сцэнарыі святаў на беларускай мове

Н. М. ЧАРАНОВІЧ, настаўніца СШ № 26. г.Брэст. Пачатковая школа 11-1997

Навагодні вечар зорны

Сцэнарый ранішніка

Вядучы.
Сябры дарагія,
Хлопцы, дзяўчаты,
Заходзьце у школу
На ёлчына свята.
На ёлцы сягоння
Дзівосны убор,
На лапках зялёных
Па тысячы зор.
Вы будзеце з намі
Вадзіць карагод.
Як слаўна з сябрамі
Сустрэць Новы год!

(Дзеці танцуюць і спяваюць песню Э. Казачкова на словы В. Жуковіча “Навагодні вальс”.)
Год прайшоў стары —
Новы на двары.
Мы падраслі, падужэлі прыкметна.
Памажнелі мы,
Памужнелі мы.
Значыць, прайшоў стары год не бясследна.
Шчодры Дзед Мароз
Песні нам прынёс.
Весела іх заспяваем мы самі.
Свята ў добры час
Пагукала нас.
Вальс навагодні танцуйце ўсе з намі!
Вядучы.
Мы на ранішнік вясёлы
Запрасілі шчыра ў школу
Безліч дарагіх гасцей —
Пойдзе свята весялей!

(Выконваецца песня С. Галкінай на словы Н. Галіноўскай “Карагод".)
Вакол прыбранай ёлачкі
Мы сталі ў карагод.
I вершамі, і песнямі
Сустрэнем Новы год.
П р ы п е ў:
Наш вясёлы карагод
Сустракае Новы год!

Сягоння не пазнаеце
Ні дочак, ні сыноў.
Мы ў масках пеўняў, зайчыкаў,
Мядзведзяў і ваўкоў.
Прыпеў.

Вучаніца.
Чакае ўся зямля яго
I кожны крок вітае.
Ужо ў дарозе Новы год
I хутка завітае.
Ён доўга пушчаю ішоў,
Сцяжынкай каля гаю,
I вось на ганку ён сняжок
3 валёнак абівае.
Вучань.
На ёлцы ўспыхнулі агні
I зоры карагодзяць.
I вось ён дзверы расчыніў,
I мы — у Новым годзе!
Вядучы.
Весяліся, дзятва!
Усміхайся, народ!
Колькі ўсюды святла!
Новы год! Новы год!

(У зале з'яўляецца Новы год, які вядзе за сабою 12 месяцаў.)
Новы год.
Што прыносіць Новы год?
Новы снег і новы лёд.
Новы ў полі лыжны след,
Новы ў новы цырк білет,
Новы дождж і новы гром,
Пераезд у новы дом,
Новы смачны апельсін...
Не злічыць усіх навін!
Дык па-новаму жывіце,
Толькі ўважліва сачыце,
Каб у торбе Дзед Мароз
Новых двоек не прынёс.
Вядучы.
Аж дванаццаць пасланцоў
Новы год да нас прывёў!
Месяцы (па чарзе).
Студзень — з казкамі снежных аблокаў,
Люты — шчодры на сіні мароз,
Сакавік — з сакатаннем і сокам
Беларускіх вясновых бяроз,
Красавік— час паводак і ліўняў,
Травень— з першым мурогам, сяўбой,
Чэрвень— з ягаднаю зарой,
Ліпень— з мёдам,
3 пшаніцаю — жнівень.
Пахне яблыкам верасень,
Бадзёрыць кастрычнік
Празрыстасцю чыстай, крынічнай,
Лістапад— залаты лістапад,
Снежань— першы густы снегапад.

Вядучы.
А дзе ж Дзед Мароз?
(Дзеці спяваюць песню Ю. Семянякі на Словы У. Карызны Гуканне Дзеда Мароза".)
Дзе ты, добры Дзед Мароз?
Мо дзе ў лесе ты замёрз?
Што да нас ты не прыходзіш?
Ці валёнак не знаходзіш?
Ці вавёрка спрытнай лапкай
У цябе схапіла шапку?
Дзе ты, добры Дзед Мароз?
Можа, снег цябе занёс?
Ці кажух ты не знаходзіш?
Ці вакольным шляхам ходзіш?
Ці лісічка мех праела?
Ці ў мяшэчку апусцела?
Дзе ты, добры Дзед Мароз?
Пакажы нам хоць бы нос!
Дзе ты, добры Дзед Мароз?
Вядучы.
Чую галасы:
Недзе за гародамі
Едуць маразы
3 белымі бародамі.
Вучань.
Наш вясёлы, добры Дзед
Са Снягуркаю ідзе.
Цяжкі мех яны трымаюць...
Дзеці шчыра іх вітаюць!

