сцэнарыі святаў на беларускай мове

Лера РУБАШНАЯ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Роднае слова 2013/8

Як гукнеш, так і адгукнецца.

Інсцэніроўка па матывах беларускіх народных казак (V клас)

Сцэнарый казкі можа быць выкарыстаны не толькі пры вывучэнні вуснай народнай творчасці, але і ў час Тыдня беларускай мовы і літаратуры, у правядзенні літаратурнага ранішніка ці свята “Падарожжа ў свет казак”, у рабоце тэатральнага гуртка. Прапанаваны матэрыял будзе спрыяць абуджэнню актыўнасці, самавыяўлення школьнікаў, дапаможа дасягнуць значных вынікаў у актывізацыі творчых здольнасцей.

Дзейныя асобы: Аўтар, Муха-весялуха, Камары-дудары, Мышкі-дамушкі, Жабка-квакуха, Вавёркі-скакушкі, Заяц-цыркач, Лісіца-хітрыца, Воўк, Паляўнічы.

Сцэнарый

Аўтар. У адным двары пад карой старой вярбы жыла-была старая Муха.
Пад музыку на сцэне з’яўляецца Муха-весялуха.
Муха.
Я не проста Муха, а я Муха-весялуха!
Працаваць - бярэ лянота,
дык на сонейку пад плотам
загараю цэлы дзень.
Хай працуе Муравей!..
Весяліцца ў ахвоту - гэта вось мая работа!
Аўтар. Мела Муха-весялуха каляску і сем камароў.
Пад музыку на сцэне з’яўляюцца Камары-дудары.
Камары (разам).
Гэта мы - Камары, Камары-дудары!
Ад зары і да зары мак таўчом на двары.
Танец камароў.
Аўтар. Запрэгла Муха-весялуха камароў у каляску ды паехала на пагулянку.
Пад музыку Муха і Камары робяць круг па сцэне.
Аўтар. Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю - насустрач Мышкі.
Пад музыку на сцэне з’яўляюцца дзве Мышкі-дамушкі.
Мышкі (разам).
Хвосцік, вушкі, галава.
Мышка - раз! I Мышка - два!
Мы - як родныя сястрыцы.
1-я Мышка. Любім бублікі.
2-я Мышка. I піцу!
Мышкі (разам да Мухі і Камароў). А вы хто?
Муха. Я Муха-весялуха!
Камары (разам). А мы Камары-дудары!
Муха. Мышкі-дамушкі, калі хочаце, паедзем з намі.
Пад музыку Муха-весялуха, Камары-дудары і Мышкі-дамушкі робяць круг па сцэне.
Аўтар. Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю - насустрач Жабка.
Пад музыку з’яўляецца Жабка-квакуха.
Жабка.
Я не злосная квакуха -
не пакрыўджу нават мухі.
Тут, у сажалцы, жыву я,
як хто топіцца - ратую.
А вы хто?
Муха-весялуха, Камары-дудары і Жабка-квакуха прадстаўляюцца.
Муха. Жабка-квакуха, калі хочаш, паедзем з намі!
Пад музыку Муха-весялуха, Камары-дудары, Мышкі-дамушкі і Жабка-квакуха робяць круг па сцэне.
Аўтар. Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю - насустрач Вавёркі.
Пад музыку з’яўляюцца Вавёркі-скакушкі.
Вавёркі (разам). Мы Вавёрачкі-скакушкі.
1-я Вавёрка. Чысцім зубкі, мыем вушкі.
2-я Вавёрка. Робім модныя прычоскі.
Вавёркі (разам). Каб зайцоў прывабіць трошкі.
А вы хто?
Муха-весялуха, Камары-дудары, Мышкі-дамушкі і Жабка-квакуха прадстаўляюцца.
Муха. Вавёркі-скакушкі, калі хочаце, паедзем з намі!
