вяночкаў наплялі, паляну ўпрыгожылі, а далей што?
Дзед. Далей на Купалле распальвалі касцёр, у які кідалі галінкі, старыя непатрэбныя рэчы — усё гэта звозілі на кані.
Настачка. Дзядуля, няўжо мы таксама касцёр запалім?
Дзед. А як жа, толькі будзе ён не сапраўдным, а чароўным. I запаліць яго зможа чароўны кіёк-запальнічка. Ёсць такі кіёчак у майго знаёмага лесавічка. Вось што, бабка: пайду я пашукаю лесавіка ды прывязу дзецям святочнае адзенне, а ты пакуль ім яшчэ пра Купалле раскажы.
Баба. Добра, толькі хутчэй вяртайся. Дык вось, як запаляць касцёр, і пачынаецца весялосць — гульні, карагоды, песні. А бабка з дзедам таксама разам з усімі. Але ж на купальскім святкаванні можа раптам з’явіцца ведзьма, якая ўсім перашкаджае весяліцца. Яна можа што-небудзь украсці, зрабіць штосьці дрэннае.
Вядучая. Дзеці, каго вам нагадвае гэта шкодная старая?
Дзеці. Настачка. Шапакляк! Шапакляк! Баба. Адолець ведзьму змогуць толькі дружба ды смеласць.
Гучыць музыка, песні.
Настачка. Гэта, мабыць, дзядуля вяртаецца! Бяжым яго сустракаць!
Усе бягуць насустрач дзеду, які вядзе "каня". На калёсах куфэрак."Конь" смешна брыкаецца, тупае нагамі, вітаецца з дзецьмі. Разам з дзедам прыйшлі музыкі (дарослыя і дзеці). Яны выконваюць вясёлую беларускую мелодыю.
Дзед. Я вам не толькі музыкантаў прывёў, але прывёз і вось гэту скрыначку. Здагадайцеся, што ў ёй! Так. Чароўны кіёк-запальнічка. Даставаць яе яшчэ не надышоў час. Паставім мы скрыначку пад дрэўца, толькі глядзіце, каб ведзьма яе не сцягнула.

Некалькі разоў ведзьма спрабуе ўзяць скрыначку, але дзеці заўважаюць яе і праганяюць. Аднак ведзьме ўсё ж удаецца гэта зрабіць. Калі высвятляецца, што скрыначкі няма, пачынаюцца пошукі, у час якіх дзед выклікае птушкай-свістулькай лесавіка і той дапамагае знайсці скрыначку.

Дзед. Дзякуем табе, лесавічок (дзеці таксама дзякуюць. Лесавік знікае).
Дзед дастае кіёк і прапануе дзецям разам з ім сказаць чароўныя словы:
Кіёк, дакраніся!
Касцёр, запаліся!

Дакрануўшыся да вогнішча, дзед непрыкметна торгае за нітку, анучка адлятае ўбок, касцёр "загараецца". Музыкі граюць, дзеці з вядучымі водзяць карагод, спяваюць песні
Дзед з бабай прапануюць гульню “Купальскія вяночкі”.
Дзяўчынкі з бабай ідуць па кругу і спяваюць:

Сёння Купалле мы святкуем
І спяваем, і танцуем.
Хлопчыкі да нас ідуць,
Падарункі ўсім нясуць.

Падыходзяць дзед і хлопчыкі. У кожнага з іх па вяночку. а ў некаторых яшчэ жмутак зёлак або чаўночак. Дзед спявае, а хлопчыкі падпяваюць
А кароўкам-расічаньку,
А цялятам — мятлічаньку.
Старым бабкам па чаўночку,
А дзевачкам па вяночку.

Дзед аддае чаўночак бабцы, а хлопчыкі надзяваюць вянкі дзяўчынкам. У адным з вянкоў срэбна-залатая (з фольгі) макавінка.
Баба.
А ў чыім гэта вяночку,
А ў чыім гэта вяночку
Залатая макавінка,
Срэбная галованька?

Дзеці ідуць па кругу парамі. Разгледзеўшы, у каго вянок з макавінкай, малыя спяваюць.
У Аленіным вяночку,
У Аленіным вяночку
Залатая макавінка,
Срэбная галованька!
Дзед.
Ты, Алена, выхадзі,
Карагод наш павядзі!

Дзяўчынка выходзіць у круг і пачынае танцаваць. Дзеці, ідучы па кругу, паўтараюць яе рухі Калі музыка канчаецца, дзяўчынкі здымаюць вяночкі і кідаюць іх на паляну (як мага далей). Хлопчыкі бягуць за вянкамі, кожны стараецца першым узяць вянок з макавінкай. Яны ізноў прыносяць вянкі і надзяваюць на галовы дзяўчынкам, з якімі стаялі ў пары. Усё паўтараецца.

