сцэнарыі святаў на беларускай мове

В. В. МІЦЬКО, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Маладзечанскага райвыканкама. Выхаванне і дадатковая адукацыя 7/2012

«Дзень працаю вясёлы»

Пазнавальна-забаўляльная праграма для вучняў VI—VIII класаў

Гульнёва-забаўляльная праграма «Дзень працаю вясёлы» раскрывае тэму працы ў беларускім фальклоры праз знаёмства з такімі жанрамі, як прыказка, загадка, народная песня, казка скорагаворка. Асобныя старонкі праграмы прысвечаны майстэрству рук бабуль і матуль, а таксама творчасці саміх вучняў. У распрацоўку ўключаны вершы беларускіх паэтаў, аўтара дадзенай работы, а таксама цікавыя паведамленні і гульні. Сцэнарый адрасуецца педагогамі якія арганізуюць пазакласную выхаваўчую работу з вучнямі.

Мэты: выхаванне ў вучняў перакананасці ў тым, што працавітасць — галоўная рыса беларуса праз далучэнне да беларускага фальклору.
Задачы: пазнаёміць вучняў з асноўнымі жанрамі беларускага фальклору, якія адлюстроўваюць тэму працы; выхоўваць у вучняў павагу да чалавека працы, жаданне пераймаць і прадаўжаць народныя традыцыі; развіваць пазнавальную актыўнасць, творчыя здольнасці вучняў.
Абсталяванне: мультымедыйная прэзентацыя «Дзень працаю вясёлы», якая адлюстроўвае ход усёй справы; выстава кніг беларускага фальклору «3 глыбінь народных»; выстава вырабаў «3 бабулінага куфэрка»; запіс фанаграм «Народ у песні працу ўслаўляе».
Сцэнарны план.
Уступ. Асноўныя ідэі працоўнага выхавання ў беларускім фальклоры.
1-я старонка: «Умелая прыказка, як пры мяшку прывязка».
2-я старонка: «Дай мазі ў кола, а ў працу — песні вясёлай».
3-я старонка: «Загадку адгадаць — галавой папрацаваць».
4-я старонка: «3 бабулінага куфэрка».
5-я старонка: «Прыгажосць тварыць — сябе весяліць».
6-я старонка: «Усіх скорагаворак не пераскорагаворыш».
7-я старонка: «Скора казка кажацца, ды не скора справа робіцца».
Заключная частка. «Каб сцвердзіць сябе і застацца ў нашчадках удзячных».

Эпіграф.
Мы ўзышлі не з насення, што ветрам занесена, —
Мы не дзікай травы самарослыя парасткі.
У глыбінях зямлі, гераічнай і песеннай,
Нашых душ карані — з вузялкамі ўпартасці.
Ніл Гілевіч

