сцэнарыі святаў на беларускай мове

Людміла РАЗУМЕЙЧЫК, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, Аксана СОБАЛЬ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Параслянскай агульнаадукацыйнай сярэдняй школы Пружанскага раёна. Роднае слова 2010/09

Зямля пад белымі крыламі

Сцэнарый школьнага свята фестывалю

Мэты: пашырыць веды вучняў пра традыцыі беларускага народа; развіваць творчыя здольнасці вучняў; садзейнічаць выхаванню любові да роднага краю.

Ход мерапрыемства
частка першая "Уступная"

Госці. Добры вечар таму, хто ў гэтым даму! Цераз ваш дварок цячэ ручаёк! Масці кладачку, заві ў хатачку. Добра мы пяём, танна бяром.
Гаспадыня. Вітаю вас, даражэнькія госці, заходзьце, калі ласка, сядайце.
Госці сядаюць, звяртаюць увагу на выставу вышыўкі, саломкі і г. д.
Гаспадыня. Паглядзіце, мае даражэнькія, якія прыгожыя вырабы я сабрала сёння ў сваю хату, каб паказаць вам, каб парадаваць вашы вочкі дзіўнай прыгажосцю. Паглядзіце, якія прыгожыя вышыўкі, ручнікі ў хаце. Сапраўдны ж ручнік - гэта не кавалак тканіны, якім выціраюць твар і рукі. На Беларусі шмат звычаяў, звязаных з выкарыстаннем ручнікоў. На ручніку падносяць хлеб-соль, калі вітаюць дарагіх гасцей, таму што ручнік - гэта сімвал чысціні, цяпла беларускай зямлі і роднай хаты.
Паглядзіце, які прыгожы куфэрак стаіць у нас. З’явіліся гэтыя куфры даўным-даўно. Ужо ў XII ст. куфар займаў самае ганаровае месца ў хаце. Па яго прыгажосці меркавалі пра густ і майстэрства гаспадыні. Матулі захоўвалі ў куфрах пасаг сваім яшчэ незамужнім дочкам. Нездарма Уладзімір Караткевіч пісаў: “Праз куфар відаць жыццё чалавека”.
Дзяўчына.
У пахучым куфры важка ўсё ляжала,
Што сама бабуля працай рук прыдбала.
Быццам водар з поля пранясло ля хаты,
Так запахла лугам, чабаром і мятай.

Гучыць песня “Гуляць дык гуляць” (муз. В. Іванова, сл. У. Някляева).
Гаспадар. Што такое ў нашай хаце? Што за тлум? Што за шум? Што за весялосць?
Гаспадыня. Сёння свята ў нашай хаце! Гасцей цэлая хата, на вячоркі прыйшлі, а ты недзе падзеўся.
Гаспадар. Затрымаўся я па важнай справе, даглядаў жывёлу ў сваім хляве.
Госці. А якую жывёлу вы даглядалі?
Гаспадар. Адгадайце мае загадкі, тады і даведаецеся, якую жывёлу я даглядаў!
Пасярод двара стаіць капа.
Спераду вілы, ззаду мятла. (Карова.)
Не кароль, а ў кароне,
Не гусар, а пры шпорах.
Гадзінніка не мае, а час знае. (Певень.)
Нос пятачком, хвост кручком,
Нічога не баліць, а ўсё стогне. (Парсюк.)
Усіх возіць, а сам пехатою ходзіць. (Конь.)
3 людзьмі сябруе, хату вартуе,
Жыве пад ганкам, хвост абаранкам. (Сабака.)
Белыя, як снег, цэлы дзень у рэчцы,
А на бераг выйдуць сухімі. (Гусі.)

