сцэнарыі святаў на беларускай мове

Наталля КАЗЛОЎСКАЯ, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці, Таццяна КРАСОЎСКАЯ, выхавальнік-метадыст, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 58 г.Гродна. Пралеска 02/2017

Вясна-красна, завітай да нас!

Сцэнарый фальклорнага свята для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

Праграмныя задачы: фарміраваць уяўленні пра народнае свята; развіваць творчыя здольнасці дзяцей; выхоўваць устойлівую цікавасць да беларускіх народных традыцый і абрадаў на аснове актыўнага ўдзелу ў святах і сумеснай дзейнасці з дарослымі.
Матэрыял і абсталяванне: макеты сонейка, хмарак, дрэва з гняздом бусла, купін травы, штучныя кветкі (макі, рамонкі, васількі), па 7 беларускіх касцюмаў для хлопчыкаў і дзяўчынак, па 7 касцюмаў праменьчыкаў і птушак, вяночкі — па колькасці дзяўчынак, дзіцячыя музычныя інструменты — па колькасці хлопчыкаў, 7 ручнікоў, чорная шаўковая камізэлька, для дарослых касцюмы Сонейка, Вясны-красны, аўдыязапісы: мелодыі латышскага народнага танца «Анёл» у выкананні гурта «Стары Ольса», беларускай народнай песні «Чаму ж мне не пець?» і мелодый: «Купалінка», «Перапёлачка», «Весялуха».

Ход мерапрыемства

Музычная зала з аднаго боку прыбрана ў беларускім стылі, з другога размешчаны макеты сонейка, хмарак, дрэва з гняздом бусла, купін травы, штучныя кветкі (макі, рамонкі, васількі). Бацькі займаюць месцы гледачоў.
Дзеці ў беларускіх касцюмах уваходзяць у музычную залу, ладзяць карагод.

Карагод «Гуканне вясны»

(сл. В. Жуковіча, муз. А. Рэмізоўскай)
Вядучы (В.).
Бяжыць без прыпынкаў зіма,
Нідзе ёй спакою няма.
Вясна падганяе:
— Хутчэй!..
I сонейка свеціць ярчэй.
Гавораць вясне капяжы:
— Шпарчэй ты на поўнач бяжы:
Шыбуе вясна на чаўне!
Дарогу, дарогу вясне!
Н. Галіноўская

Песня «Мы ідзём гукаць вясну»

(сл. I. Цітаўца, муз. В. Сярых)
1-е дзіця.
Ці дазволіце, людзі добрыя,
Вясну-красну загукаць,
Зіму люту замыкаць?

Бацькі. Дазваляем!
2-е дзіця.
Ой, вясна ты, вёсенка,
Дзе падзелася?
Нам зіма халодная
Ўжо прыелася.

3-е дзіця.
Мы табе спяваем,
Мы цябе ўсхваляем!
Прыходзь, мы цябе чакаем!

4-е дзіця.
Прыйдзі, прыйдзі, вясна!
Прыйдзі, прыйдзі, красна!
Хадзі да нас гуляці,
Карагод спраўляці!

Карагод
«Сонейка цёплае, сонейка добрае»

(сл. і муз. Я. Жабко)
Дзеці сядаюць на крэсельцы.
В.
Веснавое сонейка паўстае над гаем.
Веснавое сонейка вочкі раскрывае.
Сагравае, шчырае,
Тонкую рабінку.
I цалуе, мілае,
Кожную галінку.
Я. Жабко

Пад музыку ўваходзіць Сонейка.
Сонейка.
Я — Сонейка яркае,
Я — Сонейка краснае.
Зямлю саграваю,
Прывітанне ёй дасылаю,
Вясну заклікаю,
Шчасця й радасці ўсім жадаю!

В. (кланяецца).
Прывітанне, Сонейка вясновае!
Забяры маразы ты зімовыя!
Просім Сонейка край родны
Абудзіць і абагрэць!

Танец Сонейка і праменьчыкаў

(пад мелодыю латышскага нар. танца «Анёл» у выкананні гурта «Стары Ольса»)
В. Трэба нам і птушкам заспяваць,
Іх да нас з цяплом пазваць.

Песня «Жавароначкі, прыляціце»

(бел. нар. песня)
Дзеці разам выконваюць вокліч-прызыў: «Гу-у-у!»
5-е дзіця.
Ой, вы, птушачкі, прыляціце,
На крыльцах нам цяпло прынясіце!
Дзеці. Гу-у-у!

Танец птушак

(пад бел. нар. мелодыю «Перапёлачка»)
В.
Мы вясну чакаем,
Мы вясну гукаем:
— Прыходзь, вясна!
3 ручайком бурлівым,
3 рэчкай гаманлівай,
Прыходзь, вясна!
А. Дзеружынскі

Дзеці. Гу-у-у!
Заходзіць Вясна-красна.
Вясна-красна.
Добры дзень,
Прывітанне, сябры!
Хто мяне гукае?
Хто ў госці запрашае?

