сцэнарыі святаў на беларускай мове

Вера Аляксандраўна БУЛАНДА, педагог. Роднае слова Красавік 2008 г.

"Мы захаваем для нашчадкаў мір!"

Сцэнарый вечарыны, прысвечанай Дню Перамогі

Да Дня Перамогі неабходна загадзя, магчыма, і ўвесь навучальны год сур'ёзна рыхтавацца, бо гэта не проста свята, а дзень памяці загінуўшых, дзень перамогі над фашызмам, дзень сапраўды са слязамі на вачах, слязамі радасці і горычы страт. Непасрэдных удзельнікаў ваенных паходаў з кожным годам становіцца ўсё менш і менш. Тых, хто нарадзіўся ў гады вайны, таксама менее на нашай шматпакутнай зямлі. Пайшлі ад нас і многія жанчыны-ўдовы, якія не дачакаліся з фронту сваіх мужоў. I таму да мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Перамогі, неабходна паставіцца з вялікай увагай. На жаль, часам даводзіцца назіраць, як запрошаныя ветэраны разгублена пазіраюць вакол сябе, бачаць смяшлівыя твары вучняў, абыякавыя позіркі настаўнікаў. Нікому не патрэбна такая сустрэча, дзе пра ветэрана ніхто нічога не ведае, апрача хіба яго імя.
Вечарына, ранішнік ці агеньчык, прысвечаныя гэтай святой даце, абавязкова атрымаюцца, калі ўся падрыхтоўка пройдзе на належным узроўні: будуць працаваць следапыты, здымацца школьныя фільмы, арганізуюцца фотавыставы, конкурс на найлепшае сачыненне"Вайна ў лесе маёй сям'і". Можна падрыхтаваць і вусныя часопісы, і праграмы-анонсы, і літаратурныя чытанні на разнастайныя тэмы:"Не бывае ў вайны эпілога","Шляхі-дарогі франтавыя" ''Да перамогі ішоў салдат","Дзень нашай памяці трывожнай"...
Наш сцэнарый - гэта прыкладны літаратурна-музычны мантаж, які можна выкарыстаць цалкам або ўнесці ў яго свае карэктывы, дапрацаваць у залежнасці ад аўдыторыі і тых магчымасцяў, якімі валодае школа. Усё, што робіцца шчыра і ад сэрца, будзе пасеяна надзейным зярняткам у маладыя душы і абавязкова прарасце ўдзячнай памяццю будучых пакаленняў.

З левага боку сцэны стаіць стэлаж з кнігамі на ваенную тэматыку з надпісам - своеасаблівым эпіграфам: "Не бывае ў вайны эпілога". С. Гаўрусёў. 3 правага боку сцэны размешчаны вялікі "Каляндар Перамогі''. На падлозе каля календара ляжыць салдацкая каска, у якую ў час кампазіцыі ў гонар герояў будуць класціся кветкі. Дзяўчынкі ў ярка-жоўтых сукенках перагортваюць лісток календара, на першай старонцы якога мы бачым дату "21 чэрвеня 1941 года". Под мелодыю факстрота "Рыа-рыта" на сцэне танцуюць пары маладых людзей. Праз хвіліну перагортваецца другая старонка з датай "22 чэрвеня 1941 года", мелодыя прыглушаецца, пары працягваюць танцаваць, прыслухоўваючыся да нязвычных гукаў далёкай кананады, стрэлаў і выбухаў. Калі гэтыя гукі нарастаюць, абрываецца мелодыя, маладыя людзі развітваюцца под песню "Мой милый, если б не было войны..." (словы I. Шаферана, музыка М. Машкова).

1-я дзяўчынка-сонейка.
На лічбу 22 світанне
Перагарнула каляндар, -
Дзень летняга сонцастаяння,
Дзень цішыні і летніх мар...

2-я дзяўчынка-сонейка.
Дзень васількоў, травы мурожнай
I спелай чырвані суніц,
Дзень нашай памяці трывожнай
3 далёкім водбліскам зарніц...
В. Гардзей. "На лічбу 22..."