Ход мерапрыемства

Вядучыя свята — вучні ў беларускім нацыянальным адзенні ў ролі Несцеркі і Ульяніцы.
Уступная частка
На фоне беларускіх народных мелодый гучаць за кадрам словы эпіграфа. Выходзяць вядучыя свята.
Несцерка. Добры дзень, дарагія сябры, паважаныя спадары і спадарыні!
Ульяніца. Мы сардэчна вітаем вас і запрашаем прыняць удзел у гульнёва-пазнавальнай праграме «Дзень працаю вясёлы».
Несцерка. Праца чалавека трымае і ўзбагачае.
Ульяніца.
Цябе не агорне журботнасці цень,
Калі будзе працай напоўнены дзень.
Кавалак жытнёвы смачней, чым пірог,
Калі ты работай нацешыцца мог.
Антон Бялевіч
Несцерка. Аб гэтым добра ведалі нашы продкі, бабулі і дзядулі, якія сцвярджалі, што дабрабыт сям’і найперш залежыць ад умення працаваць, ад якасці падрыхтоўкі да працы. Аб гэтым яны складалі прыказкі, спявалі песні, расказвалі казкі.
Ульяніца. I вось сёння мы з вамі здзейснім цікавае падарожжа ў беларускі фальклор і зможам пераканацца ў тым, што праца — найважнейшая частка, ядро беларускай народнай педагогікі.
Несцерка. Вядучымі гэтага свята будзем мы, Ульяніца-працаўніца.
Ульяніца. I Несцерка-весялун.
Несцерка. Свята пачынаецца...
1-я старонка: «Умелая прыказка, як пры мяшку прывязка»
Група вучняў робіць паведамленні.
Вучань 1. Думка, ператвораная ў прыказку, аздобленая ёю, ярчэй зіхаціць, закранае розум. Нацыянальная прыказка — скарбонка духоўнай сілы народа. На думку беларусаў, праца — гэта неабходная ўмова для развіцця асобы: «Працаваць не будзеш — чалавекам не будзеш».
Вучань 2. Поспехі ў працоўным выхаванні залежаць ад таго, наколькі рана дзяцей прывучаюць да працы («Дзетачка, спі, а дзельца помні»), ад таго, якая цікавасць да працы («Жаданая праца, як сонца ўзыход») і ад разумення таго, што праца — аснова шчасця і багацця («Хочаш быць шчаслівы — не будзь лянівы», «Хто з работай дружыць, той жыве і не тужыць»).
Вучань 3. У народных прыказках сфарміраваліся пэўныя маральныя патрабаванні, звязаныя з падрыхтоўкай юнага пакалення да працы («Кожная работа сваю пару мае», «Рана ўстанеш — многа зробіш», «Спех — людзям на смех», «Кончыў дзела — гуляй смела», «Не глядзі, каб скора, а глядзі, каб добра»).
Вучань 4. У працы нараджаецца пачуццё калектывізму, таварыскасці («Адна пчала многа мёду не наносіць», «У калектыве чыстая ніва і багатае жніва», «Адным пальцам вузла не завяжаш»). Народная педагогіка вучыць вызначаць працавітасць па выніках («Якая кудзеля, такая прадзеля»), пераконвае, што працу трэба ўмела спалучаць з вольным часам («Гуляй, ды работу знай»).
Вучань 5. У форме прыказак і прымавак народ дае веды, якія датычаць асобных відаў працоўнай дзейнасці («Днём раней пасееш — тыднем раней збярэш», «Выходзь на поле з расой, дык будзеш з ядой», «Прыйшоў Мікола — сей наўкола»).
Вучань 6. Народная педагогіка арыентуе маладых людзей на правільны выбар прафесіі («Не за сваю справу не бярыся, а за сваёю не ляніся»). Велізарнае значэнне ў працоўным выхаванні мае грамадская думка. Народ вучыць: «Добра працуеш — павагу маеш», «Якая справа, такая і слава», асуджае тых, хто кепска ставіцца да сваіх працоўных абавязкаў: «Работы многа, а карысці мала», «За сто работ бярэцца, а ні адна не ўдаецца», «Рана ўстала, ды мала напрала», «Нітку ў іголку не ўвядзе, а ў танцы хораша ідзе».
Выходзяць Ульяніца і Несцерка.
Ульяніца. А зараз давайце ўспомнім некаторыя прыказкі разам.
Несцерка. На мультымедыйнай прэзентацыі будзе з’яўляцца пачатак прыказкі, а вы павінны закончыць яе. Зараз мы зможам выявіць лепшага знаўцу беларускай народнай прыказкі.
Прыклады прыказак.
• Як хто дбае, ... (так і мае).
• На яду мастак, ... (а на працу сяк-так).
• Не хваліся пачаткам, ... (а хваліся канчаткам).
• Калі хочаш хлеб мець, ... (трэба і зямліцы глядзець).
• Дзе работа, там і густа, ... (а ў лянівым доме пуста).
• Пад ляжачы камень ... (вада не цячэ).
• Маеш хаценне — ... (май і цярпенне).

Несцерка. Малайцы. Вы паказалі добрыя веды. I яшчэ адно заданне для вас. Мы ўзялі па два словы з некаторых беларускіх народных прыказак, а вам патрэбна гэтыя прыказкі ўспомніць і назваць.
На мультымедыйнай прэзентацыі высвечваюцца пары слоў. Вучні адгадваюць прыказкі.
• пасееш — пажнеш
(Што пасееш, тое і пажнеш.)
• заўтра — сёння
(Не адкладвай на заўтра тое, што можна зрабіць сёння.)
адклад — лад " (Адклад не ідзе ў лад.)
• весці — есці
(Гаспадарку весці — не кашу есці.)
• плужком — піражком
(Не лянуйся з плужком — будзеш з піражком.)
• справа — слава
(Дзе справа, там і слава.)
• дзела — смела
(Скончыў дзела — гуляй смела.)