В.
Гэта мы, Вясна-красна!
Сонейка цябе вітае!
Птушкі табе радуюцца!
Маці-прырода цябе зачакалася!
Хадзі да нас!

Вядучы і дзеці кланяюцца Вясне-красне, а яна ім.
Дзяўчынка.
Ой, Вясна-красна,
Што ты дзяўчынкам прынесла?
Вясна-красна (раздае вяночкі).
Прынясла я дзяўчынкам кветкі на вяночкі,
Вы вяночкі завівайце, цёплае лецейка чакайце!

Танец дзяўчынак з вяночкамі

(пад бел. нар. песню «Купалінка»)
Хлопчык.
Ой, Вясна-красна,
Што ты хлопчыкам прынесла?
Вясна-красна (раздае дзіцячыя музычныя інструменты).
Веснавыя гукі я прынесла хлапчукам,
Каб ніхто ў свеце больш не сумаваў!

Аркестр дзіцячых музычных інструментаў

(пад бел. нар. мелодыю «Весялуха»)
Вясна-красна.
А яшчэ я прынесла гульні,
Каб дзеткі не паснулі.
Вы выходзьце на лужок,
На зялёны муражок,
Паўставайце ў кружок.

Дзеці становяцца ў круг.
Вясна-красна. А ці ведаеце, дзеці, якая птушка на сваіх крылах вясну прыносіць?
Дзеці. Грак!

Гульня «Грак»

Выбіраюць «грака», ён апранае чорную камізэльку і ходзіць па-за кругам, удзельнікі прыгаворваюць:
Першым з поўдня прылятае,
Першым ён вясну вітае.
Іншым птушкам не раўня —
Носіць чорны фрак штодня.
Адкажы цяпер:
Хто стаў насупраць цябе?
М. Пазнякоў (перапрац.)

Той гулец, насупраць якога стаў «грак», паварочваецца да яго тварам, крычыць: «Грак, грак! Выходзь так!» і выскоквае з круга, бяжыць у адзін бок, «грак» у процілеглы, кожны імкнецца заняць свабоднае месца. Той, хто не паспеў, становіцца «граком», і гульня паўтараецца.

Гульня «Арэлі»

Хлопчыкі і дзяўчынкі становяцца парамі насупраць адзін аднаго, трымаючы за канцы ручнікі. Дзяўчынкі пачынаюць гаварыць фразу, уздымаюць ручнік дагары і апускаюць, хлопчыкі ўздымаюць ручнік дагары, апускаюць і заканчваюць фразу.
Дзінь-дзінь-дзінь — ... (звіняць ледзяшы).
Цінь-цінь-цінь — ... (цінькаюць сінічкі).
Буль-буль-буль — ... (забулькаў ручай).
Стук-стук-стук — ... (стукае дзяцел).
Грук-грук-грук — ... (ладзяць плугі).
Кап-кап-кап — ... (цячэ бярозавік).
Вясна ідзе! — ... (гукае мядзведзь).
Гу-у-у! Гу-у-у! Гу-у-у!

Вясна-красна.
А кропелькі-крошачкі
Паскакалі трошачкі.
Па сцяжынках скок ды скок
I пабеглі ў ручаёк.
Ручаёк расце, расце,
3 беражкоў вада цячэ.
Я. Жабко

Гульня «Ручаёк»

Вясна-красна. А ці многа вы ведаеце прыказак і прымавак пра вясну?
Дзеці. Так!

Гульня «Слоўца-красамоўца»

Вясна-красна пачынае фразу, дзеці яе заканчваюць. Той, хто правільна адказаў, атрымлівае папяровую кветачку.
Ласкавае слова, што... (вясновы дзень).
Вясною работы... (ад нядзелі да суботы).
Вясна красна... (кветкамі), а восень... (палеткамі).
Вясенні дзень... (год корміць).
Вясною дажджы... (не лішнія).
Вясна-красна. Малайцы, дзеці!
Вельмі весела мне з вамі,
3 маімі шчырымі сябрамі.

В.
Мы б гулялі зноў і зноў,
Нам не хочацца дамоў,
Мы танцуем, мы жартуем,
Для Вясны-красны шчыруем.

Парны танец

(пад бел. нар. песню «Чаму ж мне не пець?»)
Вясна-красна.
Час нам, дзеці, развітацца:
Да працы трэба мне вяртацца.
Усім я старанна давесці бяруся:
Йдзе вясна па ўсёй Беларусі!
Заспявайце, калі ласка, мне адыходную!

Песня «Весяліначка-вясна»

(сл. і муз. Я. Жабко)
Вясна-красна развітваецца і выходзіць з залы.

ЛІТАРАТУРА:

1. Дубініна, Д.М. Родныя вобразы ў паэтычным слове: дапам. для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі: у 2 ч. Ч. 1, 2 / Д.М. Дубініна. — Мазыр: Белы Вецер, 2008.

Яшчэ на гэту тэму:

Гуканне вясны     Гуканне вясны