Па сцэне мітусіцца ліхтарнае асвятленне, юнакі, развітаўшыся, бяруць з падлогі ў глыбіні сцэны рэчавыя мяшкі, дзяўчаты накідваюць на плечы хусткі, у рукі бяруць вузлы, выходзяць на авансцэну, рухаюцца ў пантаміме, нібы спяшаюцца, суровыя позіркі скіраваны ўдалячынь.

1-ы чытальнік.
На ўсход раптоўна рынула вайна,
I заблытала бежанцаў дарогі.
Брыдуць, брыдуць, а збажына
Людзям з жальбою кланяецца ў ногі.
1-я чытальніца.
Сцябліны, што трымаюць каласы,
Як струны пад смычком, галосяць,
3 прыфрантавой грымотнай паласы
Зацішша у вятроў гарачых просяць.
Пантаміма рэзка абрываецца, юнакі ўзнімаюць да вачэй далоні.
2-і чытальнік.
Спыніўся рух, і да вачэй далонь
Дзядзькі ўзнімаюць моўчкі на хвілінку -
Бяжыць у жыта ад сяла агонь
Спраўляць апусташальныя зажынкі.
2-я чытальніца.
I людзі ў шлях далей нясуць бяду,
Агорнутыя жудасцю і жахам,
I каласы зрываюць на хаду,
Не зжатыя пакуль яшчэ пажарам.
3-і чытальнік.
Яны, ў нязнанасць гнаныя вайной,
Жывуць надзеяй:
смерць чужынцаў скосіць,
I вернецца жыццё, і зноў ралля вясной
Зярнят у рупных сейбітаў папросіць.
М. Калачынскі. "Бежанцы."

Дэманструецца фрагмент з кінафільма "Звычайны фашызм".

Вядучы.
Не бывае ў вайны эпілога -
Памяць чорна заносіць крыло.
Замест поля - дзічэе аблога,
Божа мой, як усё зарасло!
С. Гаўрусёў. "Не бывае ў вайны эпілога..."

Вядучая.
Нас па галовах секлі зоркі
Чэргамі -
У чэрвені,
У вечаровым чэрвені...
Смерць хадзіла
Гаспадаром.
1-я дзяўчынка-сонейка.
Быў крык,
Быў плач,
Быў гром.
Дол скалануўся ад груку.
Уцякаючы ад пагоні,
Стрымгалоў праскакаў па бруку
Конь без конніка,
Як агонь,
Неба,
Выючы нема,
Цэлілася здаля...
2-я дзяўчынка-сонейка.
Няўжо ты мне здрадзіла, неба?
Дай мне ратунак, зямля!
Неба - якое відовішча! -
Зеўрала россыпам дзір.
Вядучы.
Няма ад вайны сховішча...
Вядучая.
Адно ад вайны сховішча...
Разам.
Мір.
П. Макаль. "Нас па галовах секлі зоркамі..."

Фонам гучыць мелодыя песні А. Аляксандрава на словы Л. Ашаніна "Свяшчэнная вайна".

1-ы чытальнік.
Суровым экзаменам на мужнасць і трываласць нашага народа стала Вялікая Айчынная вайна. 1113 жахлівых дзён і начэй працягвалася вайна на тэрыторыі Беларусі. Усе вогненныя дні і ночы наша краіна аказвала небывалае ў гісторыі чалавецтва супраціўленне агрэсару.
1-я чытальніца.
Увесь гэты час вораг не ведаў спакою ні днём, ні ноччу. Зямля гарэла пад нагамі вылюдкаў-захопнікаў і іх хаўруснікаў, ляцелі ў паветра камунікацыі і склады, гарэлі на зямлі варожыя самалёты і танкі.
Вядучы.
63 гады прайшло з дня перамогі над гітлераўскім фашызмам, а жывыя ветэраны не могуць забыцца на жудаснае ліхалецце, перабіраюць у памяці кожную хвіліну, гартаюць альбомы са старымі выцвілымі ад часу фотаздымкамі.
Унук.
Дзядуля, ты вайну прайшоў аж да Берліна,
Не раз паранены, без памяці ляжаў,
Расказваў шмат дачцэ сваёй і сыну,
Хачу, каб ты і мне што-небудзь расказаў.
Ветэран (з альбомам у руках).