Малайцы! Адгадалі мае загадкі і даведаліся, якая жывёла жыве на нашым падворку. А цяпер і я магу з вамі адпачыць і павесяліцца.
Гаспадыня. Ну што ж, загадкі вы хутка адгадалі. А зараз пабачым, ці ўмееце вы працаваць, ці ведаеце прылады працы.
Госці. Канечне, ведаем.
Дзяўчына. Вось гэта часткі хатняга ткацкага станка - кроснаў, гэта калаўрот - прыстасаванне для ручнога прадзення кудзелі, воўны, а гэта валак - прылада, якой прасавалі бялізну, пазней з’явіліся вугальныя прасы, а гэта прылады для апрацоўкі лёну - церніца і трапло.
Гаспадар. Ну, хопіць-хопіць ужо. Відаць, што ведаеце. А ці так жа добра вы ўмееце спяваць і танцаваць?
Танец “Полька беларуская”.
Хлопец. А што ж гэта мы ўсё спяваем ды танцуем? Нічога смешнага не расказваем. Вось я люблю жарты.
Хлопцы па чарзе расказваюць жарты.
1-ы хлопец. Унук пытае:
- Бабулька, а ці дорага каштуе дзірка ад абаранка?
- А нічога не каштуе, яе без грошай даюць, кажа бабулька.
- Тады хай бы рабілі большыя дзіркі ў абаранка.
2-і хлопец. Адзін пан паслаў слугу па грушы і сказаў:
- Купі мне самых лепшых.
Слуга пайшоў у краму і папрасіў груш. Купец падаў яму. Але слуга сказаў:
- Не, дайце мне самых лепшых.
Купец кажа:
- Паспрабуй адну, тады пазнаеш, што ўсе добрыя.
- Як я пазнаю, - кажа слуга, - што яны ўсе добрыя, калі паспрабую толькі адну.
I слуга паадкусваў патрохі ад кожнай і прынёс іх пану.
3-і хлопец. Пытаецца дзед у бабы:
- Калі я памру, як ты мяне апранеш?
- Куплю сіні дарагі касцюм, - адказвае баба.
Дзед думае: “Дай жа праверу”. Узяў і прыкінуўся мёртвым.
Паплакала баба ды пайшла ў магазін глядзець, што купіць, каб дзеда апрануць. Прыйшла, паглядзела - усё дарагое. Тады яна падумала: “Што ж дарагое купляць?” - і купіла спартыўны касцюм і кеды. Апранула дзеда, села каля яго і плача.
- Куды ж ты, мой дзедухна, сабраўся?
А дзед устае і кажа:
- На стадыён у футбол гуляць.
Гаспадыня. Дзякуй вам, хлопцы-малойцы
ды дзяўчаткі-кветачкі, што завіталі да мяне на вячоркі!
Хлопец.
Хопіць нам ужо, сябры,
Пець, рабіць, смяяцца.
Шкада, але трэба з вамі развітацца.

Дзяўчына.
Няхай вам часценька шанцуе на госці,
Ніхто каб ніколі не меў на вас злосці.

Гаспадыня. Дружна жывіце, хутка расціце, край свой любіце.
Гаспадар. Не таму любіце, што за ўсё цяплейшы і прыгажэйшы, а таму любіце, што за ўсё мілейшы, за ўсё даражэйшы.
Гучыць песня пра родны край (на выбар настаўніка).

Частка другая "Смачная"