(Уваходзяць Дзед Мароз са Снягуркаю.)
Вучаніца.
Адкажы нам, любы Дзед,
Адрас наш дастаў ты дзе?
Дзед Мароз.
Адрас? Цётка Завіруха
Прагудзела мне на вуха!
Вучань.
Ну, а колькі табе год?
Дзед Мароз.
Ды мо семсот!
Вучаніца.
А чаму ў цябе тады
Голас гэткі малады?
Дзед Мароз.
На паветры, на паветры
Я гуляю разам з ветрам.
А як стану на канькі —
Мне зайздросцяць юнакі!
Вучань.
Дзіўны, дзіўны, дзіўны Дзед,
Што ж ясі ты на абед?
Дзед Мароз.
Ледзяшы, ледзяшы
Дужа мне па душы
Ды яшчэ сняжынкі,
Аж глытаю слінкі!
От што, хлопцы і дзяўчынкі,
Ёсць для кожнага сняжынка.

Снягурка.
Раз — два — тры — чатыры — пяць!
Прапануем пагуляць.

(Дзеці дзьмухаюць на “сняжынкі”, стараючыся як мага даўжэй пратрымаць іх у паветры.)
Снягурка.
Яшчэ адна гульня — ў мароз.
Хто смелы, ручкі выстаўляйце!
Але марозіць не давайце
I, калі трэба, іх хавайце.

(Пад бадзёрую музыку Дзед Мароз бяжыць па кругу, спрабуючы “замарозіць" каго-небудзь, г. зн. дакрануцца да рукі дзіцяці. Тыя, да каго ён дакрануўся, дэкламуюць, спяваюць ці танцуюць. Потым усе выконваюць песню Л. Шаргаевай “Дзякуй, зімка!".)
Дзякуй, зімка, што да нас прыйшла,
Прыгажуню з лесу прывяла!
Каля ёлкі ўсе нашы сябры.
Весяліцца будзем да зары.
Як у казцы, прыгажосць наўкол —
Снег бялюткі сыплецца на дол.
Каля ёлкі ўсе нашы сябры.
Весяліцца будзем да зары.
Снягурка.
Нам на свята Дзед Мароз
Сёння шмат чаго прынёс:
Кніжак, цацак і ласункаў —
Самых розных падарункаў.
Дзед Мароз.
Ну, а хто раскажа вершык,
3 пачастункам будзе першы.

(Дзеці чытаюць вершы.)
Снягурка.
Калі спяшаліся да вас,
Сустрэлі зайку мы якраз.
Ён звяроў збіраў ля хаткі
I загадваў ім загадкі.

(Прыбягае зайчык.)
Дзед Мароз.
Што загадваў ён звярам,
Загадае, дзеткі, вам...

Зайчык.
Дзіўны, смешны карагод
Бачыў я пад Новы год:
Карагод вадзілі мухі —
Дзеткі маці-завірухі.
(Сняжынкі.)

Дзед з барадою на свеце жыве,
Зроду гарачага чаю не п’е.
(Дзед Мароз.)

Вось вам, дзеці, верш зімовы.
Падкажыце ў вершы словы.
“Зімой даліны і сцяжынкі
Пакрылі белыя... (сняжынкі)”.

“Як шэры воўк, завыла глуха
У полі злая... (завіруха)”.

"Сядзяць без ежы ўзімку птушкі!
Сябры, зрабіце ім... (кармушкі)".

Дзед Мароз.
Дзякуй, дзеткі, за падмогу!
Час збірацца мне. ў дарогу.
Снягурка.
Дружна, весела жывіце!
А праз год ізноў завіце!
Дзед Мароз.
Год за годам — карагодам,
I яшчэ раз з Новым годам!
Дзед Мароз і Снягурка.
Да сустрэчы, а праз год
Будзе новы карагод!


Яшчэ на гэту тэму:

Падрункі Дзеда Мароза     У "Чамучак" Новы год