сцэнарыі святаў на беларускай мове

ЛІНКЕВІЧ Валянціна Іосіфаўна - настаўніца беларускай мовы і літаратуры САШ № 3 г. Пінска. Роднае слова Ліпень 2009 г.

Падарожжа ў краіну зёлак

Сцэнарый святочнага мерапрыемства

Рыхтуючыся да свята, трэба загадзя насушыць розных зёлак (крапіва, святаяннік, дзівасіл, набор, верас, рамонак, скрыпень, цмен, падтыннік, падбел, трыпутнік, крываўнік, піжма, палын) і звязаць іх у вехцікі.
На сцэну выходзіць дзяўчына ў беларускім строі і чытае верш.

Прачнецца Край
3 дубровамі і пушчамі,
Ускоціць сонейка
На свае вяршаліны, -
I росамі акропіцца
Гаючымі,
I апаўюцца
Туманамі-шалямі
Імшарыны.
Магутна
Ў старажытнага
Бароўя
Пад муравой
Карэнні
Заварушацца.
О, колькі зёлкавага
Добрага здароўя
Усім
У гэты час
Уручыцца!
Сяргей Панізнік. "Прачнецца Край..."

Вядучы. Дарагія сябры! Дзеці і дарослыя! Сёння мы вас запрашаем на гасціну. Разам здзейснім падарожжа ў чароўную Краіну Зёлак. Перад вамі адкрыецца таямнічы свет лекавых раслін, дзе чалавека дапытлівага, неабыякавага чакае мноства дзівосаў!

Вучань.
На лясной паляне зёлкі паспрачаліся калісьці,
ад якой карысці колькі, ад якой найбольш карысці.
Пасярод лясной палянкі правялі няшмат гамонак
цмен,
валошка,
талакнянка,
валяр'ян,
падбел,
рамонак,
піжма,
ландыш,
святаяннік,
а таксама і чабор.
Бо знахарка на паляне
Іх знайшла - ўзяла з сабой.
Васіль Жуковіч. Зёлкі.

У гэты час прыходзіць бабуля з кошыкам зёлак, які ставіць на стол, засланы абрусам. Выбягае дзяўчынка і звяртаецца да бабулі:
- Бабулька! Бабулька!
Заўтра й я павінна ўстаць
Раненька, з зарою:
Пойдзем зёлкі мы збіраць
Людзям на здароўе.

Святаяннік, дзівасіл,
Сухацвет і піжму –
Каб было на лекі ўсім-
Буду рваць я ўвішна.

Палячыцца каб маглі
Сталыя і дзеці
Сокам роднае зямлі,
Што сабрана ў цвеце.

Каб адчулі ўсёй душой,
Колькі сілы-моцы
У лясной і лугавой
Беларускай зёлцы!
Ніл Гілевіч. Зёлкі.

Вучні па чарзе падыходзяць да кошыка, кожны дастае сваю зёлку і расказвае пра яе. Потым кладзе зёлку на стол.

Вучань (дастае з кошыка святаяннік).
На Янаў дзень, на свята Яна,
Купальскай дзіўнаю парой
Цябе сустрэне не паляна
За разуквечанай гарой,
А княства зёлак, водар ранні.
Там кругам ходзіць галава,
Бо зацвітае святаяннік -
Зачараваная трава!

Бабуля вехцік асвяціла,
На покуць ставіць, б'е паклон.
Цяпер прыроды нашай сіла
Спрадвечны заняла свой трон.
Хто занядужыць - дапаможа,
Хто разняверыцца - скране.
Няпраўду праўда пераможа -
I шчасце вас не абміне!
Сяргей Панізнік. Святаяннік.