Ульяніца. Мы вельмі задаволены, што і з гэтым заданнем вы паспяхова справіліся.
Уручаюцца прызы самым актыўным.
Несцерка. А зараз мы прапануем вам наступную старонку праграмы.
2-я старонка: «Дай мазі ў кола, а ў працу — песні вясёлай!»
Ульяніца.
Нам у спадчыну ад роду
Засталіся песні,
Каб быць нашай асалодай
У жыцця прадвесні.
Янка Купала

Несцерка. Наша песня народная так і гудзе пры кожнай працы — ці то на полі, ці то на лузе, ці ў лесе, ці ў садочку. (Р. Шырма.)
Вакальная і танцавальная групы вучняў выконваюць беларускую народную песню «Ох, і сеяла Ульяніца лянок».
Вучні робяць паведамленні.

Вучань 1. Праца абумовіла з’яўленне народных працоўных песень («Дзе праца, там і песня», «3 песняй і работа спорыцца»). У песнях каляндарна-абрадавага цыкла народ вучыць маладых назіраць за з’явамі прыроды, за тым, як працуюць людзі, зычыць дабра і спору ў працы, перадае жыццёвы вопыт дзядоў-прадзедаў земляробаў. Праз песні адбываецца знаёмства моладзі з асноўнымі датамі сельскагаспадарчага календара, прыкметамі, што паказваюць на час вядзення гаспадарчай працы.
Вучань 2. У песнях выкарыстоўваюцца такія педагагічныя метады, як вітанне, услаўленне, пахвала, заахвочванне, ушанаванне добрых працаўнікоў і гаспадароў, закліканне быць працавітымі, дысцыплінаванымі, сумленна ставіцца да кожнай справы. Вылучаюцца песні, у якіх праслаўляюцца гаспадарлівасць, любоў да працы. Праслаўленне — своеасаблівы метад выхавання, які з даўніх часоў у пашане беларусаў. Ёсць песні, у якіх высмейваюцца гультаі і няўмейкі.
Несцерка. Мы прапануем вам музычную віктарыну «Спяваем разам».
Ульяніца. Зараз будуць гучаць фанаграмы фрагментаў беларускіх народных песень, якія адлюстроўваюць тэму працы, а вы павінны пазнаць песню і заспяваць яе.
Прыклады песень: «Касіў Ясь канюшыну», «А я ў печы не паліла», «Чаму ж мне ня пець», «Юрачка», «Каляда», «Талака», «Пасеялі дзеўкі лён», «Хлопец пашаньку пахае».
Несцерка. Вось як цудоўна вы спявалі, весела і актыўна.
Ульяніца. У самы раз перайсці да наступнай старонкі нашай праграмы.
3-я старонка: «Загадку адгадаць — галавой папрацаваць»

Несцерка. У беларусаў шмат загадак, у якіх адлюстравана гаспадарчая і працоўная дзейнасць чалавека. Загадкі — як вынік назіранняў, у тым ліку і ў сферы працоўнай. Загадкі патрабуюць ведання найпрасцейшых відаў сельскагаспадарчых работ, элементаў працоўнай дзейнасці, простых працоўных аперацый.
Ульяніца. Загадкі вучаць назіраць за з’явамі прыроды і чалавечага побыту, за заняткамі людзей, прыкмячаць і выдзяляць у іх галоўнае, а праз гэта спрыяюць выхаванню паважлівых адносін да працы :і да людзей- працаўнікоў.
Несцерка. Прапануем вам адгадаць загадкі на тэму «Народныя промыслы і рамёствы».
Несцерка і Ульяніца па чарзе загадваюць загадкі.
• Што гэта за свінка: на спіне дзеравяшка, на жываце шчацінка?
(Шчотка.)
• Чым я больш вярчуся, тым я больш таўсцею.
(Верацяно.)
• Пяць авечак стажок скубуць, а пяць дарожкай бягуць.
(Прадзенне.)
• Кругленькі, маленькі, а за хвост не падымеш.
(Клубок.)
• Білі мяне, білі, білі, калацілі, на кавалкі рвалі, па полі цягалі, на ключ замыкалі і на стол паслалі.
(Лён, настольнік.)
• Бяжыць свінка, стальная спінка, хвост ільняны.
(Іголка з ніткай.)