Для большай праўдзівасці ролю ветэрана лепш сыграць настаўніку або каму-небудзь з бацькоў.
Аб перажытым
Заўсёды лепш расказваюць
Нашчадкі.
А нам, аслеплым ад агню,
Аглухлым ад грымот
I анямелым ад пакут вайны,
Знаць, не знайсці
Патрэбных слоў,
А мо і іх няма,
Бо з усіх моў,
Існуючых на свеце,
Ніводная не здольна перадаць
Ні горычы руін і папялішчаў,
Ні цішыні магіл,
Ні гора, ні пакут мільёнаў,
Ні велічы расплаты справядлівай
I Перамогі нашай.
М. Танк. "Аб перажытым.. .

Унук.
I ўсё-такі, прашу цябе, дзядуля,
Распавядзі хоць колькі пра вайну,
Пра крэпасць Брэсцкую, не раз мы чулі
Гісторыю герояў не адну.

На працягу аповеду пра Брэсцкую крэпасць і яе герояў гучыць "Рэквіем" Дз. Кабалеўскага.

Ветэран.
Гэта пачалося на досвітку 22 чэрвеня 1941 года. Гітлераўскія войскі раптоўна напалі на нашу крашу. У тую ж раніцу на Брэсцкую крэпасць і на горад абрынуўся агонь варожай артылерыі. 3 неба пасыпаліся бомбы. Але авалодаць крэпасцю з ходу, як меркавала нямецкае камандаванне, ворагу не ўдалося. Гітлераўскія часці, якія фарсіравалі Буг і ўварваліся ў Брэст, на кожным кроку сустракалі жорсткае супраціўленне.
Мужна абаранялася Брэсцкая крэпасць. Яе нешматлікі гарнізон змагаўся да апошняга. Гітлераўцы прымянілі тут свае самае новае ўзбраенне. Звышмагутныя гарматныя ўстаноўкі пасылалі адзін за адным бетанабойныя і фугасныя снарады.
У абаронцаў крэпасці не хапала боепрыпасаў, не было ежы і вады. Але савецкія воіны не раз кідаліся ў контратаку, каб у рукапашнай бойцы адкінуць фашысцкія войскі назад.
Унук.
Бярэ з паліцы кнігу "Брэсцкая крэпасць" С. Смірнова. На экран адначасова праецыруюцца выявы Холмскіх і Цярэспальскіх варотаў напярэдадні вайны, казематы ў разбураных казармах, карціна П. Крываногава "Абаронцы Брэсцкай крэпасці", фотаздымкі герояў цытадэлі. "Рэквіем" узмацняецца.
Трэці дзень не ўдавалася дастаць вады. Зусім побач, за вокнамі казармаў, блішчэў Мухавец. На тым беразе нямецкія кулямётчыкі насцярожана сачылі за нашай абаронай. Варта было каму-небудзь толькі выглянуць у амбразуру - адразу некалькі кулямётаў пачыналі ўзахлёб біць па гэтым месцы. Ноччу на валах за ракой запальваліся пражэктары, наведзеныя на казармы, і кожныя тры-чатыры хвіліны ў паветра ўзлятала ракета - было светла як днём.
Вядучая.
Ужо дзесятка паўтара смельчакоў заплацілі жыццём за спробу спусціцца па крутым схіле да вады. Смага станавілася невыноснай. Але калі тыя, хто заставаўся ў страі, яшчэ цярпелі, то параненыя страшна мучыліся. Цяжка было чуць іх хрыплыя стогны: "Братцы! Вады! Вадзічкі! Хоць кропельку!"
"Рэквіем"прыглушаецца, на экран праецыруюцца фотавыявы Вячаслава Меера, ракі Мухавец, развалін царквы ў двары цытадэлі.
Вядучы.
Вячаслаў Меер быў цярплівым чалавекам і гераічна пераносіў усе нягоды, але спакойна бачыць пакуты раненых ён не мог. Гэта было днём, у хвіліну зацішша. Паранены лейтэнант 84-га палка ў трызненні прасіў піць, і Меер не вытрымаў, схапіў кацялок, імгненна збег па схіле да вады і, асцярожна трымаючы яго ў дзвюх руках, падняўся зноў уверх. Ці немцы на гэты раз не заўважылі, ці іх здзівіла дзёрзкасць раптоўнай вылазкі, але Меер паспеў дабегчы да акна і працягнуў кацялок таварышам.
Ветэран.
I ў гэты самы момант з таго берага раздалася чарга. Рукі Меера быццам падламіліся. Таварышы ўцягнулі яго ў памяшканне. Куля трапіла ў патыліцу, але ён быў яшчэ ў прытомнасці. "Ваду... раненым.. ." - паспеў сказаць, і блакітныя вясёлыя вочы старшыны сталі мутна-шклянымі. Ён памёр.
Унук.
Кніга "Брэсцкая крэпасць" Сяргея Смірнова падае нам шмат імёнаў і подзвігаў.
На экран праецыруюцца фотаздымкі абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Называючы імёны герояў, удзельнікі кампазіцыі кладуць па кветцы ў каску.
1-ы чытальнік.
Гэта маёр Гаўрылаў.
2-і чытальнік.
Лейтэнант Ягораў.
1-я чытальніца.
Камісар Фамін.
2-я чытальніца.
Капітан Зубачоў.
3-і чытальнік.
Чырвонаармеец Бяссонаў.
3-я чытальніца.
Начальнік пагранзаставы лейтэнант Кіжаватаў.
Ветэран.
Часцей, часцей прыпамінай
Імёны паўшых смерцю храбрых
За родны край, наш мілы край, -
Каб над зямлёй, што млела ў ранах,
Плыў гэты сіні-сіні ранак,
Цвіў гэты белы-белы май,-
Часцей, мой друг, прыпамінай!
Н. Гілевіч. "Часцей, часцей прыпамінай..."