Назва гэтай расліны вельмі грозная - зверабой. А яшчэ на Беларусі гэтую зёлку называюць прыгожа і таямніча - святаяннік. Праўда, яна не забівае звяроў, затое па-сапраўднаму згубна ўздзейнічае на шкодных мікробаў. Напэўна, таму, што зацвітае на святога Яна. Яшчэ называюць яго святаянскае зелле, дзюравец, бо на пялёстках кветак і лісточках можна ўбачыць шмат дробных дзірачак. Гэтая травяністая расліна з жоўтымі кветкамі і плямістым лісцем нарыхтоўваецца ў час цвіцення. Святаяннік прыгадваецца шмат у якіх старадаўніх лячэбніках і траўніках. "Як без мукі нельга спячы хлеб, так без святаянніку нельга лячыць многія хваробы людзей і жывёл", - сцвярджалі лекары мінулага. Ён славіўся як лекавая расліна ад "дзевяноста дзевяці хваробаў". I сапраўды, святаяннік ужываецца ў розных галінах медыцыны. Яго заварваюць і п'юць пры страўнікава-кішэчных захворваннях, хваробах печані, крыві, скуры.
А які духмяны і смачны чай, завараны з сухой травы расліны. Выпіў шклянку - і яшчэ хочацца!
У харчовай прамысловасці святаяннік ужываюць для вырабу прыправы да рыбных страў.
3 кветак расліны вырабляюць зялёную, чырвоную і ружовую фарбы.

Вучань (дастае з кошыка падбел). А гэтая зёлка называецца падбел.
Ёсць такая прыкмета: як толькі сярод снегу на праталінах паўднёвых сонечных схілаў з'явяцца жоўтыя кветачкі падбелу - значыць, надыходзіць вясна. Просценькія, але прывабныя кветкі падбелу раней за усе іншыя ўпрыгожваюць зямлю. А потым з'яўляюцца лісты, якія па форме нагадваюць падэшву конскага капыта. Ніжні апушаны бок яго мяккі і светлы, адкуль і пайшла назва - падбел. Як лекавая расліна ён вядомы з даўніх часоў. Гіпакрат ужываў яго карані пры лячэнні захворванняў лёгкіх.
У народнай медыцыне скарыстоўваюць лісце падбелу разам з кветкамі пры кашлі, бранхіце, адсутнасці апетыту. Здробненае свежае лісце дапамагае пры запаленні вен ног. Сумессю лісця падбелу і крапівы мыюць галаву пры выпаданні валасоў.

Вучань (дастае з кошыка падтыннік). А гэта наш беларускі жэньшэнь. Завуць яго падтыннік, і вам ён больш вядомы як чыстацел, ці ластаўчына трава. Гэтая назва бярэ пачатак ад старажытнага падання пра ластавак, якія вясной збіраюць сок расліны і ляцяць з ім да слепанароджаных дзяцей, каб вярнуць ім зрок.
Расце падтыннік у лясных ярах, сярод хмызнякоў, каля жытла пад тынам. Усе часткі расліны атрутныя.
Яшчэ ў Сярэднявеччы алхімікаў зацікавіла гэтая зёлка: падтыннік на зломе вылучае сок, які на паветры цямнее, ператвараючыся ў аранжава-чырвоны. "А ці нельга з гэтай расліны здабыць золата?" - падумалі алхімікі. Золата яны, вядома, не здабылі, затое расліна добра даследавана.
Аднак не толькі алхімікі звярнулі ўвагу на падтыннік. У народнай медыцыне яго выкарыстоўваюць на працягу стагоддзяў для лячэння мазалёў, захворванняў скуры, печані.
Падтыннік яшчэ называюць бародаўнікам, жоўтамалочнікам, рудзянцом, бо сокам гэтай расліны з поспехам выводзяць бародаўкі, мазалі, лечаць пухліны. Але ўжываць падтыннік трэба асцярожна, каб не атруціцца.
3 адлётам ластавак у цёплыя краіны вяне і паступова засыхае ластаўчына трава. Мінуць дажджлівая восень, доўгая завейная зіма, надыдзе вясна. 3 далёкага выраю вернуцца ластаўкі, і разам з імі з'явяцца на свет маладыя парасткі падтынніку як добры знак да ачышчэння прыроды і чалавечай душы.
Вучань (дастае з кошыка дзівасіл).
Побач на лаўцы размясціліся дзеці, сярод іх бабуля.
Ёсць расліна дзіўная ў народзе,
Яна ходзіць казкаю па ўсіх,
Мо калісьці пры цяжкой нагодзе
Так празвалі людзі - "дзівасіл".

