сцэнарыі святаў на беларускай мове

Мікалай ГРУДЗІНСКІ, старшы выкладчык кафедры кіравання і выхаваўчай работы Мінскага абласнога Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі.
Яніна ДЗЕМІДОВІЧ настаўніца беларускай мовы і літаратуры Будслаўскай СШ Мядзельскага раёна. Роднае слова 3/2002

Вячоркі

Сцэнар

Зала святочна ўпрыгожаная. На сценах - вышываныя ручнікі. На сцэне аздоблены васількамі, рамонкамі і каласкамі плакат са словамі Ф. Скарыны: “Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім час літасцівы Бог на свет пусціў”. Злева і справа перад сцэнай плакаты са словамі М. Гусоўскага: “Край наш - дзівосны прыстанак загадак і цудаў” і У. Караткевіча: “Беларусь мая, сонца, дарагая і родная маці”.
На сцэне сталы, засланыя абрусамі. На іх расстаўленыя прысмакі, самавар, гарбата, кубачкі. Гаспадар і гаспадыня (хлопец і дзяўчына ў нацыянальным адзенні) чакаюць гасцей. Гаспадыня завіхаецца каля стала. Напявае.

Уваходзяць госці (хлопцы і дзяўчаты).

Госць. Добры дзень, даражэнькія гаспадары! Весялосці вам і радасці!
Госця. Мір вашаму дому, быць пірагу ядому!
Госць. Даўно да вас збіраліся, ды ледзь-ледзь сабраліся.
Госця. Палотны пабялілі, уборы пашылі, квасу наварылі - усё парабілі. I ў дарогу.
Госць. Пакуль ехалі - кола зламалася, вось згубілася, мы ў яму ўваліліся, а ў яме - мядзведзь. Ледзь-ледзь адбіліся. Ды вось сюды з’явіліся. Ці паверылі вы нашым байкам?
Госця. Чалом вам б’ём, у ножкі кланяемся. А ці знойдзецца для нас месцейка цёпленькае ў вас? Ды добрае слоўца? Бо нас вунь колькі прываліла! (Паказвае.)
Госць. А мы да вас прыехалі не з пустымі рукамі. Прыміце наш падарунак, адведайце наш пачастунак.
Госці падаюць гаспадарам прыгожы каравай наручніку.
Гаспадар. За нашым сталом бачыць вас мы заўжды рады! Калі ласка, за стол, даражэнькія!
Гаспадыня. Праходзьце, шаноўныя госцейкі. Чакалі вас, ледзь дачакаліся!
Са смехам і жартамі ўсаджваюць гасцей за сталы.
Гаспадар. На роднай Будслаўшчыне п’юць гарбату з травамі духмянымі. Самі п’юць ды гасцей частуюць.
Гаспадыня (жартуе). А з чым вы будзеце піць гарбату: з лыжачкай ці з цукрам?
Госць.
Не сумуем мы за чаем,
Па тры кубкі выпіваем
І між справай размаўляем.
Гаспадыня. Перад вамі заварнічкі. Просім пацешыцца смачнай гарбатай. Налівайце і піце сабе на здароўе. А калі вы яшчэ правільна назавяце травачку-заправачку, то і падарунак атрымаеце.
Госці (п’юць гарбату, называюць зёлкі). Гарбата з чабору, мяты рачной, святаянніку, ліпавага цвету, бруснічніку.
Гаспадар. Піце на здароўе, гарбата - напой нехмяльны, можна выпіць кубачак і другі.
Госці частуюцца. Тым, хто правільна назваў зёлкі, гаспадары падносяць салодкія пачастункі.
Госць. Сёння, ідучы да вас, я загадкі вам прыпас. Згодныя, папіваючы гарбату, адказаць на мае пытанні?
Госці. Згодныя.
Госць.
1. Вось вам быль-небыліца: у пяці чалавек адна паясніца. (Рука і пяць пальцаў.)
2. Глядзяць удзень і ўночы, вытарашчыўшы вочы, ні на дварэ, ні ў хаце. Як іх назваці? (Вокны.)
3. Ляцела цяцера вечарам, ні цяпера, упала ў лебяду, удзень не знайду. (Раса.)
4. У кутку барада на кійку. (Мятла.)
5. А гэта што? Гарбаты бес на дзеда ўзлез. (Кажух.)

