сцэнарыі святаў на беларускай мове

І.І. КАЛАЧОВА, кандыдат гістарычных навук, ст. п. с. аддзялення выхавання Нацыянальнага інстытута адукацыі Рэспублікі Беларусь. Праблемы выхавання 5/1996

“Шчаслівая зорачка”

Пазнавальна-забаўляльная гульня

Гульня можа быць прапанавана дзецям старэйшага дашкольнага малодшага школьнага ўзросту, але ж у ёй разам з дзецьмі могуць прымаць удзел і бацькі.
Пазнавальна—забаўляльная гульня можа быць самастойнай формай працы як з дзецьмі, так і з бацькамі, а таксама часткай ранішніка, дзіцячага свята, канцэрта, бацькоўскага сходу, дзелавой гульні, круглага стала. Мэта гульні — высветліць веды дзяцей і бацькоў аб беларускай сям’і, яе традыцыях і звычаях: аб’яднаць бацькоў і дзяцей у агульнай справе — вывучэнні беларускай народнай спадчыны. Беларускія народныя песні, казкі, прыказкі, прымаўкі, загадкі, лічылкі, якія шырока выкарыстоўваюцца ў сцэнарыі, дазволяць не толькі дазнацца аб ведах дзяцей і іх бацькоў, але ж і “адкрыць душу ” для павагі і любові да роднага слова, блізкіх людзей, родных мясцін, Бацькаўшчыны.
Мэтазгодна напярэдадні гульні правесці гутаркі па тэмах: “Мая сям’я”, “Мае бабуля і дзядуля”, “Сваякі”, “Сямейныя святы ”, “Наш радавод”, вызначыць удзельнікаў гульні (дзве ці больш каманд па 5— 10 гульцоў), падрыхтаваць музычныя нумары, удакладніць склад журы, абраць вядучага. Карысным было б у якасці арганізатараў гульні запрасіць і бацькоў, якія разам з выхавальнікамі і настаўнікамі маглі б унесці значны ўклад у падрыхтоўку і правядзенне гэтага забаўляльнага конкурсу.


Вядучы (ці хто—небудзь з дзяцей).
Задам табе задачу я.
Паслухай, вось мая сям’я:
Дзядуля, бабка, брат,
У нас парадак, лад,
Заўсёды чыста ў хаце,
Бо ў хаце ў нас дзве маці,
Два бацькі, два сыны,
Дачка, пляменнік і сястра.
А самы меньшы — я.
Цяпер табе злічыць пара —
Якая ў нас сям’я?

Дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі, а таксама нашы госці! Як вы ўжо здагадаліся, сёння мы з вамі сустрэліся для таго, каб пагаварыць пра сям’ю, пра вашых матуль і татуль, дзядуляў і бабуляў, успомніць традыцыі, абрады, звычаі беларусаў, знайсці тую шчаслівую зорачку, свет якой грэе нас і ў сённяшні дзень.
Так, у беларускай сям’і здаўна жылі бацькі і іх дзеці, а таксама бабулі і дзядулі. Гэта была вялікая сям’я, але дзецям было ўтульна і добра ў ёй, таму што яны адчувалі клопат, пяшчоту ад сваіх самых блізкіх і родных людзей кожны дзень, кожны час. Асноўныя павучанні, якія дзеці атрымоўвалі ад маці, бацькі, бабулі, дзеда, — гэта як сябе паводзіць, як навучыцца працаваць, як любіць прыроду, родную мову, мясціны, дзе дзіця нарадзілася і жыве. Праз гульню мы пастараемся даведацца, што вы ведаеце пра традыцыі беларускай сям’і.
У гульні ўдзельнічаюць дзве каманды (даць назвы).
Капітаны каманд (прадстаўляе).
Члены журы (прадстаўляе).