Мы сядзім ля плота. Бабка з намі -
Ўсё вядзе свой даўні, дзіўны сказ...

Вучань перадае бабулі зёлку.

Бабуля.
Ох, жылося цяжка пад панамі,
Быў пабіты сын мой - Апанас.

Так паны яму пабілі грудзі,
Бо змагаўся ён за долю ўсіх...
Я ўжо думала, што жыць не будзе,
Аж знайшлі ратунак... дзівасіл...

Ён падняў на ногі майго сына...
Зразумелі гэта мы пасля,
Бо раслінку гэтую так дзіўна
Напаіла сокамі зямля.

А ён вось за плотам жоўтым квеццем
Ўсё ківае злёгку галавой
I не ведае, што так на свеце
Ён з людской пасябраваў бядой.

Калі вам на сэрцы цяжка стане,
Адбярэ вам немач рэшту сіл,
Не сумуйце, людцы, не сумуйце,
Дам вам на дарогу дзівасіл.
Паводле Піліпа Пестрака. "Ох, жылося цяжка пад панамі..."

Вучань (бярэ ў бабулі дзівасіл). I сапраўды, дзівасіл - распаўсюджаная, вядомая, але крыху забытая апошнім часам лекавая расліна. Вышынёй каля 1,5 м, з буйным лісцем і жоўтымі кветкамі, падобнымі да сланечніку. Цвіце ў чэрвені - верасні. Расце ў кветніках, агародах, сустракаецца як здзічэлая расліна на берагах рэк, палях, лугах па ўсёй тэрыторыі Беларусі.
3 даўніх часоў дзівасіл вядомы як сродак лячэння ліхаманкі, запалення верхніх дыхальных шляхоў, ужываецца для паляпшэння стрававання і абмену рэчываў. Акрамя таго, настой з дзівасілу засцерагае ад гастрыту, язвы. У народзе лічаць, што "дзевяць чароўных сіл" расліны паляпшаюць стан здароўя пры многіх захворваннях.

Вучань (дастае з кошыка скрыпень). Ці бачылі вы на лясных высечках чароўныя паляны? Высокія мяцёлкі кветак расступаюцца перад вамі, вабяць у яркія духмяныя зараснікі. Гэта скрыпень. Расліна нярэдка дасягае ў вышыню 1-2 м. Лісце скрыпеню нагадвае лісце вярбы. Кветкі сабраны ў завостраную ўгору гронку. Цвіце скрыпень з чэрвеня па верасень. У гэты час яго і збіраюць.
Скрыпень здаўна ўжываюць у якасці заспакаяльнага сродку, як валяр'ян, пры гастрыце з павышанай кіслотнасцю, язвавай хваробе.
Парашком з лісця пасыпаюць абмарожаныя месцы. Скрыпень ўжываюць і ў ежу. Маладыя каранёвыя парасткі адварваюць, як спаржу. Саладкаватае на смак карэнне ядуць сырым і вараным. Высушанае лісце таксама заварваюць і атрымліваюць моцны і смачны напой.
Скрыпень - выдатны меданос. Адна кветка ўтрымлівае да 25 мг нектару. Мёд з гэтай расліны празрысты, мае прыемны пах і смак.

Вучань (дастае з кошыка крываўнік). Гэтая зёлка ў нас на Беларусі носіць назву крываўнік. У народзе яе называюць таксама белая кашка, белагалоўнік, заечая трава, палявая грэчка, серпарэз, парэзнік. Сцябліна вышынёй каля 50 см са шматразова рассечанымі лістамі і густым суквеццем з бела-ружовых кошыкаў. Расце на палях, лугах, лясных палянах, у садах і агародах. 3 лячэбнай мэтай выкарыстоўваюць суквецці раслін.
На працягу тысячагоддзяў, ад Дыяскарыда (грэчаскі лекар, які жыў у I ст. н. э.) да нашых дзён, крываўнік ўжываюць як цудоўны кроваспыняльны і раназагойвальны сродак, а пры страўнікава-кішэчных захворваннях - для суцішэння болю і ўзбуджэння апетыту. Адвары крываўніку выкарыстоўваюць таксама пры захворванні скуры.
Вучань (дастае з кошыка цмен).
Я збіраў іх у спелым леце –
Гэты жоўты агонь суквеццяў.
Па сцяблінцы на ўзгорках пахілых,
на глухіх валатоўках-магілах,