Пераможцу - смачны пачастунак.

Гаспадыня. Вось і добра, што мы сабраліся разам. Нездарма кажуць: “Адпачынку- хвілінку, а справе - час”. Ёсць у мяне, мае харошыя, справа неадкладная. Трэба вось гэтыя ніткі ў клубкі зматаць. Пастараемся - не ўмаемся. Бярыцеся за справу смела, не шкадуйце ручанятак белых. Вось гэтым прыгожым маладым парам і дадзім работу. А пасля паглядзім, хто хутчэй справіцца (дае ніткі дзвюм парам).
Гаспадар. Аза спрыт і ўменне ўзнагароду атрымаеце.
Госця. А мы тым часам і павесяліцца можам.
Гаспадыня. Ну што ж, з чаго пачнём?
Гаспадар. 3 песні (спявае).
Чаму ж мне не пець,
Чаму ж не гудзець,
Калі ў маёй хатачцы
Парадак ідзець?
Гаспадыня.
Чаму ж мне не пець,
Чаму ж не гудзець,
Парсючок пад лаўкаю
Бульбачку грызець.

Госця. Добра спяваюць гаспадары нашы, а давайце паглядзім, як усе мы ведаем нашы песні.
Усе. Цікава, цікава.
Госця. Увага! Цяпер нам музыка пачне граць. Ваша задача - як мага хутчэй заспяваць песню, да якой напісана гэтая музыка. Хто першы заспявае, атрымае права адказаць, што гэта за песня і што пра яе вядома.

Музыка іграе “Мяцеліцу”, “На пошту я трапіў зусім малады”, “Бывайце здаровы”.

Госць. У кожнай з гэтых песняў своеасаблівы лёс. Усе яны лічацца народнымі. На самай справе словы “Мяцеліцы” напісаў паэт Авяр’ян Дзеружынскі, а музыку - Міхаіл Шумілін.
Госця. А я раскажу пра песню “На пошту я трапіў зусім малады”. Верш напісаў Уладзіслаў Сыракомля ў 1884 годзе, калі яму было ўсяго 20 гадоў. Верш У. Сыракомлі, перакладзены на рускую мову паэтам-дэмакратам Леанідам Трэфалевым і пакладзены на музыку невядомым кампазітарам, стаў народнай песняй пад назвай “Ямшчык”. Яна і сёння шырока вядома ва ўсёй краіне*. Вось урывак з гэтага верша, перакладзенага на беларускую мову Максімам Лужаніным:
На пошту я трапіў зусім малады,
Фурман з мяне ўдаўся зухвалы,
А волі не меў, дый ганялі тады:
Хоць свята, хоць ноч - усё мала!
Госця. А трэцяя песня - “Бывайце здаровы”. Музыка Ісака Любана, словы Адама Русака. Яна вельмі папулярная на Беларусі. Часта выконваецца як развітальная ў канцы вяселля ці бяседы.
Госця. Правільна адказалі. Пераможцам - пачастунак.
Гаспадар. Малайцы, госцейкі! А цяпер і самі давайце заспяваем, Ды песню прыгожую, народную, каб аж сэрца затахкала.

Спяваюць песню “Туман ярам”.

Госць. А зараз давайце весялейшае што спяём!
Спяваюць песню “Белы конь”.
Госця. А я, дзяўчаткі, вельмі люблю песню “Цераз рэчаньку...”, можа, праспяваем яе?
Спяваюць песню “Цераз рэчаньку...”.
Гаспадыня. Ой, наспяваліся ад душы. (Раптам заўважае скрыню, якую прынеслі з сабой госці.)А што гэта ў вас за скрыня, даражэнькія? Навошта яна тут? Можна паглядзець?
Госць. Паглядзіце, калі ласка.
Гаспадыня (заглядвае ў скрыню). Ой, трымайце мяне, людзі добрыя, паглядзіце, што гэтыя дзівакі сюды прыцягнулі! (Паказвае, усе зацікаўлена глядзяць.) Нейкая ежа і іншыя рэчы.