У выкананні хору гучыць "Песня аб Брэсцкай крэпасці" на словы А. Лазнявога, музыку У. Алоўнікава, або саліст, які адначасова з'яўляецца ўдзельнікам кампазіцыі, выконвае песню "Героям Брэста" на словы В. Левіна, музыку Л. Захлеўнага.

Вядучая.
Што ведаем увогуле пра вайну, якая была тут, побач? Толькі з часам мы даведаліся аб мастах-пераправах цераз Днепр, што будаваліся з жывых людзей. Аб тым, што перажылі людзі ў канцлагерах. Дзякуй аўтарам кніг "Мы з вогненнай вёскі", "Доўгія вёрсты вайны" "Ніколі не забудзем", з якіх мы даведаліся, што і на роднай зямлі, і ў канцлагерах смерці нямецкія каты жудасна і жорстка здзекаваліся з дарослых і дзяцей. Вось што распавядаюць самі дзеці.

На сцэну выходзяць дзяўчынкі 10-12 гадоў у просценькіх сукенках. На экран праецыруюцца ў адпаведнасці з аповедам карціны з бежанцамі на дарогах, спаленыя вёскі, спалоханыя твары дзяцей, устрывожаныя - жанчын, цягнікі з палоннымі, канцлагеры смерці з нарамі, запоўненымі зняможанымі вязнямі, печы крэматорыяў. Можна таксама выкарыстаць рэпрадукцыі з цыкла "Лічбы на сэрцы"М. Савіцкага.