Самая высокая адзнака за перамогу ў турах — 5 флажкоў, самая нізкая — 1. Пераможцаў чакае прыз. Гучыць музыка.
Вядучы. Пачынаем першы тур, які называецца “Хутчэй за лідэрам”. Кожнай камандзе будзе прапанавана па тры пытанні, якія яны павінны выбраць самі (можна выкарыстаць для выбару пытанняў барабан ці юлу).
Як называецца пасцелька, у якой калышуць маленькіх дзяцей і як называецца песенька, якую спявае матуля свайму маленькаму дзіцяці? (Калыска, калыханка.)
Як называецца сямейны абрад, калі ўслаўляецца народжанае дзіця? (Хрэсьбіны.)
Назавіце беларускую прыказку ці прымаўку падобную да рускай “У кого детки, у того и ягодки”. (“У каго дзеткі — у таго і шчасце”, “Нашто той клад, калі дзеці ідуць у лад”.)
Назавіце міфалагічную асобу, якая жыла ў беларускай хаце і была сімвалам, які ахоўваў хату, сям’ю ад гора, няшчасця. (Дамавік.)
Як называецца сямейны абрад, калі маладыя людзі жэняцца? (Вяселле.)
Як называецца абрад ушанавання памерлых продкаў? (Дзяды, Радаўніца.)
Падводзяцца вынікі. Музычная паўза.
Вядучы. Пачынаем другі гейм. Ён называецца “Капітан, адкажы!”
Капітаны каманд па чарзе задаюць адзін аднаму пытанні:
“жылі—былі дзед і баба, і была ў іх курачка раба...” Прадоўжы казку. Як яна называецца? (Беларуская народная казка “Курачка раба”.)
Кожная сям’я беларусаў марыла аб шчасці. Казалі, каб стаць шчаслівым, трэба знайсці кветку—папараць. Як называецца свята, калі шукаюць чароўную кветку—папараць, і калі яно праводзіцца? (Купалле, у ноч з 6 на 7 ліпеня.)
Якіх беларускіх пісьменнікаў, паэтаў ты ведаеш? (Уладзіміра Караткевіча, Кузьму Чорнага, Ніла Гілевіча, Кандрата Крапіву, Максіма Танка і інш.)
Праспявай беларускую народную песню беларускага кампазітара.
Якія скорагаворкі ты можаш пералічыць? (Гл. “Метадычны куточак”.)
Мы з сястрычкай Марыляй
Кашу з манкі варылі.
Калі каша зварылася,
Мама трошкі сварылася.
Наша каша пачарнела.
Моцна знізу прыгарэла.
А мы елі, хвалілі —
Самі кашу варылі
(С. Шушкевіч.)

Я хадзіла па суніцы
I піла ваду з крыніцы
Не адна, хадзіла з Люсяй,
Бо адна хадзіць баюся.
Тата сплёў мне кошык новы,
Кошык жоўценькі, лазовы.
Мама запляла мне коску,
Правяла яшчэ за вёску.
Я за гэта потым з лесу
Кошык ягад ім прынесла
(П. Пруднікаў).