Несцерка. А зараз паспрабуйце калектыўна разгадаць красворд з загадак на тэму «Сельскагаспадарчыя прылады», каб у клетках па вертыкалі атрымалася слова «праца».
На мультымедыйнай прэзентацыі — слайд з красвордам. Пасля адгадвання слоў патрэбныя літары ўпісваюцца ў клеткі.
Крыжаванка пра працу

Несцерка і Ульяніца па чарзе загадваюць загадкі, вучні разгадваюць.
1. Рые, капае, люстрамі ззяе. (Плуг.)
2. Ног многа, а еду з поля дамоў на спіне. (Барана.)
3. Паем травы — зубы вытуплю, каменьчыка хвачу — зноў натачу. (Каса.)
4. Між дубінкі, між ляшчынкі — кусочак скурацінкі. (Цэп.)
5. Рота няма, а зубы маюцца. (Граблі.)
Ульяніца. Загадкі вы таксама ведаеце добра. Малайцы. (Уручаюцца прызы самым актыўным.) Наступная старонка нашай праграмы вельмі цікавая і абавязкова вам спадабаецца.
4-я старонка: «3 бабулінага куфэрка»
Несцерка.
У пахучым куфры важка ўсё ляжала,
Што сама бабуля працай рук прыдбала.
Быццам водар з поля пранясло ля хаты,
Так запахла лугам, чабаром і мятай.

Ульяніца.
Паясочак сіні — недзе ад матулі,
А чырвоны, яры — мужу да кашулі,
А вось гэты — гожы, доўгі з кутасамі,
Падпярэзваў святам бабін брат часамі.
Ларыса Геніюш

Несцерка. Звярніце ўвагу на выставу вырабаў бабуль і матуль нашых вучняў, якую мы падрыхтавалі да сённяшняга свята. Прапануем вам невялікую экскурсію па гэтай выставе.
Вучні падходзяць да экспанатаў выставы і расказваюць, называюць аўтараў вырабаў.
Абрус (настольнік). Складаўся з дзвюх полак, злучаных ажурным швом-прошвай. Святочныя абрусы ткаліся з тонкай кужэльнай пражы. Найбольш пашыраны спосаб вырабу — васьмінітовы. Узор — геаметрычны. Усе абрусы ўпрыгожваюцца карункамі або махрамі. Абрусы, якія засцілаліся на стол кожны дзень, ткаліся з больш грубай пражы чатырохнітовым спосабам.

Посцілка. Служыла для засцілання ложка. Паўсядзённыя посцілкі ткаліся з ільняной пражы. Святочныя — паўсуконныя і суконныя. Яны вылучаюцца разнастайнасцю тэхнічных прыёмаў, арнаментам, а таксама каляровай гамай. Амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі, асабліва на паўночным захадзе, была пашырана назва «дымка». Усюды на Беларусі бытавалі перабіраныя посцілкі. Узор рэльефны, двухбаковы. На адваротным баку атрымліваўся яго негатыўны малюнак.

Ручнік. У паўсядзённым карыстанні ўжываліся ручнікі, якія не вылучаліся багаццем упрыгажэнняў і тэхнікай выканання. Ткалі іх звычайна ў чатыры рады з узорам «у рады» і «ў ёлачку». Ручнікі, якія ўжываліся для выцірання твару і рук, мелі назву «ўцірка», а кухонныя ручнікі — «трапкач». Сярод дэкаратыўных ручнікоў найбольш распаўсюджанымі з’яўляюцца тыя, якія выконваліся пры дапамозе бранай тэхнікі. Узор на іх размяшчаўся ў выглядзе папярочных паскаў. Вядомы ручнікі, вышываныя раслінным арнаментам. Усе ручнікі ўпрыгожваліся карункамі, махрамі.

Пояс. Паясы вядомы трох тыпаў: плеценыя, тканыя і вязаныя. Плеценыя паясы звычайна мелі ад 2,5 да 5,5 см. шырыні. Тканыя і вязаныя паясы мелі шырыню 15—30 см, даўжыню — 2—3 м і больш. Вырабляліся з суконных і паўсуконных нітак рознага колеру. Канцы пояса ўпрыгожваліся кутасамі.

Несцерка. Дарагія сябры, сёння на нашым свяце прысутнічаюць ганаровыя госці, нашы бабулі і матулі, чые цудоўныя вырабы мы зараз бачым.
Прадстаўляюцца госці, аўтары вырабаў, якія знаходзяцца на выставе. Па жаданні некаторыя з гасцей могуць выступіць: ад каго пераняты вопыт, што дае такая справа для душы, выказаць пажаданні моладзі.
Ульяніца. Вялікі вам дзякуй за вашы цудоўныя творы. Мы разумеем, што нам ёсць у каго вучыцца майстэрству ствараць прыгажосць сваімі рукамі. А таксама можам з упэўненасцю адзначыць, што ўжо і сярод нас ёсць свае творцы і ўмельцы.
Несцерка. 3 задавальненнем аб’яўляем наступную старонку праграмы.
5-я старонка: «Прыгажосць тварыць — сябе весяліць»
Ульяніца.
Вобразы мілыя роднага краю
Сэрцы і душы вучняў натхняюць.
Кветачкі, лісцікі, траўка, грыбочкі
Леглі цудоўна на фартух, сарочкі.
На ручніках, на сурвэтках, на ўборах
Вельмі прыгожыя родныя ўзоры.