На акопах старых, у варонках,
на крывавых разорах старонкі...
Я збіраў іх па ўсім белым свеце -
гэты жоўты агонь суквеццяў.

Асцярожна звязаў іх травою
і на покуць паклаў у пакоі.
3 той хвіліны пад родным дахам
Чую, тонкім струменіць пахам,
Ясным цветам -
нязводным, свойскім,
несмяротным, як край бацькоўскі!
Мікола Арочка. Кветкі бяссмертніку.

Гэта цмен, ці бяссмертнік, сухацвет. Народныя назвы гэтай зёлкі - кацялапкі, сухазелле. Яго сухія кветкі, зрэзаныя пасля цвіцення, захоўваюць свой выгляд, таму іх збіраюць у букеты і выкарыстоўваць для пляцення вянкоў. У медыцыне ўжываюць жоўтыя шарападобныя кошыкі кветак. Кветкі збіраюць, калі яны яшчэ не зусім распусціліся. Цмен дапамагае пры неўралгіі, захворваннях печані, нырак.

Вучань (дастае з кошыка крапіву).
Наша дзіўная суседка,
Непаседная жывучка,
Хутара старога сведка
Злая крапіва-пякучка,
Страшны
Страж
Лаўжа
Жыгучка.
Там, за плотам, раскашуе.
Нечакана "павіншуе":
Джгне любога! Вось такая!
Не чапайце вы яе:
Кожны лісцік зброю мае,
Кожны вехцік секане.
Фітанцыды гояць раны,
Хларафіл мацуе кроў...
Твой, суседзе, двор прыбраны.
I хоць вельмі ты старанны, -
Не скідай яе у роў!
Сяргей Панізнік. Крапіва.

Раней крапіву нарыхтоўвалі для атрымання хларафілу як бясшкоднага фарбавальніка ў фармацэўтычнай і харчовай прамысловасці.
У час Вялікай Айчыннай вайны вучоныя ўспомнілі пра гэтую расліну, бо патрэбныя былі кроваспыняльныя сродкі. I крапіва саслужыла добрую службу ў шпіталях і бальніцах. Гэтая зёлка павялічвае колькасць гемаглабіну пры лячэнні малакроўя, добра загойвае раны.
Добрым словам успамінаюць крапіву рыбакі і паляўнічыя: здаўна вядома, што няма лепшага спосабу захаваць улоў або здабычу летам, як загарнуць у лісце крапівы.
Дык хіба ж можна крыўдзіцца на расліну, якая прыносіць людзям столькі карысці?

Вучань (дастае з кошыка чабор).
Адны вучоныя лічаць, што назва гэтай расліны мае старажытнагрэчаскае паходжанне і перакладаецца як "мужнасць". Бо сапраўды трэба мець сілу і мужнасць, каб у спёку смела падняць над зямлёй суквецці маленькіх ружова-ліловых кветак.
Іншыя прытрымліваюцца думкі, што назва прыйшла да нас з лацінскай мовы і абазначае "ахвярапрынашэнне". У старажытных грэкаў чабор прыносіўся ў ахвяру багіні Афрадыце. Вышыванай кветкай чабару, абкружанай пчоламі, у Сярэднявеччы ўпрыгожвалі рыцарскія шалікі.
Чабор ратуе ад кашлю, лечыць бранхіт і іншыя прастудныя захворванні. А якія ванны з чабаром! Ад іх вее водарам поля, кветак. Карысныя яны пры захворваннях суставаў, мышцаў, нервовай сістэмы.
Знайшла гэтая зёлка шырокае прымяненне і ў кулінарыі: пры засолцы агуркоў, марынаванні яблыкаў і груш. Чабор - цудоўная прыправа для супоў, мясных і рыбных страў.
Кветкі чабару ачышчаюць памяшканне, водар расліны быццам увабраў у сябе ўсе пахі траў перад дажджом.