Пад музыку Муха-весялуха, Камары-дудары, Мышкі-дамушкі, Жабка-квакуха і Вавёркі-скакушкі робяць круг па сцэне.
Аўтар. Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю - насустрач Заяц.
Пад музыку з’яўляецца Заяц-цыркач.
Заяц.
Я хацеў служыць у цырку -
зарабіць ад абаранка дзірку.
Дык у першы ж дзень удаў
хвост мой - хап! - і адарваў!
Дрэсіроўшчыца Сава расцягнула вухі два.
Як зароў магутны Леў -
я ад страху абамлеў...
А вы хто?
Муха-весялуха, Камары-дудары, Мышкі-дамушкі, Жабка-квакуха і Вавёркі-скакушкі прадстаўляюцца.
Муха. Зайка, калі хочаш, паедзем з намі!
Пад музыку Муха-весялуха, Камары-дудары, Мышкі-дамушкі, Жабка-квакуха, Вавёркі-скакушкі і Заяц-цыркач робяць круг па сцэне.
Аўтар. Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю - насустрач Ліса.
Пад музыку з’яўляецца Лісіца-хітрыца.
Ліса.
Я не простая Лісіца,
я спакусніца-хітрыца.
Нават злодзея-ваўка абвяду вакол хваста.
А вы хто?
Муха-весялуха, Камары-дудары, Мышкі-дамушкі, Жабка-квакуха, Вавёркі-скакушкі і Заяц- цыркач прадстаўляюцца.
Муха. Лісіца-хітрыца, калі хочаш, паедзем з намі!
Пад музыку Камары-дудары, Муха-весялуха, Мышкі-дамушкі, Жабка-квакуха, Вавёркі-скакушкі, Заяц-цыркач і Лісіца-хітрыца робяць круг па сцэне.
Аўтар. Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю - насустрач Воўк.
Пад музыку з’яўляецца Воўк.
Воўк. Я шэры Воўк - зубамі-шчоўк!
А вы хто?
Усе са страхам прадстаўляюцца Ваўку.
Муха. Я ад страху проста Муха.
Камары (шэптам). А мы Камары.
Мышкі. Мы... Мыш-кі.
Жабка. Ква-ква...
Ліса (мнагазначна). А я Лісіца-хітрыца...
Воўк. Я вас раз-два - і праглыну! Страшна стала?! Ну!
Усе, акрамя Лісіцы-хітрыцы, трасуцца ад страху.
Ліса. З’есці-то ты нас з’ясі, але спачатку зрабі нам адну паслугу перад смерцю. Паспявай нам.
Усе (разам). А мы паслухаем.
Воўк. Гэта можна. Спяваць я мастак.
Усе (разам). Просім, просім!
Воўк завывае, задраўшы галаву. Муха-весялуха і ўсе астатнія хаваюцца ад ваўка.
Аўтар. Якраз у гэты час непадалёку паляўнічы праходзіў. Пачуў ён воўчае выццё і паспяшаўся, наставіўшы стрэльбу.
На сцэне з’яўляецца Паляўнічы.
Паляўнічы (да гледачоў).
Я сапраўдны Паляўнічы,
не забіў ніколі дзічы.
Так - за вушы патрымаю
ды на волю адпускаю.
Паляўнічы (да ваўка). А хто гэта тут канцэрты спраўляе?
Воўк хоча ўцячы. Муха і ўсе астатнія выбягаюць са схованкі і стараюцца затрымаць Ваўка.
Паляўнічы. Стой, шэры! Ведаю я твае злыя намеры! Я на цябе даўно палюю.
Воўк ад страху паварочваецца да Паляўнічага і падымае лапы ўгору.
Паляўнічы (у знак пакарання бярэ Ваўка за вуха). Ах ты, свавольнік! (Звяртаецца да астатніх.) Усё, паехалі!
Пад музыку ўсе следам за Паляўнічым, які вядзе Ваўка трымаючы яго за вуха, робяць круг і знікаюць за сцэнай.
Аўтар. Нездарма людзі кажуць: як гукнеш, так і адгукнецца.