Уваходзіць Сымоніха.
Лявоніха. Ну што, спадабаліся вам вячоркі?
Сымоніха. А ты што тут робіш?
Лявоніха. Вось не ведаю, што ты тут робіш, а я асабіста на бабку да суседа прыйшла.
Сымоніха. Ты - на бабку да суседа? 3 чартапалохам? Вунь, цэлы кошык прынесла.
Лявоніха. Сама ты чартапалох. А ты што прывезла? Пакажы людзям.
Сымоніха. Гарбузы! Глянь, якія прыгожанькія, тоўсценькія, усе ў адзін.
Лявоніха. Ды якія ж гэта гарбузы? Гэта ж заморкі нейкія, а не гарбузы. Сама - во, а гарбузы - во! Гаспадыня знайшлася!
Сымоніха. Гаспадыня не гаспадыня, але такога, як у цябе, няма. Не было чаго ў госці прынесці, пустазелля з агарода насушыла.
Лявоніха. Якое гэта пустазелле? Хіба ты не ведаеш, навошта чартапалох у хаце? Ведама ж, каб нячыстую сілу адганяць.
Сымоніха. Людцы добрыя, дапамажыце! Дайце мёду атруціцца.
Дзед (спыняе іх). Хопіць сварыцца, заходзьце, калі ласка, у хату, а то бабка і дранікі стынуць.
Сымоніха, Лявоніха, Дзед. Запрашаем усіх на беларускую кухню.
Вучні чытаюць верш “Хлеб - соль” С. Гаўрусёва, калі госці ўжо сядзяць за сталамі.
1-ы вядучы. Дзе печ, там і тое, што з печы, - гарачая і смачная ежа. I ў першую чаргу - хлеб. Пшанічны ў нас пяклі радзей. Беларусы любяць чорны хлеб, але ўлетку, калі дарагая кожная хвіліна, пяклі праснакі (печыва з прэснага цеста ў выглядзе тоўстых аладак, коржыкаў). Любілі заўсёды і пірагі, асабліва з макам. Хлеб абагаўлялі. Кінуць яго - смяротны грэх. Хлеб надзённы дае сілу чалавеку для працы, жыцця. 3 даўніх часоў нашы продкі самі выпякалі хлеб.
2-і вядучы.
Радуюць сэрца сонца і травы,
Дзень мой праменны,
Дзень мой ласкавы,
Водар хваёвы,
Сіняе неба,
Кожнае ранне
Рады я хлебу.
Рады я ўсходам веснімі днямі
I як гамоніць
Ён каласамі,
Большай не маю
Сёння патрэбы -
Кожнае ранне
Рады я хлебу!

3-і вядучы. Хлеб у нас жытні, вельмі духмяны. Пяклі яго, калі печ выпалена і з яе вымецена вуголле. У дзежцы ставілі рошчыну. У цеста дабаўлялі вараную тоўчаную бульбу, каб хлеб быў мяккі і пульхны. Потым з цеста рабілі круглыя боханы, клалі іх на драўляную лапату, засланую кляновым, дубовым лісцем або аерам. За выпечкай трэба было абавязкова сачыць: спырскваць боханы вадой, каб яны не падгарэлі. Потым, зноў змочаныя вадой, боханы хлеба клалі на ручнікі. Хату напаўняў найлепшы ў свеце пах...
4-ы вядучы.
Пахне хлебная скарынка
Цёплым ветрыкам, хваінкай,
Летнім дожджыкам грыбным,
Лугам,
Полем аржаным,
I асенняй пазалотай,
I натхнёнаю работай.

5-ы вядучы. На Беларусі з даўніх часоў вядомы “другі хлеб” - бульба. Беларусы ведаюць каля тысячы страў з бульбы. Ад звычайнай, печанай, да клёцак. Апісаць усе стравы немагчыма. Кепска было, калі яшчэ не было бульбы. Замест яе была бручка ці параная рэпа.
Гучыць песня “Бульба” (муз. А. Алешкі, сл. А. Лягчылава).
1-ы вядучы. Беларусы заўсёды любілі, ды і цяпер любяць, смачна паесці. На куццю, да прыкладу, на стол ставілі дванаццаць, васямнаццаць, а то і дваццаць чатыры стравы. I ўсё гэта трэба было пакаштаваць.
Адной з асноўных страў была капуста. Потым ішлі поліўка (дужа тлусты гарачы суп, падпраўлены мукой), панцак (пярловы суп з грыбамі), булён (бульбяны суп, засквараны салам), елі таксама лапшу, халаднік з мясам і гуркамі, супы па сезоне - шчаўе, маладую крапіву з яйкамі. Былі малочныя супы. Сярод іх - гушча наліваная (пшанічная каша, залітая гарачым малаком). I нарэшце - квас, від баршчу.
2-і вядучы.
Спыніцца мушу я на квасе:
Ён колер меў чырванаваты;
Тут быў таран, мянёк пузаты,
Шчупак, лінок, акунь, карась,
Кялбок і ялец, плотка, ясь,
Яшчэ засушаныя з лета.
Але не ўсё яшчэ і гэта:
Аздоблен квас быў і грыбамі,
Выключна ўсё баравікамі,
Цыбуля, перчык, ліст бабковы -
Ну, не ўясісь, каб я здаровы!
Пільнуй - цішком скажу між намі, -
Каб і язык не ўцёк часамі.