Баба. Надышла пара расказаць вам пра самае цікавае — купальскае свята. У даўнейшыя часы жыла-была казка пра Папараць-кветку. Нібы ў купальскую ноч адзін раз у год зацвітае яна ў гушчары лесу. Папараць-кветка вельмі прыгожая, падобная на мігатлівы агеньчык. Той чалавек, які адшукае яе, стане шчаслівым, добрым і прыгожым. А яшчэ гаварылі, што ў купальскую ноч дрэвы і кветкі пачынаюць размаўляць і нават могуць пераходзіць з аднаго месца на другое. Цікава?
Настачка. А ці знайшоў хто-небудзь Папараць-кветку?
Баба. Хто ведае, можа, і знайшоў.
Дзед. Няхай бы дзеці паспрабавалі пашукаць яе, зараз самая пара.
Дзед і баба вядуць малых на пошукі кветкі. Шукаюць пад дрэвамі і кустамі, сярод галля і кветак. У гэты час то там, то тут з'яўляецца ведзьма, якая кліча за сабой дзяцей, абяцае ім паказаць шлях да кветкі, але яе праганяюць.
Баба. Ой, стамілася я. Давайце крышачку адпачнем. Сядайце каля мяне, паглядзіце навокал, як прыгожа, як хораша, колькі розных кветак ды зёлак! Можа, хто з вас пра іх вершы ведае?
1-е дзіця.
Квітнее лес,
Дыміцца,
Варушачы галлём.
Расінак завушніцы
Мігаюць серабром.
2-е дзіця.
А кветкі — люба глянуць!
Стракатаю сям'ёй
Сышліся на паляну,
На летні мітынг свой.
(М. Калачынскі. "Раніца ў лесе")

3-е дзіця.
Заўтра я павінна ўстаць
Раненька з зарою:
Пойдзем зёлкі мы збіраць
Людзям на здароўе.
4-е дзіця.
Палячыцца каб маглі
Сталыя і дзеці
Сокам роднае зямлі,
Што сабраны ў цвеце.
5-е дзіця.
Каб адчулі ўсе душой,
Колькі сілы, моцы
У лясной і лугавой
Беларускай зёлцы!
(Н. Гілевіч. "Зёлкі")

Настачка. Бабуля, ты казала, што на Купалле дрэвы і кветкі разумеюць нашу мову. Можа, яны нам дапамогуць?
Баба. Зараз паспрабую ўспомніць словы, якія трэба сказаць, каб кветкі зразумелі нас.
Дрэўцы ды галінкі,
Лесавыя сведкі!
Дзе знайсці сцяжынку
Да Папараць-кветкі?

Выбягаюць дзеці, на галовах у іх шапачкі з штучных кветак.
Кветкі. Вы пра нас такія добрыя вершы чыталі. Зараз мы пакажам вам сцежку, пра якую не ведае ведзьма. Пойдзем хутчэй, можа, мы яшчэ паспеем яе ўбачыць.
Усе бяруцца за рукі і ланцужком ідуць за кветкамі. Пад дрэўцам адразу бачаць кветку папараці, якую схавала там выхавацель, пакуль дзеці чыталі вершы. Малыя разглядаюць яе.
Вядучая. Папараць-кветка красуе ўсяго адну ноч... Давайце яе намалюем, каб яна заўсёды цвіла ў вашых малюнках. Я якраз захапіла з сабой паперу і алоўкі (дастае маленькія мальберты 1 ўсё астатняе з кошыка).
Пакуль дзеці малююць, баба з дзедам ідуць да вогнішча і на палянцы рассцілаюць сурвэткі, на якія ставяць міскі з варэнікамі, гарлачы з сокам. Рыхтуюць ручнікі і ваду для мыцця рук.
Дзед вяртаецца да дзяцей і пачынае пасвістваць у свісцёлку. Малыя звяртаюць на яго ўвагу, а ў гэты момант вядучы хавае кветку.

Дзед. Птушачка мая гаворыць, што нам трэба хутчэй вяртацца. Развітайцеся ўжо з кветачкай і пойдзем.
Дзеці заўважаюць, што кветка знікла.
Вядучая. Вось і адцвіла Папараць-кветка. Будучым летам яна зацвіце ізноў. А пакуль што гэта дзіўная кветачка застанецца з намі на вашых малюнках.
Усе ідуць да вогнішча Баба запрашае пачаставацца.
Вядучая. Падыходзіць да канца купальскае святкаванне. Шчыра дзякуем вам, бабуля I дзядуля, вы нам вельмі дапамаглі. Мы не толькі даведаліся аб тым, як раней цікава святкавалі Купалле, а і самі прынялі ў ім удзел.
Прыходзіць лета звонкае,
Шуміць бярозкай тонкаю,
Гамоніць лес густы,
Дык не праспі і ты:
Куды ні глянь — усюды
Цябе чакаюць цуды,
Лугі, лясы, палі
I шчасце на зямлі.
(С. Грахоўскі "Лета")

Дзед вядзе каня, дзеці развітваюцца з бабай, дзедам і Настачкай. Музыкі граюць, а баба з дзедам спяваюць песню "Бывайце здаровы, жывіце багата".

Яшчэ на гэту тэму:

Купальскія гульні     Купалле набліжаецца