Дастае цыбулю, перац, кавалак сала, лаўровы ліст, цапстрыкі, аборку, шлягу і шмат іншых прадметаў падобнага кшталту.

Госць. У добрых гаспадароў усё павінна быць, А цяпер, мае даражэнькія, прачытаю вам некалькі ўрыўкаў з маёй любімай кнігі. А вы ў гэтых вершах павінны адшукаць словы, што знікаюць з сучаснай мовы.
Гаспадыня (паказвае на скрыню). А навошта тады гэта?
Госць. А вось нашто: будзем выбіраць тыя рэчы, пра якія пойдзе гаворка. Цікава?
У с е. Цікава, цікава.
Госць. Ну, слухайце.
Стаяў асобна ў місцы скорам,
Сяго-таго для верашчакі.
Хоць невялікія прысмакі -
Цыбуля, перчык, ліст бабкоў
Ды сальца некалькі брускоў.
Госця. Ну, што тут незразумела. Прысмакі як прысмакі.
Госць. Калі ласка! Па-першае, чые гэта вершы? I па-другое, пашукайце сярод гэтых рэчаў ліст бабкоў.
Госця. Быў зачытаны ўрывак з паэмы Я. Коласа “Новая зямля”. Ліст бабкоў - лаўровы ліст.
Знаходзіць у скрыні лаўровы ліст і паказвае.

Госць. Цяпер другі ўрывак:
Па часе будзе і развага,
Калі ў лоб стукне табе шляга!
Госця. Я так разумею: гэта таксама ўрывак з “Новай зямлі”.
Госць. Правільна. А дзе яна, гэтая шляга?
Госця (паказвае). Шляга - драўляны молат, доўбня.
Госць. Добра. I яшчэ адзін урывак паслухайце, апошні.
Апроч таго, тут абжыліся,
На ногі трохі падняліся;
Яшчэ б гадочак пражыць ціха,
Але найгоршае тут ліха -
Збірай зноў цапстрыкі, трасіся,
Па каранях з дабром, зямлёю,
У самы бездараж вясною.
Што гэта за цапстрыкі?
Госця (дастае са скрыні, паказвае). А гэта ж розныя дробныя рэчы.
Госць. Сапраўды, на жаль, многія як з нашай мовы, так і з побыту, звычаі забытыя. Трэба берагчы старую непаўторнасць, якая ў першую чаргу - у роднай мове.
Госця. А я хачу сказаць пра аўтара гэтых вершаў. Гэта цуд, а не вершы. Творы Якуба Коласа жывуць і будуць жыць вякі, бо ў іх - крыніца мудрасці, духоўнае багацце нашага народа.
Госць. Давайце пагутарым пра нашы байкі ды і раскажам якую.
Госця. Хіба ж цікава гутарыць пра байкі. I наогул, байкі трэба не расказваць, а паказваць.
Іншая госця. Як гэта?
Госць. Вось вы мне загадайце якую байку Кандрата Крапівы, а я вам яе пакажу.
Госця. Добра. Напрыклад, байку “Дыпламаваны баран”.

Госць паказвае байку “Дыпламаваны баран” сродкамі пантамімы. Усе смяюцца.

Госць. А цяпер ваша чарга. Тут мы і ўбачым, хто байкі ведае. А калі яшчэ і здолее паказаць каторую, то і зусім цудоўна будзе.

Госці па чарзе паказваюць сродкамі пантамімы байкі К. Крапівы “Сава, Асёл ды Сонца”, “Махальнік Іваноў”, “Мода”, “Ганарысты Парсюк”. Усе адгадваюць, якую байку паказваюць сябры.