Вучань (дастае з кошыка палын).
Ой, палын мой, палыночак,
Палын - горкая трава,
Гарчэй цябе, палыночак,
Ва ўсім полі ды няма.

Калі вымаўляецца слова палын, часцей за ўсё не даводзіцца тлумачыць, што гэта за расліна. Горкі смак лісця прымушае нават жывёл пакідаць яго некранутым. Але чалавек, нягледзячы на гаркату, карыстаецца ім, каб паправіць свае здароўе.
Лекавыя ўласцівасці палыну цанілі здаўна. Трава расліны лічылася вельмі гаючай і ўжывалася пры захворваннях нырак, як супрацьяддзе пры атручваннях. Пра гэта даволі падрабязна напісана ў Салернскім кодэксе здароўя. Французы называюць палын зеллем здароўя. Нездарма лацінская назва аrtеmіsіа ў перакладзе азначае "свежы, здаровы". У народзе яго называюць божым дрэвам. Існуе каля 400 відаў гэтай расліны. У Беларусі расце палын мяцёлкавы.
Чабаны Сярэдняй Азіі, адкарміўшы авечак на пашах, у канцы сезона праганяюць атары праз зараснікі палыну, каб пазбавіць жывёлу ад кішэчных паразітаў. Эфірны алей цытварнага палыну, які валодае прыемным пахам, выкарыстоўваецца ў парфумернай прамысловасці, а таксама для ўмацавання валасоў.
Некаторыя віды палыну скарыстоўваюцца ў выглядзе цыгарэт для прыпяканняў пры "цжэнь-цзю-тэрапіі" - адным з метадаў кітайскай медыцыны. Пры спальванні такой "цыгарэты" даўжынёй каля 20 см, якая ўтрымлівае шматлікія карысныя рэчывы, над скурай узнікае інфрачырвонае выпраменьванне з тэмпературай больш як 500 °С. Гэтым метадам лечаць пры захворваннях суставаў, бранхіяльнай астме, язве страўніка.
Як бачым, палын - цудоўны лекар.

Вучань (дастае з кошыка рамонкі).
Раз - рамонак,
Два - рамонак,
Тры, чатыры, пяць...
Не злічыць усе -
Наўкола,
Нібы сонейкі, гараць.
Міхась Пазнякоў. Рамонкі.

Рамонкі нагадваюць парасончыкі. Існуе легенда, што ў даўнія-даўнія часы яны служылі парасончыкамі для маленькіх стэпавых гномікаў. А яшчэ рамонкі падобныя да здзіўленых вочак. Калі ў сухі ветраны дзень выйсці на луг і ўважліва прыслухацца, то можна пачуць шолах белых рамонкавых веек. Здзіўленыя вочкі рамонкаў цэлых сем месяцаў - з красавіка да верасня - глядзяць на неба, спрабуючы зразумець рух воблакаў, зор і планет. Глядзяць-глядзяць, стомяцца і пачынаюць міргаць белымі вейкамі, і тады мы чуем іх лёгкія шолахі.
Радзіма рамонку - Амерыка. Як зелле ён патрапіў да нас разам з амерыканскім зернем у трумах параходаў, потым - па чыгунцы. У мяшках грузчыкаў былі дзіркі, у падлозе вагонаў -шчыліны, і дробнае насенне амерыканскага рамонку рассеялася па палатне чыгункі.
У лячэбнай практыцы выкарыстоўваюцца кветкавыя кошыкі і часткова трава. Яны валодаюць супрацьзапаленчым, супрацьалергічным дзеяннем. Цяжка пералічыць захворванні, якія не лечыць гэтая цудоўная зёлка.
Сыравіна рамонку шырока выкарыстоўваецца ў касметыцы. Каб надаць валасам залацістае адценне, пры мыцці выкарыстоўвайце рамонак.