Каця.
Калі фронт стаў набліжацца да Бягомля, сакратар райкама партыі сказаў маме...
Вядучы.
Муж ваюе, а ты выязджай. Няма чаго табе тут рабіць з чацвярыма дзецьмі.
Вядучая.
А на чым я паеду?
Вядучы.
Я дапамагу дастаць каня.
Каця.
Каля запаведніка немцы перарэзалі нам шлях і забралі каня. Далей не было на чым ехаць, і мы пешшу вярнуліся ў Бягомль. Але там жыць доўга не прыйшлося... Пайсці да партызан мы таксама не паспелі: апоўдні наляцелі немцы і акружылі вёску. У вёсцы былі партызаны. Між імі і немцамі завязаўся бой. Мая мама была паранена ў руку і нагу.
1-я чытальніца.
Людзей сабралі ў адно месца, пералічылі, пад канвоем прыгналі ў Талачын і пасадзілі ў турму.
1-ы чытальнік.
У невялікім памяшканні змяшчалася каля трохсот чалавек. Людзі задыхаліся. Есці давалі адзін раз у суткі, і то нейкага пойла. Каля дзвярэй стаяла бочка з вадой.
Міля.
Тыдзень, праведзены ў талачынскай турме, здаўся годам. Потым нас перавялі ў мінскі канцлагер. У ім было яшчэ горш. Людзей зусім марылі голадам. Пачаліся хваробы. Хворых вывозілі за горад у лес і расстрэльвалі.
Каця.
Так загінулі мая бабуля, цётка Саша і іншыя знаёмыя з нашага мястэчка. Пасля ўсіх пагналі на станцыю.
Алеся.
Нас пасадзілі ў таварны вагон, дзверы зацягнулі дротам і строга загадалі сядзець і не варушыцца. Пры гэтым было аб'яўлена, што калі ўцячэ хоць адзін чалавек, то ўвесь састаў паляціць пад адхон.
Ярынка.
На шостыя суткі цягнік спыніўся. Куды мы прыехалі, ніхто не ведаў. Некалькі гадзін нас не выпускалі з вагонаў. Потым загадалі выходзіць. Нас пастроілі ў калону па пяць чалавек і пагналі. Ноч была цёмная, ішоў дождж з градам. Мы курчыліся ад холаду, бо нашу вопратку адабралі яшчэ ў Мінску.
Міля.
Спачатку мы ішлі полем, потым увайшлі ў лес. Пасярод яго, недалёка ад дарогі, мы ўбачылі вогнішча, на якім нямецкія каты спальвалі дзяцей, як дровы, кідалі ў агонь. Дзеці страшэнна крычалі: "Мамачка, ратуй нас! Я жыць хачу! Не трэба паміраць!"
Алеся.
Некаторыя маці не вытрымлівалі і тут жа падалі без прытомнасці, іх немцы забівалі таксама. Астатнія крычалі так, што рабілася страшна, і мы дрыжалі, нібы на марозе.
Ярынка.
На ўскраіне лесу мы ўбачылі крэматорыі, вялікія, падобныя на фабрыку, будынкі з высокімі круглымі комінамі. 3 комінаў вырываліся клубы сівога дыму і часам шугала полымя. На зямлі стаяў страшэнны смурод. Пахла гарам. Тут мы здагадаліся, што трапілі ў лагер, дзе спальваюць людзей.
Каця.
Убачыўшы першы раз гэтае полымя, я крыкнула: "Мамачка, пажар!" Але полымя хутка згасла. Мая сяброўка Міля Янушэўская, якая ішла побач, сказала...
Міля.
Каця, нас адлучаць ад дарослых і спаляць на тым самым вогнішчы, на якім спальвалі дзяцей.
Каця.
Няўжо нас вядуць на смерць? Мне страшна, Міля, я жыць хачу.
Міля.
За што, скажы, за што нас вядуць на смерць, мы ж нічога дрэннага не зрабілі...
Міля.
Будынак крэматорыя быў агароджаны калючым дротам. Нам загадалі спыніцца. Гадзіны тры мы стаялі без руху. Калі ўспыхвала полымя, мы здагадваліся, што гэта кідалі ў агонь людзей.
Каця.
Праз некалькі хвілін падышоў тоўсты пажылы немец-эсэсавец і загадаў усім распранацца... 3 крыкам і плачам жанчыны і дзеці пачалі скідаць вопратку. Тых, хто не хацеў распранацца, немец біў палкай. Многія, усё яшчэ не верачы, што іх гоняць на верную смерць, звязвалі сваю вопратку ў клуначкі і клалі збоку, у сушэйшае месца.
