сцэнарыі святаў на беларускай мове

Алена КУЛІК, выхавальнік першай катэгорыі, ДУДА «Начаўскі дзіцячы сад», Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці. Пралеска 2013/8

Па старонках роднай мовы

Забава для дзяцей сярэдняй групы

Задачы:
• актывізаваць у дзяцей устойлівую цікавасць і станоўчыя адносіны да беларускай мовы, да дзіцячай кнігі;
• развіваць беларускае маўленне, практыкаваць у правільным вымаўленні спецыфічна беларускіх гукаў «г» (фрыкатыўнага) і «ч» ізалявана, у словах і сказах;
• узбагачаць слоўнікавы запас дзяцей, заахвочваць беларускае маўленне; выхоўваць любоў і павагу да роднай мовы, жаданне сябраваць з кнігамі.
Папярэдняя работа: цыкл заняткаў аб роднай краіне; тэматычная прагулка па вуліцах роднай вёскі; чытанне і завучванне на беларускай мове забаўлянак, калыханак, вершаў, песенек; разглядванне ілюстрацый, арганізацыя гульняў.

Ход забавы

Пад мелодыю песні «Прывітальная» дзеці заходзяць у святочную музычную залу і становяцца паўкругам.
Прывітанка «Ці ўсе ёсць?».
Ці ўсе ёсць?
Вітаем вас!
(Махаць рукамі, вітаць.)
Пачынаем, бо ўжо час.
Ёсць тут я, ёсць і вы.
(Паказваць пальчыкам на сябе і іншых.)
Раз, два, тры.
(Пляскаць у далоні.)

Выхавальнік (В.). Прывітанне гасцямі Сёння мы завітаем у госці да нашай роднай мовы. Якая мова з’яўляецца для нас роднай? Чаму вы так думаеце?
Так, мы з вамі жывём у Беларусі. Беларусь — наша Радзіма. Тут мы гуляем, вучымся. Тут жывуць нашы мамы і таты, дзядулі і бабулі. Кожны чалавек павінен ведаць сваю мову, умець спяваць народныя песні, ведаць народныя традыцыі адзначаць святы. А зараз мы яшчэ раз ўсе павітаемся.
Я бачу, што вы гатовы адправіцца ў падарожжа. А паедзем мы на цягніку. Станем усе адзін за адным і паедзем, правільна вымаўляючы гукі:
Чок-чок-чок —
Едзе цягнічок.
Чу-чу-чу —
Далёка пракачу.
Гэй, не пазяхай,
Гэту песеньку спявай!

Прыпынак «Знаёмства».

Выхавальнік і дзеці кідаюць адзін аднаму мяч і называюць: хто яны (хлопчык або дзяўчынка); сваё імя.
Дзеці садзяцца ў цягнік і едуць далей.

Прыпынак «Ветлівыя словы».

Добра. калі ты змалку
Можаш вітаць людзей.
Раніцай — «Добрага ранку!»
I апоўдня — «Добры дзень!»
Увечары пры сустрэчы
Знаёмым сказаць —
«Добры вечар!»,
А соннаму сонейку нанач
I ўсім добрым людзям —
«Дабранач!»
В. Вітка

Дзеці называюць ветлівыя словы: «прывітанне», «калі ласка», «дзякуй», «смачна есці», «прабачце», «да пабачэння», «дабранач».
Гучыць вясёлая беларуская мелодыя «Лявоніха».

Прыпынак «Павучальны».

Дзяцей сустракае Несцерка.
Несцерка. Добры дзень, дзятва! Я — Несцерка, герой беларускіх казак. Ведаю шмат загадак, казак, вершаў. Зараз я хачу загадаць вам адну загадку:
Хоць сама яна нямая —
3 чалавекам размаўляе. (Кніга)

Несцерка. Так, малайцы, правільна адгадалі! А ці ведаеце вы, хто ўпершыню надрукаваў кнігу на беларускай мове?
В. Не, Несцерка, не ведаем, раскажы нам, калі ласка.
Несцерка. На нашай зямлі нарадзіўся і жыў адзін мудры чалавек, якога звалі Францішак Скарына. Ён надрукаваў першую кнігу на беларускай мове. Можа, вы ведаеце і раскажаце нам вершы беларускіх паэтаў?
Дзеці чытаюць вершы.
Несцерка. Памятайце сваіх песняроў, чытайце іх творы, спявайце і размаўляйце па- беларуску. Да пабачэння, да новых сустрэч.
Гучыць мелодыя «Калыханкі».