Пад мелодыі беларускіх народных песень вучні на сцэне дэманструюць свае вырабы. У гэты час Несцерка і Ульяніца даюць каментарый.
Несцерка.
Гляньце, госці, гляньце, дзеткі,
Што за прыгажосць — сурвэткі.
Хто зрабіў іх, хто звязаў,
Нас усіх зачараваў?
Можа, цуда-працаўніцы?
Гэта ж нашы вучаніцы!

Дэманстрацыя сурвэтак.
Ульяніца.
Свае шалікі і шапкі
Мы вязаць не просім бабку.
Дружна сядзем за работу —
Рэч самім зрабіць ахвота.
Хай не мудры тут узор,
А ўсё ж прыгожы наш убор.
Можа, хто з дзяўчынак нашых з часам
Стане мадэльерам першакласным.

Дэманстрацыя вязаных шалікаў, шапак.
Несцерка.
Алёна наша вышыла сукенку.
Старалася дзяўчына нездарма.
Адзела — стала быццам як паненка,
Усім даспадобы, радай сама.

Дэманстрацыя сукенкі.
Ульяніца.
Карункавы белы каўнерык
Вашу сукенку аздобіць.
Моднай, прыгожай, прывабнай
Любую дзяўчынку ён зробіць.

Дэманстрацыя карункавых каўнерыкаў.
Несцерка.
Ручнік дзяўчына вышывала,
Ва ўзоры дзіўныя ўплятала
I фарбы роднага палетка,
I мары светлыя свае.
I птушка, і лісток, і кветка —
Усё шчырасць сэрца выдае.

Дэманстрацыя вышываных ручнікоў.
Ульяніца.
Саломка вабіць, радуе бясконца,
У ёй і хлеба пах, і подых вецярка,
I праца рук, і пазалота сонца,
I песня палявога жаўрука.
3 саломкі ўзоры складаю:
Да лісціка лісцік, да кветачкі кветку.
Букет на вачах вырастае,
Падобны, як бачылі ўлетку.
Хай кожнаму дораць такія букеты:
Бабулі, матулі, каханай дзяўчыне.
Хай сэрцы пяшчотаю будуць сагрэты
I радасць ніколі людзей не пакіне.
В. Міцько
Дэманстрацыя вырабаў з саломкі.
Танцавальная група вучняў выконвае танец «Ручнікі».

6-я старонка: «Усіх скорагаворак не пераскорагаворыш»
Пад вясёлую музыку выбягаюць скамарохі, выконваюць жартоўны акрабатычны эцюд, а затым разыгрываюць дыялогі.
1.— Ці лілі алей у рэдзьку, ці лілі?
— Ты не цілілікай, Федзька, сам налі!
2.— Ці маліну мылі вы?
— Мылі, ды не мылілі!

Скамарох 1.
Добры дзень, вітаем вас!
Дружна сустракайце нас!
Мы праграму прадаўжаем
I старонку аб’яўляем.

Скамарох 2. Скорагаворкі, складзеныя беларускім народам, разлічаны на фарміраванне моўнай культуры, а таксама на выхаванне пэўных маральных якасцей чалавека, у тым ліку і працавітасці.
Скамарох 1. Запрашаем вас патрэніравацца ў маўленчым майстэрстве і хорам, дружна прагаварыць наступныя скорагаворкі, кожную паўтараючы па два разы.
На мультымедыйнай прэзентацыі адлюстраваны наступныя скорагаворкі, якія вучні хорам прагаворваюць.
• Спрытна кроп палоў Пракоп, лёг пад кропам і захроп.
• Мама мышка сушыла шышкі, мышка- малышка мыла лыжкі.
• Пільшчыкі-пілавальшчыкі пілавалі, пілавалі, перапілоўвалі, перапалавіньвалі.