Міля.
Мы ўвайшлі ў сырое і цёмнае, без вокнаў, памяшканне. Сцены і падлога ў ім былі цэментавыя. Холад хапаў за ногі, зрабілася яшчэ страшней. Я з жахам падумала: "Вось-вось настане мой канец, і больш я нічога не ўбачу".
Ярынка.
Мінуўшы адзін пакой, увайшлі ў другі. Тут жанчынам пачалі абстрыгаць валасы і кідаць у кучу. Такіх куч было некалькі.
Алеся.
У трэцім пакоі дзве немкі ў чорных халатах змазвалі нам галовы нейкай смярдзючай вадкасцю. Потым па адной сталі мы заходзіць у памяшканне, з якога ўжо траплялі ў печ крэматорыя. Перад уваходам стаяла вялікае карыта з якойсьці густой сліззю. Кожны з нас вымушаны быў памазаць ногі да каленяў.
Каця.
Калі памяшканне аказалася бітком набітым людзьмі, дзверы за намі зачыніліся. Падняўся страшэнны плач, енк.
Алеся.
Раптам я адчула, як падлога пад намі зварухнулася і пачала нахіляцца. Унізе, збоку, мы ўбачылі агонь -гэта і была печ крэматорыя, у якой спальвалі людзей. Тыя, што стаялі з таго краю, з крыкам зваліліся ўніз. Мы таксама не маглі ўтрымацца на слізкіх нагах і пачалі пасоўвацца.
Ярынка.
Але ў гэты час здарылася тое, чаго ніхто не чакаў. Падлога пачала ўзнімацца. Калі яна выраўнялася, расчыніліся дзверы і ў памяшканне ўвайшлі камендант і той самы немец, які прымушаў нас распранацца. Камендант па-нямецку нешта сказаў тоўстаму.
Каця.
Нас аблілі халоднай вадой, якая лілася аднекуль зверху. Некаторыя жанчыны так сасмяглі, што разяўлялі раты і з прагнасцю пілі гэтую брудную халодную валу. У асобнай зале ўсіх нас аглядалі і ставілі кляймо. У мяне на левай руцэ, ніжэй ад локця, быў зроблены нумар 79645, у мамы - 79646, а ў Мілі - 79644.
Алеся.
Недалёка ад лагера была сажалка. Немцы прымушалі зняволеных залазіць у сцюдзёную ваду і вядзерцамі пераліваць яе ў канаву, а потым з канавы - назад у сажалку. За найменшае непаслушэнства жорстка збівалі.
Ярынка.
Аднойчы ў адзінаццаць гадзін дня навічкоў павялі ў "рывір" - бальніцу. Сярод нас было некалькі зусім маленькіх дзетак - па два-тры гады, не больш. Іх павялі ў асобную палату. Потым запрасілі мяне. Там распранулі і павялі да стала, я ўпіралася, плакала. Немка і перакладчыца сілком паклалі мяне на стол. Рукі, ногі, галаву прывязалі гумавымі жгутамі.
Каця.
Крыві бралі шмат, і многія дзеці паміралі. У канцы 1944 года да нас дайшлі весткі, што Чырвоная Армія падыходзіць да Асвенціма. У лагеры паднялася паніка. Немцы пачалі паліць дакументы, баракі, узрывалі крэматорыі, выводзілі людзей. Тых, хто не мог ісці, расстрэльвалі.
Вядучы.
"Нас тут было чатыры міліёны!" -
Крычыць жахлівы надпіс са сцяны.
"Усім, усім падпальшчыкам вайны
На ўсе вякі мы шлём свае праклёны!"
Ярынка.
"Нас з'еў агонь - чатыры міліёны
Мужчын, жанчын, дарослых і дзяцей".
Алеся.
"Скажыце: дымам з вогнішча касцей
Сягоння свет ужо не заімглёны?"
Каця.
"Скажыце - мёртвыя, мы хочам знаць:
3 жаночых кос, як таннай сыравіны,
Ужо не ткуць сягоння мешкавіны..."
Міля.
"I дываноў, каб ногі выціраць?
А каб мільёнамі не паміраць -
Вы знаеце, што вы рабіць павінны?"
Н. Гілевіч. Асвенцім.