Госця. Добра павесяліліся. Успомнілі творы славутага Кандрата Крапівы. Адкуль бярэ пачатак байка? 3 глыбокай старажытнасці, калі таленавіты народ трапна і з’едліва высмейваў свае заганы і недахопы.
Гаспадар(у залу). Ай ды госцейкі сёння ў нас! Да ўсяго спраўныя. I сказаць, і паказаць умеюць.
Гаспадыня. А працаваць? Дзе ж тыя маладыя пары з ніткамі? I праўда, дзівосы. Работнічкі, нічога не скажаш.

Паказвае клубкі нітак. Частуе тых, хто працаваў, цукеркамі.

Гаспадар. А цяпер запрашаем паскакаць ды павесяліцца. Тут увесь ваш спрыт спатрэбіцца.
Госця. Ой, вясёлае свята і гасцей тут багата. Бачу, які ў нас вясёлы народ, дык, калі ласка, хутчэй у карагод. Усе сталі ў круг.
Госць.
Ў крузе нам не размінуцца,
Танец каруселіцца.
Стары танцы не здаюцца,
Самасеем сеюцца.
Гаспадар.
Скачыце, танцуйце,
Чаравікаў не шкадуйце!
Госці танцуюць польку.
Госць. Вось вечарынка, дык вечарынка! А танцы! Ногі самі ў скокі йдуць. Што гэта за танец такі, што нельга ўседзець? Можа, хто раскажа?
Госця. “Полька”. Яна прыйшла на Беларусь з Заходняй Еўропы ў XIX ст. Гэта даўні чэшскі танец, пабудаваны на паўкроках, з падскокамі і паваротамі. Папулярнасць яго абумоўлена блізкасцю да беларускага народнага харэаграфічнага мастацтва. Напрыклад, беларускі танец “Трасуха”, які бытаваў яшчэ да з’яўлення чэшскай полькі, меў шмат падобных рысаў з апошняй, а потым зліўся з ёй. Так з’явіўся новы танец - полька “Трасуха”. У яе ўвайшлі тыповыя для “Полькі” вярчэнні, а ад ранейшага беларускага традыцыйнага танца - прытупы, патрэсванні верхняй часткай корпуса.
Госць. Яшчэ давайце танцаваць! Іграйце, музыкі, што за вечарынка без танцаў. Эх, душа радуецца!

Танцуюць “Лявоніху”.

Госць. Што мы ведаем пра гэты танец?
Госця. Ён масавы. Называецца “Лявоніха”. Вызначаецца паўторнасцю двух ці трох танцавальных каленаў, хуткім тэмпам. У аснове яго пабудовы геаметрычны малюнак.
Іншая госця. Дзяўчаткі, так хочацца кадрылю станцаваць.

Танцуюць “Беларускую кадрылю”.

Госць. Ох, і прыгожы танец! Малайцы, дзяўчаты!
Госця. I сапраўды, “Беларуская кадрыля” - вельмі прыгожы танец. Ён прыйшоў з Заходняй Еўропы ў XIX ст. Простасцю рухаў, разнастайнасцю фігур кадрыля блізкая да традыцыйных танцаў, таму хутка ўвайшла ў побыт.
Госць. Якія цудоўныя танцы мае наш народ!
Гаспадар. Спрадвеку беларусы славіліся ўменнем праспяваць добрую песню, спрытна станцаваць. Мяне радуе, што мы ведаем і гэтыя песні, і самабытныя танцы.
Гаспадыня. Ну што ж, сёння ў нас былі і песні, і гутаркі, і загадкі, і пантамімы, і вершы, і танцы. Усё наша - блізкае, роднае, непаўторнае. Наша спадчына.
Госця. Якая засталася ад дзядоў і прадзедаў. I мы павінны зберагчы і захаваць нашы песні і танцы, загадкі і байкі, наша самабытнае, роднае слова. Зберагчы і перадаць у спадчыну дзецям, унукам і праўнукам.
Госць. Вось бы яшчэ ўспомніць і пра нашы старажытныя святы!
Гаспадар. I сапраўды, госцейкі! Як святкавалі раней на зялёных узлесках, на берагах азёр і рэчак Падзвіння, Палесся ці мала дзе яшчэ на Беларусі! Як збяруцца ўсе, заспяваюць, закружацца ў карагодзе - куды там! I ведаеш усё, бачыў і чуў не раз, але ж пачуеш зноў і - застынеш, быццам адкрываецца ў табе нейкая заслона...
Гаспадыня. Добра ты сказаў, Пятрок. А памятаеш, бабуля нам расказвала, як збіралася моладзь на беразе Сэрвачы нашай, як адзначалі розныя святы...
Гаспадар. А вось мы і папросім гасцей нагадаць пра святы, якія бяруць пачатак у глыбіні стагоддзяў і якія можна было б назваць спрадвечнымі.
Госця. Добрая думка! Ці не ўспомніць тады цудоўнае старажытнае свята летняй пары? Давайце, госці шаноўныя, заспяваем.