3-і вядучы. Пілі нашы дзяды і прадзеды малако, салодкае і кіслае, кісялі, кляновік, бярозавік, віно з яблыкаў, піва, наліўкі. Любілі крупнік, звараны з мёдам, вострымі прыправамі, травамі і каранямі. Робяць беларусы ўсё гэта і цяпер.
4-ы вядучы. Беларусы любяць мачанку з блінамі, калдуны, яечню, верашчаку. Гатавалі нашы продкі таксама стравы з мяса, сала, птушкі, рыбы.
5-ы вядучы.
Кілбасы - скруткі, як падковы,
Між сцёган, сала і грудзінак
Красуе ўсмажаны падсвінак,
Чысцюткі, свежы і румяны,
Як бы паніч той надзіманы.

1-ы вядучы. Ва ўсім назіраецца непаўторнасць і адметнасць жыцця народа, нават у тым, што беларус умеў іранізаваць не толькі з некага, але і з самога сябе, са свайго апетыту. Успомніце, як піша пра гэта Уладзімір Караткевіч.
2-і вядучы. “Прадаў на рынку кабана, пайшоў закусіць. З’еў тры міскі капусты з боханам хлеба, сала хатняга з фунт. Тут купіў яшчэ тры порцыі смажанай каўбасы ды ўмяў. Пасля бульбы замамоніў міскі тры. Зноў баршчу міску ўбіў з булкай. А пасля як успомніў, што брат у салдатах, то як завязала”.
3-і вядучы. Сярод шматлікіх нацыянальных беларускіх абрадаў найбольш вядомыя вясельны, радзінны, хрэсьбінны, пахавальны і памінальны. Самы багаты вясельны стол. А сярод сямейных урачыстасцей, прысвечаных рэлігійным святам, вылучаліся Каляды і Вялікдзень. Стол тады ў кожнай сям’і быў таксама вельмі багаты і адрозніваўся ад паўсядзённага.
4-ы вядучы.
I вось вячэра зачалася!
За квасам елі верашчаку,
А потым блінчыкі на маку,
А там ламанцы - праснакі
3 пшанічнай добрае мукі.
А макаў сок такі салодкі,
Ламанцы ў ім - ну, як калодкі,
Так добра макам праняліся:
У рот паложыш - абліжыся.
За праснакамі йшлі кампоты;
Кісель з мядоваю сытою,
Вячэру скончылі куццёю.

Гучыць народная песня “А я ў печы не паліла”.

Частка трэцяя «Заключная.
"Зямля пад белымі крыламі"»

Гучаць цымбалы.
Вядучы. Узняўшы белыя ветразі крылаў, ляцяць буслы. Іх многа і многа тысяч. I таму зямлю нашу, Беларусь, часта называюць зямлёй пад белымі крыламі.
Інсцэніроўка “Бусел і вучань”
1-ы вучань.
Бусел, бусел, клёка-клёка,
Дзе ты жыў?
Бусел.
Я жыў далёка:
За гарамі, за лясамі,
Там, дзе Ніл, на поўдні самым.
1-ы вучань. Што за Ніл?
Бусел.
Рака такая,
Быццам мора, гаманкая.
А ў тым Ніле, хлопча мілы,
Ёсць страшыдлы кракадзілы.
1-ы вучань. Як жа ты там, буслу, жыў?
Бусел.
Я не жыў, усё тужыў,
Дзе б ні быў, дзе б ні лятаў,
Родны край успамінаў.