Вучань (дастае з кошыка трыпутнік).
Патаптанае,
Здратаванае
Каблукамі і капытамі,
Пакалечанае,
Знявечанае
I машынамі й калясьмі,
Шэрым пылам удзень спавітае,
Невядома чым ноччу ўмытае -
Ці то росамі,
Ці слязьмі.
Дзе такому раўняцца
3 іншымі -
Буйнацветнымі,
Ярка-пышнымі,
Што адвеку красою славяцца
I на рынках каштуюць дорага,
Што ў крыштальныя вазы ставяцца
I на ўсіх юбілеях дорацца,
Што кідаюцца ў вочы кожнаму
I прывабліваюць здалёк...
Пагарджанаму,
Прыдарожнаму
I не сніцца падобны лес!
Ды хоць вечна яно ўшчуванае,
Як сіроты ў чужой сям'і -
Моц у ім жыве нечуваная -
Моц і сіла самой зямлі.
Гэта ведалі добра продкі
I цанілі трыпутнік некалі:
Скрозь па вёсках
Дзядзькі і цёткі
Карысталіся ім як лекамі.
3 апантанай
Паганскай вераю
Мякаць свежых лісткоў
Прыкладалі да ран і вераду,
Да нарываў і сінякоў.
А было яшчэ так:
Дзяўчаты
Перад сном,
Нібы птушкі пудкія,
Выляталі нячутна з хаты
Да нагледжаных днём
Трыпутнікаў
I зусім не дзеля забавы
(Дыктаваў рытуал абраднасці)
Адрывалі лісток зубамі
I дамоў яго неслі
Ў радасці,
Пад падушку сабе лажылі
I на сон малады загадвалі -
Нібы ў будучыню заглядвалі -
Пра свой лес яны варажылі.
О, як многа тады ім
Снілася
Таго шчасця,
Што ўсё пазнілася!..

Знаю:
Смешна было б варочацца
Зноў да шчасця,
Што толькі сніцца.
А трыпутнік угледжу -
Хочацца
Па-язычніцку пакланіцца.
Ніл Гілевіч. Лісце трыпутніку.

"Зялёны лекар падарожных" - трыпутнік -нязменна побач з чалавекам. 3 канца траўня да самай восені цвіце гэтая зёлка. Больш як дзве тысячы гадоў расліна вядома чалавеку. Трыпутнікам лячылі хворых лекары мінулага Гіпакрат, Дыяскарыд, Авіцэна. У часы Сярэднявечча чароўныя ўласцівасці зёлкі скарыстоўвалі пры захворваннях лёгкіх, страўніка, вачэй і вушэй.
Увесну пры авітамінозе маладыя лісточкі трыпутніку можна дабаўляць у салаты ў якасці вітаміннага зяленіва.

Вучань (дастае з кошыка верас).
Цвітуць на ўзлеску верасы
Пяшчотным колерам ліловым.
Змаўкаюць птушак галасы,
Губляюць першы ліст дубровы.
Як промні сонейка зальюць
Апошняй цеплынёй паляны, -
Тут пчолы рупныя снуюць
I звон плыве іх несціханы.
Апошні верасовы мёд
Пчалу паклікаў у палёт.
Зоська Верас. Верас.

Па назве гэтай зёлкі першы восеньскі месяц названы ў нас вераснем. Менавіта тады буяе, раскашуе верас, услаўшы зямлю дзівосным кілімам, ад якога ўсё наваколле напаўняецца непаўторным водарам.
Кажуць, што ў старажытныя часы кароль Шатландыі вырашыў даведацца пра таямніцу цудоўнага гаючага напою з верасу, які умела гатаваць адно з плямёнаў на поўначы краіны. 3 агнём і мячом прайшлі шатландцы праз гэты край, але свабодалюбівы народ не раскрыў захопнікам таямніцы і забраў яе з сабой у магілу.
А мне не страшна вогнішча.
Няхай памрэ са мной
Святая таямніца -
Мёд верасовы мой! -
горда адказвае каралю-тырану стары медавар у вядомай баладзе "Верасовы мёд" Роберта Стывенсана.
Але не толькі мёд, а і сам верас здаўна карыстаецца пашанай у лекараў. Яго ўжываюць пры бяссонні і іншых нервовых захворваннях. Лечаць верасам печань, ныркі, а яшчэ заварваюць траву і п'юць як чай.