Прыпынак «Забаўлянка».

В. На Беларусі, каб супакоіць дзіця, спявалі розныя песенькі, калыханкі, забаўлянкі. Давайце мы з вамі ўспомнім знаёмыя забаўлянкі.
А шэранькая козачка
Тапу-тапу скоранька
Пераскочыла праз плот
Ды пабегла ў агарод.
Аб’елася цыбуліны —
Крычыць, бяжыць па вуліцы;
Аб’елася часнаку —
Крычыць, бяжыць па таку.

А коцічак шэранькі,
Яго хвосцік беленькі.
Беленькі жывоцік,
Пабег, пабег коцік
У поле гуляць,
Дзяцей забаўляць.
За ім следам кошка,
Кошка-беланожка.
— Ладу, ладу, ладкі,
Дзе былі?
— У бабкі.
— А што елі?
— Кашку.
— А што пілі?
— Малако.
Бабулька казала,
Як нас частавала:
— Прыходзьце часцей,
Пачастую смачней:
Дам вам сыраквашкі,
Бярозавай кашкі.

Кукарэку, певунок,
Залаценечкі чубок,
Пад паветачку пайшоў,
Курку-рабку знайшоў.
Пачаў курку пытаць,
Ці ўмее чытаць?
— Не чытаю, не пішу,
Толькі яйкі нясу.
Штодзень дзецям нашу
Аж па цэламу кашу.

Апсік, апсік, каточак,
Не хадзі ты ў садочак
I не тапчы кветачак,
I не будзі дзетачак.
Няхай дзетачкі заснуць.
Люлі, люлі, дзеткі, спаць,
А я буду калыхаць.

Песня «Калыханка».

Прыпынак «Танцавальны».

Танец «Бульба».

Прыпынак «Беларуская гульня».

Пры дапамозе лічылкі «Пятро, Пятро, падай вядро, карове піць — табе вадзіць» дзеці выбіраюць лісу, становяцца ў карагод і гавораць словы, а ліса хаваецца за карагодам.
Белыя гусі ходзяць ля вады,
Белыя гусі не ведаюць бяды.
Крыламі махаюць: «Га-га-га».
Песеньку спяваюць: «Га-га-га».
Раптам з лесу выйшла хітрая ліса,
Села ля кусточка — не відаць наса.
На гусей яна глядзела:
Вельмі есці захацела.

Ліса.
Надакучыла сядзець мне на гэтым месцы.
Буду зараз вас лавіць, ну а потым есці!

Дзеці ўцякаюць, а ліса хоча да іх дакрануцца. Да каго дакранулася, той выходзіць з гульні.
В. Вось і закончылася наша падарожжа па старонках роднай мовы. Ці спадабалася вам яно?
Дзеці дзеляцца сваімі ўражаннямі. Выхавальнік падводзіць вынікі і чытае верш Валянціны Павядайла «Давайце размаўляць па-беларуску».

Давайце не цурацца роднай мовы,
Успамінаць яе жывыя словы,
Якія мы яшчэ ў маленстве чулі
У песнях-калыханках ад бабулі.

Ад гэтых слоў на сэрцы пацяплее,
Нібыта цёплым ветрыкам павее,
Над галавою разбягуцца хмаркі,
I справы пойдуць лёгенька і шпарка.

Каб наш народ у свеце паважалі,
Жылі ў дружбе, шчыра працавалі,
У Ляхавічах, Гродне і Бабруйску
Давайце размаўляць па-беларуску.

Пад мелодыю песні «Развітальная» дзеці выходзяць з залы.

Яшчэ на гэту тэму:

Сказаў як звязаў     “Жыві, мая родная мова!”