Спяваюць купальскую песню “Ой, рана на Йвана”.

Госця. Дарагія сябры! Вы здагадаліся, што гэта за свята?
Усе. Купалле!
Госця. Так, Купалле. А што вы наогул ведаеце пра гэтае свята? Пра яго вытокі?
Госць. Купалле прысвечана росквіту жыватворных сілаў зямлі і сімвалізуе першапачатковую еднасць чалавека з прыродай. Святкуюць Купалле, паводле звычаю, у час летняга сонцастаяння (калі самая кароткая ноч).
Госця. Гэта свята з тэатралізаванымі сцэнамі, карагодамі, гульнямі, легендамі, павер’ямі, замовамі і песнямі - праява духоўнай культуры народа.
Госць. А з чаго пачыналася Купалле?
Госця. Раніцай дзяўчаты з песнямі ішлі ў поле і на луг збіраць купальскія зёлкі: браткі, руту, валошкі, купалінкі і інш. Рвалі кветкі на вянкі, збіралі лекавыя травы, капалі карэнне. Прычым трэба было ўвесь час спяваць, каб сабраныя зёлкі мелі лекавую і цудадзейную сілу. Гэтыя вераванні мелі пад сабой рэальны фунт: да сярэдзіны лета - а Купалле якраз яго апагей - усе прыродныя сілы, у тым ліку лекавыя травы, дасягаюць сваёй спеласці, а значыць і лекавай сілы.
Госця. А дзяўчаты плялі з кветак вянкі: вялікія - для карагода і малыя - на галаву. А хлопцы збіралі старыя рэчы, зношаныя кажухі, світкі, абутак, вывозілі ўсё гэта за вёску і спальвалі.
Гаспадар. А колькі цудоўных легендаў звяза- на з Купаллем!
Гаспадыня. Сапраўды так. 3 Купаллем больш, чым з іншымі старажытнымі святамі, звязана надзвычай паэтычных легендаў і вераванняў. Хто іх ведае?
Госця. У першую чаргу да іх можна аднесці легенду пра папараць-кветку. У беларускім купальскім рэпертуары яна набыла асабліва багатую паэтычную распрацоўку. Паводле народных паданняў, у купальскую ноч, роўна а дванаццатай гадзіне, у лясным гушчары светла-белым агнём (або іскрынкамі) зацвітае адзін раз на год папараць. Той, хто падсцеражэ момант і схопіць мігатлівую кветку, стане празарліўцам. Зямля адкрые яму заклятыя, схаваныя ў яе нетрах скарбы, шчасдівец зразумее мову звяроў, птушак, дрэў. Але ліхія сілы пільнуюць папараць-кветку і ўсяляк перашкаджаюць яе ўбачыць і схапіць.
Госця. Цудоўная легенда!
Госця. А завяршалася Купалле купаннем перад усходам сонца... Стараліся падпільнаваць усход сонца. Ёсць такое паданне, што ўбачыць, як сонца іграе, могуць толькі добрыя людзі.
Госця. Я хачу згадаць верш вядомага беларускага паэта Ніла Гілевіча, у якім аўтар шчыра заклікае нас, хлопцаў і дзяўчат, святкаваць Купалле, непакоіцца пра лёс нашай непаўторнай спадчыны. Нельга заставацца абыякавым, праслухаўшы гэты твор.