Скамарох 2. Малайцы. Разам вы добра справіліся з заданнем. А зараз мы запрашаем двух чалавек на сцэну. Хто з вас лепш тры разы вымавіць прапанаваную скорагаворку.
Праводзіцца конкурс на лепшае вымаўленне скорагаворкі «Пекар Пётр пёк пірог». Наступная пара ўдзельнікаў спаборнічае ў вымаўленні скорагаворкі: «Санлівага не дабудзішся, лянівага не дашлешся». Усім удзельнікам уручаюцца прызы.
Скамарох 1.
Прыемна было з вамі стрэцца.
Ды ўжо развітвацца пара.
Скамарох 2.
Хай радасць будзе ў вашых сэрцах,
А нам вы крыкніце «ўра»!

Пад вясёлую музыку, прытанцоўваючы, скамарохі ідуць са сцэны. Вучні ў зале суправаджаюць іх воклікамі «ўра».
7-я старонка: «Скора казка кажацца, ды не скора справа робіцца»
Ульяніца. Казка — самы любімы ўсімі дзецьмі жанр фальклору. У казках у простых і зразумелых сітуацыях наглядна паказваецца роля сапраўднага сяброўства, услаўляюцца дабрыня, справядлівасць, працавітасць, увішнасць, здатнасць да любой гаспадарчай справы.
Несцерка. Зараз мы прапануем вам два ўрыўкі з беларускіх народных казак на тэму працы, а вы павінны адгадаць, як называюцца гэтыя казкі.
Вучні паказваюць інсцэніроўкі ўрыўкаў з казак (магчыма інсцэніраванне казак поўнасцю) «Лёгкі хлеб» і «Пшанічны каласок».
Ульяніца. Дарагія сябры, паспрабуйце ўспомніць беларускія народныя казкі на тэму працоўнага выхавання.
Прыклады казак: «Два маразы», «Мужык і жонка», «Ад крадзенага не пасыцееш», «Пчала і муха».

Заключная частка
Ульяніца. Дарагія сябры, сёння мы з вамі змаглі пераканацца ў тым, што галоўным крытэрыем маральнасці ў беларускага народа было і ёсць стаўленне чалавека да працы, яго стараннасць, умельства.
Несцерка. А таксама прадэманстравалі, якія мы старанныя, працавітыя, творчыя. Мы разумеем, што ўпэўненасць у заўтрашнім дні ў многім залежыць ад таго, наколькі трывалая еднасць пакаленняў, еднасць мінулага і сучаснага.
Ульяніца. Мы павінны пераймаць і захоўваць спрадвечныя рысы характару беларусаў, нашы народныя традыцыі, усё тое лепшае, што пакінулі нам продкі, таму што мы — прадстаўнікі вялікай і багатай нацыі, мы — беларусы.
Несцерка.
Усё ў чалавеку, што робіць яго чалавекам,
I памяць, і клопат надзённы, і мараў разбег.
Таму і не проста яго зразумець, што ў сабе
Сучаснасць ён лучыць з мінулым і будучым векам.
Ульяніца.
Як дрэва карэннем у доле, у сховах нябачных,
Лістотай у сонцы, насеннем — у заўтрашнім дні, —
Таксама і ён: да жыцця паўстае з глыбіні,
Каб сцвердзіць сябе і застацца ў нашчадках удзячных.
Ніл Гілевіч

Несцерка. Паважаныя ўдзельнікі нашага свята! Зараз на экране вы ўбачыце пачатак сказаў. Вам прапануецца выбраць па жаданні адзін з іх і закончыць.
Прыклады сказаў:
• Сёння я зразумеў(ла) ...
• Самым цікавым для мяне было ...
• Мне было сумна, калі ...
• Я вельмі ўдзячны(а) ...
• Я хачу адзначыць ...

Ульяніца. Вялікі дзякуй усім за гэта свята. Жадаем вам добрага настрою, кожнаму заўсёды мець справу па душы.
Гучаць народныя мелодый, прысутныя выходзяць з залы.

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Аляхновіч, А. М. Беларускі дзіцячы фальклор / А. М. Аляхновіч. — Мінск : Беларусь, 1994.
2. Арлова, Г. П. Беларуская народная педагогіка / Г. П. Арлова. — Мінск : Народная асвета, 1993.
3. Васілевіч, У. А. Беларускі народны каляндар / У. А. Васілевіч. — Мінск : Ураджай, 1993.
4. Гуд, П. А. Беларускі кірмаш / П. А. Гуд. — Мінск : Полымя, 1996.