Якія віды дзейнасці апісаны ў вершыках? Якія яшчэ справы павінны былі выконваць сялянскія дзеці? (Дзяўчынкі павінны былі ўмець варыць ежу, мыць бялізну, збіраць суніцы, грыбы, шыць, ткаць, вышываць. Хлопчыкі — пасвіць хатнюю жывёліну, араць поле, збіраць грыбы, рамантаваць хатнюю мэблю.)
Назавіце прыказку, прымаўку аб працы. (Гл. “Метадычны куточак”.)
Вядучы. А зараз члены журы падвядуць вынікі другога тура.
Дзякуй.
Музычная хвілінка весялінка ці гульнявая паўза.
Вядучы. Пачынаем трэці тур “Я — табе, ты — мне”. Каманды па чарзе задаюць сапернікам пытанні:
кім табе прыходзіцца дачка (сын) тваёй цёткі ці дзядзькі? (Дваюрадная сястра ці брат ці стрыечныя брат і сястра.)
У якую пару года адзначаецца Каляда? (Зімой.)
Растлумач выраз “Бацька (тата) у беларускай сям’і быў гаспадар, здабытчык, галава.”
Прадоўжы прыказку “Калі бацька рыбак... (то і сын у ваду глядзіць ”).
Прадоўжы прыказку “Пры сонейку цёпла... (пры мамцы добра”).
Растлумач прыказку “Маці корміць дзяцей, а зямля — людзей”.
Якія падарункі дарылі бацькі дзецям на Вялікдзень? (Яйкі.) Чаму? Якога колеру яны былі? (Чырвоныя як сонейка. Жадалі цяпла, света, жыцця добрага і шчаслівага.)
Якія віды працы выконвалі ў беларускай сям’і? (Пралі кудзелю, ткані, аралі поле, рамантавалі, гадавалі скаціну, даглядалі агароды, збіралі ўраджай і інш.)
Куцця, кісель, дранікі, пельмені, чай, мачанка, бабка, каравай, яечня, катлеты, клёцкі, зацірка. Пералічыце з шэрагу прапанаваных страў тыя, што належаць да беларускай кухні. Якія яшчэ стравы беларускай кухні вы ведаеце?
Выносіцца лялька ў традыцыйным народным адзенні. Уважліва паглядзіце на ляльку Ганну і адкажыце, касцюм якога народа на ёй надзеты? (Беларускага.) Пералічыце назвы адзення. (Кашуля, хустка, андарак, фартук і інш.)
Выносяцца прадметы хатняга ужытку (лыжкі, міскі, абрус, сурвэтка, чарпак, збанок, таўкач і інш.). Пералічыце назвы гэтых прадметаў.
Якія яшчэ хатнія рэчы вы ведаеце?
Вядучы. Дзякуй за адказ. Слова — журы.

Музычная хвілінка.

Вядучы. Пачынаем чацвёрты тур гульні “Хто адкажа за тры хвіліны”.
Паслухайце верш М. Пазнякова.
Прытуліцца да галавы
Сівенькай галавой.
А вочы васільковыя,
Нібыта ў маладой.
Спявае песні родныя,
Вядзе ў чароўны свет,
Дзе радасцю нязводнаю
Працоўны люд жыве.
Вясёлая, лагодная,
Руплівая яна,
I без яе ніводнага
Я не ўяўляю дня!

Адкажыце, калі ласка, пра каго напісаў аўтар? (Пра бабулю.) Складзіце абагульняльны партрэт бабулі, да прыкладу можна дадаць звесткі аб сваёй роднай бабулі.
Кім вам прыходзіцца маці вашай бабулі? (Прабабкай.) А маці вашай маці? (Бабкай.) Складзіце кароткі расказ аб сваіх маці, бабулі і прабабулі.
Назавіце беларускую прыказку ці прымаўку падобную да рускай “Кто родителей почитает, тот вовеки не погибает”. (“Шануй старое, як дзіця малое”, “Бацькоў любі, старэйшых паважай ”.)
Ці вядома вам беларуская абрадавая страва “бабіна каша”? 3 чаго яна гатуецца і калі яе трэба есці? (Гатуецца з круп, ужываецца на Хрэсьбінах.)
Кім вам прыходзіцца бацька вашага таты? (Дзедам.) А кім бацька вашага дзеда? (Прадзедам.) Складзіце абагульняльны партрэт дзеда, дадайце звесткі пра вашага роднага дзеда.
Праспявайце песню гіра сваіх родных (бацькоў, сясцёр, братоў, бабуляў, дзядуляў.)
Як вы разумееце выразы: “малая сям’я”, “вялікая сям’я”? (Малая сям ’я — гэта сям ’я, дзе жывуць маці, бацька і дзеці; вялікая — бацькі, дзеці, бабуля і дзядуля.)
Вядучы. Падводзім вынікі тура. Дзякуй. Аб’яўляю пяты тур — музычны!
Мама, бацька, і сястра, і я —
Наша невялікая сям’я.
Па вечарах нас музыка збірае,
Не толькі хата —
Уся зямля спявае
(Э. Агняцвет).