Чытае верш Н. Гілевіча “Ах, якая над Гайнай купальская ноч!”.

Гаспадар. Нашы старажытныя святы - гэта, сапраўды, скарб. I пакуль мы іх памятаем, мы жывём.
Гаспадыня. А ў мяне ёсць прапанова. Давайце сёлета адсвяткуем Купалле так, як гэта рабілі нашы продкі.
Гаспадар. Госцейкі дарагія! Мы з вамі прыгадалі шмат цікавага і каштоўнага з народнага жыцця, і час праляцеў як на крылах.
Госця. Гаспадары шчырыя, а ці не надакучылі вам госці? Пара нам, любенькія, і гонар ведаць.
Гаспадыня. Шкада развітвацца, цудоўнае атрымалася сёння ў нашай хаце свята! Ну што ж, госцейкі, ці спадабалася вам у нас? Ці добра вас сустракалі? Ці смачна частавалі? Дык прыходзьце да нас часцей.
Госці (спяваюць).
Дарогу мы знаем
Да вас, ягамосьці,
I ездзіць сюды
Будзем часта у госці.
Бывайце здаровы,
Жывіце багата.
I вас запрашаем
Да нашае хаты.

Госці развітваюцца.

Дадатак

Цераз рэчаньку, цераз балота
- Цераз рэчаньку, цераз балота
Падай ручэньку, маё залота.
- Ручкі не падам, бо душу згублю,
Не скажу праўды, каго я люблю.
- Цераз рэчаньку, цераз быструю
Падай ручэньку, падай другую.
- Ой, знаю, знаю, каго кахаю.
Толькі не знаю, з кім жыці маю.
Ой, там у саду, саду-садочку,
Там расцвітаюць розны цвяточкі.
Ой, я хадзіла і гаварыла,
Судзі мне, божа, каго любіла.
- Ой ты, дзяўчына, чараўнічэнька,
Ачаравала маё лічэнька,
Ачаравала цела і душу,
Цяпер да цябе хадзіці мушу.
- Каб так дайшоў з сяней да хаты,
Колькі я знаю, як чараваці.
А мае чары напагатове -
Белае лічка, чорныя бровы.

Туман ярам
Туман ярам, ярам-даліною,
Туман ярам, ярам-даліною.
За туманам нічога не відна,
Толькі відна дуба зелянога.
Пад тым дубам крыніца стаяла,
Там дзяўчына воду набірала.
Ды ўтапіла залато вядзерца,
Засмуціла казакова сэрца.
А хто ж тое вядзерца дастане,
Той са мною на ручніку стане.
Хлопец тое вядзерца дастане,
Ён з табою на ручніку стане.

Белы конь
Быўумяне белы конь,
Белая каняга.
I паехаў я ў сяло,
Цзе адны дзяўчаты.
Прыпеў:
А я ўсё дзіўяюся,
Цзе мая Маруся,
А я ўсё дзіўлюся,
Цзе ж ты, мая Маруся.
Як прыехаўу сяло,
Там старая хата.
Стара баба, стары дзед
І дзеўка гарбата.
Прыпеў.
Падазвалі да стала,
Запрасілі сесці,
Нямытую барабулю
Загадалі есці.
Прыпеў.
А я тую барабулю,
Па стале качаю
На прыпечку варэнікі,
Я на іх маргаю.
Прыпеў.
Патушылі каганец,
Палажылі спаці,
Я за тыя варэнікі
I з хаты ўцякаці.
Прыпеў.
Цагнаў мяне стары дзед
Ажля пералаза,
Агрэў мяне качаргой
Аж чатыры раза. Прыпеў.


Яшчэ на гэту тэму:

Сцэнарый музычнай вечарыны “У Паулінкі”     Запрашаем на вячоркі