Вядучы.
У нас - ці ў лесе ты, ці ў полі -
Садзіся смела, дзе стаіш:
Не бойся - сцёгны не паколеш,
Як на падушцы, пасядзіш.

У нас зямля - якую краску,
Якую былку ні сарві –
Кладзі да сэрца, як лякарства,
I здаравей, брат, і жыві!
Ніл Гілевіч. 3 рамана ў вершах "Родныя дзеці".

Вядучы. Немагчыма пералічыць усе зёлкі беларускай зямлі. Сёння мы даведаліся пра лекавыя ўласцівасці толькі некаторых з іх. Збірайце зёлкі, няхай яны аддаюць вам сваю цудадзейную сілу. У чароўную ноч на Купалле шукайце іх на лузе, у лесе ці ў полі.
Вучань. У ноч агню, кветак і песень зямля поўніцца сілаю. Цягнуць сокі з зямлі ўсе травы, хмызы, дрэвы. Людзі ведалі, што купальскія зёлкі самыя моцныя. Яны могуць спыняць і ачышчаць кроў, прасвятляць галаву і вочы, супакойваць сэрца, надаваць сілу.

Вядучы. А зараз прапануем вам віктарыну.
1. Лічылася, што ў ноч на Купалле трэба ўзяць у рукі гэтую бессмяротную кветку разам з чароўнай кветкай папараці, толькі тады знойдзеш скарб. Што гэта за кветка? (Цмен, або сухацвет, бяссмертнік.)
2. У Беларусі адзін з месяцаў названы ў гонар гэтай кветкі. (Верас.)
3. Гэтыя кветкі не толькі прадказваюць лес, але і вельмі карысныя пры мыцці валасоў. (Рамонкі.)
4.3 лісця гэтай расліны робяць адвар ад кашлю. (Падбел.)
5. Гэтая вясновая кветка пяшчотная, прыгожая, але атрутная. Між тым з яе гатуюць лекі ад захворванняў сэрца. (Ландыш.)
6. Усе ведаюць, што лісце гэтай прыдарожнай расліны прыкладаюць да раны. (Трыпутнік.)
7. Адвары з кветак гэтай жыгучай расліны п'юць пры галаўных болях і выкарыстоўваюць для мыцця валасоў. (Крапіва.)
8. Гэтую расліну выкарыстоўваюць для лячэння скурных хвароб, пра што можна здагадацца і па яе назве. (Чыстацел, або падтыннік.)
9. 3 лісця гэтай расліны робяць так званы капорскі чай. (Скрыпень.)
10. Роберт Стывенсан у баладзе сцвярджаў, што некалі з мёду і кветак гэтай расліны гатавалі цудоўны напой. (Верас.)
11. У аповесці Рэя Брэдберы з гэтай расліны рабілі віно. Аднак з яе карэння можна зрабіць напой, падобны да кавы, а з кветак зварыць варэнне. (Дзьмухавец.)
Вядучы. А зараз запрашаем вас пачаставацца чароўнымі напоямі з нашых беларускіх зёлак. Гучыць верш "Запрашэнне на гасціну" Сяргея Панізніка.
Удзельнікі свята частуюць усіх прысутных напоямі з лекавых раслін.


Спіс літаратуры
Корсун, У. Расліны і здароўе / У. Корсун. - Мінск, 1991.
Красйков, С. Цветы в преданйях / С. Красйков. -Мйнск, 1989.
Марозаў, 3. Азбука агранома Валошкі / 3. Марозаў. - Мінск, 1989.
Панізнік, С. Золкая зёлка : Вершы / С. Панізнік. -Мінск, 1999.