Патрэбна праспяваць песню. Якая каманда зробіць гэта дружней і весялей, тая і выйграе гэты тур. Гэта можа быць песня дзіцячая, беларуская народная, сучасная эстрадная і інш.
Вядучы. Наша гульня скончана. Слова прадастаўляецца журы.
Журы аб’яўляе вынікі.
Вядучы. Віншуем каманду—пераможцу, жадаем поспехаў, моцнага здароўя, хай вам заўсёды ззяе шчаслівая зорачка і грэюць цяпло вашай хаты і пяшчота вашых бацькоў, вашых родных і блізкіх людзей.

Метадычны куточак


Пытанні для бацькоў.
Прадоўжыце лічылку “Кацілася торба з высокага горба...”
Як называецца ўпрыгожванне з кветак або галінак, сплеценых у кружок, якое выкарыстоўвалася ў беларускіх абрадах? (Вянок.)
Назавіце беларускія народныя музычныя інструменты (жалейка, бубен, дудка, скрыпка, цымбалы, валынка);
беларускія народныя цацкі (свісток, конік, кураняты дзяўбуць зерне і інш.);
народныя прыкметы зімы;
народныя прыкметы лета;
народныя прыкметы вясны;
народныя прыкметы восені;
найбольш вядомыя беларускія імёны хлопчыкаў;
найбольш вядомыя беларускія імёны дзяўчынак.
У якіх беларускіх казках галоўныя дзейныя асобы — жывёлы, птушкі? (“Курачка—раба”, “Як курачка петушка ратавала”, “Казка—падманшчыца”.)
Раскажыце як прыгатаваць якую—небудзь беларускую страву?
Назавіце станоўчыя вобразы беларускіх народных казак (коцік — залаты лобік, кот Максім, сынок з кулачок, Піліпка сынок).

Гульні


Лянок
Дзеці выбіраюць бабулю, становяцца ў кола вакол яе і пытаюць:
— Што ты, бабуля, нам прасці дасі?
Бабуля адказвае:
— Старым бабулькам воўны па смачку,
А прыгожым маладзічкам белы лянок!
Пасля гэтага ўсе разам — і дзеці і бабуля — гавораць, паўтараючы дакладна ўсе дзеянні бабулі:
А мы сеялі, сеялі лянок,
Белы, слаўны кужалёк!
Урадзіўся наш лянок!
Урадзіўся кужалёк!
Мы лянок ірвалі, жалі,
Абразалі, у полі слалі,
У снапочкі абіралі...
Урадзіўся лянок,
Белы, слаўны кужалёк.

Дзядуля—ражок
Важак гульні — Дзядуля-ражок. У баку ад пляцоўкі абазначаюць для яго домік, падзяляюцца на дзве роўныя групы. Па абодва бакі ад дзядулевай хаткі, на роўнай адлегласці, абазначаюць свае домікі. Месца паміж двума домікамі называецца полем. Дзеці размяшчаюцца ў сваіх доміках, а Дзядуля—ражок у сваім, і гульня пачынаецца. Дзядуля—ражок глядзіць направа, потым налева і крычыць:
— Хто мяне баіцца?
Дзеці разам адказваюць:
— Ніхто!
Пасля гэтага яны перабягаюць цераз усё поле са свайго доміка ў другі і крычаць:
— Дзядуля—ражок
З’еў чужы піражок!
Дзядуля—ражок выбягае са свайго доміка і стараецца злавіць як мага больш дзяцей. Першы, каго ён зловіць, становіцца яго памочнікам і разам з ім ловіць астатніх.


Яшчэ на гэту тэму:

“Бацька і маці ад Бога ў хаце”     Я і мая сям'я