Дзеці нясуць у каску некалькі кветак, аб'яўляецца ХВІЛІНА МАЎЧАННЯ.

Вядучая.
Дык вось што з табою хацелі зрабіць,
Любоў мая, гордасць і вера!..
Аб гэтым патомкаў прашу не забыць
На сто пакаленняў уперад.
Міля.
Які нечуваны чакаў прыгавор!
Прымусіўшы гвалту скарыцца,
Тры чвэрці адправіць на голад і мор,
А рэшту - хрысціць у арыйцаў.
Каця.
Тры чвэрці адправіць за тысячу вёрст
Ад гоняў, дзе й вецер быў родны,
Каб нават памерці да дзедаўскіх гнёзд
Вярнуцца не мог аніводны.
Алеся.
А рэшту пакінуць, каб неслі крыжы,
Каб самі магілу капалі
Для скарбаў тваёй неўміручай душы,
Для сонечных песень Купалы...
Вядучы.
Каб сёння, праз некалькі год усяго,
Нявольнік і раб на Радзіме,
Не мог я маленькага сына свайго
Па продку назваць нашым імем.
Н. Гілевіч. Любоў мая, гордасць і вера.
Унук.
Прыпамінай часцей, мой друг,
Імёны тых, што ўсё зрабілі -
Вышэй усіх тваіх заслуг,
Што, як і ты, да слёз любілі
Маністы ўвосень на рабіне
I ў ліпкіх смолках майскі луг, -
Не забывай пра іх, мой друг!
Н. Гілевіч. "Часцей, часцей прыпамінай..."

Вядучы.
Сёння ў нас у зале прысутнічаюць людзі розных пакаленняў. Тут і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, і людзі, чыё дзяцінства выпала на гады ваеннага ліхалецця, і тыя, хто нарадзіўся пасля вайны, і маладыя, для каго вайна - ужо даўно гісторыя...

Зачытваецца найлепшае конкурснае сачыненне на тэму "Вайна ў лесе маёй сям'і", даецца слова ветэранам, або ідзе кароткі аповед пра іх ваеннае жыццё і подзвігі.

2-і чытальнік.
Суровы прыпомніцца шлях
I тыя пякельныя мукі...
Гараць медалі на грудзях,
I вас абдымаюць унукі.
3-я чытальніца.
За подзвіг вам шчыра яны
Гавораць удзячныя словы...
3-і чытальнік.
I праўнуку - рэхам вайны
Гром першы ў нябёсах вясновых.
А. Нафрановіч. Ветэранам мінулай вайны.

Дзеці падносяць кветкі ветэранам.
Харэаграфічная група выконвае кампазіцыю пад музыку песні "Майскі вальс" (словы М. Ясеня, музыка I. Лучанка).


Унук.
Я сёння даведаўся многа,
Скажы, дзядуля, якой
Была тады Перамога,
Калі закончыўся бой?

Дзяўчынкі-сонейкі перагортваюць каляндар, на старонцы якога мы чытаем "9 мая - Дзень Перамогі".

Ветэран.
Яна была ў лінялай гімнасцёрцы,
I ногі да крыві ў яе нацёрты,
Яна прыйшла, пастукалася ў хату,
Сустрэла маці госцю ля парога.

Праз залу ідзе жанчына ў салдацкай гімнасцёрцы, з мікрафонам у руках, падымаецца на сцэну.

Перамога.
Служыў твой сын са мной - сягоння свята,
I я прыйшла, завуся Перамога.
1-я дзяўчынка-сонейка.
Быў чорны хлеб святлей ад светлых дзён,
I слёзы больш салёныя за соль.
2-я дзяўчынка-сонейка.
I сто сталіц крычалі, білі ў звон,
Ў далоні пляскалі і танцавалі...
Міля.
I дзве кабеты праз пакутны боль
Сядзелі ў хаце ціха і маўчалі.
Каця.
Якія цяжкія за спінаю дарогі...
Алеся.
I лесу невыносна-страшны вір.
Ярынка.
Шчаслівы самы дзень - Дзень Перамогі...
Разам.
Мы захаваем для нашчадкаў мір!

Усе ўдзельнікі кампазіцыі выходзяць на сцэну, жанчына-спявачка, што ў ролі Перамогі, выконвае песню Д. Тухманава "Дзень Перамогі", прыпеў якой падхопліваюць усе прысутныя: і госці, і артысты.
Вядучыя запрашаюць ветэранаў у "Гасцёўню", дзе ў цёплай, нязмушанай атмасферы прагучаць іх любімыя мелодыі, магчыма, адбудзецца частаванне за салодкім сталом.



Яшчэ на гэту тэму:

Дарогай памяці     Салдаты перамогі