Гучыць песня "Бярозка” (муз. I. Лучанка, сл. А. Вялюгіна).
2-і вучань. Што такое Бацькаўшчына, знаеш?
Вучаніца.
Гэта рэчка,
Сцежачка лясная,
Гэта ў лузе залатая пчолка,
А ў вачах тваіх - вясёлка.
Бацькаўшчына - гэта дом твой, школа,
Гэта песні, што звіняць наўкола...

2-і вучань. Вось яна (вучань паказвае на карту), наша Бацькаўшчына - Рэспубліка Беларусь. Сталіца краіны - горад Мінск. Тэрыторыя дзяржавы падзелена на шэсць абласцей: Брэсцкую, Мінскую, Віцебскую, Гродзенскую, Гомельскую і Магілёўскую.
Вучаніца.
Беларусь мяжуе з Польшчай,
Украінай, Расіяй, Латвіяй, Літвой.
Твой родны край, твая Айчына -
Жыццё тваё і гонар твой.
I ты яе запомні імя,
Як неба, сонца і зару.
Твая зямля, твая Радзіма
Названа светла -
Бе-ла-русь.

3-і вучань.
Як называецца дзіўна...
Ты пра яе раскажы.
Белая Русь - Радзіма
Перад табой ляжыць.
Крыкні - яна адгукнецца
Звонам гарачых кос.
Кропля з ліста сарвецца,
Ускалыхнецца плёс.

Выконваецца танец “Люлечка”.
1-ы вучань. Паглядзіце на карту Беларусі, і вы адразу ўбачыце, як шмат тут гарадоў і мястэчак.
2-і вучань.
Яны даспадобы мне, хай і старыя,
Не толькі ў гучанні іх добры змест.
Як многа гавораць мне назвы такія -
Мінск,
Пінск,
Брэст.
Калі паразважыш, няцяжка дазнацца,
Бо сведчаць на ўсю неабсяжную шыр,
Што продкі любілі спакойную працу -
Шклоў,
Клецк,
Мір.

1-ы вучань.
Горад Слонім ёсць на Шчары.
Ды чамусьці не сланы
Топчуць ля яго абшары,
А ласі і кабаны.
Мой таварыш -
Самы добры! -
Побліз Кобрына жыве.
Там вужакі, а не кобры
Выгінаюцца ў траве.

Гучыць верш “Мая Пружанская зямліца” М. Засіма (пад музыку).
2-і вучань.
Мая Пружанская зямліца,
Твае палі і сінь нябёс
Мне будуць бачыцца і сніцца,
Куды б мяне ні кінуў лёс.

Павер мне, мой бацькоўскі краю,
Як песні пра цябе пяю,
Здаецца мне - я засяваю
Насеўкам родную зямлю.

I словы-зерняткі глыбока
Кладуцца ў свежую раллю,
I ты жывым іх поіш сокам,
Гадуеш песню ты маю.

Мая ты родная зямліца!
Хто палюбіў цябе навек,
Таму ты - творчасці крыніца,
I той - шчаслівы чалавек.

Вучань. Як усё-такі добра, што мы нарадзіліся з табой у такой прыгожай краіне з такой дзіўнай назвай - Белая Русь, сярод такога таленавітага народа.
Вучаніца. I пакуль будзе жыць наш народ, датуль будзе зачароўваць нашу душу бабульчына казка, матуліна песня, саграваць нашы сэрцы вясёлы танец і трапны жарт.
Пад музыку да песні “Аve, Маrіа” вучні чытаюць вершы.
Вучань.
Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Распетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй.

Вучаніца.
Малюся я небу, зямлі і прастору,
Магутнаму Богу - Ўсясвету малюся,
Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору
За родны загон Беларусі.

Заслона.